Нарада з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі
- 21
- 42:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага сабраў нараду з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі па пытаннях дзейнасці сілавога блока.
"Нам трэба адкрыта і, самае галоўнае, па-мужчынску абмеркаваць найбольш вострыя пытанні ў сферы нацыянальнай бяспекі. Максімальна аб'ектыўна, без прыкрас ацаніць рэальную абстаноўку, якая складваецца ў Беларусі і вакол яе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку нарады.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўдзельнікі мерапрыемства, кожны на сваім узроўні, ведаюць абстаноўку. "Давайце паглядзім на абстаноўку праз прызму экзістэнцыйных пагроз. Пагроз, якія ўзніклі не сёння і не ўчора. Вы ведаеце, што мала іх бачыць - трэба разумець глабальную палітычную кан'юнктуру, аб'ектыўна ацэньваць прычыны і перадумовы. Асабліва цяпер, калі свет зноў падышоў да краю прорвы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць на нарадзе зверыць гадзіннікі, ацаніць, наколькі сілавы блок краіны гатовы да магчымых правакацый і нестандартных сітуацый у ходзе маючых адбыцца палітычных кампаній з улікам сітуацыі ў рэгіёне і свеце.
"Вядома, мы ведаем свае моцныя бакі, але больш важна паглядзець, дзе варта дапрацаваць, дзе трэба ўзмацніцца зыходзячы з сучасных рэалій. Гэта тыя пытанні, на якіх неабходна зрабіць акцэнт у сваіх дакладах ключавым міністрам сілавога блока. Мы павінны быць максімальна гатовымі да нейтралізацыі рызык і пагроз", - сказаў беларускі лідар.
"Няма краіны і народа, якія апошнія дзясяткі гадоў маглі б адчуваць сябе ў абсалютнай бяспецы. Ваенная сіла зноў стала галоўным аргументам сусветных цэнтраў вырашэння пытанняў. Як быццам і не было мільённых страт і жахаў Першай і Другой сусветных войнаў. Цяпер нас літаральна накрыла інфармацыйнай хваляй так званага прадчування трэцяй сусветнай вайны, аб якім толькі не сказаў лянівы. І падставы для апасенняў ёсць", - сказаў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу на тэндэнцыю росту колькасці гарачых кропак. Толькі за мінулы год былі развязаны або прадаўжаліся больш за 25 ваенных канфліктаў у розных рэгіёнах на розных кантынентах, і амаль кожны выкарыстоўваецца як падстава ўвесці міратворчы кантынгент. "Вы ведаеце, для чаго. Каб расставіць людзей са зброяй, абазначыць зону свайго ўплыву. Гэта значыць свет метадычна ператвараецца ў палігон глабальнага процістаяння", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Вы бачыце, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Ужо адкрыта гучаць пагрозы прымянення ядзернай зброі. Цэлыя гарады сціраюцца з зямлі разам з іх мірнымі жыхарамі. І аказваецца, так можна рабіць, не трапляючы пад санкцыі, не становячыся ізгоем у вачах так званага цывілізаванага грамадства, носьбітаў "сапраўдных" дэмакратычных каштоўнасцей".
Не спакайней сітуацыя і на Еўрапейскім кантыненце, у тым ліку каля граніц Беларусі. У непасрэднай блізкасці ад Беларусі і Расіі ў рамках аперацый Альянсу, якія праводзяцца ў Еўропе, размешчаны каля 32 тысяч ваеннаслужачых аб'яднаных узброеных сіл НАТА і ЗША. Гэта больш за 1 тыс. адзінак бранятэхнікі, каля 160 артылерыйскіх сістэм і мінамётаў, 235 самалётаў і верталётаў. "Усё гэта сведчыць як мінімум аб дэманстрацыі сілы", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы фактычна знаходзімся ў эпіцэнтры буйнейшага ваенна-палітычнага крызісу, які зацягнуўся, з выкарыстаннем старых, як свет, метадаў запалохвання. Прагнозы несуцяшальныя. Апетыты і актыўнасць калектыўнага Захаду будуць толькі нарастаць. Вашынгтон і яго саюзнікі прадоўжаць пашыраць НАТА. Сітуацыя для іх больш чым спрыяльная. Скажу адкрыта, без лішняй дыпламатыі: амаль усе еўрапейскія лідары ператварыліся ў падданых ЗША. У тым, чыя палітыка, чые інтарэсы дамінуюць на тэрыторыі Еўрасаюза, няма ніякіх сумненняў", - сказаў Прэзідэнт.
