Нарада з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта
- 14
- 27:02
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка правёў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта. Яна пачалася з мінуты маўчання ў памяць аб загінулым супрацоўніку КДБ.
"Дзень сумны сёння (сёння ў Мінску праходзіць развітанне з загінулым супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком. - Заўвага). Я аб гэтым скажу пазней. Гэта якраз упісваецца ў тую тэму, якую мы будзем абмяркоўваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства.
Аляксандр Лукашэнка раскрыў некаторыя падрабязнасці здарэння, якое адбылося 28 верасня, калі ў адной з кватэр у Мінску пры правядзенні спецыяльнай аперацыі быў застрэлены супрацоўнік КДБ.
"Калі хлопцы зайшлі, як мне далажылі, Дзіма апярэдзіў іншых, фактычна прыкрываючы групу, забег у кватэру першы. Хлопцы папярэдзілі - яны ўбачылі чалавека са зброяй, літаральна некалькі секунд і, як звычайна: "Зброю на падлогу!" Замест гэтага нягоднік страляе ў Дзмітрыя. У самае сэрца трапіў. І паміраючы, ён расстрэльвае з двух выстралаў (трэці ўжо не змог зрабіць) гэтага забойцу", - расказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адказаў на негатыўныя ацэнкі ў адрас беларускіх сілавікоў, якія пасля гібелі супрацоўніка КДБ сталі з'яўляцца ў СМІ, у тым ліку і расійскіх.
"Прасочваючы сітуацыю ў СМІ, атрымліваючы дадатковую інфармацыю, я заўважыў не проста розначытанні, розныя ацэнкі гэтай падзеі. Але, што мяне засмучае, - паводзіны расіян, калег чэкістаў і байцоў антытэрарыстычных арганізацый. Засмучае тое, што гэтыя людзі, быццам бы такія ж, як і хлопцы з беларускай групы "А", якія прайшлі нямала выпрабаванняў, пачынаюць па нейкіх неправераных, ускосных момантах ацэньваць работу нашых спецпадраздзяленняў: вось недзе непрафесійна, яшчэ нешта", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я проста ўсіх прадстаўнікоў брацкага народа хацеў бы павярнуць назад, каб яны звярнулі ўвагу на работу нашых спецпадраздзяленняў, той жа групы "А" і гэтага ж хлопца (Дзмітрыя Федасюка. - Заўвага), якія прымалі ўдзел у нейтралізацыі групы ПВК "Вагнер" (размова аб затрыманні 33 удзельнікаў ПВК "Вагнер" 29 ліпеня 2020 года пад Мінскам. - Заўвага). Вось я хацеў бы, каб яны паглядзелі, як дзейнічалі нашы хлопцы супраць 30 прайшоўшых не адну вайну спецыялістаў, якія не проста не паспелі, прабачце мне, штаны пацягнуць на пятую кропку, нават вочы не паспелі адкрыць і маргнуць. Калі некаму хочацца даць ацэнку нашым спецпадраздзяленням, няхай паглядзяць гэту карцінку", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ведае аб папроках, якія гучаць, напрыклад, у сродках масавай інфармацыі, наконт таго, што супрацоўнікі сілавога блока пры правядзенні гэтага мерапрыемства былі без сродкаў спецабароны, без бронекамізэлек. "Гэта і было першае пытанне, якое я задаў Тэртэлю (Старшыні КДБ. - Заўвага), як толькі мне далажылі праз некалькіх хвілін аб гэтым здарэнні. Чаму супрацоўнікі былі без сродкаў спецабароны? Іх можна за гэта асуджаць. Гэта была іх ініцыятыва", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, такім чынам байцы не хацелі хваляваць людзей, якія дрэнна рэагуюць на з'яўленне на вуліцах супрацоўнікаў у поўнай экіпіроўцы. Таму праверкі, у ходзе якіх яны адпрацоўвалі аператыўную інфармацыю, вяліся ў цывільным адзенні. "Так, міліцыя прысутнічала, у форме некалькі чалавек, участковы. Лішніх людзей там не было, каб не напружваць грамадства", - адзначыў Прэзідэнт.
