Удзел у сумесным аператыўным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Саюзная рашучасць - 2022"
- 21
- 2
Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага наведаў палігон Асіповіцкі, дзе праходзіць сумеснае аператыўнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Саюзная рашучасць - 2022".
На палігоне Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе вучэнняў, размяшчэнні сумеснай групоўкі войскаў, праведзеных манеўрах рознымі падраздзяленнямі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт таксама заслухаў даклады аб дзеяннях ракетных войскаў Беларусі і Расіі і стварэнні сумеснай групоўкі ракетных войскаў, у склад якой увайшлі рэактыўныя сістэмы залпавага агню "Паланэз" і расійскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы "Іскандэр".
На палігоне сумеснай групоўкай ракетных войскаў быў ажыццёўлены электронны пуск ракет.
Як далажылі Галоўнакамандуючаму камандзіры ракетных дывізіёнаў, і "Паланэзы", і "Іскандэры" ў час вучэнняў зарэкамендавалі сябе выдатна.
На палігоне быў разыграны тактычны эпізод з удзелам ракетных войскаў і артылерыі, авіяцыі Саюзнай дзяржавы, а таксама падраздзяленняў паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расіі.
У адпаведнасці з задумай эпізоду тактычны дэсант праціўніка высадзіўся ў раёне пазіцый рэактыўных і ракетных падраздзяленняў Саюзнай дзяржавы для іх знішчэння. Для прадухілення нападзення падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расіі занялі абарончы рубеж на магчымым напрамку руху ворага.
Лётчыкі мнагамэтавых знішчальнікаў Су-35С правялі паветраныя баі з авіяцыяй умоўнага праціўніка, заваяваўшы перавагу ў паветры і забяспечыўшы нанясенне ракетна-бомбавых удараў самалётамі Як-130 і Су-25, ударнымі верталётамі Мі-24 па дэсанце непрыяцеля.
Падраздзяленні рэактыўных сістэм залпавага агню "Смерч" і "Ураган" нанеслі масіраваны ўдар па калонах тэхнікі праціўніка. Яго спробу падтрымаць дзеянні дэсанта армейскай авіяцыяй спынілі разлікі пераносных зенітных ракетных комплексаў "Вярба", якія паразілі цэлі, што імітавалі верталёты на дыстанцыі звыш 3 тыс. м.
Пры падтрымцы рэактыўнай артылерыі, разлікаў гаўбіц Д-30, самаходных артылерыйскіх установак "Нона" падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў завяршылі разгром тактычнага дэсанта ўмоўнага праціўніка.
Пасля азнаямлення з ходам беларуска-расійскага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022" Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў журналістам, што ў пятніцу і суботу будзе знаходзіцца з візітам у Расіі. Вучэнні гэтымі днямі будуць яшчэ прадаўжацца. Фармат работы прэзідэнтаў прапрацуе расійскі бок.
"Учора ў 13 гадзін мы паразмаўлялі з ім, агаварылі план дзеянняў на пятніцу-суботу, таму што вучэнні ў нас прадоўжацца і ў суботу. Якая будзе форма гэтых вучэнняў і дзе мы з Пуціным будзем прысутнічаць на вучэннях, гэта вас праінфармуе расійскі бок", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнты абмяркуюць далейшыя дзеянні сумеснай групоўкі войскаў.
"Як мы прымем заўтра рашэнне, так і будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што амерыканскае кіраўніцтва камандуе сваімі ваеннаслужачымі за тысячы кіламетраў, таму яму не зусім зразумелы прэтэнзіі аб знаходжанні расійскіх Узброеных Сіл у Беларусі. "Прымем рашэнне - выведзем за суткі. Прымем рашэнне месяц - будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут Узброеныя Сілы. Гэта наша зямля, наша тэрыторыя. Мы тут працуем, вучымся і будзем далей вучыцца", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне, ці трэба пакінуць частку расійскіх ваеннаслужачых, якія прымаюць удзел у вучэнні, на больш працяглы тэрмін пасля іх заканчэння. "Калі будзе сэнс патрымаць тут расійскія войскі, мы іх будзем трымаць столькі, колькі трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта наша тэрыторыя і мы будзем прымаць рашэнне. Паралельна амерыканцы ў Польшчу перакідваюць тысячы сваіх ваеннаслужачых, за тысячы кіламетраў (ад ЗША. - Заўвага). Яны дазволу ў каго пытаюцца - у нас, у расіян? Не. Чаму мы ў некага павінны пытацца? Колькі трэба, столькі і будуць тут стаяць войскі Беларусі і Расіі. Колькі нам трэба для таго, каб абараніць нашу тэрыторыю і паказаць усім, што мы да гэтай абароны гатовы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Калі прадстаўнікі замежных СМІ сталі ўдакладняць у Прэзідэнта, ці ёсць пагроза нападзення на Украіну з тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка задаў сустрэчнае пытанне: "Вы дагэтуль верыце, што мы будзем адсюль нападаць на Украіну, ці ў вас ужо, прабачце, па-народнаму скажу, гэты "бздык" прайшоў?"
