Нарада па пытаннях ваеннай бяспекі
- 10
- 17:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка сабраў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі. Яго мэта, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прааналізаваць ваенна-палітычную абстаноўку і выпрацаваць меры рэагавання.
Сярод удзельнікаў нарады Прэм'ер-міністр, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніцтва ваеннага, сілавога і праваахоўнага блока, камандуючыя войскамі.
"Як і дамаўляліся раней, у планавым парадку мы сёння сабралі кіраўнікоў сілавых ведамстваў для таго, каб сумесна прааналізаваць ваенна-палітычную абстаноўку, якая дынамічна развіваецца, і, зразумела, выпрацаваць меры рэагавання на існуючую сітуацыю. Перш за ўсё хачу сказаць аб тым, што надзвычайшчыны ніякай няма. Таму і падставы для розных крыватолкаў і фэйкаў быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што сітуацыя абвострана. Не зніжаецца напружанасць спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі. Захад актыўна падлівае масла ў агонь у выглядзе ваеннай дапамогі і ўсебаковай падтрымкі ўкраінскага рэжыму, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Адны заяўляюць аб тым, што хацелі б спыніць вайну. Іншыя, наадварот, сваімі канкрэтнымі захадамі дэманструюць прадаўжэнне гэтай вайны. Пазіцыя Расійскай Федэрацыі нам абсалютна зразумелая. Не раз Прэзідэнт аб гэтым заяўляў: яны хоць заўтра гатовы сесці за стол перагавораў і дамаўляцца. Цвяроза, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем аб сістэматычных пастаўках Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі НАТА праз польскі аэрадром Жэшуў узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Штодзённа туды прыбываюць каля дзясятка, часам больш, амерыканскіх транспартных самалётаў. Шэраг еўрапейскіх краін спрабуе паказаць свой удзел у дапамозе ўкраінскай арміі і накіроўвае непатрэбную ім старую тэхніку і зброю. Праводзяць так званую ўтылізацыю".
"На міждзяржаўным узроўні гучаць цынічныя выказванні ў адрас Расійскай Федэрацыі з боку заходніх палітыкаў. Я не буду прыводзіць прыклады: вы іх добра ведаеце. Пачынаючы ад канкрэтных заяў канкрэтных дэпутатаў і лідараў і заканчваючы трыбунай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, мэта гэтых дзеянняў зразумелая: Амерыка хоча аслабіць або зусім устараніць з міжнароднай арэны Расію і яе саюзнікаў, каб падабрацца бліжэй да свайго галоўнага канкурэнта - Кітая. "Адначасова ўзмацніць залежнасць Еўрапейскага саюза ад Злучаных Штатаў. Калі, убачыце, не пойдуць насустрач ЗША, Еўрасаюз Амерыка разваліць", - упэўнены Прэзідэнт.
"Да Беларусі ў калектыўнага Захаду свае рахункі. Прычым ужо даўно: чвэрць стагоддзя ім перашкаджае тая палітыка, якую мы праводзім", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Менавіта таму, падкрэсліў Прэзідэнт, у Еўропе захоўваецца 35-тысячная групоўка войскаў НАТА, з якой большая частка - амаль 25 тыс. - у суседніх з Беларуссю краінах.
"Не зніжаецца інтэнсіўнасць разведвальных палётаў паблізу нашых граніц. Актыўна праводзіцца аператыўная і баявая падрыхтоўка, у тым ліку з задзейнічаннем палігона Пабрадэ ў Літве, які знаходзіцца ўсяго за 15 кіламетраў ад Дзяржаўнай граніцы Беларусі. Адначасова пад выглядам падтрымкі Кіева шэраг еўрапейскіх краін рэалізуе свае планы па пераўзбраенні на сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнікі, узмацненне сваіх армій", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Найбольшую актыўнасць праяўляе Польшча, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. На поўдні беларускага напрамку адбываецца фарміраванне новай механізаванай дывізіі, на поўначы і ўсходзе краіны ствараюцца кадравыя брыгады тэрытарыяльнай абароны Польшчы.
"Пашыраецца геаграфія закупак узбраенняў: да традыцыйных ЗША і Германіі дадалася Паўднёвая Карэя. Замест падтрымкі свайго насельніцтва ў складанай сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы ўрад Польшчы плануе павялічыць свой ваенны бюджэт", - сказаў Прэзідэнт.
Спрабуюць не адставаць у мілітарысцкай гонцы, паводле яго слоў, Літва і Латвія. Але ўласных сродкаў у іх няма, таму просяць НАТА ўзмацніць прысутнасць на сваіх тэрыторыях за кошт разгортвання на месцы батальённых брыгадных баявых тактычных груп. "Пачалі будаўніцтва новых ваенных гарадкоў для іх размяшчэння на пастаяннай аснове, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад нашай граніцы - за 20 кіламетраў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Літва заявіла аб намерах набыць амерыканскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню "Хаймарс". "Навошта яны ім, ваенным людзям, думаю, тлумачыць не трэба", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб пастаянных правакацыях з боку Украіны на беларускай граніцы. Паводле слоў Прэзідэнта, Украіна сцягнула да беларускай граніцы групоўку да 15 тыс. ваеннаслужачых, ажыццяўляе там інжынернае абсталяванне блокпастоў і агнявых пазіцый, зрабіла загароды на дарожных напрамках.