"Што на гэта сказаць? Цяжка іх за гэта асудзіць. Проста хлопцы не хацелі лішні раз, як яны кажуць, свяціцца, абараняючы людзей", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што ў той дзень супрацоўнікі сілавога блока не праводзілі нейкую сур'ёзную спецаперацыю. "Байцы адпрацоўвалі велізарны раён па аператыўнай інфармацыі, атрыманай раней, на прадмет прыналежнасці асобных людзей да замаху на тэрарызм", - падкрэсліў ён.
Работа вялася з самай раніцы, і да часу інцыдэнту (да 14.00) было затрымана нямала людзей. "Яны цяпер даюць паказанні. Мы цяпер іх усіх вам пакажам. Яны бірку напісалі - "Рабочы рух". Вось гэтых "рухавікоў" мы пачалі паказваць і будзем усіх іх вам выкладваць, каб вы зразумелі, што гэта за "рабочы" рух", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Кватэра, куды прыйшла група супрацоўнікаў і ў іх ліку Дзмітрый Федасюк, таксама была сярод адрасоў, якія належалі адпрацоўцы. "У час работы (групы сілавікоў, у якой знаходзіўся і Дзмітрый Федасюк. - Заўвага) з дзяжурнай часці праінфармавалі, маўляў, там, дзе вы працуеце, патэлефанавалі з кватэры, просяць дапамогі, нешта там здарылася. Цяпер мы можам меркаваць, чаму адбыўся той званок. Ну, хлопцы паглядзелі, што і гэты адрас ёсць, просяць аб дапамозе, нешта там здарылася. І яны як добрыя славяне, добрыя беларусы рынуліся туды, да гэтай кватэры. Стукаюць - ніхто не адкрывае. Паступіў другі званок аб дапамозе ў гэты ж аддзел міліцыі", - расказаў Прэзідэнт. Ён удакладніў, што адным з тых, хто тэлефанаваў, быў мужчына, другім - жанчына.
Далейшыя падзеі можна было ўбачыць на відэазапісе. "Узломліваюцца дзверы, людзі заходзяць, каб дапамагчы, нягоднікам дапамагчы, якія патэлефанавалі з гэтай кватэры, - апісаў тое, што адбывалася, Кіраўнік дзяржавы. - А тое, што яны (тыя, хто тэлефанаваў з просьбай аб дапамозе, а на самай справе, як відаць з відэа, рыхтавалі зброю і вялі здымку. - Заўвага) у гэты час рабілі, вы таксама бачылі".
"Яны рыхтаваліся да здымкі. Ніхто не збіраўся там гінуць. Трэба было паказаць здымку, і ў рэальным рэжыме часу (гэта таксама ўжо вядома) яны трансліравалі туды, у Польшчу, Амерыку гэтыя кадры", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што кватэра, дзе разгортваліся падзеі, адпрацоўвалася ў планавым парадку разам з іншымі ў гэты дзень. Больш таго, яна не належала ні таму злачынцу, які страляў у супрацоўніка КДБ, ні яго жонцы. "Гэта была кватэра брата гэтай жонкі, якая там здымала. І сёння абсалютна дакладна нам вядома, што гэта не проста актыўны ўдзельнік пратэснага, як мы мякка кажам, а самы сапраўдны ўдзельнік мяцяжу, у тым ліку і гэты айцішнік", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, атрыманы вельмі вялікі масіў інфармацыі, які сведчыць, што падрыхтоўка да правакацыі вялася загадзя. "Зразумела, што рыхтаваліся. Хутчэй за ўсё, калі ішлі праверкі, яны адзін аднаму патэлефанавалі (яны ж там чацяцца), што вось, глядзіце... Таму яны рыхтаваліся, яны былі папярэджаны ўжо", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што не трэба рабіць паспешных вывадаў аб падзеях 28 верасня: "Трэба супакоіцца і перастаць посціцца на гэту тэму. Асабліва даваць якія-небудзь ацэнкі".
