Сустрэча з губернатарам Пермскага края Расіі Дзмітрыем Махоніным
- 17
- 9:16
Беларусь гатова да актыўнага развіцця супрацоўніцтва з Пермскім краем Расіі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 ліпеня на сустрэчы з губернатарам Пермскага края Расіі Дзмітрыем Махоніным.
"Ваш край і багаты, і людзі вельмі таленавітыя. І, самае галоўнае, край перспектыўны, нацэлены ў будучыню. Вы заўсёды гаворыце, што гэты край - апора Расіі. Я з гэтым абсалютна згодны. І калі гэта з'яўляецца апорай вялізнай Расіі, то і бог распарадзіўся нам супрацоўнічаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова многае зрабіць у развіцці супрацоўніцтва: "Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы можам зрабіць для расіян наогул, і тым больш для вашых людзей, нашых людзей у Пермскім краі, мы заўсёды зробім. І нават немагчымае".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў некаторае зніжэнне тавараабароту з Пермскім краем і заявіў аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яго аднаўленні. "Мы павінны не проста прадэманстраваць усім, што мы абыдземся без тых, хто не хоча з намі працаваць, але мы павінны прадэманстраваць, што мы яшчэ і можам нямала. Таму мы да вашых паслуг і па пастаўках, і па кааперацыі. Таму што простым гандлем трэба займацца. Але найбольш надзейны варыянт - гэта калі мы звязаны адзін з адным і нашы прадпрыемствы працуюць па кааперацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь - машынабудаўнічая краіна з добрымі кампетэнцыямі і адукацыяй. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза ў краіне была сканцэнтравана фінішная вытворчасць. "Мы як машынабудаўнічая краіна гатовы з вамі працаваць. Не толькі гандляваць. Але і кааперавацца, каб разам вырабляць той ці іншы від прадукцыі", - сказаў ён.
Яшчэ адна сфера, у якой Беларусь мае добрыя кампетэнцыі, - гэта сельская гаспадарка, і тут таксама ёсць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва з Пермскім краем.
"Мы захавалі сваю сельскую гаспадарку. Не таму, што я некалі працаваў у сельскай гаспадарцы. Я шмат дзе працаваў. Пытанне не ў гэтым, а ў тым, што тады, пасля распаду Савецкага Саюза, людзі галадалі, есці не было чаго. Калі людзі не накормлены, не могуць сябе забяспечыць прадуктамі харчавання, няма чаго размаўляць аб суверэнітэце, незалежнасці і наогул аб існаванні. Таму мы тады ўчапіліся ў некаторыя галіны. Мы захоўвалі традыцыйныя нашы напрамкі вытворчасці, супрацоўніцтва, школы, але мы нямала зрабілі для таго, каб накарміць і апрануць людзей. Адсюль развіццё сельскай гаспадаркі. Гэта галоўная прычына - накарміць і апрануць людзей. Таму сёе-тое мы навучыліся рабіць, сяго-таго дасягнулі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прапанаваў губернатару Пермскага края пры неабходнасці падзяліцца адпаведным вопытам і напрацоўкамі, пачынаючы ад малочнатаварных комплексаў, адкормачнікаў, птушкафабрык. "Усё, што вам спадабаецца, мы гатовы для вас рэалізаваць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі на Сахаліне і ў Амурскай вобласці рэалізуюцца сумесныя з Беларуссю праекты ў сельскай гаспадарцы, то працаваць у Пермскім краі і бог распарадзіўся. "Паглядзіце на сельскую гаспадарку. І, самае галоўнае, сельгасмашынабудаванне. Поўны комплекс, шлейф неабходны. Калі трэба спецыялістаў падвучыць у гэтым плане, калі ласка, прысылайце, прыязджайце, мы гатовы паказаць. І ў тым ліку не толькі сельгастэхніку, але і племянную, селекцыйную справу. Мы гэта захавалі і не загубілі", - прапанаваў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што якраз гэтымі днямі абмяркоўваў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы з адказнымі членамі Урада, каб у гэтым напрамку яшчэ дабавіць і не дапускаць замшэласці як з пункту гледжання развіцця асноўных напрамкаў, так і ў сферы кадраў.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на намер кіраўніцтва Пермскага края правесці ў рэгіёне аграрны форум. Беларускі бок гатовы падключыцца і дапамагчы ў гэтай справе, маючы шматгадовы вопыт правядзення міжнароднай выстаўкі "Белагра". "У гэтых адносінах гатовы з вамі працаваць і ўдзельнічаць у арганізацыі і правядзенні гэтага форуму", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на важнасці сумеснай работы ў сферы імпартазамяшчэння на фоне ўведзеных санкцый. "Нам трэба грунтавацца на сваім, развіваць сваё, займацца імпартазамяшчэннем ва ўсіх сферах. Давайце разам будзем гэта пераадольваць. Нібыта нейкія бар'еры. Прынамсі, з Прэзідэнтам Расіі ў нас ніякіх рознагалоссяў наконт гэтага няма", - заявіў беларускі лідар.
