Сустрэча з актывам Магілёўскай вобласці

  • 21
  • 24:04

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 снежня сустрэўся з актывам Магілёўскай вобласці. Чакалася, што ў першую чаргу Кіраўнік дзяржавы прадставіць новага губернатара, але мерапрыемства пачалося не па сцэнарыі.

"Я думаю, нам няма чаго ўтойваць адзін ад аднаго. Давайце пагаворым па актуальных пытаннях нашага парадку дня, нашага жыцця, - пачаў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, усім будзе цікава, чым дыхае знутры наша Магілёўшчына".

Першым слова далі начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Ігару Паўлюшчанку. Ён коратка далажыў аб сацыяльна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца ў рэгіёне, рэагаванні на новыя выклікі і пагрозы бяспекі. "Цяпер сацыяльна-палітычная абстаноўка ў рэгіёне ў цэлым стабільная і кантралюемая, - заявіў ён. - З улікам праведзенай работы на працягу апошняга года спынены былі ачагі актыўнасці, якія раней траплялі ў поле зроку. Мы бачым неабходнасць работы і рэагавання на так званыя трыгеры ў пытаннях праблем сацыяльна-эканамічнага характару ў рэгіёне з боку мясцовай улады, дырэктараў прадпрыемстваў".

Паводле слоў Ігара Паўлюшчанкі, самая адчувальная праблема ў рэгіёне - гэта абстаноўка ў працоўных калектывах. "Калі мы яе ўтрымаем на тым узроўні, як цяпер, то, я лічу, нейкіх нечаканых момантаў для нас тут не будзе", - сказаў ён.

Заслухаўшы даклад начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі аб абстаноўцы ў Магілёўскай вобласці, Прэзідэнт сказаў: "Вы ў нейкай ступені самазаспакоіліся. Так, у нас, быццам бы, у Магілёўскай вобласці не вельмі шумелі, крычалі, але трэба разумець, што гэта вяршыня айсберга - тое, што мы бачылі ў мінулым годзе. Што там ніжэй, залежыць ад сацыяльна-эканамічнага развіцця, узроўню і поспехаў Магілёўскай вобласці". 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на розныя праблемы ў працоўных калектывах, якія былі і на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці, але асабліва ў прыватным сектары. Гэты факт таксама варта ўлічваць у далейшай рабоце кампетэнтных органаў для ўтрымання сітуацыі ў краіне пад кантролем, лічыць Прэзідэнт. "І на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсць. Яны ж не сканцэнтраваны толькі ў Парку высокіх тэхналогій", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прычыны таго, што адбылося ў 2020-м, ён бачыць не толькі ў сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы ў краіне. "І наша віна ёсць у тым, што адбылося ў мінулым годзе, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы проста супакоіліся і лічылі, што мы выкладваемся, працуем, стараемся, не можа ж быць такога, каб нехта падняўся, успыхнула нейкая забастоўка або яшчэ нешта. Мы самазаспакоіліся. Вось каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не давялося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць".

Тым больш што цяпер сітуацыя няпростая, лічыць Прэзідэнт. Паводле яго слоў, дайшло ўжо да выкарыстання супраць Беларусі такога элемента гібрыднай вайны, як масіраваныя кібератакі на прадпрыемствы. Робяцца спробы падарваць тэхналагічны працэс на прадпрыемствах, асабліва ў сферы энергазабеспячэння, але яны спыняюцца кампетэнтнымі органамі.

"Як спецыялісты гавораць, дастаткова аднаго кліку мышкі і ўрон будзе на мільярды рублёў. Яны ні перад чым не спыняцца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму ні ў якім разе нельга самазаспакойвацца". 

Разам з тым, важна і не дапусціць перагібаў у рабоце сілавых структур, на што таксама звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка: "Хачу папярэдзіць вас, міліцыю і кантралюючыя органы: перабору быць не павінна".