"Вядома, кропкі над "і" расставіць следства. Магчыма, рана сёння даваць нейкія ацэнкі і нашым суайчыннікам, і грамадзянам за межамі нашай краіны, абапіраючыся толькі на кадры ў інтэрнэце. Зразумела, у рамках следства, можа, і гэта нельга было паказваць. Але тым не менш людзям трэба паказаць, хто ёсць хто", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму ў краіне былі ліквідаваны розныя НУА і НКА. "Можа, не да канца. Розныя "сродкі масавай інфармацыі", вы іх ведаеце. Усплыў "Рабочы рух", - канстатаваў беларускі лідар.
Ён задаў рытарычнае пытанне, якая ў прынцыпе можа быць сувязь паміж тым, хто страляў у супрацоўніка КДБ, айцішнікам па прафесіі, і так званым "Рабочым рухам": "Якія адносіны гэты айцішнік, які мае зарплату ў месяц у 10 разоў большую, чым сярэдняя зарплата рабочых, якія ён мае адносіны да гэтых рабочых? Ды ніякія. Гэта звычайныя "ігілаўскія" ячэйкі ерапейскага разліву на тэрыторыі Беларусі".
Паводле слоў Прэзідэнта, такія ячэйкі складаліся з 2-12 чалавек. "Пакуль больш за 10-12 мы не знайшлі ў шматтысячных калектывах. Але гэта тое ядро, якое павінна было ўзарваць працоўныя калектывы знутры. Чым яны займаліся, я на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі вам сказаў: ад шпіянажу аб тым, як Галоўчанка будзе абыходзіць санкцыі, да інфармавання таго актыву, на які можна разлічваць. Ад шпіянажу да будучага мяцяжу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І калі мы пачалі працаваць па гэтых нягодніках, мы ўбачылі, што гэта за "рух". Гэта звычайныя тэрарысты, яны ж цяпер прызнаюцца і гавораць, дзе хацелі ўчыняць тэракты. Больш за ўсё насцярожвае, што яны цяпер асноўнае вастрыё накіравалі супраць чыгункі. Яны ж разумеюць, што Беларусь - транзітная краіна. І Камітэт дзяржбяспекі нядаўна далажыў: яны выявілі прамыя кантакты са спецслужбамі ЗША і перш за ўсё ФБР", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Гэта што такое? На гэта вочы закрыць? Ну дык мы закрывалі ў мінулым годзе. Ведаеце, што атрымалі", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Прэзідэнт згадаў аб існаванні пункта гледжання, што забойства супрацоўніка КДБ стане падставай для правядзення зачыстак па ўсім фронце. "Слухайце, мы не настолькі неразумныя, каб у сучасных умовах хадзіць франтамі. Таму што, калі мы пойдзем фронтам (мы і гэта ўмеем рабіць), пацярпець могуць невінаватыя людзі. Калі ідзеш фронтам, могуць папасціся людзі, якія абсалютна не маюць дачынення да гэтых спраў", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
"Таму хачу яшчэ раз удакладніць сваю пазіцыю: мы кропкава, акуратна, з дапамогай спецслужбаў і іншых падраздзяленняў МУС будзем адпрацоўваць розных людзей, розныя арганізацыі і розныя варыянты. У нас хопіць розуму, каб кропкава разабрацца з кожным нягоднікам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, работа па выяўленні такіх асоб вядзецца па ўсіх напрамках, пачынаючы з тых, хто чаціцца і посціцца. "Ужо некалькі соцень сядзяць (Акрэсціна свабоднае), цяпер там знаходзяцца. Усё расказваюць, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы некалькі экзэмпляраў бачылі, іх будзе ўсё больш і больш на экранах тэлевізараў, мы пакажам хто ёсць хто. І Сергяенка правільна сказаў: не трэба нічога выключаць з гэтых чатаў і іншае - позна. Усе акаўнты ў нас на руках. Мы бачым, хто чаго варты. І калі нягоднікі тыпу цапкал і іншых думаюць, што мы іх не дастанем за мяжой, яны памыляюцца. Мы ім не даруем гібель гэтага хлопца".
