Віншаванне жыхарам Віцебска з 1050-годдзем горада

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Віцебска з 1050-годдзем горада.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Віцебск з'яўляецца адным з самых старажытных гарадоў на тэрыторыі Беларусі і па праву лічыцца яе культурнай сталіцай.

    "Віцебшчына падарыла свету цэлае сузор'е выдатных асоб, сярод якіх Ефрасіння Полацкая, Марк Шагал, Генадзь Цітовіч, Аляксей Дудараў і многія іншыя. Штогод сюды накіроўваюцца сотні артыстаў і дзясяткі тысяч турыстаў, каб стаць удзельнікамі і гасцямі яркага і самабытнага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Тут свята шануюць гераічную гісторыю беларускага народа, берагуць памяць аб байцах Чырвонай Арміі, партызанах і падпольшчыках, якія перамаглі фашызм у гады Вялікай Айчыннай вайны", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння рэгіён актыўна развіваецца, імкнецца да яшчэ больш высокіх вынікаў у нафтахіміі, металургіі, будаўніцтве, лёгкай і харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў і ў іншых сферах.

    "Агульнымі намаганнямі паляпшаецца сацыяльная інфраструктура для грамадзян, бо галоўны здабытак Віцебшчыны - гэта яе жыхары. Гасцінныя людзі з шырокай душой і шчодрым сэрцам, якія сваёй працай ствараюць дабрабыт на роднай зямлі. Перакананы, што і ў далейшым вы зробіце ўсё, каб абласны цэнтр працвітаў і прыгажэў на радасць жыхарам і гасцям Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.