Наведванне Свята-Ільінскага храма Свята-Успенскага жаночага манастыра ў Оршы
- 24
- 16:15
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Свята-Ільінскі храм Свята-Успенскага жаночага манастыра ў горадзе Орша.
Прэзідэнт па традыцыі запаліў свечку. Свята-Ільінскаму храму ён перадаў у дар абраз "Уваскрэсенне Хрыстова". Кіраўніку дзяржавы на Вялікдзень падарылі абраз святога князя Аляксандра Неўскага.
Кіраўнік дзяржавы пачаў сваю прамову ў храме з падзякі ў адрас прадстаўнікоў духавенства за тое, што яны робяць у дзяржаве: "Асабліва вось гэтыя храмы, цэрквы і цэркаўкі, якія знаходзяцца не ў цэнтры Беларусі, а далей ад Мінска. Менавіта вы робіце нашых людзей сапраўднымі. Сапраўднымі і шчырымі беларусамі".
Аляксандр Лукашэнка назваў Вялікдзень вельмі светлым і чаканым святам.
"Я як чалавек з тых савецкіх часоў павінен сказаць, што гэтага свята мы чакалі заўсёды. І калі б у мяне спыталі, якія святы - свецкія і духоўныя - на першым месцы, я назваў бы Вялікдзень. Мы ўсе, асабліва дзеці, чакалі гэта свята. І дарослыя. Не таму, каб разгавецца. А таму, што гэта было свята. Яно ў нас было ў сэрцах і, самае галоўнае, у нашай галаве. Самае светлае свята. Свята вясенняе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што пасля надыходу Вялікадня прырода заўсёды дорыць цяпло. І цяпло таксама напаўняе сэрцы і душы людзей. Больш таго, у гэтым годзе Вялікдзень прыйшоў напярэдадні вялікага свецкага свята - Дня Перамогі.
"Я спецыяльна, выбіраючы храм, у які паехаць, прыехаў у гэты - не толькі таму, што я некалі нарадзіўся тут - на берагах гэтай велічнай старажытнай ракі. Але я падумаў аб тым, што наша рака Днепр і гэты храм заўсёды аб'ядноўвалі нашы народы. Гэта вельмі старажытны храм. У нас у Беларусі мала такіх. І вось з той пары, ды і раней, гэта рака і гэты храм аб'ядноўвалі тры славянскія народы. Рускіх, украінцаў і нас - беларусаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што цяпер па суседстве здарылася бяда. "Але я абсалютна ўпэўнены, што нашымі малітвамі мы вернемся да тых часоў, калі нашы народы будуць разам, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы вельмі спадзяёмся, што гэты светлы месяц май падорыць мір нашаму братэрскаму народу. І мы зноў на берагах Дняпра, як гэта было раней, будзем сустракаць усе святы".
"Але, калі час выбраў нас, нікуды ад гэтага не дзенешся, мы павінны захаваць мір і спакой на нашай зямлі. Найвялікшая задача для нашага пакалення", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што на Вялікдзень у храме ці дома перад абразамі людзі моляцца перш за ўсё аб сваім здароўі і здароўі сваіх блізкіх і родных. "Я вас у гэтым плане падтрымліваю. Галоўнае - гэта здароўе. Як я заўсёды гавару: будзе здароўе - усё астатняе мы набудзем, купім", - адзначыў беларускі лідар.
Людзі таксама моляцца аб міры. "Наогул, чалавеку нічога не трэба, калі няма міру. Міру з сабой, у вашых душах і сэрцах. Калі няма міру ў сям'і. Калі няма міру, у рэшце рэшт, у дзяржаве. Мы гэта вельмі сур'ёзна і востра ўсвядомілі цяпер", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што калі раней войны ішлі недзе далёка, то цяпер вайна фактычна за агароджай, каля парога Беларусі. "Галоўнае - мір. Гэта ўжо мая праблема", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы таксама ў гэты дзень молімся аб хлебе надзённым, каб ён у кожнага быў на стале. Мы гэтага дасягнулі. Вы помніце, хто старэйшы, што было 30 гадоў таму. І гэтага не хапала", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Але самае галоўнае, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, людзі моляцца аб ціхамірным сне для сваіх дзяцей. Ён нагадаў аб тым, што ў Беларусь на адпачынак цяпер прыязджае шмат дзяцей з Данбаса: "І праз тыдзень, калі ў іх пытаешся, пра што вы марыце: "Мы марым аб тым, каб у нас на радзіме была цішыня. Мы хочам засыпаць і прачынацца не пад бамбёжкамі і кананадамі".
