Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 18
- 19:39
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. На разгляд Кіраўніка дзяржавы было вынесена некалькі навацый, якія закранаюць розныя сферы эканомікі.
Прэзідэнцкія нарады такога фармату сталі ўжо традыцыйнымі: перад прыняццем важнейшых рашэнняў Кіраўнік дзяржавы абмяркоўвае з Урадам і ініцыятарамі новаўвядзенняў неабходнасць і мэтазгоднасць вынесеных на яго разгляд прапаноў.
Нараду пачалі з абмеркавання праекта Указа, якім прапануецца ўвесці шэраг навацый у сферы ацэначнай дзейнасці, а таксама ў выпадках продажу маёмасці ўласнікамі з недружалюбных краін.
Цяпер у Беларусі працуюць сотні арганізацый, якія маюць права праводзіць ацэнку розных матэрыяльных каштоўнасцей. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут, як і ў іншых сферах эканомікі, павінны працаваць выключна высокапрафесійныя эксперты.
"Што называецца, з добрай рэпутацыяй, якім дзяржава і людзі могуць давяраць правядзенне ацэнкі. Толькі аб'ектыўна праведзеная ацэнка дае магчымасць прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні. Тым больш калі гэта датычыцца рыначнага кошту дзяржаўнай (лічы, народнай) маёмасці або будучых даходаў бюджэту", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Галоўнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы да ўводзімых навацый - празрыстасць і кантралюемасць.
"Далей. Урад прапануе праяўляць больш гібкасці (не ведаю, колькі тут яшчэ можна нагінацца) у пытаннях продажу маёмасці іншаземцамі з недружалюбных краін і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма. Немагчыма ніколі. Але Урад знаходзіць, што немагчыма, але калісьці, у нейкіх момантах магчыма. Паслухаем, у якіх. Зразумела, каб абараніць нашу эканоміку ад бязладдзя Захаду ва ўмовах усё большага санкцыйнага націску, мы прынялі шэраг сістэмных дакументаў, і сёння ніводны акцыянер або ўласнік, які мае грамадзянства недружалюбнай краіны, не мае права без спецыяльнага дазволу Урада і ўзносу ў бюджэт распрадаваць маёмасць, агаляючы асноўныя фонды эканомікі", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы дамовіліся: ніякай маёмасці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцый або якіх-небудзь іншых прычын іншаземцы, якія маюць тут уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, сыходзяць з нашага рынку. Як я гаварыў, да пабачэння - мы разбяромся самі. І, як паказвае той жа "Макдональдс", мы цудоўна ў гэтым разабраліся: людзі з задавальненнем ходзяць туды", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму прадметна хачу абмеркаваць мэтазгоднасць прыняцця падрыхтаваных Урадам прапаноў аб дазволах на продаж маёмасці іншаземцамі", - сказаў Прэзідэнт.
Як растлумачыў Міністр эканомікі Юрый Чабатар, калі цяпер кампанія з замежным капіталам (з недружалюбнай дзяржавы) захоча сысці з рынку, прадаўшы свой актыў Беларусі, то ёй неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры не менш як 25% і потым атрымаць дазвол Урада. Ад гэтага падыходу адмаўляцца не збіраюцца, але неабходна ўнесці пэўныя карэкціроўкі, паколькі гэта правіла часам негатыўна ўплывае на бягучую дзейнасць арганізацый у банкаўскай, лізінгавай і будаўнічай сферах.
Напрыклад, банк выдае грамадзяніну крэдыт пад залог нерухомай маёмасці. І калі гэта маёмасць у выніку пераходзіць да банка, ён яе павінен прадаць, каб кампенсаваць свае страты ад нявыплачанага крэдыту. Але, прадаўшы маёмасць, банк павінен заплаціць яшчэ 25% пошліны. У выніку ўсё гэта так ці інакш кладзецца ў будучым на плечы яго кліентаў - звычайных людзей.