"Уступленне ў НАТА Фінляндыі, а вось-вось і Швецыі - гэта чарговы этап экспансіі на ўсход. Будуць уцягваць у альянс Боснію і Герцагавіну, Малдову, Грузію, Сербію. І ўсё гэта будзе па сцэнарыі Украіны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, чым скончыліся гульні з украінскімі лідарамі ў "партнёрскую" палітыку: "Фарміраваннем праслойкі агентаў перамен для далейшай змены ваенна-палітычнай арыентацыі на празаходнюю. І вайной. Цяпер з Украінай гэтак жа гуляюць. Туманная перспектыва членства ў блоку паспяхова выкарыстоўваецца заходнімі куратарамі для матывацыі і падштурхоўванні кіеўскай улады да прадаўжэння баявых дзеянняў".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і Беларусь хочуць усімі праўдамі і няпраўдамі ўцягнуць у гэту вайну.
"У нас на руках закрытая інфармацыя. Мы дакладна ведаем, што думае наконт гэтага начальнік генеральнага штаба адной з вядучых краін - членаў НАТА: "Мы не змаглі ўцягнуць Беларусь у канфлікт. Актыўны ўдзел Мінска ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі і А.Лукашэнкі. Гэта магчымасць усё яшчэ адкрыта", - расказаў Прэзідэнт.
"І палякі павіскваюць: "Вайна ва Украіне дае ім магчымасць змяніць беларускі рэжым". Нашым збеглым. Гэта цытата", - адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, за гэтымі слоўнымі гульнямі стаіць жаданне нарэшце задаволіць свае застарэлыя тэрытарыяльныя амбіцыі: "Я ўжо пра гэта гаварыў, але паўтару яшчэ раз. Яны ў Еўропе лічаць, што (даслоўна) "па выніках гэтай вайны павінны адбыцца тэрытарыяльныя змяненні. Польшча мае законныя правы на частку сучаснай Беларусі. А дэмакратычная Беларусь у якасці кампенсацыі павінна атрымаць частку тэрыторыі пераможанай Расіі". Вось і ўся стратэгія. Закрытая нарада кіраўнікоў "ястрабаў". У гэтым іх стратэгія - нанесці глабальнае паражэнне Беларусі і Расіі, і потым разабрацца і з тэрыторыямі, і іншым. Вы разумееце, які замес, якая бойня разгорнецца на гэтых землях".
"Такім чынам фарміруюцца перадумовы для новага перадзелу еўрапейскага кантынента. І нашы збеглыя мараць стаць удзельнікамі гэтага працэсу. Тэрытарыяльны перадзел - гэта было на перагаворах з нашымі збеглымі - "ціхушкамі, лахушкамі". Гэта з імі перагаворы былі (прадстаўнікоў Захаду. - Заўвага)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"У бенефіцыяраў вайны няма інтарэсу спыняць бойню ўнутры чужога для іх народа. Вельмі высокія стаўкі, ды і даходы неймаверныя. Цана аднаго натаўскага 155-міліметровага артылерыйскага снарада, напрыклад, вырасла з пачатку вайны ва Украіне ў 4 разы - з 2 да 8 тысяч еўра. Як кажуць, без каментарыяў… Асаблівасць цяперашняй фазы цывілізацыйнага процістаяння Усход - Захад я хацеў бы ахарактарызаваць так: маскі поўнасцю скінуты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі раней для задавальнення сваіх геапалітычных амбіцый Вашынгтон хаця б прыдумваў важкую прычыну (усе памятаюць прабірку), выкарыстоўваў мяккую і разумную сілу, інспіраваў каляровыя рэвалюцыі, гібрыдныя і проксі-войны па даверанасці, то сёння пераходзіць да адкрытай агрэсіі і фізічнага знішчэння непажаданых без якіх-небудзь інфармацыйных прэлюдый.
"Цяпер нам укідваюць тэзіс аб тым, што шматпалярны свет - гэта свет некантралюемага росту агентаў хаосу, патрэбны адзін глабальны паліцэйскі... (так пішуць на захадзе вядучыя СМІ - рыхтуюць грамадскую думку). Хлусня. Так званы некантралюемы рост справакаваў і ўсё яшчэ спрабуе кантраляваць Вашынгтон. Гэта іх агонія", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што толькі шматпалярны свет можа ўстанавіць раўнавагу і забяспечыць бяспеку на ўсіх кантынентах. "Пераход да яго вельмі стрэсавы і драматычны. А інакш і не можа быць", - сказаў Прэзідэнт.
На нарадзе Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі вайна не патрэбна, але да яе трэба быць гатовымі і ментальна, і стратэгічна.
"Якія ў заходнееўрапейскіх палітыкаў ёсць рэальныя прычыны пашыраць склад розных кааліцый і ваенна-палітычнага альянсу? Для чаго гэтыя абсурдныя неправавыя санкцыі, маштабная мілітарызацыя, дэманстрацыйная гульня мускуламі, у тым ліку ваенная актыўнасць паблізу нашых граніц? Якія ў іх для гэтага падставы? Хто ім пагражае? І калі такое было ў гісторыі, што мы некаму пагражалі? Усе самыя крывавыя паходы ішлі з захаду на ўсход і з ганьбай адкочваліся ў адваротны бок. На жаль, пры гэтым гінулі мільёны людзей. І прычыны што тады, што цяпер надуманыя: то вера ў нас не тая, то палітычная сістэма не адпавядае нейкаму стандарту, то нечыя правы парушаюцца..." - адзначыў беларускі лідар.