Беларусь прапануе Пермскаму краю і свае будаўнічыя паслугі: "Мы гатовы будаваць пад ключ у сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы. Калі гэта патрэбна будзе. Паколькі нямала зрабілі з Пермскім краем па будаўніцтве. Страціць гэта нельга. Гатовы тут падключыцца".
Адначасова з тэмай будаўніцтва ў многіх рэгіёнах стаіць пытанне рэнавацыі і аднаўлення раней пабудаванага жыллёвага фонду, і гэта перш за ўсё датычыцца ліфтавага абсталявання. "Мы таксама захавалі гіганцкае сваё прадпрыемства, якое працавала тады на ўсю краіну (Савецкі Саюз. - Заўвага). Вядома, і ў нас гэта праблема немалая - замена ліфтаў. Але мы гатовы падставіць плячо вам. Я ведаю, што гэта патрэбна. Гэта ўсюды ў Расіі патрэбна. Дай бог выканаць усе заказы. Але гатовы ў гэтым напрамку працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На заканчэнне ён запэўніў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці беларускі бок абавязкова выканае, нягледзячы ні на якія магчымыя цяжкасці.
"Вы маеце рацыю, калі гаворыце аб тым, што сённяшнія эканамічныя выклікі, якія стаяць перад нашымі краінамі, патрабуюць ад нас дадатковых імпульсаў па кансалідацыі, - сказаў кіраўнік расійскага рэгіёна, звяртаючыся да беларускага лідара. - Сумесны гандаль - гэта добра, але прамысловая кааперацыя - гэта тая аснова, на якую мы павінны абапірацца".
Ён нагадаў, што ўжо на працягу шасці гадоў рэалізуецца пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве з Беларуссю. Губернатар звярнуў увагу, што на гэты раз у склад дэлегацыі Пермскага края, якая прыбыла ў Беларусь, увайшлі не толькі чыноўнікі, але і прадстаўнікі дзесяці прадпрыемстваў. "Я наогул лічу, што самае эфектыўнае - калі бізнес працуе напрамую, а наша задача - ім як мінімум не перашкаджаць, а недзе, калі трэба, падказаць, дапамагчы. Мы, вядома, будзем гэтым займацца".
Гаворачы аб перспектывах прамысловай кааперацыі, Дзмітрый Махонін згадаў аб будаўнічай сферы. Ён расказаў, што ў Пермскім краі рэалізуюцца праекты па рэнавацыі жылля, абнаўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "У нас ёсць патрэбнасць у 1,7 тыс. ліфтаў для замены старога абсталявання. Мы павялічваем тэмпы жыллёвага будаўніцтва ўжо трэці год запар, будзем выходзіць на 1,5 млн кв.м жылля, а гэта дадатковыя аб'ёмы па ліфтах", - адзначыў ён. У сувязі з гэтым губернатар агучыў прапанову па лакалізацыі вытворчасці асобных камплектуючых для беларускага ліфтавага абсталявання ў Пермскім краі, што дасць магчымасць пашырыць пастаўкі ў цэлым на расійскі рынак. "Мы лічым, што сённяшнія эканамічныя рэаліі - гэта акно магчымасцей. У нас і мазгі сталі крыху інакш працаваць, мы сталі адзін на аднаго часцей звяртаць увагу, што правільна і добра", - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.