Сустрэча з сакратаром Савета Бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым

  • 10
  • 3:15

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 29 чэрвеня сустрэчу з сакратаром Савета Бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым.

"Заўсёды ёсць аб чым пагаварыць, асабліва ў гэты няпросты час. Уважліва назіраў за Вашымі заявамі, выступленнямі - абсалютна супадаюць з пункту гледжання не толькі майго, але і нашых спецыялістаў. Таму, сапраўды, ёсць што абмеркаваць, і я вельмі рады, што Вы "ў тэме", паглыблены ў гэту праблему", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што хацеў бы абмеркаваць сам-насам з Мікалаем Патрушавым пытанні, "якія публічна не абвяшчаюцца". "Але я хацеў бы, каб Вы аб іх ведалі, таму што напэўна давядзецца працаваць разам, процідзейнічаць некаторым напрамкам", - растлумачыў Прэзідэнт.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець не толькі тэматыку ўзаемадзеяння ў галіне бяспекі, але і абаронку, супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Трэба было б ведаць больш дакладна, як мы будзем супрацоўнічаць па некаторых канкрэтных напрамках, - дадаў ён. - І, думаю, што падзелімся з Вамі інфармацыяй па важнейшых пытаннях, якія важны не толькі для Беларусі і Расіі, але і асобна для Беларусі і асобна для Расіі. Асабліва ў святле апошніх яркіх падзей, тых фактаў, якія ў сродках масавай інфармацыі абмяркоўваюцца".

Мікалай Патрушаў у сваю чаргу адзначыў, што рады знаходзіцца ў Мінску і бачыць пазітыўныя змяненні. "Кожны раз, калі прыязджаю, вока радуе тое, што адбываецца тут", - сказаў ён.

Саветы бяспекі Беларусі і Расіі сёння правядуць планавыя кансультацыі. На іх будуць абмяркоўвацца рэгіянальная і міжнародная бяспека, праблематыка гібрыдных войнаў, абстаноўка вакол Беларусі і Расіі. "Усё залежыць не толькі ад таго, што ўнутры ў нас адбываецца ў краінах. Многае залежыць ад таго, якія сілы ўздзейнічаюць звонку. Пагрозы і выклікі ёсць традыцыйныя, яны нікуды не дзеліся. Дапусцім, міжнародны тэрарызм, з ім звязаны экстрэмізм. Ёсць новыя пагрозы, аб якіх трэба гаварыць: кібербяспека. На жаль, многія не разумеюць, што ні адна краіна не можа справіцца з гэтай пагрозай самастойна. Трэба аб'ядноўваць намаганні", - падкрэсліў сакратар Савета Бяспекі Расіі.