"Сапраўдныя прычыны інтарэсу да нашых зямель мы ведаем. Але размова не пра тое. Нам вайна не патрэбна, таму мы павінны быць да яе гатовы і ментальна, і стратэгічна. Што датычыцца ўсведамлення сур'ёзнасці моманту. Адкінем усе ілюзіі аб магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання глабальнага канфлікту. Не ў сілах зняць напружанне і міжнароднае права", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, устаноўкі калектыўнага Захаду вельмі простыя: тых, хто не з імі, будуць браць сілай: "Знайшоўшы прычыну ці не - няважна. Аўтарытэт жа міжнародных арганізацый канчаткова дыскрэдытаваны. Пляцоўкі некаторых з іх адкрыта выкарыстоўваюцца для абслугоўвання інтарэсаў канкрэтных краін. І Беларусь не ў іх ліку".
"Таму за мяжой спрабуюць стварыць новыя, але падкантрольныя ўжо ЗША і Еўрасаюзу рэгіянальныя ініцыятывы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - План да немагчымасці прымітыўны. Ён павінен уключыць у сябе акрамя Польшчы, Румыніі, Венгрыі і Славакіі "нейтральныя" Украіну і Беларусь. Пры ўмове, што Беларусь будзе "адрэзана" ад Расіі. Вядома ж афіцыйны Мінск разглядаецца як сатэліт Польшчы. Вам гэта нічога не нагадвае?"
"Сёння вельмі важна не проста рэальна ацэньваць абстаноўку і разумець, што адбываецца, але і аператыўна дзейнічаць. І трэба дзейнічаць на апярэджанне. Мы ўсе, у першую чаргу людзі ў пагонах, проста абавязаны быць гатовымі да адбіцця любых пагроз. Памылкі пры гэтым недапушчальны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт сказаў: "Вы ж ведаеце, што хаваецца пад фармулёўкай маючых адбыцца вучэнняў узброеных сіл НАТА і ЗША "Абаронца-2024". Ведаеце, што значыць для нас іх правядзенне на тэрыторыі краін Балтыі, Германіі і Польшчы".
"Паводле атрыманых даных, амаль 90 тыс. ваеннаслужачых з 32 краін-членаў і партнёраў альянсу будуць стаяць на парозе нашага дома, адпрацоўваць стратэгію (цытата) "адбівання спробы расійскай агрэсіі супраць адной з краін альянсу", - прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка. - Як яны збіраюцца адбіваць агрэсію, мы ў курсе. Спецслужбы трымаюць сітуацыю на кантролі".
"Усе павінны разумець рэальную абстаноўку і нашу інфармаванасць - і тут, і там. Гэта прынцыповая пазіцыя. Тым больш цяпер, напярэдадні розных палітычных падзей у нас. У бліжэйшы час пройдуць важнейшыя для краіны мерапрыемствы: адзіны дзень галасавання, фарміраванне УНС. Нас зноў паспрабуюць расхістаць. Гэта відавочна. Схема не зменіцца. Але мы павінны быць гатовы да таго, што яны прыдумаюць новыя трыгеры для дэстабілізацыі грамадства", - сказаў беларускі лідар.
"Калі адкінуць усе фэйкі, то сёння нашы збеглыя і іх замежныя куратары ад спецслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнарыі сваіх дзеянняў на гэты перыяд", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта не выдумка Лукашэнкі або нашых спецслужбаў. І дзякуй нашай разведцы і хлопцам. Я Івану Станіслававічу (Старшыня КДБ Іван Тэртэль. - Заўвага) заўсёды гавару: такіх спецыялістаў трэба цаніць. Даражэйшыя за золата яны для нас. Яны павінны ўсюды і заўсёды быць падтрыманы. У тым ліку і тыя, хто валяўся два тыдні на граніцы, затрымліваючы гэтых дыверсантаў з Украіны", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы пра гэта з вамі і Іванам Кубраковым (Міністр унутраных спраў. - Заўвага) не раз гаварылі. Трэба гэтых хлопцаў не забываць. Усіх, хто працуе", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія ваенныя, супрацоўнікі сілавых структур спакойна працуюць у штабах, няхай і выконваючы сваю патрэбную работу. "Але гэтыя сёння ваююць. І іх трэба падтрымліваць. У тым ліку і разведчыкаў", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што справа не ў электаральнай кампаніі, аб якой ён згадаў, а ў захаванні мірнага і спакойнага жыцця для грамадзян краіны: "Не ў гэтым справа, мужыкі, што заўтра выбары. Ды правядзём мы з вамі выбары. Я ўжо адкрыта сказаў: ніхто нікому ўладу вось так вось на талерачцы не прынясе і не аддасць. Таму што для Беларусі ўлада - больш, чым улада".