Кіраўнік дзяржавы на нарадзе актуалізаваў свае патрабаванні да работы Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Ва ўмовах зацяжной пандэміі і беспрэцэдэнтных выклікаў нашай дзяржаўнасці важнейшымі фактарамі ў арганізацыі дзейнасці Адміністрацыі таксама становяцца стратэгічнае планаванне і хуткасць рэагавання на змяненне сітуацыі не толькі ў краіне, але і свеце ў цэлым. Сёння як ніколі важна апярэджваць час. Нельга адстаць. Гэта датычыцца ўсяго: кадравай палітыкі, графіка работы Прэзідэнта, ідэалогіі, падрыхтоўкі прыняцця палітычных рашэнняў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Маё пастаяннае патрабаванне да вашай работы, кантролю выканання даручэнняў Прэзідэнта вы ведаеце. Гэта самая строгая дысцыпліна і парадак", - нагадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што з часу апошняй такой сустрэчы абнавіўся і кадравы склад, змянілася кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, ёсць змяненні і ў структуры.
Ён адзначыў, што нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта павінны стаць традыцыяй аналагічна таму, як перыядычна праходзяць нарады з урадам. "На нарадах з урадам мы абмяркоўваем пытанні эканамічнага характару. Гэтак жа і найбольш важныя палітычныя, ідэалагічныя тэмы стануць прадметам абмеркавання ў Прэзідэнта. Гэта будзе традыцыяй. Штоквартальна або па меры неабходнасці на злобу мы павінны абмяркоўваць пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі і Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Будзем шчырыя. Мы прайшлі праз сур'ёзныя выпрабаванні, якія сталі для нас каштоўным вопытам. Гэтыя выпрабаванні ўказалі нам на пытанні дзяржаўнага кіравання, якія патрабуюць прыярытэтнай увагі. З гэтага трэба рабіць адпаведныя высновы і дзейнічаць. Сёння я хачу пераканацца, што вы гэты вопыт улічваеце ва ўсёй сваёй дзейнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Што датычыцца кадравай работы, гэта датычыцца не толькі Адміністрацыі Прэзідэнта. У гэта ўключана ўсё кіраўніцтва краіны. У аснове асноў - чысціня кадраў. Не будзе гэтай чысціні і калі ў нас парадку ў галовах не будзе наверсе, не трэба ад грамадства патрабаваць гэтага парадку. У дзяржаўных структурах павінны працаваць прафесіяналы з цвёрдай дзяржаўнай пазіцыяй, патрыёты", - падкрэсліў беларускі лідар. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да новага года там, дзе гэта неабходна, прыняць адпаведныя кадравыя рашэнні.
"Я не павінен вам аб гэтым нагадваць. Але іншым разам даводзіцца, таму што часам не хапае глыбіні вывучэння кандыдатаў на тыя ці іншыя пасады. На выхадзе мы іх потым мяняем, недапушчальна доўга адкрыты вакансіі. Хацелася б ведаць, як вядзецца работа з рэзервам кадраў", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць шмат талковых высокапрафесійных людзей - палкоўнікаў і нават генералаў, якія ў 50-55 гадоў выходзяць на пенсію. "Іх трэба выкарыстоўваць. І яны з задавальненнем, як паказалі некаторыя разборы на маім узроўні, гатовы працаваць у грамадзянскіх структурах. Гэта добрыя арганізатары, патрыёты, адданыя людзі. Дысцыплінаваныя. Я не кажу, што ўсе павальна. Але іх нямала такіх", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы бачыць вялікі кадравы рэзерв і ў рэгіёнах: "Не трэба пра іх забываць. Менавіта там фарміруецца кіраўнік, які прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту, пахадзіў па зямлі, пабываў на заводзе каля станка і ведае, чым жывуць людзі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта выезды ў рэгіёны дазваляюць чэрпаць інфармацыю, якая датычыцца ўсіх напрамкаў дзейнасці Адміністрацыі. "Там, размаўляючы з насельніцтвам, вы бачыце настроі ў грамадстве, як на іх уплывае работа кіраўнікоў на месцах. А гэта ў тым ліку адзін з элементаў фарміравання кадравага рэзерву", - упэўнены Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае якасных змяненняў у рабоце ідэалагічнай вертыкалі.