Сваё бачанне сітуацыі таксама агучыў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Ігар Шчарбачэня. Паводле яго слоў, намаганні міліцыі цяпер накіраваны на спыненне дэструктыўнай дзейнасці, устанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. "Праводзім актыўную работу, каб і ў далейшым не дапусціць тэрарыстычных праяў", - заявіў начальнік УУС.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, які раён у Магілёўскай вобласці непакоіць праваахоўнікаў у першую чаргу з пункту гледжання злачыннасці. Як адзначыў Ігар Шчарбачэня, асаблівую ўвагу міліцыя ўдзяляе Магілёву і Бабруйскаму раёну.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на праблему падзяжу жывёлы і нагадаў, што ставіў адпаведныя задачы ў гэтай сферы і праваахоўнікам пасля таго, як на прадпрыемствах былі выяўлены злачынныя схемы. "Я неяк сказаў, што без міліцыі мы парадку не навядзём. Калі вы не падключыцеся, не паставіце тут усіх на месца гультаёў і зладзюг, не гледзячы на асобы і званні, толку не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб эпідэміялагічнай сітуацыі Прэзідэнт пацікавіўся ў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі. Паводле яго слоў, інтэнсіўнасць захваральнасці на COVID-19 у вобласці зніжаецца. На яго думку, гэта адбываецца дзякуючы сур'ёзнай рабоце з насельніцтвам у частцы выканання мер прафілактыкі. Акрамя таго, 50% насельніцтва ў рэгіёне прышчэплены першым кампанентам вакцыны.

"Трэба ісці сваім шляхам, разумеючы, што адбываецца ў свеце, узважваючы сітуацыю, у якой жыве наша краіна. Як паказаў час, своечасова ўвёўшы меры прафілактыкі, забяспечыўшы медыцынскія ўстановы неабходным абсталяваннем, падрыхтаваўшы кадры, мы гэту бітву выйгралі", - заявіў намеснік старшыні аблвыканкама.

Аднак, адзначыў Валерый Малашка, апошнім часам сталі даволі часта выяўляць і грып. У цэлым жа абстаноўка на сённяшні дзень развіваецца ў пазітыўным ключы.

"Так, дорага нам абышоўся гэты кавід. У тым плане, што насельніцтва запалохалі, асабліва ў першую хвалю. Цяжка ісці аднаму, калі на цябе ўсе шышкі валяцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Перад актывам таксама выступіў кіраўнік ААТ "Магілёўхімвалакно" Пётр Руднік. Ён далажыў аб сітуацыі на прадпрыемстве, у тым ліку пытаннях мадэрнізацыі, асваенні новых відаў прадукцыі, забеспячэнні рэнтабельнай працы.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў гендырэктара прадпрыемства аб стане спраў на вытворчасці і задаў метафарычнае пытанне: "Магілёўхімвалакно" хутчэй жывы ці мёртвы?"

"Мае работнікі кажуць: ажыў", - сказаў у адказ кіраўнік завода. Паводле яго слоў, у мінулым годзе прадпрыемства значна нарасціла аб'ёмы вытворчасці, працуе рэнтабельна, атрымліваючы прыбытак.

Для далейшага развіцця спатрэбіцца мадэрнізацыя вытворчасці. На гэта звярнуў увагу Пётр Руднік: "На старых тэхналогіях далёка не рушыш. Мадэрнізацыю праводзіць трэба". У ліку актуальных для прадпрыемства пытанняў ён таксама назваў кошт энергарэсурсаў. Для абмеркавання шляхоў вырашэння існуючых праблем і вызначэння шляхоў развіцця "Магілёўхімвалакна" гендырэктар прапанаваў арганізаваць візіт Прэзідэнта на прадпрыемства. "Давайце пабудзем там. Але каб вынік быў", - адказаў Кіраўнік дзяржавы і даручыў уключыць гэта мерапрыемства ў яго рабочы графік.

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць развіцця і эфектыўнага функцыянавання эканомікі і сацыяльнай сферы, што з'яўляецца гарантыяй стабільнасці ў дзяржаве.