"Першы - самы жаданы для іх. Гэта арганізацыя дзяржаўнага перавароту або насільны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі. Але пры гэтым самі ацэньваюць яго як малаверагодны. Рэальных перадумоў для расхіствання сітуацыі па аналогіі з 2020 годам яны пакуль не бачаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Другі - асноўны. Выкарыстанне бягучай выбарчай кампаніі ў якасці рэпетыцыі і пачатковага этапу для падрыхтоўкі да дзяржперавароту ў ходзе маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта на гэты сюжэт будуць кінуты ўсе асноўныя сілы і рэсурсы, актываваны працэс пошуку новых пунктаў кіпення ў грамадстве, здольных справакаваць новую хвалю пратэсту".
"Як я гаварыў раней, за намі вельмі ўважліва сочаць і чакаюць, калі ўлада зробіць памылку, каб яе максімальна выкарыстаць у сваіх мэтах. Гэтага дапусціць нельга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вось у гэтым прычына і сутнасць заўсёды маіх строгіх патрабаванняў. Каб вы не расслабіліся. Асабліва мы, людзі ў пагонах. Калі мы расслабімся і празяваем - хана будзе нам і нашай краіне".
"Трэці сцэнарый рэзервовы - гульня ўдоўгую з шырокім задзейнічаннем інструментаў мяккай сілы на выпадак правалу першых двух варыянтаў развіцця падзей. Па сутнасці, гэта гульня не спынялася, колькі існуе суверэнная Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што менавіта гэты сцэнарый можа быць рэальна задзейнічаны, паколькі першых двух сцэнарыяў у Беларусі проста не дапусцяць: "Гэты трэці сцэнарый рэальны, і ён будзе. Ні першы, ні другі сцэнарый яны не рэалізуюць. Ні цяпер, ні ў 2025 годзе. Мы збяромся і дадзім па зубах. А трэці - цішком, пераварочваючы краіну, спрабаваць улезці ў розумы і душы, мазгі нашых людзей, яны будуць старацца".
"Так, сёння асобныя інструменты гэтай мяккай сілы нейтралізаваны. Мы кардынальна перагледзелі падыходы да дзейнасці антыбеларускіх фондаў і нібыта праваахоўных арганізацый унутры Беларусі. Правялі перарэгістрацыю партый. Людзі ўбачылі антынацыянальную сутнасць так званых лідараў апазіцыі, якія жабруюць і рабалепствуюць у заходніх сталіцах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У Беларусі яны па-за законам. Але ўплываць на эмацыянальна залежных людзей праз сацсеткі і мэсэнджары, распрацоўваць новыя каналы сувязі і кіравання масамі спрабуюць і будуць спрабаваць. Да таго ж яны ўлічылі свае памылкі. І мы не павінны жыць у ілюзіі абсалютнай перамогі".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для збеглых поспех антыбеларускай кампаніі - гэта пытанне выжывання: "Радзіма прададзена, грошы канчаюцца, а жыццё ў еўропах дарагое. Таму пойдуць на ўсё".
Што датычыцца глабальных ігракоў на палітычнай арэне, там стаўкі яшчэ вышэйшыя. "Справа нават не ў страчаных мільёнах, расходаваных на няўдалыя мяцяжы. Яшчэ надрукуюць. Размова ідзе аб рэпутацыйных стратах на ўзроўні міжнароднай палітыкі. Гегемону надакучыла ламаць зубы аб Беларусь, якую нават не кожны амерыканец знойдзе на карце свету", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе папярэдзіў аб правакацыі, якая рыхтуецца ў Польшчы з удзелам польскай і амерыканскай разведак.
"Усе здабытыя разведкай сцэнарыі розных правакацый, правядзення экстрэмісцкіх акцый з задзейнічаннем баевікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, Польшчы і Літвы, мы ведаем і неадкладна расказваем, наколькі гэта магчыма. Цяпер падтрымаем гэту традыцыю. Яшчэ адна аператыўная інфармацыя. Даслоўна цытую (гэта ужо для палякаў важна): "польская і амерыканская разведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрэбна падстава і "заварушка". "Некалі фашысты - Гітлер падрыхтаваў такую аперацыю на граніцы з Польшчай, каб справакаваць пачатак ваенных дзеянняў. Цяпер гэтыя нягоднікі. Зразумела, амерыканцы - ім усё роўна - апошні ўкраінец або апошні паляк памрэ… Але як могуць палякі з амерыканцамі дамаўляцца аб такім сцэнарыі?! Гэта пытанне, - адзначыў Прэзідэнт. - Ведаеце, пасля гэтага цяпер пачнецца лямант: "Ах, вось тут ён нагнятае сітуацыю, палохаючы палякаў!". Я сказаў, а вы рабіце высновы - я гавару палякам і іншым. Пажывём - убачым. Але мы папярэдзілі па-братэрску польскі народ, каб былі акуратныя і асцярожныя".
