Удзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
- 10
- 14:30
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 жніўня прыняў удзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, прысвечанай сітуацыі ў Афганістане. Мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцыі.
У цэнтры ўвагі лідараў краін АДКБ сітуацыя ў Афганістане і яе ўплыў на бяспеку дзяржаў - членаў АДКБ. Сесія праходзіла пад старшынствам Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона.
Разам з Кіраўніком беларускай дзяржавы ў відэасаміце ад Беларусі прымалі ўдзел Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч.
Мерапрыемства праводзілася па ініцыятыве Расіі. Акрамя лідараў краін АДКБ удзел у саміце прымаў і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.
Перад тым як прадставіць пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні, Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на выступленні лідараў іншых краін АДКБ, і перш за ўсё Прэзідэнта Расіі, які гаварыў аб неабходнасці салідарнасці, і што праблемы, якія вынікаюць з сітуацыі ў Афганістане, могуць закрануць усіх. "Ужо даўно закранула. Як ні дзіўна, мы, быццам бы, далёка ад гэтага, а наступствы ўжо адчулі першымі. Напэўна, вы інфармаваны (спецслужбы вашы дакладна, мы іх інфармавалі), Меркель вам паабяцала, Захад паабяцаў, што ўсіх прымуць. Усіх, хто будзе бегчы з Афганістана, усіх прымуць", - адзначыў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падзеях апошніх двух-трох сутак на граніцы з Польшчай. "Праз Беларусь, вы мелі рацыю, некалькі дзясяткаў, можа соцень (усіх не пералічыш), ужо афганцаў - не іракцаў, не сірыйцаў, а менавіта афганцаў (якіх яны паклікалі на Захад, паабяцалі прыняць) пайшлі на Захад. Што зрабілі палякі: яны адлавілі, інакш не скажаш, каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як яны прызналіся, ішлі ў Германію, куды іх паклікала мутэр Меркель. І пад пагрозай зброі, страляючы паверх галоў, выціснулі іх на граніцу з Беларуссю. Зразумела, яны ішлі ў Германію, у Беларусь яны ісці не хочуць. Так Польшча ўчыніла пагранічны канфлікт на граніцы, парушыўшы дзяржаўную граніцу Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"І ўжо двое ці трое сутак гэтыя гаротнікі, перайшоўшы граніцу Беларусі, знаходзяцца там. Без вады, без ежы, пад адкрытым небам. Што такое сядзець на граніцы - ноччу ўжо ў нас 7-8 градусаў цяпла. Абяздоленыя людзі. Сёння мне трэба думаць, што з імі рабіць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы чулі многія факты і бачылі. Прынамсі, гэта ўвесь свет бачыў, але Захад маўчыць, як яны хворых, цяжарных, напаўжывых людзей, а часам мёртвых выкідваюць на граніцу з Беларуссю, вяртаючы іх назад. Вось іх абяцанні, іх палітыка. Таму, як тут гучала, верыць ім нельга. Я перш за ўсё маю на ўвазе Захад. Яны прайгралі гэту вайну, і гэта трэба ім прызнаць, і баязліва адтуль збеглі. Але гэта іх праблемы. Але мы ж тут пры чым? Таму, сапраўды, ідзе перакладванне гэтай праблемы на нашы плечы", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што краіны АДКБ павінны выпрацаваць агульную пазіцыю па Афганістане. Такой пазіцыі прытрымліваюцца і іншыя члены арганізацыі.