"Што датычыцца ідэалагічнай работы, сваё стаўленне да таго, як яна праводзіцца, я не раз выказваў. І гаварыў аб ідэолагах. Гэта штучны тавар, гэта рэдкасць. І іх трэба бачыць. І пасля мінулагодніх падзей мы іх заўважылі, яны ўсе відаць. Галоўнае іх цяпер задзейнічаць, яны гатовы працаваць. Я ў гэтым плане чакаю якасных значных змяненняў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ідэалагічныя праблемы і прабелы вы ведаеце. Цалкам правалена работа з грамадскімі арганізацыямі. У першую чаргу такімі, як БРСМ, "Белая Русь", - абазначыў праблематыку Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прапанаваў заканадаўча вызначыць, каго ў краіне варта адносіць да грамадзянскай супольнасці. "Мы ўжо неаднойчы гаварылі. Я ўжо вылучыў некалькі разоў ідэю. Яна, відаць, прыжылася ў грамадстве, наколькі гэта магчыма. Што такое грамадзянская супольнасць у Беларусі? Настаў час прыняць закон і прапісаць, што наша грамадская супольнасць - гэта не НУА, НКА і іншая дрэнь. А што ў нас ёсць грамадскія арганізацыі. І адразу прапісаць, якія. Што ў нас ёсць прафсаюзы, БРСМ, што ў нас ёсць ветэранскія, жаночыя арганізацыі. Тыя, якія паказалі (сябе. - Заўвага) як сапраўдная грамадзянская супольнасць. Яны масавыя і яны з'яўляюцца апорамі нашага грамадства", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалі гаварыў аб гэтым на прафсаюзным сходзе. "Да гэтага часу цішыня", - заўважыў ён.
Праблемы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з грамадскімі арганізацыямі Аляксандр Лукашэнка абазначыў на прыкладзе работы з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
"Выбранне новага кіраўніка БРСМ (у жніўні гэтага года ім стаў Аляксандр Лук'янаў. - Заўвага). Я ўжо гаварыў Кіраўніку Адміністрацыі: калі мы яму цяпер не дапаможам з напрамкамі дзейнасці БРСМ, мы зноў будзем гаварыць: ды нічым не займаюцца! І пайшло-паехала. Дык з імі трэба працаваць, як працаваў ЦК з намі. Я быў у структуры кіруючых кадраў камсамола. Кожны дзень праз дарогу хадзілі і іх арыентавалі на гэта. Ды і мне давялося займацца, калі я аднаўляў гэту арганізацыю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Больш-менш нешта адрадзілі. Але рухацца трэба. Трэба вызначыць напрамкі іх работы, каб гэта моладзь у БРСМ разумела, што так, вось у нас ёсць 12 або 6 напрамкаў, па якіх будзем працаваць".
Паводле слоў Прэзідэнта, некаторыя такія напрамкі ўжо вызначыліся. У іх ліку студатрадаўскі рух. "Добры рух. Людзі працуюць, карысць бачаць. Хто хоча зарабіць, нешта зарабляе. "100 ідэй для Беларусі". Навукова-творчы рух - яго трэба развіваць. Валанцёрскі рух - дапамога старым і гэтак далей і да таго падобнае. Добры рух. Ну і яшчэ шэраг напрамкаў трэба ўзяць з вопыту. І нейкія крэатыўныя напрамкі - тое, што цяпер актуальна для моладзі", - пералічыў Аляксандр Лукашэнка.
"Але трэба сесці і падумаць. Гэта як работа над Канстытуцыяй. Толькі, можа, крыху ўзроўнем ніжэй. Правесці мазгавую атаку і вызначыцца", - сказаў Прэзідэнт.
Ён расказаў, што атрымаў сёння чарговы даклад аб рабоце ў студэнцкіх калектывах і сітуацыі ў студэнцкіх супольнасцях. "Так, гэта не тое, што было ў мінулыя разы. Зусім іншая сітуацыя. Ну дык што, супакоіліся? Усё будзе добра... Хоць ёсць там ачагі пэўныя. Дык трэба працаваць у студэнцкіх калектывах. Трэба з імі размаўляць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы ж ужо маем вопыт тэрытарыяльных дыялогавых пляцовак. А чаму да студэнтаў не пайсці і не арганізаваць гэтыя дыялогавыя пляцоўкі і там з імі не пагаварыць, не паслухаць іх? Ну ўсе ж былі студэнтамі. У кожнага студэнта гарыць-бурліць. Часам 50 працэнтаў не туды, але гэта іх меркаванне. І мы павінны знайсці 50% карыснага для краіны і вылучыць з гэтых студэнцкіх калектываў".
