Уручэнне дзяржаўных узнагарод
- 29
- 7:45
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася 2 ліпеня ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цырымонія праходзіць напярэдадні самага важнага для краіны свята - Дня Незалежнасці. А таму асабліва пачэсная для прысутных і сведчыць аб іх вялікіх заслугах. Перш за ўсё гэта датычыцца тых, хто, выконваючы свой прафесійны абавязак, фактычна змагаўся за Радзіму, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Практычна гэтак жа, як нашы гераічныя продкі ў час Вялікай Айчыннай вайны, якая пачалася 80 гадоў таму, - сказаў беларускі лідар у пачатку цырымоніі. - Гэтак жа, як і ім, нам было нялёгка. Але, як і яны, мы дакладна ведалі, што пераможам. Таму што за намі - праўда. За намі - сапраўдная, а не прытворная любоў да сваёй зямлі. І адказнасць за яе", - прадоўжыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што беларускае грамадства стараліся расхістаць знутры інфармацыйна, спрабавалі ўчыніць каляровую рэвалюцыю, спадзеючыся на бліцкрыг, спрабавалі дэмаралізаваць, глуміліся з беларускіх сімвалаў. "Але ўсё роўна пралічыліся, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер перайшлі да эканамічнага ўдушэння".
На мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы прыйшоў крыху пазней, чым планавалася. Прэзідэнт растлумачыў, з-за чаго яму давялося затрымацца: "Сёння заканчвалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную аперацыю. Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Прадаўжаецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб'ектаў. У бліжэйшы час мы пра гэта скажам".
"Пасля сённяшняга завяршэння мерапрыемстваў па лініі контрразведкі мы ўжо не нейкаму Хайку Маасу, Міністру замежных спраў Германіі, прад'явім прэтэнзіі, але самому Канцлеру і сяму-таму з кіраўніцтва Германіі. Пра гэта пазней", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што супраць краіны ўведзены сектаральныя санкцыі, прычым для гэтага выбрана сімвалічная дата - ноч на 22 чэрвеня, калі 80 гадоў таму напалі нацысты і пачалася вайна.
"Нас, беларусаў, хацелі пазбавіць святога - права на працу, адабраць у нашых дзяцей і старых кавалак хлеба, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Але, відаць, гэтыя людзі дрэнна ўлічылі акалічнасці і наогул дрэнна вучылі ў школе гісторыю. Беларусы ніколі не здаюцца. Цяжкасці нас толькі загартоўваюць, як сталь. Мы станем мацнейшымі і больш паспяховымі. Вы, запрошаныя ў гэту залу, лепшае таму пацвярджэнне".
Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці тым, хто носіць пагоны, і для каго прысяга, афіцэрскі гонар і воінскі абавязак - непахісная сістэма жыццёвых каардынат. "Пра моц нашай дзяржавы сведчыць тое, што хлопцы ў пагонах праявілі сябе дастойна і прыйшлі за ўзнагародамі, а іх падначаленыя і калегі ажыццяўлялі тую маштабную аперацыю, якая толькі што скончылася. Гэта сведчыць, што ў нас ёсць сіла волі, мы ідэйна стойкія і нас ніхто не нахіліць", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што ваенныя і ратавальнікі за апошні час даказалі, што значыць быць сапраўднымі абаронцамі сваёй краіны. "Можа, хто-небудзь з вас прыкладна 10 месяцаў таму ахкалі і вохкалі ў інтэрнэце "ах, насілле" і не разумелі, што адбываецца. Але сёння няма такіх у зале, хто не разумеў бы, што адбываецца. Сёння няма ў краіне людзей, якія не разумеюць, што адбываецца. І дзякуй богу, што гэта ў мінулым годзе здарылася. Тыя падзеі выкрылі ў грамадстве язвы і пухліну, якія мы павінны былі ліквідаваць, і мы ліквідавалі. Калі пасля ўсяго таго, што было паказана і расказана, людзі не зразумелі, гэта ўжо не непаразуменне, гэта ўжо ворагі і іх мэта - разбурэнне дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама ён падзякаваў дзяржаўным служачым, журналістам, суддзям, юрыстам, выдаўцам і прадстаўнікам грамадскіх арганізацый - тым, хто змагаецца на інфармацыйным фронце, цвёрда стаіць на варце ісціны і закона. Беларускі лідар выказаў удзячнасць вучоным і выкладчыкам, якія дапамагаюць студэнтам не толькі атрымаць прафесійныя веды, але і засвоіць галоўны жыццёвы ўрок - Радзіму не прадаваць. Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў з уручэннем высокіх узнагарод і падзякаваў за работу сельскім працаўнікам, работнікам прамысловасці, будаўнікам.
"Людзей, як вы, называюць соллю зямлі. І я дакладна ведаю, што за кожным стаіць калектыў такіх жа прафесіяналаў-аднадумцаў. Гэта значыць, што мы будзем жыць і развівацца насуперак усім цяжкасцям і будзем шчаслівыя ў сваёй моцнай, працвітаючай Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт уручыў ордэн Пашаны дырэктару Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Ц.Непагодзіна Уладзіміру Пасько, дырэктару філіяла "Будаўнічае ўпраўленне № 25" ААТ "Мінскпрамбуд" Канстанціну Шаміну і аператару машыннага даення сельскагаспадарчага прадпрыемства "Больцішкі" Воранаўскага раёна Данусі Вількель.
Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Сяргей Лях, начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення - намеснік начальніка Генеральнага штаба УС Аляксандр Шкірэнка і начальнік 602-й базы рамонту і захоўвання УС Алег Германаў.
Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў. Звання заслужанага дзеяча культуры ўдастоена аглядальнік Беларускага тэлеграфнага агенцтва Аліна Грышкевіч, заслужанага дзеяча навукі - прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Гаін і дырэктар Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі Пётр Кучынскі, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі - генеральны дырэктар ААТ "Малочны свет" Марына Анікеева, заслужанага будаўніка - генеральны дырэктар ААТ "Дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 1" г.Рагачова Таццяна Балакірава, заслужанага юрыста - прафесар кафедры экалагічнага і аграрнага права БДУ Сяргей Балашэнка, заслужанага работніка прамысловасці - дырэктар ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" Павел Пінігін.
Шэраг прадстаўнікоў універсітэтаў і каледжаў удастоены звання заслужанага работніка адукацыі, у іх ліку прафесар кафедры гісторыі беларускай дзяржаўнасці Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Канстанцін Баландзін, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Наталля Канявалава, адміністратар народнага музея баявой і працоўнай славы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Ларыса Хацько.
Дыпломы аб прысваенні звання заслужанага спецыяліста Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Кіраўнік дзяржавы ўручыў начальніку Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва - памочніку Міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Алегу Воінаву, памочніку Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце - начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леаніду Касінскаму, начальніку Ваеннай акадэміі Віктару Лісоўскаму.