Такая ж сітуацыя і з замежнымі забудоўшчыкамі: паводле дзеючых правіл, яны могуць прадаваць людзям пабудаванае жыллё толькі разам з выплатай пошліны. Але напэўна забудоўшчык проста кампенсуе свае дадатковыя выдаткі павялічаным коштам квадратнага метра, і ў выніку ўсё зноў ляжа на плечы пакупнікоў.
"Калі гэты замежны банк (а ён фактычна замежны) плануе працаваць у Беларусі, іх трэба паставіць у роўныя ўмовы з нашымі банкамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А заўтра гэты банк згорне дзейнасць..."
"Тады ўключаецца правіла Указа, і ён можа сысці толькі пры дазволе Урада, пры тым, што ён заплаціць не менш як 25%", - уключыўся ў размову Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў.
Другім пытаннем парадку дня нарады стала процідзеянне вываду капіталу. І гэта тэма, па сутнасці, вынікае з папярэдняй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, абкладзеная бар'ерамі і забаронамі, жыве і працуе ў складаных эканамічных умовах: "Санкцыі - традыцыйная і шматразова адпрацаваная практыка націску так званых сусветных лідараў на непажаданыя ім краіны. На жаль, гэта, калі можна так сказаць, модны эканамічны трэнд. Такім чынам і Штаты, і Еўрапейскі саюз даўно распраўляюцца з канкурэнтамі".
У той жа час, заўважыў Кіраўнік дзяржавы, у Беларусі інвестарам прапануюцца адны з найлепшых умоў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктура і, зразумела, кампетэнцыі. "Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народа. А калі нехта паспрабуе, ёсць механізмы процідзеяння і пераконвання", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Тым не менш прадстаўнікі дзяржаўнага кантролю дакладваюць аб фактах адтоку сродкаў у недружалюбныя краіны і нават аб мэтанакіраваным вывадзе прыбытку за межы Беларусі. "Ёсць кампаніі - нашы, не нашы. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія і вывелі за межы Беларусі, размясцілі на рахунках. Грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяцца за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму сёння я хачу пачуць вычарпальную інфармацыю аб тым, чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты. Паколькі на практыцы загараджальныя меры павінны ўключацца імгненна і без усялякага прамаруджвання. Як арганізавана гэта работа ў губернатараў? Вы ж перш за ўсё зацікаўлены ў інвестыцыях і бездэфіцытным бюджэце", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адной тэмай нарады стала карэкціроўка мытнага заканадаўства. Паводле інфармацыі Урада, змяненні неабходны для гарманізацыі заканадаўства Беларусі і Расіі. "Гэта значыць, у рамках выканання саюзнай праграмы. Але ў працэсе ўніфікацыі нельга ўшчамляць інтарэсы дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што, калі прымалася рашэнне аб уніфікацыі заканадаўства дзвюх краін, у тым ліку ў мытнай сферы, гучалі прапановы "ледзь ці не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт". "Мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся і дамовіліся, на Вышэйшым дзяржсавеце (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага) у тым ліку, што мы створым адзіную групу, якая будзе ўносіць рэкамендацыі, бачыць, як ажыццяўляецца мытны кантроль і гэтак далей, не пазбаўляючы дзяржавы гэтых паўнамоцтваў і функцый. Гэта сведчыць аб тым, што мы, Расія і Беларусь, суверэнныя, незалежныя дзяржавы. І з гэтага трэба зыходзіць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што адносіны дзвюх краін, якімі добрымі яны ні былі б, павінны ўдасканальвацца. Але пры любых змяненнях, новаўвядзеннях трэба памятаць у першую чаргу аб суверэнітэце і незалежнасці. "Сістэма агульная, падобная, але павінны быць дзве суверэнныя, незалежныя дзяржавы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
А што датычыцца асобных выказванняў, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, аб тым, што Беларусь нібыта страчвае сваю самастойнасць, Прэзідэнт заявіў аб іх абсалютнай беспадстаўнасці. "Усялякія там вяканні і пісанні (я толькі што агляд прачытаў, што "ўсё, Беларусь страчвае суверэнітэт")… Мы нічога не страчваем. Вы бачыце, што на гэтай суверэннай тэрыторыі, якая належыць нашаму народу, прымаем рашэнні толькі мы і дзейнічаем толькі выключна ва ўмовах, якія выгадны для нас", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Усе новаўвядзенні павінны стымуляваць рост беларускай эканомікі, выводзіць яе на якасна новы ўзровень. Гэта важнейшая задача для ўсіх дзяржаўных інстытутаў, і мытня не з'яўляецца выключэннем", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка спытаў ва Урада, ці сапраўды прапанаваныя змяненні адпавядаюць патрабаванням часу, як улічваюцца запыты беларускай эканомікі і як новаўвядзенні паўплываюць на работу Мытнага камітэта Беларусі? "Ці ўсе ініцыятывы ўлічаны і ці не ўпусцілі мы чаго-небудзь важнага?" - удакладніў ён.