Было адзначана, што ёсць афіцыйны пункт гледжання ўлад ЗША наконт вучэнняў, і ён агульнавядомы, яго транслююць прадстаўнікі шэрага заходніх СМІ. А ў Расіі і Беларусі - свая пазіцыя, з якой яны зыходзяць, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "У нас ёсць беларуска-расійскі дагавор, у нас фактычна створана тут адзіная беларуска-расійская групоўка, гэта значыць, лічыце, адзіная армія. І вось гэта - наша афіцыйная пазіцыя. І вы, калі ласка, гэту пазіцыю ўлічвайце так, як мы ўлічваем вашу пазіцыю", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на прысутнасць амерыканскіх ваенных спецыялістаў у многіх краінах, размешчаных у тым ліку на вялікім аддаленні ад ЗША і ў непасрэднай блізкасці ад Беларусі і Расіі, напрыклад, ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. "Што вам рабіць тут, за тысячы кіламетраў? Таму нас папракаць не трэба, у Канадзе і Мексіцы нашых узброеных сіл няма. Таму супакойцеся. Вы павінны прызнаць перад усёй сусветнай супольнасцю, калі ў вас ёсць сумленне, што вы прашлёпалі - вы абвінавачвалі Расію і Беларусь, што мы ўварвёмся ўчора ва Украіну. Не ўварваліся. Значыць, ваша разведка і мільярды долараў, якія вы траціце, нікчэмныя. Прызнайце хаця б гэта", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, у самой Украіне, зразумеўшы, якімі эканамічнымі наступствамі пагражае ўся ваенная істэрыя і нагнятанне абстаноўкі, сталі гаварыць, што вайны не будзе. "Пятнаццаць мільярдаў як карова языком злізала з эканомікі, і ўжо Зяленскі (Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. - Заўвага) загаварыў: "Не, уварвання не будзе, вайны не будзе". Гэтак жа было? Гэта проста была клаўнада. І Захаду разам з кіраўніцтвам Украіны трэба прызнаць, што яны селі ў лужыну, мякка кажучы, абняславіліся", - перакананы беларускі лідар.
Некалькі дзён таму ў Дзяржаўную думу Расіі быў унесены праект звароту ніжняй палаты парламента да Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб неабходнасці прызнання Расіяй самаабвешчаных ДНР і ЛНР. У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся ў Кіраўніка беларускай дзяржавы, калі ў Расіі ўсё ж будзе прынята такое рашэнне, як у такім выпадку будзе дзейнічаць Беларусь.
"Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш для Расіі і для Беларусі. Але гэта будзе сумеснае рашэнне", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты таксама заўважылі, што на Данбасе зноў абвастрылася сітуацыя. І спыталі ў Прэзідэнта, ці гатова будзе Беларусь аказаць ваенную падтрымку Расіі, калі яна вырашыць прыйсці на дапамогу самаабвешчаным рэспублікам.
"Мы Расіі акажам любую падтрымку. І ваенную, і, калі будзе трэба, эканамічную. Падзелімся апошнім кавалкам хлеба, гэтак жа і з пакутнікамі на Данбасе. Калі гэта ў Чарнігаве - і чарнігаўцам будзем дапамагаць. Гэта наша цвёрдая пазіцыя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён звярнуў увагу, што пытанне на самай справе не ў гэтым, галоўнае - усталяваць мір у гэтым рэгіёне. "Украіна заўсёды аб гэтым гаворыць: павінен быць мір на Данбасе. Добра, давайце ўстановім гэты мір, давайце рабіць у гэтым напрамку крокі. Давайце не будзем танцаваць пад пэўных камандзіраў, якія сядзяць за акіянам, а будзем глядзець на ўкраінскую зямлю, бо вайна ідзе на тэрыторыі Украіны. Я гэта гаварыў усім украінскім прэзідэнтам, і больш за ўсё Парашэнку. І Зяленскаму: "Вайна ў цябе, што сёння расказваць, хто мае рацыю, хто вінаваты. Трэба спыніць вайну, наладзіць нармальнае жыццё на Данбасе". І Пуцін (я перадаваў Парашэнку) гатоў дапамагчы ў гэтым. Яны гэтага не хочуць. Ім, напэўна, лепш, каб нехта адзін аднаго палохаў, а яшчэ больш - ваяваў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Кіраўніка дзяржавы, аб канфлікце ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны можна было б даўно забыць, калі б таго хацела кіраўніцтва гэтай краіны.
"Я быў у гэта ўцягнуты, таму гавару вам не проста як сведка, а ўцягнуты чалавек. Адказна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі хацелі б, усё зрабілі б. Што мы можам зрабіць? Ёсць Прэзідэнт Пуцін, ёсць Прэзідэнт Зяленскі. Усё, што яны захочуць, мы зробім. Мэта адна - мір на Данбасе, каб больш не гінулі людзі і людзі не баяліся глядзець у неба. Мы гатовы зрабіць усё. Ад гэтага нікуды не дзецца".
Адказваючы на пытанне журналіста аб верагоднасці стварэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў: ён неаднаразова заяўляў аб адсутнасці такой неабходнасці. Справа тут не ў тым, што "мы не хочам ці баімся", звярнуў увагу ён.