"Адначасова Варшава спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць нашых "ціхушак" і "лахушак". Разумеюць - яны не здольны перавярнуць Беларусь, рэалізаваць сцэнарый ужо ні каляровай нейкай рэвалюцыі і нейкага марш-кідка сюды, у Беларусь. Яны не змогуць рэалізаваць узброенае ўварванне. Мы сочым за гэтым працэсам, бачым іх падыходы да кіраўнікоў у Беларусі як у ваеннай сферы, так і цывільнай, - сказаў Прэзідэнт. - Яны будуць шукаць і ствараць новых лаяльных Захаду і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады - ад банальнага подкупу і шантажу да пагроз жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто хочаце".
У час нарады Кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на першачарговых задачах для дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
Першая задача. Павышэнне абараназдольнасці краіны
"Узяць на асаблівы кантроль рэалізацыю сістэмных мер па павышэнні абараназдольнасці краіны, падтрыманні баявога патэнцыялу ўсіх суб'ектаў ваеннай арганізацыі дзяржавы", - так Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў першую задачу.
Прэзідэнт адзначыў, што воінскія часці і падраздзяленні Дзяржпагранкамітэта і Узброеных Сіл упэўнена прыкрываюць паўднёвыя і заходнія рубяжы краіны. "Вядома, у гэтай місіі вялікае значэнне мае маральная гатоўнасць ваеннаслужачых сілавога блока абараняць Радзіму. Ведаю, што ў гэтым пытанні ў нас усё ў парадку, нават больш чым (у радах Узброеных Сіл, не скажу аб грамадстве ў цэлым). Ёсць гарачыя галовы, якія рвуцца хоць заўтра ў бой", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"А калі глядзець на сітуацыю ў Беларусі праз прызму гібрыднай вайны, - мы ўжо даўно ваюем, як я не раз гаварыў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - І робім усё, каб атрымаць перамогу без бітвы. Таму нарошчваем баявую моц нашай арміі".
У мэтах умацавання абараназдольнасці скарэкціравана падрыхтоўка асабовага складу сілавых ведамстваў з улікам спецыфікі вядзення сучасных войнаў, канстатаваў Прэзідэнт. "Далі свае вынікі праведзеныя сумесныя заняткі з падраздзяленнямі Узброеных Сіл Расіі (і мы зразумелі, што мы не горшыя за іх), ПВК "Вагнер", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Вывучаны пры гэтым рэальны вопыт вядзення бою неабходна аператыўна ўкараняць у штодзённую практыку падрыхтоўкі ўсіх ваеннаслужачых, але асабліва - у спецпадраздзяленнях, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь узмацняе свой ваенна-тэхнічны патэнцыял. Прадаўжаецца пастаўка новых узораў тэхнікі. У строй пастаўлены найноўшыя ўзоры беларускага РСЗА "Паланэз-М" далёкасцю да 300 км. На ўзбраенне паступілі 2 зенітныя ракетныя дывізіёны С-400 і 2 дывізіёны ракетных комплексаў "Іскандэр-М". На тэрыторыі краіны размешчана тактычная ядзерная зброя. "Сёння гэта важнейшы элемент стрымлівання любога праціўніка", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Мы валодаем усім неабходным, каб гарантавана абараніць сябе і, як гавораць ваенныя, нанесці праціўніку непапраўны ўрон. У гэтым сутнасць нашай стратэгіі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў, праведзеныя па даручэнні Прэзідэнта, пацвердзілі здольнасць злучэнняў і часцей выканаць задачы па прызначэнні. "І ў далейшым гэтаму пытанню мы будзем удзяляць першарадную ўвагу", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт: "Мы ўпершыню ў гісторыі краіны адмабілізавалі цэлую механізаваную брыгаду (11-ю асобную механізаваную брыгаду Заходняга аператыўнага камандавання. - Заўвага). Таксама правялі шэраг праверак падраздзяленняў сіл неадкладнага рэагавання. Пры гэтым змадэліравалі рэальныя ўмовы эскалацыі канфлікту".
"Як мне дакладваюць, з задачай у цэлым справіліся, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Разам з тым выяўлены недапрацоўкі ў якасці падрыхтоўкі войскаў і ў першую чаргу - у прафесійнай падрыхтоўцы афіцэраў". Ёсць праблемы, у прыватнасці, з падтрыманнем у спраўным стане тэхнікі і ўзбраення, утрыманнем запасаў ракет, боепрыпасаў і іншых матэрыяльных сродкаў. Адзначаны недахопы ў планаванні і прымяненні сіл неадкладнага рэагавання, нясенні баявога дзяжурства па проціпаветранай абароне.
"Мяне інфармуюць, што цяпер праводзіцца адпаведная работа па ўстараненні гэтых недахопаў", - сказаў Прэзідэнт. Ад Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча Прэзідэнт чакае больш падрабязнай інфармацыі аб актуальных праблемных аспектах сілавога блока.