Прэзідэнту ў час нарады таксама прапанавалі аказаць дзяржпадтрымку дзвюм бударганізацыям і падрыхтавалі праект адпаведнага дакумента. "Я гэты дакумент з калена не падпісаў. У мяне ўзнікла адно пытанне, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - А што, яны апынуліся ў нейкіх надзвычайных умовах? Іншыя трэсты і будаўнічыя кампаніі працуюць добра і ў іх няма гэтых праблем? Ці гэта толькі пачатак?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра вядомы выраз, што выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў. "Як толькі яны пачнуць сябе ратаваць і ў гэтых адносінах рушаць наперад, тады мы будзем іх падтрымліваць і аказваць дапамогу і падтрымку", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў будаўнічых арганізацый дастаткова магчымасцей, каб працаваць і зарабляць, ёсць значная колькасць аб'ектаў не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынках. "Не хочаш у Беларусі, у суседняй Расіі выгадныя кантракты, вялізныя грошы. Ідзі працуй, зарабляй. Чаго вы прыйшлі ў бюджэт прасіць грошы?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пытанне сур'ёзнае, - прадоўжыў ён. - У заяўленых вамі арганізацыях працаўладкаваны каля 3,5 тыс. чалавек. Важна ведаць: толькі гэтыя дзве кампаніі апынуліся ў цяжкім становішчы або ёсць і іншыя? Чаму мы вылучаем гэтыя кампаніі?"
Аляксандр Лукашэнка таксама спытаў у адказных асоб ва Урадзе, якія меры прымаліся для аднаўлення плацежаздольнасці і стабілізацыі фінансавага стану арганізацый, што маюць патрэбу ў дзяржпадтрымцы.
Адной з важных тэм мерапрыемства стала стварэнне расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праект адпаведнага Указа паступаў ужо на яго разгляд і Ураду было даручана больш дэталёва прапрацаваць пытанне фінансавання. "Лішніх трат быць не павінна. Ад стварэння гэтага касмічнага апарата павінна быць максімальная эканамічная аддача", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што сам працэс стварэння апарата не ўяўляе асаблівых складанасцей, гэта можна выканаць, вобразна кажучы, узяўшы расійскую платформу і ўстанавіўшы на яе беларускае абсталяванне. "Гэта не пытанне. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэта нам патрэбна, якая ад гэтага будзе эканамічная аддача і хто будзе плаціць", - растлумачыў беларускі лідар.
"Разглядаць праект трэба не толькі з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, але і як перспектыўны напрамак двухбаковага навуковага супрацоўніцтва, якое дазволіць развіваць кампетэнцыі і беларускага, і расійскага боку. А ў будучым прынясе яшчэ большую аддачу нам і нашым партнёрам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ідуць справы з выкарыстаннем нашага першага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, рэсурс якога быў прадоўжаны, і спадарожніка сувязі. Прэзідэнт спытаў аб эканамічнай эфектыўнасці абодвух апаратаў, наколькі сябе акупілі гэтыя праекты.
