Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кітаі Юрыем Сянько

  • 5
  • 2:57

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня правёў рабочую сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кітаі Юрыем Сянько.

"Вы прапрацавалі дастаткова, не проста каб уражанне ў Вас нейкае склалася аб гэтай імперыі, але і Вы бачыце нейкія дадатковыя нашы магчымасці ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую ўвагу трэба звярнуць на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і крэдытна-фінансавы складнік. "Тут трэба паглядзець з улікам моманту, дзе нам яшчэ паднапружыцца і папрацаваць сур'ёзна для таго, каб асабліва ў гэты момант не страціць тэмпы. Таму што дынаміка была добрая - і гандлю, і інвестыцыйная. Зразумела, ва ўмовах санкцый і Кітай можа асцерагацца, апасацца нейкіх крокаў: людзі вельмі акуратныя, асцярожныя. Тым не менш гэта наша шчасце, што мы выбудавалі добрыя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Яны малайцы, здорава нам дапамагалі, ды і цяпер у нас прырост тавараабароту значны, новыя магчымасці. А мы проста можам дабавіць на кітайскім напрамку. Я часта Сі Цзіньпіну гаварыў: калі гэты вялікі кітайскі лакаматыў зачэпіць дадатковы вагон у аб'ёме Беларусі, дык нават не заўважыць, што там штосьці прычапілася. Такая гіганцкая эканоміка, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Добра, што ў нас склаліся такія ў галіне дыпламатыі, палітыкі адносіны. Ды і асабістыя адносіны ў мяне і з сям'ёй Сі Цзіньпіна, і з ім вельмі добрыя".

Як падкрэсліў Юрый Сянько, Беларусь і Кітай дэманструюць поўнае разуменне, супрацоўнічаючы на ўсіх міжнародных пляцоўках. "У галіне эканамічных адносін (я прыходжу да высновы, і відаць па настроях нашых беларускіх прадпрыемстваў) у нас проста ўнікальныя магчымасці для таго, каб нарасціць тэмпы работы з Кітаем, што, уласна, і робіцца апошнія (не пабаюся гэтай лічбы), апошнія сем гадоў з моманту аб'яўлення Кітаем ініцыятывы "Пояс і шлях". Гэта быў сур'ёзны штуршок, калі Беларусь далучылася да гэтай ініцыятывы і актыўна пачала з усё большымі тэмпамі працаваць з Кітаем", - заявіў пасол.

Яшчэ адным праектам, які даў імпульс для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі, стаў індустрыяльны парк "Вялікі камень". Істотны ўплыў аказалі і дамоўленасці лідараў Беларусі і Кітая аб правядзенні Года рэгіёнаў, а таксама дырэктыва Прэзідэнта аб развіцці двухбаковых адносін з КНР, адзначыў дыпламат. "Для Кітая гэта вельмі важны сігнал па тым пытанні, як Беларусь ставіцца да Кітая і якія нашы стратэгічныя намеры", - звярнуў увагу Юрый Сянько.