Наведванне ракетнай брыгады Узброеных Сіл у Асіповіцкім раёне

  • 13

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 мая наведаў ракетную брыгаду Узброеных Сіл у Асіповіцкім раёне.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб задуме правядзення трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Адпрацоўка адпаведных мерапрыемстваў праводзіцца ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў парк тэхнікі ракетнай брыгады, наведаў камандны пункт камандзіра. Прэзідэнту прадэманстравалі пускавую ўстаноўку "Іскандэр-М" і нанясенне ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару (электроннага пуску). Гэта значыць, усе дзеянні былі праведзены так, як гэта было б у рэальнай баявой абстаноўцы. З адзіным важным нюансам - непасрэдна запуску ракеты не было.

Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з разлікам пускавой устаноўкі, яшчэ раз падкрэсліўшы важнасць якаснай падрыхтоўкі асабовага складу, камандзіраў і афіцэраў.

"Некалі я аб гэтай машыне марыў. А сёння яна ў нас не адна. І вы лепш за мяне ведаеце, што гэта добрая зброя", - сказаў Прэзідэнт.

Камандзір ракетнай брыгады Аляксандр Краўцоў расказаў журналістам, што электронны пуск ад баявога фактычна нічым не адрозніваецца. "Адрозненне толькі ў тым, што выраб не сыходзіць з накіроўваючай пускавой устаноўкі. Увесь цыкл і ўсе рэжымы адпрацаваны ў поўным аб'ёме ўсімі разлікамі. Баявы і вучэбны цыклы праходзяць поўнасцю аднолькава, - сказаў ён. - У дадзеным выпадку пуск адбыўся штатна. Кіраўніку дзяржавы было ўсё даложана, паказана".