Удзельнікі нарады прадметна і дэталёва абмеркавалі ўсе абазначаныя пытанні.
Што датычыцца ўнясення змяненняў ва Указ, які рэгулюе ацэначную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, некалькі норм у дакуменце закладзена па ініцыятыве мытных органаў. У выніку абмеркавання Кіраўнік дзяржавы даручыў у самыя кароткія тэрміны распрацаваць крытэрыі і вызначыць арганізацыі, якія найбольш кампетэнтныя і будуць аказваць паслугі па ацэнцы ў рамках мытнай справы.
Неабходна будзе таксама ў цэлым паглядзець на арганізацыю работы ў гэтай сферы.
Тэрмін рэвізіі - да 1 красавіка, за гэты час трэба будзе вывучыць дзейнасць ацэначных арганізацый і навесці належны парадак, вызначыўшы дакладныя і зразумелыя правілы гульні.
Разгледжаны ў Кіраўніка дзяржавы законапраект па змяненнях у закон аб мытным рэгуляванні датычыцца як непасрэдна нацыянальнага мытнага адміністравання, так і змяшчае палажэнні, накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства з Расіяй.
Прапануецца значнае аблягчэнне для бізнесу, скарачэнне адміністрацыйных норм, спрашчэнне працэдур. Напрыклад, шэраг дакументаў суб'екты гаспадарання ў мытню наогул не будуць прадастаўляць, па асобных напрамках скарачаюцца тэрміны адміністрацыйных мытных працэдур, уводзяцца новыя працэдуры, якія будуць аблягчаць суб'ектам гаспадарання мытнае афармленне.
Значная частка змяненняў датычыцца і фізічных асоб. Гаворка ідзе ў тым ліку аб спрашчэнні працэдуры падачы мытнай дэкларацыі пры перасячэнні граніцы.
Па выніках абмеркавання пытання аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі дзвюм будаўнічым арганізацыям Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць праект адпаведнага Указа, узмацніўшы ўмовы прадастаўлення такой падтрымкі. Пры гэтым у цэлым будаўнічая галіна ў краіне працуе стабільна, а складанасці ў названых арганізацыях носяць лакальны характар.
Што датычыцца стварэння новага беларуска-расійскага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на пытаннях эканамічнай эфектыўнасці і акупнасці. Дадзена даручэнне яшчэ больш дэталёва падлічыць затраты, акупнасць і эфектыўнасць.
Адносна прапаноў Урада ў пытаннях продажу маёмасці ўласнікамі з недружалюбных краін Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць вычарпальны пералік выключэнняў з правілаў і прыняць адпаведнае рашэнне на ўзроўні Савета Міністраў. Гэтыя выпадкі прымуць да ўвагі, але ў астатнім жорсткія абмежавальныя меры, накіраваныя на прадухіленне спроб вываду з краіны капіталу, прадоўжаць дзейнічаць.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь можа і павінна займацца імпартазамяшчэннем у тых сегментах, якія па прычыне санкцый былі пакінуты інвестарамі з недружалюбных краін.