"Тут вельмі правільна прагучала, што нам трэба выпрацаваць агульную пазіцыю. Трэба адкінуць усялякія фармальнасці і да саміту ў Душанбэ (запланаваны на сярэдзіну верасня. - Заўвага) падрыхтаваць гэту агульную пазіцыю. Давайце будзем шчырымі, пакуль гэта пазіцыя праяўляецца ў "давайце паглядзім, што будзе далей, а потым будзем сітуатыўна на гэта рэагаваць". Гэта няправільна. Мы, вядома, будзем глядзець, што будзе далей: так жыццё распараджаецца і складваецца. Але нам трэба дакладна разумець, што, зыходзячы з той інфармацыі, тых фактаў, якія былі прыведзены тут, нам трэба выпрацаваць гэту агульную пазіцыю і не займацца заклінаннямі і заклікамі, бо спознімся і будзе позна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не была так сур'ёзна паглыблена ў афганскія падзеі, як тыя ж Таджыкістан або Расія. "Мы нікога не забаранялі, у тым ліку і "Талібан", не падтрымлівалі ў выніку таго, што не так былі ўключаны ў афганскія падзеі. Але што я пастаянна ўспамінаю, гэта выступленні на пасяджэннях АДКБ Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Шарыпавіча Рахмона. Ён увесь час нам нагадваў аб тым, што Афганістан - гэта небяспечная кропка на карце, і прыводзіў канкрэтныя факты", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што таджыкскі лідар меў рацыю. "Таму нам трэба рэагаваць. Рэагаваць і старацца не перабіраць, таму што мы не ведаем, як будуць развівацца падзеі. Але на ўсялякі выпадак на граніцы Таджыкістана (чытай: АДКБ) з Афганістанам, давайце прызнаем, што мы спазніліся. Таму трэба наганяць упушчанае", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў: нягледзячы на тое, што Беларусь не знаходзіцца геаграфічна побач і не мяжуе з Афганістанам, краіна будзе прытрымлівацца ўзгодненай агульнай пазіцыі ў рамках АДКБ. "Іншага не дадзена. Ні ў якім разе нельга спрабаваць адседзецца, што мы далёка. Не далёка. Наша планета невялікая і цесная, а свет ашалеў. І невядома, што будзе далей. Таму Прэзідэнт Пуцін мае рацыю, што лепш салідарызавацца і дзейнічаць разам. Тады наш голас (можа, давядзецца так, што і не толькі голас) будзе чуваць і відаць", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі насцярожана і ўважліва назіраюць за тым, што адбываецца ў Афганістане. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыю неабходна ацэньваць без эмоцый, максімальна рэальна і адэкватна. "Нам здаецца, што, на першы погляд, гэта гіганцкае паражэнне заходняй палітыкі. Гэта сапраўды так, і перш за ўсё Злучаных Штатаў. Адназначны прыклад таго, да чаго прыводзіць бяздумнае ўзброенае насаджэнне іх так званых прынцыпаў дэмакратыі. ЗША і іх саюзнікі, як яны часта робяць, па-наплявацельску паставіліся да гістарычных, этнакультурных, рэлігійных асаблівасцей дзяржавы і, самае галоўнае, да інтарэсаў людзей. Пацвярджэнне таго, што робіцца ў аэрапорце Кабула", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Можна было б сказаць, што кааліцыя на чале з Вашынгтонам пасля 20 гадоў акупацыі і ўкладання каласальных сродкаў села ў лужыну. Давайце будзем думаць, што гэта не зусім так. Нельга скідаць з рахунку магчымы стратэгічны разлік на цалкам усвядомлены крок ЗША па стварэнні нестабільнасці ў гэтым рэгіёне. Часткова ў зоне адказнасці АДКБ, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны стварылі праблемы, цяпер перакладваюць вырашэнне гэтых праблем і гэтыя праблемы на іншых. Пры гэтым, па сутнасці, яшчэ спрабуюць выйсці сухімі з вады. Амерыканцы гэта любяць".
Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі, можа, не настолькі глыбока бачаць сітуацыю ў Афганістане, як Таджыкістан, таму беларускаму боку важна пачуць меркаванні і ацэнкі саюзнікаў па АДКБ. "Са свайго боку бачым галоўныя пытанні і разам павінны на іх адказаць: што будзе далей, якая абстаноўка на знешніх граніцах АДКБ, якія першачарговыя і наступныя крокі мы вымушаны зрабіць па нейтралізацыі ўзнікаючых пагроз. І гэтыя крокі мы павінны вызначыць ужо да сярэдзіны верасня - да нашай сустрэчы ў Душанбэ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ адно адчувальнае пытанне звязана з выхадам Штатаў (ЗША. - Заўвага) з Афганістана. Гэта магчымыя планы размяшчэння ўзброеных кантынгентаў амерыканскай арміі ў суседніх краінах, у тым ліку членах АДКБ", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што гэта тэма таксама заслугоўвае ўважлівага вывучэння з пункту гледжання бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі. Пазіцыю Беларусі падзяляе і расійскі бок, які таксама лічыць непрымальным размяшчэнне войскаў ЗША ў зоне адказнасці АДКБ.
