Даклад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца

  • 5
  • 3:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 22 студзеня з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца.

"Як мы і дамаўляліся пры назначэнні Вас на пасаду, галоўная задача перад губернатарам Магілёўшчыны - вывесці вобласць на пэўны ўзровень. Як я тады сказаў, у хвасце плесціся Магілёўская вобласць не павінна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, вынікі работы вобласці хоць і нельга назваць уражальнымі, але яны дастаткова высокія.

"Вы па сваім ВРП спрацавалі прыкладна на 101% (па выніках 2020 года да ўзроўню 2019-га. - Заўвага). Нядрэнны паказчык, у гэтых адносінах трэба аддаць належнае. Але ўсе астатнія паказчыкі ў нас вымушаюць жадаць лепшага. Таму бачыць толькі станоўчае і не звяртаць увагі на тое, дзе трэба напружыцца, будзе няправільна: мы проста спынімся ў развіцці. Будзем лічыць, што мінулы год (гэта прызнана ва ўсім свеце) не з'яўляецца крытэрыем, эталонам для таго, каб рабіць нейкія высновы. Будзем глядзець у будучыню. Але тое, што Вам удалося разварушыць магіляўчан, гэта бясспрэчны факт", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па многіх напрамках работы Магілёўскай вобласці рашэнні прымаліся на вышэйшым узроўні. Былі распрацаваны праекты па развіцці вытворчасцей, прадастаўлены прэферэнцыі паўднёва-ўсходнім рэгіёнам вобласці, аказвалася падтрымка сацыяльнай сферы. "Наверсе рашэнні прыняты, але трэба сканцэнтравацца на іх рэалізацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся ў Леаніда Зайца, што яшчэ неабходна зрабіць, каб Магілёўская вобласць прыбавіла ў сваім развіцці. Пры гэтым, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба ўлічваць, што гэты год асаблівы. "Акрэсленасцей ніякіх няма: мы не ведаем, як будзе развівацца сусветная эканоміка (вельмі вялікі спад), як будзе развівацца пандэмія, якая ўплывае не толькі на розумы людзей, але і на эканоміку, як у свеце пойдуць глабальныя працэсы, - вы бачыце, якая турбулентнасць нават у апоры дэмакратыі. Таму шмат неакрэсленасцей, і гэта ўсё трэба ўлічваць. І абмежаванасць сродкаў, і пэўны націск з усіх бакоў: знутры, звонку. Мы, вядома, на калені не ўпадзём (гэта адназначна), але ў развіцці мы гэта павінны ўлічваць. Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць, а потым брацца за нешта новае. Будзем зыходзіць з гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.