Удзел у V Еўразійскім эканамічным форуме ў Астане
- 27
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 мая прыняў удзел у V Еўразійскім эканамічным форуме, правядзенне якога прымеркавана да Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Галоўная тэма форуму - "ЕАЭС у глабальнай лічбавай гонцы: стаўка на штучны інтэлект". У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка дэталёва выклаў беларускі падыход да выкарыстання штучнага інтэлекту, прывёў канкрэтныя прыклады ўкаранення ШІ ў рэальны сектар эканомікі і выказаўся аб неабходнасці больш цеснай кааперацыі ў гэтай сферы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.
Але пачаць Аляксандр Лукашэнка вырашыў з азоў, нагадаўшы, што па першай адукацыі ён выкладчык і часта выступаў з лекцыямі. У сувязі з гэтым беларускі лідар спыніўся на самім азначэнні штучнага інтэлекту.
"Штучны інтэлект (я паглядзеў, як ён дае азначэнне сам сабе) - гэта галіна інфарматыкі. Інфарматыка - гэта навука аб метадах і працэсах збору, апрацоўкі, захоўвання, перадачы, аналізу і ацэнкі інфармацыі з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій. А частка гэтай інфарматыкі - штучны інтэлект, што распрацоўвае частку сістэмы, здольна выконваць задачы, якія звычайна патрабуюць чалавечага інтэлекту, навучання, разважання, прыняцця рашэнняў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Такім чынам, падкрэсліў беларускі лідар, зыходзячы з азначэння, якое штучны інтэлект дае сам сабе, без ШІ чалавек сам вырашыў бы гэтыя задачы. "Але гэта было б вельмі доўга, час паскараецца. Штучны інтэлект дапамагае чалавеку ў гэтым паскарэнні. Ён паскарае работу з данымі, гэты штучны інтэлект, які з'яўляецца часткай інфарматыкі. Паскарае работу з данымі, аўтаматызуе руціну, піша код, генерыруе кантэнт і дапамагае вырашаць складаныя аналітычныя задачы", - дадаў ён.
Пра "тэктанічны зрух" у сферы штучнага інтэлекту
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паняццю "штучны інтэлект" ужо больш за 70 гадоў. "Гэта не новаўвядзенне сённяшняга дня. І ў Беларусі сістэмная работа над гэтай тэмай ідзе з сярэдзіны 60-х гадоў - яшчэ з часоў стварэння Інстытута тэхнічнай кібернетыкі ў Мінску. Таму сваю школу мы напрацоўвалі дзесяцігоддзямі, захавалі і развівалі нават на цяжкім этапе распаду некалі адзінай краіны", - падкрэсліў ён.
Тым не менш, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, за апошнія тры гады ў гэтай сферы адбыўся глабальны тэктанічны зрух. Штучны інтэлект з навуковых лабараторый і цэнтраў распрацовак перайшоў у кожны смартфон, а значыць, і ў звычайнае жыццё. "З вузкапрафесійнага тэрміна паняцце ператварылася ў паўсядзённы выраз. Модна стала. Для адных, перш за ўсё моладзі, штучны інтэлект і нейрасеткі сталі звычайным віртуальным памочнікам, для іншых - лозунгам і іконай, для трэціх - ледзь ці не пачаткам апакаліпсісу і страхам перад будучыняй", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб уяўнай складанасці тэмы штучнага інтэлекту, Аляксандр Лукашэнка прывёў цытату Сі Цзіньпіна, звязаную з вывучэннем кітайскай мовы. "Успамінаю фразу, сказаную на сямейнай вячэры ў Сі Цзіньпіна. Ён крылатую фразу сказаў, якую я помню да гэтага часу: "Кітайскую мову не трэба баяцца вывучаць". Якраз гэтак жа і некаторыя баяцца гэтага штучнага інтэлекту, асабліва людзі старэйшага пакалення", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Пра беларускі падыход да выкарыстання ШІ
Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў удзельнікам Еўразійскага эканамічнага форуму пра беларускі падыход да выкарыстання штучнага інтэлекту, які заснаваны на двух ключавых пасылах. "Па-першае, для нас штучны інтэлект не самамэта, не даніна модзе і не падстава ў пагоні за хайпам адмаўляцца ад напрацаваных дзесяцігоддзямі практык. Гэта перш за ўсё прыкладны інструмент, які павінен рэальна працаваць на карысць людзей і вытворчасці, павышаючы эфектыўнасць эканомікі і якасць жыцця грамадзян", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Па-другое, мы даўно выбралі ўласны шлях у лічбавым развіцці і прытрымліваемся яго. Гэта адмова ад сляпога капіравання замежных тэхналогій і правіл гульні на карысць стварэння айчынных кампетэнцый і сваіх рашэнняў", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь першая на постсавецкай прасторы яшчэ ў 2005 годзе стварыла Парк высокіх тэхналогій. Цяпер ён уключае больш за 1 тыс. рэзідэнтаў і больш за 60 тыс. працуючых. "Парк генерыруе амаль 3% ВУП (2,7% у 2025 годзе, агульная выручка склала $3 млрд) і каля 17% экспарту паслуг (дакладней, 16,6%, або амаль $2 млрд у мінулым годзе)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Менавіта ў Беларусі распрацаваны мадэльны закон аб тэхналогіях штучнага інтэлекту. У 2025 годзе ён адобраны Міжпарламенцкай асамблеяй СНД, - адзначыў беларускі лідар. - Адпаведная праблематыка вывучаецца нашай акадэмічнай супольнасцю, ва ўніверсітэтах ствараюцца новыя курсы і спецыяльнасці, распрацоўваюцца нацыянальныя стандарты".