"Я абсалютна падтрымліваю Прэзідэнта Расіі, яго заявы аб тым, што палёты баявых самалётаў ЗША, перш за ўсё над краінамі АДКБ, непрымальныя. І не толькі для Расіі - для ўсіх нас як членаў АДКБ. Больш таго, я абсалютна салідарны з ім, што рух НАТА (яны ўжо сталі нахабнымі зусім, зразумела, рухаюцца праз Беларусь у Расію), спроба сесці ў Цэнтральнай Азіі таксама для Расійскай Федэрацыі і для нас непрымальныя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Вяртаючыся да праблемы мігрантаў і бежанцаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў наяўнасць розных ацэнак іх магчымай колькасці ў першай хвалі. "Але зусім дакладна, што да патокаў з разбураных Сірыі, Ірака, Лівіі дабавяцца людзі з Афганістана. Яны ўжо дабавіліся. Нават калі ў канчатковым выніку яны пойдуць на Захад, ісці і ляцець яны будуць праз нас", - сказаў беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў, што бачыць неабходнасць далейшага ўмацавання таджыкска-афганскай граніцы. "З тэрарызмам звязаны непасрэдна рызыкі трансгранічнай злачыннасці, незаконнага абароту наркотыкаў і зброі, якія, відаць, будуць узрастаць, аб чым гаварыў Прэзідэнт Таджыкістана, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Улічваючы пэўную празрыстасць граніц паміж нашымі краінамі, гэта пытанне нас таксама сур'ёзна непакоіць. У гэтым кантэксце неабходна ўдзяліць увагу практычным мерам па далейшым умацаванні таджыкска-афганскай граніцы. Гэта тое, што нам трэба зрабіць у першачарговым парадку і абавязкова".
Аляксандр Лукашэнка лічыць мэтазгодным разгледзець пытанне аб правядзенні ў рамках АДКБ пазачарговых міждзяржаўных аперацый "Канал" (барацьба з наркатрафікам) і "Нелегал" (процідзеянне нелегальнай міграцыі). "Мы гэта рабілі раней і вельмі эфектыўна, практыка напрацавана", - сказаў Прэзідэнт.
А ў ходзе маючых адбыцца 18-23 кастрычніка бягучага года ў Таджыкістане вучэнняў АДКБ "Узаемадзеянне-2021", "Пошук-2021", "Эшалон-2021" неабходна адпрацаваць пытанні процідзеяння актуальным пагрозам з афганскага напрамку. "Пры гэтым мы не збіраемся шантажыраваць Афганістан, цяперашнія ўлады, талібаў. Не, мы проста выбудоўваем абарону нашых рубяжоў АДКБ на выпадак, калі...", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар выступіў за вызначэнне пазіцыі АДКБ у сувязі з магчымым прызнаннем талібаў у шэрагу краін. "На фоне дыпламатычных намаганняў талібаў па ўстанаўленні адносін з ключавымі сусветнымі і рэгіянальнымі ігракамі шэраг краін ужо схіляецца да прызнання руху. Для нашай арганізацыі важна добра разумець, наколькі такія перспектывы рэальныя і якая павінна быць наша пазіцыя ў гэтым выпадку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"У гэтым плане мы вельмі разлічваем на тое, што Прэзідэнт Расіі, як заўсёды, своечасова праінфармуе нас аб сваёй пазіцыі. Таму што Расія - гэта не проста адзін з ключавых ігракоў у гэтай праблеме. Гэта самы галоўны ігрок, і ад Расіі будзе вельмі шмат залежаць. У саюзе, зразумела, з цэнтральнаазіяцкімі рэспублікамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, у вырашэнні афганскага пытання таксама павінен быць задзейнічаны і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як адной з самых уплывовых структур у Азіі. "Практычна ўсе члены ШАС сканцэнтраваны вакол Афганістана. І там іх глабальныя інтарэсы. Прынамсі, Кітая і Расіі, Індыі, Пакістана, - адзначыў Прэзідэнт. - Неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па лініі АДКБ і ШАС, выкарыстоўваючы для гэтага саміты дзвюх арганізацый, запланаваныя на 16-17 верасня бягучага года ў Душанбэ".
Ён выказаў меркаванне, што, прапрацаваўшы гэта пытанне, магчыма было б правесці і сумеснае пасяджэнне па праблематыцы афганскага ўрэгулявання: "Захочуць члены ШАС ісці ў рэчышчы абмяркоўваемага сёння пытання - добра. Не захочуць - мы сваю пазіцыю абазначым і прапануем. А ім ужо вырашаць. Думаю, што тут мы можам вельмі сур'ёзна рушыць наперад".
"Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ-ШАС будзе немагчыма. Пазіцыя ШАС-АДКБ нават будзе важнейшай, чым пазіцыя заходняй кааліцыі", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне свайго выступлення падкрэсліў, што пры ўсіх недахопах у АДКБ, у арганізацыі распрацаваны ўсе неабходныя планы, падпісаны дакументы, а таму для прыняцця і рэалізацыі рашэнняў інструментаў дастаткова. "Калі недастаткова, ёсць яшчэ тры тыдні для таго, каб да Душанбэ іх выпрацаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.