"Калі ёсць такія недахопы, даводзіцца паўтараць банальныя ісціны. Для людзей у пагонах у прынцыпе недапушчальныя фармалізм і разгільдзяйства, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Павінны быць жалезная дысцыпліна і найвышэйшая прафесійная вывучка". А з гэтым таксама ёсць пытанні, заўважыў ён.
"Без усвядомленага стаўлення да службы, без разумення сур'ёзнасці моманту ўсе нашы дзеянні асуджаны на правал. І ніякія сучасныя ўзбраенні і тэхналогіі не дапамогуць. Работа з людзьмі павінна быць на першым месцы", - заявіў Прэзідэнт. Маральны стан і настрой кожнага афіцэра, ад якіх у значнай ступені залежыць і настрой радавых байцоў, ён назваў важнейшым элементам работы з асабовым складам.
"Задача Міністэрству абароны на наступны год: якаснае пераўтварэнне арміі і ўдасканаленне сістэмы абароны краіны. Мы павінны ўдзяліць прыярытэтную ўвагу баявой падрыхтоўцы воінскіх часцей і падраздзяленняў. Тым больш што ва Узброеных Сілах 2024 год з'яўляецца Годам палявой вывучкі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што кожны, хто цяпер стаіць на варце дзяржавы або будзе прызваны, павінен дакладна разумець, як яму дзейнічаць, якія задачы выконвае. Гэта, паводле яго слоў, датычыцца ўсіх, у тым ліку тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння.
Падыходзячы да пытання стварэння гэтых фарміраванняў - тэрабароны і народнага апалчэння, у Беларусі правялі сур'ёзную работу па ўдасканаленні заканадаўства. "Усе пытанні заканадаўча вырашаны", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Але ўсе разумеюць, што для дасягнення пастаўленай мэты толькі законаў недастаткова, - прадоўжыў ён. - Сістэма падрыхтоўкі і арганізацыі народнага апалчэння на практыцы павінна працаваць як гадзіннік. Неабходна ўлічыць ужо вядомы вопыт. Украінскі сцэнарый, калі на руках у насельніцтва бескантрольна гуляе зброя, - гэты сцэнарый не для нас, ён недапушчальны. На сітуацыю ва Украіне мы ў прынцыпе павінны глядзець як на ўрок, пастаянна ўдасканальваючы падрыхтоўку артылерыстаў, метады вядзення контрбатарэйнай барацьбы, мадэрнізуючы сродкі радыёэлектроннай разведкі".
Прэзідэнт назваў процідзеянне беспілотнікам найважнейшым пытаннем і падкрэсліў неабходнасць у далейшым удасканальвацца ў гэтым напрамку.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цяпер, напрыклад, ужо выкарыстоўваецца тэрмін "рой беспілотнікаў". На прыкладзе Украіны відаць, што часам дроны запускаюць на аб'екты дзесяткамі і сотнямі, дааснашчваючы іх небяспечнымі мінамі і снарадамі. "Збіць іх фізічна - практычна немагчыма. Таму - РЭБ і яшчэ раз РЭБ (радыёэлектронная барацьба. - Заўвага)", - арыентаваў Прэзідэнт.
"І давайце шчыра: у дачыненні да беспілотнай авіяцыі, дронаў-камікадзэ, маштабнага аснашчэння імі арміі, падрыхтоўкі аператараў дронаў мы ўжо адстаём. А зрабіць трэба было яшчэ ўчора. Таму неабходна наганяць упушчанае. І не толькі Мінабароны, але і МУС, Дзяржпагранкамітэту. Савету Бяспекі трэба ўзяць гэта пытанне на кантроль і прадоўжыць праверкі якасці падрыхтоўкі асабовага складу сілавых ведамстваў у гэтым годзе", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Другая задача. Непрыступнасць рубяжоў
Другой важнейшай задачай Аляксандр Лукашэнка назваў ажыццяўленне бяспекі і непрыступнасці нашых рубяжоў.
Для аховы граніцы прыцягнуты не толькі пагранічнікі, але і іншыя сілавыя органы. "Гэта сіметрычны адказ на нарошчванне пагранічнай інфраструктуры з боку сумежных краін, тэхнічныя магчымасці якой выходзяць далёка за рамкі заяўленых мэт. Аб глабальных прычынах і пагрозах ужо сказана. Усе звязаныя з задумай суседзяў правакацыі, уключаючы незаконнае выцясненне ў Беларусь бежанцаў з тэрыторый Польшчы, Літвы і Латвіі (выкідванне іх праз граніцу, часам - трупы), закрыццё шэрага пунктаў пропуску, штучныя абмежаванні транзіту грузаў, мы ацэньваем адназначна. І рэагуем", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Пры гэтым ён заўважыў, што пытанне, да чаго рыхтуюцца па той бок граніцы, цяпер не галоўнае. "Значна важней разумець, ці гатовы мы быць на крок наперадзе ў любым задуманым для нас сцэнарыі. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, абароны нашых нацыянальных інтарэсаў. А ўсё пачынаецца з граніцы. Праспаць любы сігнал, правакацыю для нас да смерці падобна. Мы зацвердзілі рашэнні па ахове Дзяржаўнай граніцы. Патрабую іх няўхільнага выканання", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
З улікам беспрэцэдэнтна блізкага да нас размяшчэння ваеннага кантынгенту НАТА і правядзення маштабных вучэнняў Альянсу ўзаемадзеянне органаў пагранічнай службы з Узброенымі Сіламі павінна быць арганізавана на найвышэйшым узроўні, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Пры неабходнасці ён даручыў падключаць іншыя ведамствы.