Бягучы год для Беларусі асаблівы ў сувязі з 80-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Для нас ён асаблівы, як ні для якога іншага народа, таму што ў гэтыя гады фашысцкай агрэсіі Беларусі не існавала. Яе сцерлі з зямлі. Прытым, ад заходніх да ўсходніх граніц. Усё было знішчана. Людзі захаваліся толькі дзякуючы таму, што іх схавала, укрыла наша прырода, нашы лясы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хіба можна забыць гэтыя намаганні, гэтыя гераічныя подзвігі нашага народа? Мы гэтага зрабіць не можам!"
Прэзідэнт закрануў і тэму ўнутрыпалітычных працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі. Цяперашні час складаны тым, што ідзе змена пакаленняў. "І нам вельмі важна не разарваць тыя традыцыі, якія мы стваралі з вамі. Каб нашыя дзеці не адкінулі ўсё тое, што мы стварылі. Не таму, што мы ўчапіліся і трымаемся за старое, і што гэта старое абавязкова патрэбна дзецям. А таму, што той, хто рваў ніць пакаленняў, абавязкова спараджаў, як мінімум, смуту. Максімум - вайну", - заўважыў беларускі лідар.
"Нас выратавала тое, што мы стаялі на плячах былога пакалення. Мы ўвабралі ў сябе ўсё тое, што стварылі нашы бацькі і дзяды. Таму мы выстаялі. Калі гэта ў нейкай дзяржаве разрывалася - абавязкова смута. І гэтым заўсёды ёсць шмат жадаючых скарыстацца. Таму вельмі хацелася б, каб пры гэтым няпростым працэсе змены пакаленняў мы захавалі ўсё лепшае, што было створана на нашай зямлі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да жыхароў Оршы, Прэзідэнт адзначыў, што ў іх ёсць усе ўмовы для жыцця - ад добрай урадлівай глебы да вялікай колькасці прадпрыемстваў.
"У Оршы і вакол пабудавана столькі прадпрыемстваў, што сёння не хапае рабочых рук. Я ўжо гаварыў, што мы будзем не проста думаць, а прымаць маштабныя дзеянні, каб забяспечыць рабочымі рукамі гэтыя прадпрыемствы, г.зн. ёсць дзе працаваць. І ёсць магчымасць зарабляць для сябе і сваіх дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе Оршы расказаў, як лічыць неабходным скарэкціраваць падыходы ў жыллёвым будаўніцтве, каб у тым ліку забяспечыць шматлікія прадпрыемствы рабочай сілай.
"Я еду і думаю, што нам давядзецца тут будаваць больш жылля, каб прыцягнуць людзей. У іх не хапае людзей. Гадоў 20 таму не было куды дзяваць - беспрацоўе. Цяпер людзі працаўладкаваны. А тут прадпрыемстваў шмат. І ў Барані, і паміж Баранню і Оршай. Усюды. І ў сельскай гаспадарцы, - адзначыў Прэзідэнт. - Я думаю, нам давядзецца пераарыентавацца і будаваць там, дзе патрэбны рабочыя рукі. Акрамя шматдзетных і ваенных. Гэта святое, гэта асобныя чэргі. А астатнія грошы накіраваць на будаўніцтва жылля там, дзе патрэбны рабочыя рукі".
"Трэба будаваць, як гэта правільна ў савецкія часы было: ствараем нейкае прадпрыемства вялікае, а вакол яго - жыллё. Каб людзей прыцягнуць. І нармальную зарплату. Гэта такія разважанні, калі я пад'язджаў да свайго і вашага роднага месца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён з цеплынёй успомніў аб тым, што і сам у дзяцінстве часта бываў і нават жыў у Оршы. Яго маці працавала некалькі гадоў на льнокамбінаце, і недалёка ад якога быў інтэрнат. "Потым пераехалі ў вёску. Цяжка было тут. Таму пераехалі ў вёску. І ўжо ў Александрыі я ў школу хадзіў", - падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Лукашэнка. - Наогул, Орша для мяне такі блізкі, цёплы горад. Вельмі добры горад".
Кіраўнік дзяржавы пахваліў мясцовых жыхароў за тое, што захоўваюць у парадку свой горад. "На ўчастачках у вас ідэальны парадак. Нават пазайздросціў", - адзначыў Прэзідэнт, гаворачы аб прыватным сектары, міма якога ён праязджаў у храм.