"Публічна хачу прывесці адзін прыклад вельмі яркі. Я нездарма назваў "Макдональдс". Санкцыі ўвялі амерыканцы. Яны вырашылі згарнуць сваю дзейнасць і сысці з Беларусі. Дзверы адчынены, сыходзьце. Мы нікога не трымалі, але і не выганялі. Ім было сказана: хочаце працаваць - працуйце, не хочаце - ідзіце. "Але гэта ж "Макдональдс"... "Хіба нехта зможа потым працаваць так, як "Макдональдс" у Беларусі" - галоўны быў лозунг. І пайшлі да мяне хадакі: "Мы не зможам… Булачку там напалову разрэзаць і ўпіхнуць туды каўбасу ці мяса не можам, бульба фры - і гэта мы не можам. Нічога не можам", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы аб праблемным пытанні, якое ўзнікла на пачатковым этапе.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што Беларусь па ўсім свеце прадае высакаякасныя прадукты харчавання - і малочныя, і мясныя, і многае іншае. "Бульба - ну мы ж бульбашы. Булачку гэту спячы - у нашым дзяцінстве гэтых булачак хапала, мы куплялі за некалькі капеек, і смачна было і нармальна. Разрэзаць булачку напалову, упіхнуць мяса, бульбу або салату туды не можам? Думаю, дай я праверу, можам мы ці не можам", - расказаў Прэзідэнт.
Займацца і трымаць гэта пытанне на кантролі было даручана прэс-сакратару Наталлі Эйсмант, а ад Урада - першаму віцэ-прэм'еру Мікалаю Снапкову. "Валявым чынам была пастаўлена дзвюм дзеючым асобам (задача. - Заўвага). Проста пад руку трапіліся. Ідзіце і зрабіце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што і сам у выніку быў паглыблены ў пытанне, хоць і ні разу не быў у "Макдональдсе": "Давялося акунуцца, вывучыць гэту сістэму. Нічога не спрабуючы і гэтак далей".
У выніку ў 25 рэстаранах ужо былога "Макдональдса" цяпер арганізавана работа і прадукцыя карыстаецца попытам у насельніцтва. "На сённяшні дзень паток людзей нарастае, як мне далажыў Снапкоў. Людзі з задавальненнем ядуць тое, што там гатуюць. Мы пачалі гатаваць тое, што "Макдональдс" заўсёды традыцыйна ў нас гатаваў. І бульба фры ў нас добрая - з нашай бульбы. "Макдональдс" не заўсёды купляў для гэтага беларускую бульбу. Вазілі чорт ведае адкуль. Чаму? Дамаўляліся. Камусьці нехта плаціў неяк. Цяпер ядзім сваю бульбу. Я ўпэўнены, што яна лепш. Мяса яшчэ ўпіхваюць туды - зрабілі, - канстатаваў беларускі лідар. - Паўстае пытанне, дык што вы мазгі пудрылі, што гэта немагчыма, што трэба там некаму прадаць?"
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што на этапе прыняцця рашэння падумаў, што калі ў Расіі змаглі замясціць "Макдональдс", стварыўшы на месцы пакінутых рэстаранаў сваю сетку, то гэта магчыма і ў Беларусі.
Больш таго, гэта не толькі пытанне імпартазамяшчэння, але і харчавання людзей, кантролю за якасцю прадуктаў. "Гэта наша, беларускае. І мы нясём за гэта адказнасць. Мы нармальна кормім нашых людзей. Імпартазамяшчэнне ў харчаванні людзей - гэта самае галоўнае. Харчаванне людзей - гэта здароўе. Усё астатняе глупства. Гайкі, балты і іншае - гэта мы ўмеем закручваць і вырабляць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"А хацелі прадаць: "Мы не ўмеем, мы не можам, ах-ох…" Мы ўсё ўмеем і можам! Гэта павінна быць у аснове, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Пайшлі - да пабачэння, уласнасць належыць дзяржаве. Такім чынам, яны кінулі ўласнасць, мы яе паднялі, прывялі ў парадак. І сёння гэтыя 25 рэстаранаў па краіне працуюць. З'явіўся прыватнік, які гатовы купіць іх, заплаціць грошы, і грошы немалыя. Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэту сетку. Калі ласка, мы прадаставім яшчэ ў гарадах, у абласных цэнтрах для гэтай сеткі месца для развіцця, будаўніцтва новых рэстаранаў. Не - аддадзім старыя, якія ў нас дрэнна працуюць або ў паўзакрытым стане. Мы гатовы ў гэтым плане дапамагчы".