Нарада па заканадаўстве аб грамадзянстве і правядзенні амністыі

  • 11
  • 11:22

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 верасня сабраў нараду па пытаннях удасканалення заканадаўства аб грамадзянстве і правядзення амністыі.

"Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць важныя пытанні, якія набылі пэўнае гучанне ў нашым грамадстве. Гэта ўдасканаленне заканадаўства аб грамадзянстве і правядзенне амністыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэме грамадзянства заўсёды ўдзяляецца самая пільная ўвага. У асноўным па дзвюх прычынах. "З аднаго боку, мы непакоімся пра бяспеку нашай дзяржавы. З іншага, добрапрыстойныя і працавітыя грамадзяне - самае галоўнае багацце нашай краіны, - растлумачыў Прэзідэнт. - Мы заўсёды рады вітаць на беларускай зямлі тых, хто шчыра жадае стаць грамадзянінам нашай краіны і ўнесці свой уклад у яе развіццё".

За мінулыя пяць гадоў беларускае грамадзянства на розных падставах атрымалі амаль 14 тыс. чалавек. Пры гэтым кожная просьба аб прыёме ў грамадзянства дасканала вывучаецца, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пытанні, якія патрабуюць прэзідэнцкага рашэння, папярэдне разглядаюцца спецыяльнай камісіяй.

Грамадзянамі Беларусі імкнуцца стаць і становяцца выхадцы з розных дзяржаў, у першую чаргу постсавецкай прасторы. Таксама ў краіну едуць ураджэнцы краін Азіі, Еўропы і нават Амерыкі.

"У жніўні мінулага года я папрасіў паскорыць прадастаўленне грамадзянства ўкраінцам. Па зразумелых прычынах. Увогуле ж, гэта нашы людзі. Яны звязалі сваё жыццё з Беларуссю - выконваюць законы, гадуюць дзяцей, працаўладкаваны, працуюць добра ў сельскай гаспадарцы, адукацыі, медыцыне і нават навуцы. За год беларускія пашпарты выдадзены ўжо амаль пяці тысячам украінцаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Да пытанняў прадастаўлення грамадзянства трэба падыходзіць узважана і акуратна, абавязкова ўлічваючы нацыянальныя інтарэсы, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Аб гэтым я пастаянна патрабую інфармацыю ад адпаведных структур. Я бачу заклапочанасць некаторых нашых грамадзян Беларусі аб тым, што трэба больш акуратна ставіцца да прыёму ў грамадзянства ды і наогул да допуску на тэрыторыю Беларусі грамадзян Украіны. Я хачу гэтым людзям сказаць, што непакоіцца не трэба. Мы ўсё разумеем і бачым. Кожны чалавек, які да нас прыязджае, каб проста перакусіць і назад вярнуцца, або ж застацца тут, або ж транзітам едуць цераз Беларусь, - усё знаходзіцца пад кантролем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У рамках падрыхтаванага законапраекта трэба яшчэ раз паглядзець на тых, хто, выехаўшы за мяжу, дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, учыняючы злачынствы. Такія вядомы, усе да адзінага. Мы іх ведаем. Ці дастойны гэтыя людзі заставацца грамадзянамі Беларусі, калі яны збеглі з роднай краіны і фактычна разарвалі з ёй сувязь? Пытанне датычыцца таго, што многія дэпутаты ды і грамадзяне ўзнімалі пытанне: збеглі, шкодзяць, злачынцы фактычна і прадаўжаюць злачынную дзейнасць - прапанава было пазбаўляць іх грамадзянства. Аб гэтым ідзе размова. Таму сёння разгледзім гэты варыянт законапраекта", - растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, неабходна таксама абмеркаваць патрабаванні да суайчыннікаў, якія атрымалі карту паляка і іншыя такія дакументы. "Нам трэба разабрацца: або яны грамадзяне Беларусі, або яны проста аблудныя, проста ўзялі гэту карту нібыта выпадкова, або ў іх іншая "арыентацыя". Думаю, у органаў унутраных спраў і дыпламатычнай службы ёсць і іншыя пытанні ў сферы грамадзянства, якія выклікаюць занепакоенасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Другой тэмай нарады стала амністыя. Апошні раз яе праводзілі ў Беларусі ў маі 2020 года. "Цяпер наша краіна апынулася пад беспрэцэдэнтным націскам Захаду. Але нават у такіх умовах беларускае грамадства застаецца кансалідаваным, з'яднаным. Таму напярэдадні Дня народнага адзінства (як вы ведаеце, адзначаецца 17 верасня) прапануецца абмеркаваць мэтазгоднасць амністыі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Традыцыйна да нейкіх вялікіх дат, падзей мы рабілі гэты для нас сімвалічны, для народа сімвалічны крок. А для тых, каго адтуль выпускаюць на волю, гэта важны момант у жыцці. Па-рознаму, яны, вядома, адаптуюцца ў грамадстве, але тым не менш такая практыка ёсць".