Асобная ўвага кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта звернута на работу з людзьмі. "Вырашэнне праблем, з якімі яны да нас ідуць, павінна быць на асаблівым кантролі, як і выкананне даручэнняў Прэзідэнта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Рэсурс у забеспячэнні гэтага кантролю ёсць - гэта памочнікі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што паўнамоцтвы гэтых службовых асоб былі пашыраны, а таму яны могуць і павінны сур'ёзна ўплываць на ўсе ўнутраныя пытанні кіравання і нацыянальнай бяспекі.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ў бліжэйшы час "альтэрнатыўна" падключыць кадры для таго, каб праверыць ва Урадзе, Адміністрацыі і КДК, як выконваюцца яго даручэнні. "І калі яны не выконваюцца, вось тады вам будзе італьянская забастоўка. Я вас проста папярэджваю", - заявіў беларускі лідар.
"Навучыцеся патрабаваць ад сваіх падначаленых, каб і яны жалезабетонна выконвалі вашы даручэнні. Калі кіраўнік Адміністрацыі, намеснік даручыў штосьці зрабіць... Я працаваў у савецкія часы, калі існавала кампартыя. Не дай бог, інструктар пазваніў з абкама (я не гавару з ЦК - вы выконваеце ролю ЦК) і даручыў штосьці, заўвагу нейкую зрабіў, - дрыжала ўся краіна, увесь рэгіён, на які была звернута ўвага", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ўжо не кажу аб Намесніку Кіраўніка Адміністрацыі, які прыраўноўваецца да сакратара ЦК. Спытайце ў Андрэйчанкі. Ён вам раскажа на злобу. Ён прайшоў гэта. А ў нас могуць паслухаць рашэнне Прэзідэнта і ў лепшым выпадку (або ў горшым) адкласці кудысьці ў бок: гэта потым. Не, будзе ў тэрмін!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам трэба будзе сур'ёзным чынам прааналізаваць канцэпцыю гістарычнага развіцця Беларусі. Пачынаючы ад таго, як яна прадстаўлена ў школьных падручніках, навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, і заканчваючы арганізацыяй тэматычных праектаў і масавых мерапрыемстваў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна на гэту тэму, у прыватнасці, выказваўся дэпутат Ігар Марзалюк. "Няхай, можа, крыху жорстка. Магчыма, недзе згусціў фарбы. Але праблема ёсць", - канстатаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы расставіў акцэнты на тым, як павінна весціся работа з нарматыўнымі актамі і дакументамі, якія кладуцца на стол Прэзідэнта.
"Пытанні заканатворчасці. Самыя важныя палітычныя рашэнні прыняты на Усебеларускім народным сходзе. Цяпер іх трэба рэалізоўваць. Гэта размеркаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта, рэферэндум па Канстытуцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Калі б своечасова ўзяліся за пераразмеркаванне паўнамоцтваў органаў улады, можа, і размоў па Канстытуцыі не было б. Але ў рэшце рэшт трэба раз і назаўсёды вызначыцца, што з Прэзідэнта праз чвэрць стагоддзя трэба здымаць асноўныя нагрузкі, яму неўласцівыя як Кіраўніку дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што неабходна максімальна данесці і растлумачыць людзям, якія дзяржаўныя органы адказныя за тыя ці іншыя пытанні: "Што эканоміка - гэта, перш за ўсё, Урад, гэта Галоўчанка (Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. - Заўвага). Калі прыняты нейкія непапулярныя, папулярныя законы і іншыя пытанні заканатворчасці - гэта Андрэйчанка і Качанава (спікеры ніжняй і верхняй палат парламента Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава. - Заўвага) - заканадаўчая галіна ўлады. І за гэта трэба несці пэўную адказнасць. Калі гэта кадры, ідэалогія, палітыка і іншае - гэта Кіраўнік Адміністрацыі Сергяенка (Ігар Сергяенка. - Заўвага) і намеснікі. А так усё - і добрае, і дрэннае - звалілі на Прэзідэнта".
