Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
- 22
- 16:52
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане.
Перш за ўсё Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву за бездакорную арганізацыю саміту і Еўразійскага эканамічнага форуму.
Кіраўнік дзяржавы таксама далучыўся да віншаванняў з Днём ЕАЭС, якія прагучалі. "Роўна 12 гадоў таму тут, у Астане, мы далі старт інтэграцыйнаму праекту, які зрабіў кожную з нашых краін значна мацнейшай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Але давайце не забываць пра першапачатковыя амбіцыйныя мэты, а таксама пра сур'ёзныя кампрамісы, на якія мы пайшлі дзеля іх дасягнення".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб неабходнасці павышаць эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза. Ён падкрэсліў, што ў бліжэйшы час неабходны рашучы крок у рэалізацыі асноўных ідэй, якія былі намечаны ў рамках ЕАЭС.
"Паверце майму вопыту: трэба рабіць эфектыўным наш саюз. Для гэтага мы павінны яшчэ раз прарэвізаваць нашу работу і адмовіцца ад таго, што перашкаджае працаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Не зробім, ператворымся ў празасядалых, як Маякоўскі гаварыў, і будзем займацца звычайнай гаварыльняй".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Еўразійскай эканамічнай камісіі трэба сур'ёзна падумаць над актывізацыяй работы: "Трэба зрабіць так, каб не толькі мы, але і журналісты, якія асвятляюць нашы сустрэчы і нарады, нашы народы адчулі, што ёсць вынік. Па ўсіх напрамках".
Пры гэтым, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, работа па павышэнні эфектыўнасці павінна ісці без прамаруджвання. У адваротным выпадку ЕАЭС можа страціць сваю прывабнасць. "Калі мы гэта не зробім (а цяпер трэба рабіць хутка, таму што час такі, трэба паскарацца), прывабнасць нашага саюза будзе імкнуцца да нуля. І калі нават нехта паназірае за работай, а потым стане членам Еўразійскага эканамічнага саюза, хутка расчаруецца ў эфектыўнасці яго дзейнасці", - дадаў Прэзідэнт.
"Мы дакладна павінны разумець, хто павінен паступіцца нейкімі інтарэсамі. А паступіцца ўсе павінны - нехта ў большай ступені, нехта ў меншай. Ад Расіі спатрэбяцца вельмі сур'ёзныя крокі, а, магчыма, і ўступкі пэўныя. Але прыярытэтам будзе ў нас эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Каб тыя, хто ўступіць у гэты саюз (да ўступлення тым больш), разумелі, што яны атрымаюць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Каб нават члены цяперашняга Еўразійскага эканамічнага саюза не думалі аб тым, што недзе там будзе лепш. У гэтым напрамку нам трэба нямала зрабіць".
Прэзідэнт асобна спыніўся на некалькіх аспектах работы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, якія прапісаны ў стратэгічных дакументах і планах аб'яднання. "Людзі будуць ацэньваць нашу работу не па колькасці дагавораў і нарматыўных актаў. А выключна па тым, ці ёсць ад іх рэальная карысць, ці апраўдвае саюз чаканні грамадзян і бізнесу", - канстатаваў ён.
Аб рэалізацыі стратэгічных дакументаў ЕАЭС
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пазітыўныя лічбы рэалізацыі Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. "Праведзена больш за 480 мерапрыемстваў, падпісана 18 міжнародных дагавораў, прынята каля 500 нарматыўных актаў", - прывёў канкрэтныя прыклады Аляксандр Лукашэнка.
"Давайце будзем сумленнымі: ключавыя пытанні - рэгуляванне агульнага фінансавага рынку, гандлёвыя бар'еры, электронны лічбавы подпіс і іншыя - адкладзены на потым. Гаворым пра штучны інтэлект, а пытанне практычна лічбавага - дапусцім, подпісу - адклалі", - канстатаваў беларускі лідар.
"Не папракаю, а настойліва заклікаю: калі ўжо мы 12 гадоў таму пагадзіліся ісці да глыбокай эканамічнай інтэграцыі, давайце ўсе мэты і задачы саюза ўвасабляць у жыццё своечасова і ў поўным аб'ёме, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Дэкларацыя аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў "Еўразійскі эканамічны шлях" павінна быць рэалізавана без пераносаў тэрмінаў і спасылак на ўсемагчымыя "аб'ектыўныя" прычыны".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэагаваць на актуальны парадак дня трэба абавязкова, але не забываючы пра базавыя мэты ЕАЭС - макраэканамічную стабільнасць і павышэнне якасці жыцця грамадзян. "Паказчыкі мінулай пяцігодкі сведчаць аб тым, што мы свядома і паслядоўна рухаемся ў гэтым напрамку", - дадаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ВУП дзяржаў - членаў "пяцёркі" вырас на 16,6%, экспарт сферы паслуг паміж краінамі саюза - у 2,6 раза. Узаемны гандаль таварамі павялічыўся да рэкордных $95 млрд, або ў 1,7 раза. Пры гэтым яго доля ў знешнегандлёвым абароце ЕАЭС павысілася з 15% да 20%.