"Словам, не проста забарыкадавалася, а выбудавала сцяну. Пастаянна вядзе аптычную, радыёэлектронную, радыётэхнічную разведку нашай тэрыторыі, войскаў, аб'ектаў. Часта з парушэннем сваімі беспілотнікамі лініі Дзяржаўнай граніцы. І ў той жа час перажываюць наконт таго, "ах, як бы Беларусь не ўступіла ў вайну". І пастаянна правакацыі на граніцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"У бліжэйшы час не трэба чакаць зніжэння напружанасці. Наадварот, Расія наросціць намаганні ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Захад у сваёй вайне з ёй будзе імкнуцца яшчэ больш узбройваць Украіну", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў неабходнасць быць гатовымі да любых варыянтаў развіцця абстаноўкі. "Мы чарговы раз сабраліся, каб прааналізаваць развіццё ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі, вызначыць меры па нашым рэагаванні", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пастаянна папярэджвае кіраўнікоў усіх сілавых ведамстваў, перш за ўсё Мінабароны, КДБ: "Сачыце за сваім праціўнікам, глядзіце, каб мы чаго-небудзь не ўпусцілі. Мы павінны ведаць аб усіх іх перамяшчэннях каля Дзяржаўнай граніцы Беларусі. Гэта датычыцца і пагранічных войскаў, і Мінабароны, і іншых спецслужбаў Беларусі. Як мне дакладваюць, усё пад кантролем. Ну, дзякуй богу".
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў далажыць, якія праблемныя пытанні ў сілавых ведамствах набываюць асаблівую вастрыню, і не толькі ў плане забеспячэння ваеннай бяспекі краіны.
"Не прамінулі скарыстацца абвастрэннем сітуацыі і нашы збеглыя. Напэўна, ужо ад істэрыкі, што іх сталі забываць, прыдумляюць усё больш перакручаныя ідэі. Патрабаванні да санкцый супраць Беларусі змяняюцца на заклікі да ваеннаслужачых да невыканання і сабатавання загадаў камандзіраў, ухілення ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, - сказаў Прэзідэнт. - Мэта адна - тая ж, што і была ў 2020 годзе, - разбурыць краіну, звергнуць існуючыя парадкі, лад і разабрацца з кіраўніцтвам краіны. Форма, шлях - узброены. Іншыя ўжо ў іх шляхі не разглядаюцца".
"Прадаўжаюць выношваць планы па стварэнні ўласных ваенізаваных фарміраванняў, так званага палка Каліноўскага. Які б пацешны гэты полк ні быў, але ў яго складзе ёсць радыкальна настроеныя байцы, якія якраз і ставяць перад сабой мэту дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне праз перш за ўсё дыверсійна-падрыўную дзейнасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, радыкалы, якія затаіліся, ёсць і на тэрыторыі Беларусі. "У 2020-2021 гадах праваахоўнымі органамі асноўныя зачыншчыкі беспарадкаў былі выяўлены, але ў іх застаюцца паслядоўнікі, якія чакаюць зручнага выпадку для дзеянняў", - сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, як "спячыя ячэйкі" праявілі сябе ў Расіі. Трыгерам для дэструктыўных сіл стала важнае рашэнне Прэзідэнта Расіі аб правядзенні частковай мабілізацыі. "Адразу з'явіліся акцыі з "хустачкамі і кветачкамі", сталі распаўсюджвацца антыдзяржаўныя лозунгі і заклікі да ўхілення ад мабілізацыі. Тыя, хто кішэні напхалі пры існуючым рэжыме і палацы, замкі пабудавалі, публічна рвуць пашпарты Расійскай Федэрацыі і бягуць за мяжу. Культурная эліта так званая ў Расіі аналагічна як у Беларусі ў 2020 годзе паводзіць сябе. Узяла курс на дэстабілізацыю сітуацыі ўнутры Расіі. 2020-ы год у Беларусі адзін к аднаму", - заўважыў беларускі лідар.
"Нашы збеглыя разлічваюць, што падобным штуршком да дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі могуць паслужыць узброеныя правакацыі баевікоў з ліку нацысцкіх фарміраванняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў такіх умовах неабходна быць гатовымі да любых варыянтаў развіцця абстаноўкі.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што апошнім часам збеглым рабіць няма чаго і няма пра што гаварыць, паколькі ў Беларусі няма для гэтага прычыны. "Пачынаюць хапацца за розныя падставы: Расія аб'явіла мабілізацыю, значыць, у Беларусі заўтра аб'явяць мабілізацыю. Яшчэ раз падкрэсліваю: нам няма неабходнасці аб'яўляць мабілізацыю. На шчасце, вайны на тэрыторыі Беларусі няма", - запэўніў беларускі лідар.
