Даклад начальніка Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Юрыя Церцеля

  • 8
  • 7:04

У Беларусі неабходна ўзмацніць работу па ахове жывёльнага і расліннага свету. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 ліпеня, прымаючы з дакладам начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Юрыя Церцеля.

Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся ў Юрыя Церцеля, што неабходна зрабіць для больш эфектыўнай работы дзяржінспекцыі і якія недахопы існуюць цяпер у яе дзейнасці. Некалькі гадоў таму, пры назначэнні Юрыя Церцеля начальнікам інспекцыі, Прэзідэнт указваў на неабходнасць забеспячэння дысцыпліны ў ведамстве і нават на наяўнасць фактаў карупцыі.

"Ваеннага чалавека туды і накіравалі для таго, каб парадак навесці. Наведзены парадак? І далей як будзем рухацца ў гэтым плане? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што мы павінны ўзмацніць работу па ахове жывёльнага, расліннага свету. Зялёны астравок прыроды ў цэнтры Еўропы трэба захаваць для будучыні. Тут няма ніякай патэтыкі. Мы жывём у зелені (я маю на ўвазе нашу прыроду), хацелася б, каб і дзеці жылі ў такім жа свеце".

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на ўзнаўленне лясоў: "У нас вельмі вялікая была праблема: высеклі - само зарасце. Як тут, ці ўзяў пад кантроль?"

"Дзесьці 550 чалавек у цябе? - пацікавіўся Прэзідэнт.

"549", - удакладніў Юрый Церцель.

"Краіну такой колькасцю не ахопіш, калі ісці фронтам і правяраць усё і ўсюды. І колькасць мы асабліва павялічыць не зможам, асабліва цяпер. Не да гэтага. Але эфектыўнасць трэба павышаць за кошт новых форм і метадаў работы. Якія можаш прапанаваць? Што для гэтага трэба?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што супрацоўнікі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету павінны таксама быць гатовы ў выпадку неабходнасці стаць пад ружжо для абароны сваёй краіны.

"Інспекцыя адносна ваенізаванае фарміраванне. Ваеннага чалавека туды накіроўваючы, я лічыў, што гэты складнік будзе ўзмоцнены. Сустракаючыся тут з Міністрам па надзвычайных сітуацыях, я яму даручыў, каб сярод моцных, надзейных мужыкоў (ты сам гэта разумееш не горш за мяне) мы маглі - не дай бог, цяжкія часы - стварыць добрае ваеннае падраздзяленне, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё ж такі там служаць тысячы хлопцаў-ратавальнікаў. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта вельмі падрыхтаваныя, разумныя хлопцы. Мы дамовіліся, што на працягу некаторага часу (у прынцыпе, гэта пытанне ўжо вырашана) мы будзем мець там некалькі тысяч на выпадак "калі" падрыхтаваных байцоў. У цябе ўся інспекцыя павінна стаць пад ружжо, не дай бог. Таму гэты фактар таксама трэба мець на ўвазе".

Паводле слоў Прэзідэнта, пры неабходнасці інспекцыя будзе даўзброена, таксама трэба распрацаваць адпаведныя планы падрыхтоўкі супрацоўнікаў. "Хлопцаў трэба вучыць. Гэта ж не проста ўзяў вінтоўку і пайшоў на фронт. Людзей трэба вучыць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта не таму што надзвычайная сітуацыя нейкая, але ўсе мы мужыкі, мы павінны быць да гэтага гатовы. Ну, а табе трэба навучыцца кіраваць гэтым войскам. Калі, я гавару, раптам, не дай бог. Але вучэнні праводзіць трэба. Трэба, каб былі падрыхтаваныя людзі. Гэта зноў вопыт Украіны, калі спахапіліся і пачалі хапаць непадрыхтаваных людзей (там краіну развалілі яшчэ да пачатку гэтай аперацыі) - і на фронт. Яны толькі даязджалі да раёна баявых дзеянняў. І іх не стала. Яны не гатовы былі насіць зброю. Нават насіць зброю, не тое што ваяваць. Таму нам трэба сваё грамадства ў той частцы, якой неабходна, падрыхтаваць абараняць Айчыну".

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на абуральныя факты здзекаў з жывёл і запатрабаваў рэагаваць на такія рэчы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта такія дзеянні ў адносінах да жывёл дапускаюць прадстаўнікі моладзі. "Яшчэ адна праблема. Апошнім часам бачыш (нахабнай моладзі заўсёды хапала, і цяпер яна ёсць) здзекі з жывёл. Сярод моладзі асабліва. І ў інтэрнэт яшчэ выкласці", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён даручыў неадкладна ўнесці прапановы, калі ў гэтым плане трэба дадаткова прымаць тыя ці іншыя рашэнні, хоць гэта сфера і не зусім профільная для Дзяржінспекцыі. "Але пастарайся ўзяць (на кантроль. - Заўвага). Гэта ж таксама жывёлы. Самыя блізкія, надзейныя і добрыя жывёлы, якія нікому не здрадзяць. А паглядзі, як асобныя людзі і моладзь (асобныя элементы) адносяцца да жывёл. Гэта недапушчальна. Пакуль прымем закон (ён распрацоўваецца), я папрашу, прадумай, як інспекцыя па абароне зможа рэагаваць на такія праявы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што віноўнікаў такіх дзеянняў нават шукаць не трэба, бо ўсё гэта часта нахабна выкладаецца ў сацыяльныя сеткі. "І другое: насельніцтва ж усё ж такі, пераважная большасць, асабліва беларусы, гэта людзі жаласлівыя. Яны да жывёл добра адносяцца. І адразу ж праінфармуюць пра такія вось негатыўныя праявы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба на гэта рэагаваць. Я папрашу, пакуль мы не выпрацуем закон, вазьмі гэта пад кантроль, наколькі гэта магчыма. Вось гэтыя абуральныя факты.  То лебедзя там з нейкай рагаткі або трызубцам нейкім застрэліць і здзекуюцца. Ну, лебедзь, свяшчэнная птушка! Ці ж сабачку нейкага мучаюць, або яшчэ нешта там. Трэба нам з гэтым пытаннем разабрацца. Я папрашу ўзяць гэта пад кантроль", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Юрый Церцель, цяпер дзяржінспекцыя працуе ў рамках даручэнняў, дадзеных некалькі гадоў таму пры яго назначэнні на гэту пасаду. У першую чаргу значная ўвага ўдзелена даручэнням адносна асабовага складу, па навядзенні парадку. "Сапраўды, мы прынялі ў гэтым напрамку сур'ёзныя меры. Таму што Вамі абсалютна правільна было заўважана: быў беспарадак, разгільдзяйства, стаўленне да работы халатнае, калі не сказаць злачынна халатнае", - адзначыў ён.

У сувязі з гэтым давялося прыняць даволі жорсткія меры. Было звольнена 37 супрацоўнікаў. З іх 26 службовых асоб з кіраўніцтва абласных і міжраённых інспекцый. Яшчэ прыблізна з васьмю дзясяткамі супрацоўнікаў давялося расстацца пасля заканчэння кантракта або па іншых прычынах.