"Былі перыяды, калі трэба было гэта ўсё канцэнтраваць. Але сёння мы павінны дэцэнтралізаваць, расканцэнтраваць гэта ўсё. Размеркаваць па зонах адказнасці. У нейкі час давядзецца ўладу некаму перадаць. Але яна павінна быць упарадкавана. І Канстытуцыя павінна паставіць канчатковую кропку ў гэтым пытанні", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў не дапускаць фактаў валакіты ў прыняцці і рэалізацыі важных дзяржаўных рашэнняў. "Нагадаю, што работа па нарматыўных прававых актах не павінна праводзіцца месяцамі. У нас на гэта няма часу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часам прымаецца вуснае рашэнне аб неабходнасці штосьці зрабіць. І яму патрэбна толькі аператыўна надаць юрыдычную форму, прапісаць ва ўказ або распараджэнне. Аднак часам работа можа стопарыцца і адпраўляцца на новы круг літаральна з-за коскі.
"Рашэнне прынята. І на працягу тыдня павінен быць на стале ў Прэзідэнта або ва Урадзе нарматыўна-прававы акт, які проста трэба падпісаць. А калі прыйшлі на нейкі ўзровень і бачыце, што не там коска, ну дык вы яе пастаўце, не вяртайце. Я аб валакіце. Яна нас загубіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане ён прывёў прыклад раней дадзеных даручэнняў па навядзенні парадку ў рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў: "Ну прынята рашэнне: трэба ўпарадкаваць. Не выразаць, а ўпарадкаваць. Пачалася валакіта. І пайшлі меркаванні: а, тут хочуць грошы адабраць, у бюджэце грошай няма, і нас (іпэшнікаў. - Заўвага) выразаць хочуць як клас. І пайшло-паехала. Але ж гэта зусім не так. А чаму? Таму што своечасова не рэалізавалі даручэнне Прэзідэнта".
Ён звярнуў увагу, што дакументы, якія кладуць на стол Прэзідэнта, павінны быць сур'ёзна прапрацаваны з улікам вывучэння альтэрнатыўных думак. "Гэта датычыцца і вузкаюрыдычных напрамкаў, і эканамічных пытанняў, - сказаў Прэзідэнт. - Усе рашэнні па эканоміцы выпрацоўваюцца ў Савеце Міністраў. Яны павінны адпавядаць палітычнаму курсу краіны, мэтам развіцця дзяржавы, спрадвечным традыцыям і нашым нацыянальным інтарэсам".
Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва звярнуў увагу, што павінны выконвацца прынцыпы справядлівага стаўлення да людзей, роўных правоў і роўнасці ўсіх грамадзян перад законам. "Зыходзячы з гэтых крытэрыяў, Адміністрацыя і абавязана даваць экспертную ідэалагічную і прававую ацэнку ўсім дакументам, якія накіроўваюцца Прэзідэнту. Вы - апошняя інстанцыя перад Прэзідэнтам. На повадзе вы ні ў кога не павінны ісці", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Акрэсленыя задачы, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна ўлічваць у працэсе падрыхтоўкі нарад і мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта: "Гэта публічная дзейнасць, ад якой залежыць разуменне людзьмі ўсёй нашай работы, іх уключэнне ў падзеі дзяржаўнага значэння".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фігура Прэзідэнта заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі як на дзяржаўным, так і на асабістым узроўні. Таму і мерапрыемствы ў графіку павінны быць адпаведныя. "Павінны быць не разавыя, штучныя нейкія: а давай туды паедзем, давай там паглядзім, давай гэта прапануем. І гэта павінна быць. Але гэта дробязь. Гэта не другарадна - трэцярадна. Павінны быць акцыі сур'ёзныя з лагічным заканчэннем. Як гэта было, дапусцім, з акцыямі да 17 верасня (Дзень народнага адзінства. - Заўвага). Не трэба драбніць", - выказаў свае пажаданні Аляксандр Лукашэнка.
"Формы патрэбны сучасныя, цікавыя, крэатыўныя. Паўтару, што не раз гаварыў: ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта ад вас, а не ад мяне. І ад мяне будзе, і я буду прапаноўваць і папраўляць і іншае. Я ўключаны ва ўсе гэтыя працэсы не як пабочны наглядальнік", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.