Прэзідэнт адзначыў, што сярод асуджаных ёсць самыя розныя людзі, у іх ліку тыя, хто выпадкова памыліўся, учынілі злачынствы па неасцярожнасці, а таксама нязначныя злачынствы, уключаючы дзеянні пратэснай накіраванасці.

"За апошнія два гады паразумнелі ўсе. Асабліва ў месцах не вельмі аддаленых. Але гэта ўжо МУС цяпер даложыць, яны і нясуць персанальную адказнасць за тых, хто амнісціраваны будзе. Ды і працаваць ім з імі на волі. Калі гэтыя людзі раскаяліся, сталі на шлях выпраўлення, поўнасцю загладзілі віну, да іх можна праявіць спагаду. Прапаную абмеркаваць кола асоб, на якіх варта распаўсюдзіць амністыю", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць патрэбным разгледзець канчатковы варыянт падрыхтаванага дакумента на спецыяльнай камісіі з удзелам у тым ліку "нармальнай апазіцыі". "Запрасіць людзей, якія, магчыма, маюць нейкі іншы пункт гледжання на развіццё нашага грамадства. Яны не ворагі. Няхай выкажуць сваё меркаванне", - растлумачыў ён.

Такую прапанову, сказаў Прэзідэнт, ён агучыў "у сувязі з заклапочанасцю многіх грамадзян краіны". "Людзі яшчэ не адышлі ад таго 2020 года. Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: "Усіх мачыць, саджаць і гэтак далей". Ведаеце, адзінства ў грамадстве гэта ніколі не дабаўляла. Але тым не менш проста адысці ад гэтага пытання і не чуць гэтых людзей - так не будзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Але пры гэтым я хачу падкрэсліць: падпісваць мне. Таму майце на ўвазе, усё, што я сказаў, па духу павінна адпавядаць. Мы не можам налева і направа адпускаць усіх. Хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець. Але яшчэ раз падкрэсліваю, ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова. Паслабленні дапушчальны толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Гэта значыць, у аснове павінна быць справядлівасць. Бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі! Асабліва тыя, хто спрабавалі пад адхон пусціць нашы паязды, рыхтавалі тэрарыстычныя акты і спрабавалі забіць нашых грамадзян", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, МУС сумесна з іншымі ведамствамі падрыхтавала законапраект аб змяненні закона аб грамадзянстве. Праектам прапануюцца змяненні і дапаўненні шэрага палажэнняў закона аб грамадзянстве для забеспячэння ўнутранай бяспекі дзяржавы, стабільнасці грамадска-палітычнай сістэмы, а таксама яго карэкціроўка з улікам практыкі прымянення.

"Прадугледжваецца магчымасць страты асобай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, набытага ў тым ліку і па нараджэнні, пры наяўнасці прыгавору суда Рэспублікі Беларусь, што ўступіў у сілу і пацвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь згодна з пералікам артыкулаў, якія будуць выкладзены ў законе. Прапануецца, што такое рашэнне будзе прымацца кіраўніком дзяржавы па прапанове камісіі па пытаннях грамадзянства. У далейшым у адносінах да экстрэміста, які страціў грамадзянства Беларусі, прапануецца прымаць рашэнне аб забароне ўезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў. Таксама МУС разлічвае на прафілактычны эфект гэтай заканадаўчай ініцыятывы", - расказаў Міністр.