"Трэба бачыць эканоміку, прадпрыемствы. І, вядома, "Магілёўхімвалакно", "Белшына" (адны з буйнейшых прадпрыемстваў у вобласці. - Заўвага). Калі яны праваляцца, нам замяніць іх няма чым. Але гэта не значыць, што яны не павінны працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што не варта спасылацца ў тым ліку на санкцыі: "Вы ж разумееце, адкуль гэтыя санкцыі, чаму гэтыя санкцыі. Не будзе санкцый - усё роўна яму (у гэтым выпадку размова ішла пра работу ААТ "Магілёўхімвалакно". - Заўвага) лягчэй не будзе. Як толькі ён будзе выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, яму лягчэй не будзе. Яны (ініцыятары санкцый на Захадзе. - Заўвага) знойдуць нешта іншае".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: важна не адставаць у пытанні інвесціравання, развіцця вытворчай сферы. "Адстанем у інвестыцыях - усё. У нас жа няма нафты, труба не пампуе, газу няма, - сказаў ён. - Таму ўсё залежыць ад нас. І разлічваць на тое, што нам будзе лягчэй... Я не прыехаў, каб вам гэта сказаць. Нам будзе вельмі складана. І далей усё будзе складаней і складаней. Справа не ў нашых выбарах, справа не ў "дыктатуры", справа не ў Лукашэнку. Паглядзіце, што робіцца ад ЗША да Еўропы. Ну, мы ўжо ўсяму свету паказалі, што яны нягоднікі. Адно гавораць, іншае думаюць, трэцяе робяць. Мы ўжо ўсяму свету гэта паказалі. Справа не ў гэтым. Справа ў геапалітыцы".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў і аб актыўнасці НАТА і ЗША ў Чорным моры і не толькі. "Спрабуюць націскаць на Расію. Чорнае мора, Украіна, Прыбалтыка, вакол Калінінграда. Мы ж гэта бачым, адсочваем. У нас адзіная сістэма ППА", - сказаў ён.

"Нам трэба выстаяць. Усе гэтыя санкцыі, націск, кібератакі - гэта небяспечная справа. Не трэба ядзерную зброю. Кібератакі на асноўныя аб'екты жыццезабеспячэння, і больш нічога не трэба. Таму для нас гэта вельмі сур'ёзная небяспека", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму абнаўлення Канстытуцыі, падкрэсліўшы, што гэта робіцца для таго, каб засцерагчы краіну.

Прэзідэнт выказаўся таксама і пра пандэмію. Паводле яго слоў, не адхіляючы наяўнасці адпаведных выклікаў, трэба разам з тым спакойна рэагаваць на сітуацыю, якую ў свеце часам штучна спрабуюць падаграваць. "Я не хачу сказаць, што гэтага (захваральнасці і звязаных з гэтым пытанняў лячэння людзей. - Заўвага) няма. Але псіхозу гэтага быць не павінна", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі ў першую чаргу ўдзяляюць увагу методыкам лячэння людзей, забеспячэнню лякарствамі і ўсім неабходным.

"Урачы малайцы, яны навучыліся лячыць, хутка сарыентаваліся! - сказаў ён. - Асаблівасць наша ў чым: у нас інфекцыяністы (свяцілы гэтыя) менш за ўсё лечаць людзей, я іх увагу на гэта не адцягваю. Яны прыязджаюць і вучаць урачоў - педыятры, хірургі і іншыя. Яны іх навучылі і цяпер кантралююць, як яны лечаць. Вось у чым подзвіг у ахове здароўя! Тое, што не робіць ні адна краіна ў свеце".