"Я ўжо некалькі разоў гаварыў, яшчэ раз падкрэслю: нядаўна адзін нягоднік выступаў пад цітрамі "Лукашэнка рыхтуецца да вайны". Абсалютна дакладна. Колькі я служу Прэзідэнтам, столькі я рыхтуюся да вайны. І не я прыдумаў: "Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны". Я некалькі разоў падкрэсліваў, што мы чатыры разы як мінімум, пяты раз ужо, напэўна, мадэрнізуем свае Узброеныя Сілы, прыстасоўваючы да той абстаноўкі, якая складваецца. І перш за ўсё робім адпаведныя высновы і атрымліваем урокі з тых войнаў і канфліктаў, якія адбываліся і адбываюцца на планеце", - заявіў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, пры мадэрнізацыі арміі ў апошнія гады і дзесяцігоддзі ўлічваўся вопыт розных ваенных аперацый - ад амерыканскай "Буры ў пустыні" да расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаўся наконт фэйка аб мабілізацыі, які раздуваецца. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці, але трэба ўлічваць расійскі вопыт і адпаведным чынам арганізаваць работу па ўліку ваеннаабавязаных і падрыхтоўцы рэзервістаў.
"Папярэджваю ваенных, асабліва праз вас ваенкаматы. Як толькі ў Расіі аб'явілі мабілізацыю, мы бачым, якія там недахопы. Не будзем лезці ў сутнасць пытання - гэта справа Расійскай Федэрацыі, як праводзіць мабілізацыю. Але калі разаслалі павесткі, некаторых людзей на месцы не аказалася ў Расіі. Нехта памёр, нехта збег, нехта хворы незразумела які і гэтак далей. Гэта для нас урок, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму праз ваенкаматы мы правяралі і будзем правяраць ваеннаабавязаны склад, усіх ваеннаабавязаных, якія лічацца ў нас у запасе. Трэба ў кожным раёне без усялякага гвалту, без шуму. Тое, што я вам і даручаў. Скончыцца ўборачная кампанія, акуратненька трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах".
"Яшчэ раз падкрэсліваю: нехта хворы, нехта кульгавы, нехта памёр, нехта з'ехаў… Розныя могуць быць сітуацыі. І мы павінны бачыць, што мы маем на сённяшні дзень. Гэта ніякага дачынення да мабілізацыі не мае. Мы заўсёды гэта рабілі", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
І яшчэ адзін урок мабілізацыі ў Расіі заключаецца ў падрыхтоўцы людзей да абароны сваёй зямлі і сем'яў, калі будзе такая неабходнасць. "Так, правялі ў Расіі мабілізацыю, так, прызвалі людзей. Але многія з іх забылі, што такое зброя. Таму рэзервістаў, нашы войскі тэрытарыяльнай абароны мы пастаянна абучалі і будзем абучаць. Яшчэ раз хачу падкрэсліць свой тэзіс: кожны, хто павінен і можа трымаць зброю ў руках у Беларусі, павінен умець ёю карыстацца. Хаця б элементарнай. Гэта датычыцца і жанчын, і мужыкоў. Яны павінны асвоіць хаця б стралковую зброю для таго, каб абараніць, не дай бог здарыцца што, сваю сям'ю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў, што мэта Узброеных Сіл Беларусі і сілавікоў - абараніць сваю зямлю і дзяржаву. "Усё. Ніякіх іншых мэт мы сёння не ставім. А да вайны рыхтуемся, таму што ўсякае можа быць, - сказаў Прэзідэнт. - Калі б у 2020 годзе тут не выстаялі, пад Смаленскам стаялі б іншыя ўзброеныя сілы. І дзе былі б мы, перш за ўсё вы - людзі ў пагонах, - адказ доўга шукаць не трэба. Зразумела, дзе мы былі б. Таму вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. І перш за ўсё вучыцца ваеннай справе па-сапраўднаму. Такія лозунгі ў нас заўсёды былі. Вось мы і будзем вучыцца".
Прэзідэнт заклікаў у гэтым плане не звяртаць увагі на тое, што скажуць у сувязі з гэтым: "Ах, мы там пачалі праверку ў нейкім ваенкамаце нашых рэзервістаў… Правяралі і будзем правяраць! Але гэта не для таго, каб іх некуды накіроўваць кагосьці забіваць. Я не апраўдваюся, але я хачу, каб вы гэта разумелі. У той жа час, калі не дай бог што здарыцца, мы бегчы за мяжу не будзем. Мы будзем абараняць свой дом і сваю зямлю".
"Што датычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не ўтойваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх ваенных. Мы не парушаем свае абавязацельствы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццем спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я гаварыў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел", - сказаў беларускі лідар.
"Так, мы лечым. Лячылі людзей, калі патрэбна. Так, мы кормім людзей. І не толькі расіян. Мы больш за ўсё кормім тых бежанцаў, бедных людзей, якія па 400-500 чалавек за суткі прыбываюць да нас з Украіны. Ну як іх не накарміць, як іх не лячыць?! Вось такі наш удзел у гэтай ваеннай аперацыі. Іншага няма і не будзе", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.