"На жаль, даводзіцца шмат адцягваць увагі на тое, каб збалансаваць знешнія фактары. Сітуацыя ў свеце развіваецца па канфліктным сцэнарыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Падзеі на Блізкім Усходзе выклікалі ў шэрагу краін дэфіцыт паліва, важнейшых матэрыялаў, угнаенняў. Запушчана вялізная лавіна праблем, і мы пакуль не ведаем, дзе менавіта і якой сілы ўдар яна нанясе".
Разам з тым, перакананы Аляксандр Лукашэнка, незалежна ад сітуацыі на знешнім контуры, ні ў якім разе нельга збаўляць тэмпы работы па дасягненні мэт Дагавора аб ЕАЭС. "Нельга забываць аб навядзенні парадку ўнутры нас", - дадаў ён.
Аб лічбавізацыі і развіцці перадавых тэхналогій
Аляксандр Лукашэнка адзначыў актуальнасць прыярытэтаў ЕАЭС, выкладзеных у звароце Прэзідэнта Казахстана да кіраўнікоў дзяржаў "пяцёркі". Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь актыўна ўключылася ў работу, у тым ліку па новым напрамку - развіцці штучнага інтэлекту.
"З аднаго боку, гэта важны фактар канкурэнтаздольнасці і эканамічнага росту, з іншага - сур'ёзны выклік бяспецы. Як некалі з атамам, наша задача - зрабіць штучны інтэлект мірным і не даць ператварыць яго ў зброю масавага паражэння. Таму словы "адказнае выкарыстанне" ў заяве саюза з'яўляюцца ключавымі", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падтрымаў ідэю развіцця штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС, у тым ліку сумеснымі намаганнямі. "Рабіць гэта трэба свядома, разумеючы, што мы робім, а не бегчы за нейкай модай і хайпаваць тым больш на гэтым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, падкрэсліў ён, нельга дапусціць размывання дагаворных абавязацельстваў за кошт новых тэхналагічных рашэнняў, якія звернуты да нацыянальнай кампетэнцыі, але непасрэдна ўплываюць на работу ўнутранага рынку ЕАЭС.
"Ведаеце, нешта прыдумаем, назавём штучным інтэлектам і зробім так, што гэта наносіць шкоду існуючаму парадку - у гандлі і іншых пытаннях. Напрыклад, лічбавізацыя сістэмы дзяржаўных закупак, якая прызначана забяспечыць аператыўнасць працэдур і не ствараць лічбавыя бар'еры для ўдзельнікаў з іншых дзяржаў-членаў. Давайце лепшае з нацыянальных практык рабіць агульным, а не выкарыстоўваць як загараджальны рэсурс", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб прамысловым росце і кааперацыі ў ЕАЭС
"Напрамак прамысловай палітыкі ў рамках ЕАЭС яўна кульгае, і Еўразійскай эканамічнай камісіі, усім нам трэба гэту сітуацыю выпраўляць. Механізм стымулявання кааперацыі запушчаны, але маштаб і эфект пакуль нязначныя. Не можам знайсці дастойныя саюзныя праекты. Адначасова ствараем дубліруючыя вытворчасці, а потым іх адзін ад аднаго усімі сіламі абараняем. У тым ліку ствараючы бар'еры, якія супярэчаць не толькі прынятым намі рашэнням, але і духу ўтварэння нашага саюза", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы для прыкладу спыніўся на такой галіне, як аўтамабілебудаванне. "На заранку стварэння саюза гаварылі аб сумесным прыцягненні інвестыцый у развіццё кампанентнай базы. А цяпер што адбылося? Кожны закрыўся так, што мыш не праскочыць. Стаўкі ўтылізацыйных збораў хутка перасягнуць кошт саміх машын. Я гавару пра наш саюз! Навошта мы гэта робім, пра які саюз можна гаварыць?" - задаў заканамернае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў ліку дакументаў, вынесеных на падпісанне ў рамках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, - пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор у частцы распаўсюджвання мер фінансавага садзейнічання на кааперацыйныя праекты ў аграпрамысловым комплексе. "Прадукцыя такіх сумесных праектаў павінна стаць для простых грамадзян бачным увасабленнем еўразійскай інтэграцыі і стымуляваць рост нашых эканомік", - падкрэсліў ён.
Аб міжнародным пазіцыянаванні ЕАЭС
"У адрозненне ад Захаду, які вечна спрабуе каго-небудзь ізаляваць, плодзіць санкцыі і стварае раздзяляльныя лініі, мы разумеем, што вытворчы і рэсурсны патэнцыял саюза не можа быць рэалізаваны ў адрыве ад сусветнай эканомікі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Чакаем ад (Еўразійскай эканамічнай. - Заўвага) камісіі энергічнай работы з краінамі Азіі і Афрыкі па заключэнні гандлёвых пагадненняў".
Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць падтрымліваць высокі тэмп перагавораў з Індыяй і без затрымак запусціць працэс з Тунісам. Ён таксама адзначыў, што рэалізацыя ўжо заключаных гандлёвых дагавораў патрабуе пастаяннага кантролю. "Усе ўзаемныя абавязацельствы павінны выконвацца ў поўнай меры, у тым ліку пагадненні з Манголіяй і ААЭ, якія ўступаюць у сілу ў гэтым годзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.