"Вось гэта і ёсць мабілізацыя. Так дзяржава павінна працаваць. І калі мы хочам выжыць, мы павінны мабілізавацца. Нам спакойнага жыцця ніхто не дасць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, як у шэрагу краін рэагуюць на пратэсты сваіх грамадзян супраць лакдаўнаў. "Закрыюць, лакдаўн аб'явяць, паліваюць слёзатачывым газам, і ніхто іх не папракае, - заўважыў ён. - А чаму закрываюць? Не таму, каб іх засцерагчы. А таму, што сістэма аховы здароўя не спраўляецца з лячэннем людзей. Дык вы ж багатыя: разгарніце койкі, дайце гэтага кіслароду, лякарства! Прыедзьце, мы вам скажам, як лячыць, ды і гэта ўжо не сакрэт. А там жа грошай гэта каштуе, і не кожны прыватнік хоча гэта рабіць. Багатага лечаць, хто можа заплаціць".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб трагічных выніках пандэміі сярод жыхароў дамоў састарэлых у некаторых заходніх краінах, у той час як у Беларусі змаглі выбудаваць эфектыўную сістэму ў гэтым пытанні: "Я паклікаў Старшыню Палаты прадстаўнікоў і сказаў: галавой з дэпутатамі адказваеш за іх, ідзі выпрацоўвай сістэму і ратуй. І мы вахтавым метадам да гэтага часу даглядаем гэтых людзей. І там сітуацыя самая нескладаная. Мы выратавалі гэтых людзей. Там (на Захадзе. - Заўвага) махнулі на іх, за іх няма каму было плаціць. Вось вам прыватная і дзяржаўная ахова здароўя".

Нягледзячы на выбудаваную сістэму дзяржаўнай аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што людзі павінны і больш уважліва ставіцца да ўласнага здароўя, падтрымліваць рэгулярную фізічную актыўнасць.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за работу ранейшаму губернатару Магілёўскай вобласці Леаніду Зайцу.

Па рашэнні Кіраўніка дзяржавы Леанід Заяц учора быў назначаны членам Савета Рэспублікі.

"Да яго работы ў мяне няма вялікіх прэтэнзій. Ён праявіў сябе вопытным, умелым і патрабавальным кіраўніком", - канстатаваў беларускі лідар. Паводле яго слоў, Магілёўская вобласць адчувальна прыбавіла па асноўных параметрах развіцця. Прэзідэнт асабліва адзначыў, што заўсёды ў размовах Леанід Заяц называў Магілёўскую вобласць сваёй. І гэта азначае, што ён сапраўды ўспрымаў яе як родную.

"Хачу падзякаваць за работу і пажадаць поспехаў", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што новы губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка будзе не горшы за ранейшага.

Характарызуючы кіраўніка рэгіёна, Прэзідэнт адзначыў, што даўно і ўважліва назірае за яго прафесійнай дзейнасцю і прытрымліваецца добрага меркавання аб ім. "Я абсалютна ўпэўнены і гавару гэта пры Леаніду Канстанцінавічу, што горшы ён не будзе. Я ў гэтым пераканаўся на прыкладзе Мінскай вобласці", - сказаў Прэзідэнт. Ён успомніў, як у свой час Анатоля Ісачанку назначаў кіраваць адным з важнейшых рэгіёнаў краіны - Мінскай вобласцю, дзе на той момант хапала праблем. "Малайчына, моцны мужык, вытрываў, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Але цесна стала ў кабінеце".

"Я з вялікім пачуццём стаўлюся да сваёй вобласці - Магілёўскай, роднай вобласці, - сказаў беларускі лідар. - Усё маё свядомае жыццё тут, на Магілёўшчыне. Я ведаю кожны метр у Магілёве, я тут вучыўся". Улічваючы і гэта асаблівае стаўленне Кіраўніка дзяржавы, да выбару кіраўніка рэгіёна падыходзілі вельмі пільна. "Мы перабіралі вельмі шмат кандыдатур. І ведаючы аб тым, што Анатоля ўжо не ўтрымаць у кабінеце, хоць і работы там хапала, я і сказаў: давайце паспрабуем, ён горшы не будзе, ён такога ж стылю работы, як Леанід Канстанцінавіч, патрабавальны, - расказаў Прэзідэнт. - Але самае галоўнае, апошняя кропля, што ў плюс сыграла, - тое, што ён ваш (доўгі час працаваў у Магілёўскай вобласці. - Заўвага)".