"Яны тут не патрэбны з ваеннага пункту гледжання. Навошта тут базы?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у перыяд вучэнняў было прадэманстравана, як літаральна за 10-12 дзён з Далёкага Усходу перакінулі велізарную колькасць войскаў і тэхнікі ў Беларусь. Акрамя таго, у рамках дагавора аб Саюзнай дзяржаве ёсць сумесная групоўка войскаў, у аснове якой - беларуская армія, гэта 65 тыс. чалавек, плюс можна мабілізаваць 200 тыс. чалавек і дабавіць тэрытарыяльныя войскі, тады ўвогуле атрымаецца каля паўмільёна. "Заходнія часці Расійскай Федэрацыі нас падтрымаюць тут - гэта суткі - двое. Навошта тут траціць мільярды долараў і ствараць дадатковыя базы (Расіі ў Беларусі. - Заўвага)?" - задаў лагічнае пытанне Прэзідэнт.
Калі гаварыць пра базы Ваенна-паветраных сіл, то гэта, на думку Аляксандра Лукашэнкі, наогул поўнае глупства: "Перамяшчаць самалёты, верталёты і іншае і ставіць іх пад прыцэл да граніцы Саюзнай дзяржавы? Няма неабходнасці". Тое ж датычыцца і ракетных войскаў - яны, як і патрабуецца, сканцэнтраваны на тэрыторыі як Расіі, так і Беларусі. "Дык якія базы тут ствараць? Нам тут базы не патрэбны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што з расійскім бокам дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў Беларусі некалькіх вучэбных цэнтраў для асваення сучаснай зброі. "Наша армія знаходзіцца на вастрыі, яна павінна валодаць самай сучаснай зброяй. Мы або яе будзем купляць, або расіяне нам будуць пастаўляць нешта за свой кошт, таму што армія агульная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ужо створаны тры вучэбныя цэнтры. Таксама ёсць планы па стварэнні вучэбнага цэнтра, дзе беларускія ваеннаслужачыя пры дапамозе расійскіх спецыялістаў будуць асвойваць "Іскандэры". "Добрая зброя. Нам трэба яе асвоіць? Трэба. Мы будзем купляць гэту зброю ў Расійскай Федэрацыі. Таму я буду прасіць, каб быў чацвёрты цэнтр, па "Іскандэрах", каб мы маглі асвоіць і гэту тэхніку", - заявіў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Беларусь таксама зацікаўлена ў падрыхтоўцы ў Калінінградзе або Мурманску сваіх маракоў, якія служылі б потым у сумесных часцях.
"Мы дамовіліся (адкрыта вам кажу, хоць павінен быў ухіліцца ад адказу на гэта пытанне): калі нам патрэбны нейкія боепрыпасы, каб іх не цягаць туды-сюды, мы іх пакінем тут. Што датычыцца тэхнікі. Я сёння паглядзеў: ёсць некалькі відаў перспектыўнай тэхнікі, якая нам патрэбна. "Іскандэр" і не толькі. Мы будзем гэту тэхніку закупляць, і ў якасці падарунка атрымаем ад сваіх старэйшых братоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што цяпер у Беларусі знаходзіцца комплекс С-400. Яго асвойваюць у вучэбным цэнтры беларускія ваеннаслужачыя. "Калі будзе трэба, яшчэ пару ўстановак мы паставім. А больш нам не трэба. Гэта зброя, якая "бачыць" на адлегласці, па-мойму, 600 кіламетраў. Дзе мы яе паставім? 600 кіламетраў распазнаванне цэлі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вядзём размову аб закупцы некалькіх такіх установак. Мы можам іх устанавіць недзе на ўсход ад Мінска або пад Мінскам і будзем бачыць, што робіцца ў Кіеве, за Варшавай і гэтак далей".
У той жа час, паводле слоў Прэзідэнта, для абаронных патрэб Беларусі дастаткова і комплексаў С-300.
Размаўляючы з журналістамі, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ядзерная зброя будзе размешчана ў Беларусі толькі ў выпадку пагроз з боку Захаду.
"У выпадку неабходнасці, калі такія бесталковыя, неразумныя крокі зробяць нашы праціўнікі і сапернікі, мы размесцім не толькі ядзерную зброю, але і яшчэ звыш'ядзерную, перспектыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Але калі для Беларусі не будзе зыходзіць ніякіх пагроз з боку недружалюбных краін, то ядзерная зброя тут "100 гадоў не патрэбна", адзначыў Прэзідэнт.
У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка назваў умовы, пры якіх гатовы пакінуць пасаду Прэзідэнта: "Калі калектыўны Захад, перш за ўсё амерыканцы, знімуць Беларусь з мушкі прыцэлу і не стануць пераварочваць у нас тут усякімі спосабамі, як было ў 2020 годзе, усё будзе законна, акуратна і будзе раней, чым вы хочаце ці яны хочуць".
Але, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, калі Захад прадоўжыць па-ранейшаму атакаваць Беларусь, ён будзе "вечным Прэзідэнтам".