Пра ўкараненне ШІ ў рэальны сектар эканомікі на канкрэтных прыкладах
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штучны інтэлект становіцца часткай вытворчасці ў рэальным сектары там, дзе гэта апраўдана. Так, у сферах машынабудавання і металаапрацоўкі тэхналогія камп'ютарнага зроку істотна зніжае вытворчы брак.
"Віртуальныя мадэлі, або, як іх яшчэ называюць, лічбавыя двайнікі рэальных вытворчасцей, даюць магчымасць наладжваць тэхналагічныя працэсы да фізічнай зборкі і запуску абсталявання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У малочнай галіне робататэхнічныя комплексы дазваляюць аптымізаваць працу і вырашыць праблему недахопу рабочых рук. "Хутка мы сутыкнёмся з тым, што (да чаго давяла ўрбанізацыя) з гарадоў пачнём вазіць даярак, каб падаіць кароў. Гэта тэндэнцыя (назіраецца. - Заўвага) у любой дзяржаве. Адзін комплекс замяняе ад 4 да 20 работнікаў на малочнай вытворчасці. Разумныя сістэмы планавання маршрутаў скарачаюць час частаўкі гатовай прадукцыі на 17%. Гэта і эфектыўна, і гарантуе захаванне якасці", - дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца тэхніцы, якая працуе ў складаных умовах. "Новыя тэхналогіі ўжо інтэграваны ў лінейкі сельскагаспадарчых і горназдабыўных машын вядучых айчынных вытворцаў - Мінскага трактарнага завода, "Гомсельмаша" і БЕЛАЗа. Гэтыя машыны ўжо створаны, яны працуюць ужо не першы год - дапусцім, у Расіі (магчыма, і ў Казахстане), асабліва БЕЛАЗы. У кар'ерах такія сістэмы павышаюць вырабатку больш як на 20%, па палях зніжаюць страты ўраджаю на чвэрць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Штучны інтэлект выкарыстоўваецца і ў раслінаводстве для аналізу спадарожнікавых здымкаў і паказанняў палявых датчыкаў. "Гэта садзейнічае больш дакладнаму ўнясенню мінеральных угнаенняў, аптымізацыі паліву і ахове пасеваў. У выніку расце ўраджайнасць і зніжаецца экалагічная нагрузка", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адной сферай, дзе ўкараняецца ШІ, беларускі лідар назваў медыцыну. "Штучны інтэлект выкарыстоўваецца пры стварэнні лякарстваў, дыягностыцы захворванняў, дапамагае пры правядзенні самых складаных аперацый у кардыялогіі, анкалогіі, уралогіі. Прычым хірургі могуць кантраляваць працэс дыстанцыйна", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што айчынныя лічбавыя платформы распрацоўваюцца ў транспартнай галіне, лагістыцы, гандлі, дзяржкіраванні і іншых сферах.
Аб тым, што штучны інтэлект не заменіць чалавека
Прэзідэнт адзначыў, што прыклады выкарыстання штучнага інтэлекту ў рэальным сектары эканомікі можна прыводзіць доўга, але прынцыпова ў гэтым выпадку іншае: "Пры безумоўных поспехах і відавочных перспектывах штучнага інтэлекту ён не стане прычынай масавай страты рабочых месцаў, а на крадзеж асабістых даных, кібермахлярства і фэйкі ёсць адэкватныя адказы - і ў тэхнічнай, і ў праваахоўнай плоскасцях".
"Штучны інтэлект не заменіць чалавека, а здымае з яго руцінныя і небяспечныя задачы, дапамагае нарасціць кампетэнцыі і магчымасці інжынераў, тэхнолагаў, аграрыяў, вучоных, чыноўнікаў. Размова ідзе аб павышэнні каэфіцыента карыснага дзеяння чалавечай працы. Там, дзе гэта сапраўды неабходна і дарэчы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта вельмі важна цяпер. Цяпер гэта ў многім перарасло ў моду, і мы лепім дзе папала гэты штучны інтэлект - дзе трэба і дзе не трэба".