Трэцяя задача. Рэагаванне на акты тэрарызму
Трэцяя задача, пастаўленая Кіраўніком дзяржавы, - павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму з боку тэрарыстычных арганізацый і незаконных узброеных фарміраванняў.
"Праведзеныя па маім даручэнні праверкі паказалі, што КДБ як каардынатар у гэтай сферы ў цэлым гатовы арганізаваць работу сілавога блока ў выпадку закідвання ў нашу краіну баевікоў і ўчынення тэрактаў. Але на тактычным узроўні зладжанасць дзеянняў прыдадзеных падраздзяленняў усё яшчэ далёкая ад дасканаласці", - заўважыў Прэзідэнт.
У той жа час матывацыя і гатоўнасць асабовага складу спецпадраздзяленняў сілавых ведамстваў да выканання задач па спыненні актаў тэрарызму высокая. Але прафесійна павінны быць падрыхтаваны ўсе, не толькі спецпадраздзяленні, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён арыентаваў на дапрацоўку алгарытмаў дзеянняў суб'ектаў сістэмы рэагавання на акты тэрарызму і экстрэмізму, прадаўжэнне далейшага баявога зладжвання і якасную баявую падрыхтоўку ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтым.
"Нашы збеглыя і іх куратары ад спецслужбаў вядуць мэтанакіраваны пошук і вярбоўку асоб, якія могуць учыніць тэракты і дыверсіі. Фактаў хапае. Гэта добра, што тэрарысты ўстаноўлены і затрыманы. Але паўстае пытанне: калі ў нас граніца на замку, як гэтыя баевікі змаглі даставіць сродкі паражэння і арганізаваць тайнікі? - спытаў Прэзідэнт. - Пытанне патрабуе дэталёвага аналізу для недапушчэння такіх выпадкаў у далейшым".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што даручаў праверыць сістэмы аховы аб'ектаў сілавых ведамстваў - Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, КДБ, МУС, грамадзянскай крытычнай інфраструктуры. "Створаная антыдыверсійная сістэма дае магчымасць забяспечыць абарону аб'ектаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Актуальным, паводле яго слоў, застаецца пытанне процідзеяння палётам беспілотнікаў над ахоўнымі зонамі. "Асабісты склад павінен быць абучаны адбіццю такіх атак з выкарыстаннем стралковай зброі, сродкаў падаўлення, пошуку і затрымання аператараў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Камітэту дзяржбяспекі ён паставіў задачу прадоўжыць удасканаленне сістэмы рэагавання на акты тэрарызму: "Усё павінна працаваць дакладна, усе дзеянні - давесці да аўтаматызму".
Чацвёртая задача. Кібербяспека
Забеспячэнне найвышэйшага ўзроўню кібербяспекі краіны - гэта чацвёртая задача, якую абазначыў Кіраўнік дзяржавы. "Кібератакі - гэта біч сучаснага лічбавага грамадства", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што ў Беларусі зроблена нямала для абароны даных крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры. Так, падпісаны адпаведны Указ ("Аб кібербяспецы"), у якім замацаваны асноўныя напрамкі стварэння нацыянальнай сістэмы забеспячэння кібербяспекі.
Адпаведным цэнтрам у структуры ААЦ у гэтым годзе ўпершыню праведзена трэніроўка з сіламі забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі. "Чакаю даклад аб выніках, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ўжо цяпер можна гаварыць, што праблемныя пытанні ёсць". У прыватнасці, нягледзячы на меры, якія прымаюцца, прадаўжаюцца ўзломы дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў.
"Так, метады пастаянна ўдасканальваюцца, абсалютную абарону ад кібератак не гарантуе ні адна сістэма аховы. Але мы павінны мінімізаваць рызыкі", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы, выказаўшы ўпэўненасць, што ўсе безумоўна разумеюць: дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы і сістэмы павінны працаваць устойліва, без збояў.
У прадаўжэнне размовы аб кібербяспецы Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на інфармацыйны ўкід аб нібыта існаваўшым запасе вакцын ад каранавіруса для Кіраўніка дзяржавы ў час пандэміі.