"Ён тут працаваў, тут адбыўся, яму не трэба ўваходзіць у курс справы. І вядома, за плячыма каласальны вопыт", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што фарміраванне дзеяздольнага кадравага патэнцыялу ў рэгіёне - гэта першае, над чым давядзецца працаваць новаму губернатару Магілёўскай вобласці Анатолю Ісачанку. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: ні ў якім разе нельга сячы з-за пляча, але гэта не значыць, што ўсё павінна застыць.

"Заўсёды людзям трэба даваць шанц. Цягне - цягні. Не паспявае - або пераводзім на іншую работу, або, калі ён яшчэ і непрыстойны чалавек, адмаўляемся ад яго паслуг, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба даваць дарогу маладым, але не забываць пра вопытныя кадры. Прафесіяналізм, вопыт і здольнасць кіраваць - не важна, які ты, малады ці стары. Галоўнае, каб ты быў здольны".

Ён таксама адзначыў, што з красавіка 2019 года абнавіўся амаль увесь кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы ў вобласці, вакансій недазвольна шмат.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на барацьбу з карупцыйнымі праявамі: "У некаторых, як у народзе кажуць, рыльца ў пуху. Я вас прашу: не ідзіце гэтым шляхам. Я не змагу вас абараніць, таму што гэта адно з галоўных патрабаванняў маёй палітыкі".

Прэзідэнт адзначыў, што апаненты ўлады часта прыдумваюць фэйкі, нібыта ў яго схаваны мільярды. "Мне на гэта проста адказваць: калі вы гаворыце, што ў мяне, у маіх дзяцей недзе мільярды, значыць, вы ведаеце, што яны ёсць. І я ім адкрыта гавару: забярыце. Калі трэба мая распіска і маіх дзяцей, вы яе атрымаеце імгненна. Я аб гэтым гавару публічна. Ужо гадоў 10 яны гавораць аб гэтым, але ніхто нідзе нічога не забраў. Паверце, я чужога не бяру. Гэта самае галоўнае, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Наколькі магчыма, трэба жыць сумленна".

"Таму з карупцыяй - гэта не да мяне. Калі вы недзе папаліся, не да мяне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення падзякаваў землякам за падтрымку і праяўленую стойкасць на фоне мінулагодніх падзей. "Вы дастойна выглядалі. І ваш губернатар (экс-старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. - Заўвага) наперадзе ішоў, як трыбун, - заявіў Прэзідэнт. - Я вам дзякую за тое, што вы абаранілі краіну. І мяне гэта да многага абавязвае".

Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што наступны лідар гэтак жа будзе балець і перажываць за Беларусь. "Рана ці позна трэба сыходзіць, а што будзе з краінай, якую мы ляпілі сваімі рукамі? Можа, нешта і не так, але мы яе ляпілі і зляпілі так, як маглі. Мы яе зляпілі з таго, што было, як у песні спяваецца. У нас іншай краіны няма, і нам трэба яе зберагчы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Наперадзе ў нас час няпросты. Мы павінны ісці наперад. Пачынаць заўсёды трэба з Асноўнага Закона, калі мы хочам перамен. Але рабіць трэба столькі, мяняць да лепшага настолькі, наколькі мы сёння здольныя. Калі мы рванём наперад, і народ нас не зразумее, мы адарвёмся ад людзей. Гэта нікому не трэба, мы не можам утварыць у нашым грамадстве і ў нашай палітыцы нейкія дзіркі, таму што ў нас няма нафтадолараў, газавых долараў, каб потым закрыць гэтыя брэшы, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я прашу: пастаўцеся сур'ёзна да будучых палітычных мерапрыемстваў. Сёння трэба з'яднацца і ісці наперад. Я вас не павяду туды, куды нельга, вы можаце быць упэўнены".