Аб неабходнасці больш цеснай кааперацыі ў сферы ШІ ў рамках ЕАЭС
Прэзідэнт адзначыў, што, як паказваюць разлікі, ніводная краіна, нават з развітой інжынернай школай і моцнымі кадрамі, паасобку не здольна забяспечыць поўны цыкл стварэння, навучання і прамысловага ўкаранення сучасных мадэлей штучнага інтэлекту. "Таму ў гэтай сферы патрэбна больш цесная кааперацыя ў нас у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што паміж вядучымі сусветнымі ігракамі фактычна разгарнулася бітва за кантроль над сферай камп'ютарных тэхналогій. "Мы не павінны адстаць або трапіць у залежнасць ад "добрай" волі цэнтраў сілы, якія спрабуюць навязаць свае правілы гульні", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што менавіта тут праяўляецца стратэгічная роля Еўразійскага эканамічнага саюза як платформы для фарміравання тэхналагічнай кааперацыі новага тыпу. "Фундамент для лічбавага ўзаемадзеяння ў ЕАЭС ужо закладзены. Сфарміраваны прававыя і тэхналагічныя інструменты для пераходу ад разрозненых нацыянальных ініцыятыў да адзінай еўразійскай лічбавай экасістэмы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку такіх інструментаў Прэзідэнт назваў фарміраванне агульнай еўразійскай прасторы прамысловых і спажывецкіх даных: "Гэта трэба, каб бяспечна абменьвацца звесткамі для навучання штучнага інтэлекту з улікам асаблівасцей кожнай з краін - удзельніц аб'яднання".
Другім інструментам пераходу да адзінай еўразійскай лічбавай экасістэмы беларускі лідар назваў стварэнне сумесных галіновых лічбавых платформ для рэальнага сектара. "Тым самым прадпрыемствы дзяржаў ЕАЭС змогуць атрымліваць гатовыя праграмныя рашэнні для шырокага кола задач, уключаючы прагназаванне попыту і аптымізацыю ланцужкоў паставак. Важна, што гэта будуць нашы агульныя распрацоўкі, бяспечныя ў выкарыстанні і не залежныя ад знешняй кан'юнктуры", - канстатаваў ён.
Яшчэ адзін інструмент, на які ўказаў Аляксандр Лукашэнка, - выпрацоўка агульных падыходаў да сертыфікацыі рашэнняў у сферы штучнага інтэлекту.
"Упэўнены, аб'яднаўшы інжынерны патэнцыял, вытворчыя магутнасці і інтэлектуальныя рэсурсы, мы зможам не проста адаптавацца да выклікаў лічбавай эпохі, а сфарміраваць яе правілы, забяспечваючы тэхналагічнае развіццё і павышэнне якасці жыцця нашых народаў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля пленарнага пасяджэння Аляксандр Лукашэнка і іншыя кіраўнікі замежных дэлегацый у Астане наведалі выстаўку лічбавых дасягненняў Еўразійскага эканамічнага саюза, перадае.
Выстаўка арганізавана ў міжнародным цэнтры штучнага інтэлекту "Alem.ai".
На беларускім стэндзе прадстаўлены сімбіёз штучнага інтэлекту і прамысловых тэхналогій у рэальным сектары эканомікі.
Адзін з прыкладаў такога сімбіёзу - разумнае земляробства. Першы беспілотнік для сельскай гаспадаркі быў распрацаваны ў 2021 годзе, а цяпер выкарыстанне аградронаў у Беларусі - паўсядзённая практыка. Гэта дазваляе выключыць механічнае ўздзеянне на глебу, мінімізаваць кантакт чалавека з хімічнымі рэчывамі. Для гэтага створана цэлая сістэма: лічбавыя карты палёў, базы даных аб клімаце і стане глебы і іншае.
Яшчэ адна перадавая распрацоўка - беспілотныя БЕЛАЗы. Больш за дзесяць гадоў таму быў прадстаўлены самазвал, здольны перамяшчацца без вадзіцеля. Тэхніка самастойна руліла, разганялася і тармазіла. З той пары лінейка пастаянна пашыраецца. Дарэчы, код з'яўляецца на 100% айчынным - ён створаны рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій.
На беларускім стэндзе дэманстравалі і робататэхнічныя комплексы на вытворчасці. У Беларусі плануюць давесці паказчык укаранення прамысловых робатаў да больш як 150 адзінак на 10 тыс. работнікаў. Гэта мэта практычна дасягнута на шэрагу беларускіх вытворчасцей.