"Я сёння прачытаў абсурдную рэч: аказваецца, у час пандэміі для Прэзідэнта Беларусі быў сфарміраваны нейкі там запас вакцын, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але я наогул не вакцынаваўся. Я не вакцынаваўся, і маю пазіцыю вы ведаеце ў сувязі з гэтай пандэміяй". Тым не менш такі інфармацыйны ўкід быў ажыццёўлены, прычым са спасылкай на нейкія размовы ўрачоў, якія абмяркоўвалі, дзе схаваць вакцыну. "І на што спасылаюцца? Што кіберпартызаны або нехта там узламалі нейкі акаўнт, сайт або сервер", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Абсурднасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што пытанні, якія датычацца вакцын або якіх-небудзь лякарстваў для Кіраўніка дзяржавы, не ўваходзяць у кампетэнцыю звычайных медыкаў. "Якія ўрачы будуць абмяркоўваць лякарствы, вакцыны для Прэзідэнта? Начальнік Службы Бяспекі - адзіны чалавек, які можа ведаць гэту інфармацыю. Але ён упершыню чуе тое, аб чым я сказаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: я чалавек, які не вакцынаваўся, - дадаў ён. - Гэта не значыць, што так трэба рабіць, але так у мяне склалася".
Прэзідэнт падкрэсліў, што розныя інфармацыйныя ўкіды і кібератакі будуць прадаўжацца і іх нельга пакідаць без увагі: "Пастаянна будуць падточваць нашых людзей, улазіць у іх мазгі. Трэба ўмець на гэта рэагаваць. Мы гэта ўмеем рабіць. Нешта робім. Але пакуль слаба, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба правільна своечасова на гэта рэагаваць. Разумна рэагаваць".
Пятая задача. Бяспека людзей
Пятую задачу Прэзідэнт паставіў перад усімі праваахоўнымі органамі, у першую чаргу МУС і МНС: "Людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на рабоце, на вуліцы ў любы час сутак".
Так, узровень злачыннасці ў Беларусі зніжаецца. Паказчыкі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, увогуле нядрэнныя. Зменшылася колькасць асабліва цяжкіх і менш цяжкіх проціпраўных дзеянняў.
Разам з тым адзначаюцца і негатыўныя тэндэнцыі, заўважыў Прэзідэнт. Расце колькасць махлярстваў, вымаганняў і кіберзлачынстваў. Тут важна, каб за сухой справаздачнасцю не заставалася нявырашаных пытанняў, паламаных лёсаў людзей. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўжо даў адпаведнае даручэнне па ўдасканаленні норм крымінальнага заканадаўства. "Трэба аператыўна правесці гэту работу", - даручыў ён.
"Як мне дакладваюць, прыняты дадатковыя меры па аператыўным раскрыцці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Сёння гэта важнейшы аспект падтрымання правапарадку, спынення дзеянняў адмарозкаў, а таксама прафілактыка аблудных, якія яшчэ не да канца разумеюць, на што іх нацэльваюць замежныя куратары", - сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ўзровень злачыннасці з'яўляецца своеасаблівым зрэзам праблем грамадства (як яўных, так і латэнтных), індыкатарам рэальных выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы. "Проста выяўляць і спыняць іх недастаткова. Павінна быць зваротная сувязь паміж усімі суб'ектамі барацьбы з проціпраўнымі дзеяннямі і грамадствам, - падкрэсліў ён. - І абсалютна недапушчальна, каб самі супрацоўнікі праваахоўных органаў парушалі закон".
Генеральнага пракурора Прэзідэнт папрасіў больш падрабязна далажыць аб стане законнасці і правапарадку, перш за ўсё ў дзейнасці суб'ектаў сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі.
Што датычыцца абароненасці насельніцтва ад стыхійных бедстваў, то кіраўнік дзяржавы адзначыў зніжэнне колькасці пажараў і колькасці загінулых на іх. "Але мы павінны імкнуцца да нулявых паказчыкаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гінуць і дзеці, што патрабуе прынцыповых мер па прадухіленні такіх трагедый". Паводле слоў Прэзідэнта, трэба ўзмацніць запатрабаванне за тое, што здарылася, з адказных асоб.
Згадаў Кіраўнік дзяржавы таксама аб не да канца вырашаным пытанні па абсталяванні інтэрнатаў і аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння аб пажары. "Што, гэта праблема? Ці нехта не хоча гэтым займацца? - спытаў ён. - Толькі давайце без перабору, каб заўтра эканоміка не спынілася, а то ў нас "умеюць" гэта рабіць у МНС".
"Як Прэзідэнт, я гляджу на работу сілавога блока комплексна і даволі крытычна і нават прыдзірліва. Час такі. Кожная памылка можа вельмі дорага нам каштаваць. Цана - мір і бяспека людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У гэтай сітуацыі, як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, яму важна ведаць меркаванне спецыялістаў, іх ацэнкі якасці пастаўленай работы, а таксама пачуць прапановы па яе ўдасканаленні.