Нарада па пытаннях удасканалення заканадаўства аб дзяржслужбе

  • 10
  • 7:23

Дзякуючы выбудаванай вертыкалі ўлады і выканальніцкай дысцыпліне сістэма дзяржаўнага кіравання функцыянуе дакладна і зладжана нават у самых няпростых сітуацыях. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 мая на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства аб дзяржаўнай службе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржаўная служба з'яўляецца важнейшым грамадскім інстытутам і ад яе эфектыўнасці залежыць непасрэдна паспяховае развіццё краіны, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця грамадзян.

"За больш як чвэрць стагоддзя з моманту атрымання незалежнасці нам удалося выбудаваць стройную вертыкаль улады, сфарміраваны кампактны дзяржаўны апарат, забяспечана неабходная выканальніцкая дысцыпліна. У выніку нават у самых няпростых сітуацыях сістэма дзяржкіравання функцыянуе дакладна і зладжана. Лепшым пацвярджэннем таго з'яўляецца кансалідацыя дзяржслужачых і іх работа ва ўмовах мінулага года. Гэта была ўсё ж такі лакмусавая паперка", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на бягучым этапе размова не ідзе аб кардынальным зломе старой сістэмы або рэфармаванні дзяржаўнай службы, асноўная задача - надаць імпульс яе далейшаму развіццю. "Лічу, што самае важнае ў сувязі з гэтым - кадры. Нам трэба прыцягнуць у дзяржапарат не проста кваліфікаваных і мэтанакіраваных спецыялістаў, здольных аператыўна вырашаць важныя задачы. Нам патрэбны сапраўды дзяржаўныя людзі. Будуць кадры - тады будзе і сістэма працаваць. Паступаючы на службу, чалавек павінен разумець, што яго галоўны абавязак - служыць краіне і беларускаму народу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таму асаблівае значэнне набывае маральна-этычнае аблічча дзяржслужачага, яго паводзіны як на рабоце, так і ў побыце, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў у новым законе ўвесці знакі адрознення для дзяржаўных служачых накшталт значкоў дэпутата. "Нам трэба ў законе дакладна прадугледзець, каб кожны дзяржаўны служачы ў грамадстве, у штодзённым жыцці нечым вылучаўся. Дапусцім, значок дзяржаўнага сцяга, - прапанаваў Прэзідэнт. - Калі ты дзяржаўны служачы, ты павінен знешне вылучацца ў грамадстве для таго, каб да цябе маглі звярнуцца людзі за дапамогай, парадай, падтрымкай і проста з табой пагаварыць. Менш будуць бегаць у прыёмныя і менш будуць пісаць пісем. І другое - гэта тэст для любога дзяржаўнага служачага: ён павінен ганарыцца тым, што ён дзяржаўны служачы. У адваротным выпадку не трэба яму быць дзяржаўным служачым".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што забеспячэнне высокага статусу і прэстыжнасці прафесіі немагчыма без замацавання сацыяльна-прававых гарантый. Аднак гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка, дадаў Прэзідэнт. "І тут не павінна быць нейкага перабору: калі дзяржслужачы, значыць, растапырыў пальцы, як некаторыя ў нас іпэшнікі, айцішнікі і іншыя прыхільнікі алігархату. Ён проста павінен быць сціплым, прыстойным чалавекам і ў плане матэрыяльнага забеспячэння. Дзяржслужачы - гэта не значыць, што ў 10 разоў зарплата вышэйшая. Але ўсё павінна быць дастойна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб не было гэтага кантрасту, як у савецкія часы пры Гарбачове: сакратарам райкамаў, абкамаў і іншым зарплату паднялі ў два разы і адразу выклікалі агрэсію ў народа, таму што народ жыў няпроста. Гэта значыць вось тут прывязка павінна быць да народа".

З іншага боку, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, і беднымі дзяржаўныя служачыя таксама не павінны хадзіць. "Тады, можа, менш і карупцыі будзе. Хоць я не прыхільнік таго, што, калі некаму даць вялікую зарплату, значыць, ён хабары зусім перастане браць. Заўсёды грошай мала. Але ўжо будзе думаць: "Вазьму хабар - не толькі выганяць, пасадзяць. А тут усё ж такі нармальная зарплата і служба". Таму гэтыя пытанні трэба дакладна вызначыць і абазначыць", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў: статус дзяржслужачага падымецца высока, але і патрабаванні будуць адпаведныя. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы гаварыў яшчэ на Усебеларускім народным сходзе. У якасці адмоўнага прыкладу выканальніцкай дысцыпліны Прэзідэнт прывёў работу па перарэгістрацыі некамерцыйных арганізацый. "Ужо больш за месяц прайшло - я не бачу рэакцыі з боку Адміністрацыі Прэзідэнта і прысутных. Вы што, чакаеце новай хвалі? Нам палітолагі ўжо, нашы прыхільнікі (дэпутаты і іншыя) пальцам паказваюць, патрабуюць ужо: "Вы "зачысціце" грамадства, мы бачым, што адбывалася". А чаго мы чакаем? Вы ж ведаеце, што праз гэтыя структуры ідзе фінансаванне гэтых бандытаў унутры краіны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
 
На вырашэнне абазначаных Прэзідэнтам задач і накіраваны праект новага закона "Аб дзяржаўнай службе". Работа над ім вялася некалькі гадоў. У снежні мінулага года дэпутаты прынялі законапраект у першым чытанні. "Да яго разгляду ў другім чытанні мы дамовіліся абмеркаваць яшчэ раз ключавыя палажэнні гэтага дакумента разам з падрыхтаванымі ў мэтах яго развіцця праектамі ўказаў. Нам трэба быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці задаваемых напрамкаў развіцця дзяржслужбы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пацікавіўся, наколькі новы закон будзе адпавядаць бягучым і перспектыўным патрабаванням дзяржавы і грамадства, якія прадугледжаны падыходы для дасягнення балансу дысцыпліны, адказнасці дзяржслужачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы. "Яшчэ раз падкрэслю свае патрабаванні: правы і абавязкі дзяржслужачых, правілы іх паводзін павінны быць накшталт ваенных, а, можа, недзе нават і вышэйшымі. Але палку перагнуць, вядома, ні ў якім разе нельга", - заявіў беларускі лідар.

Як далажыў на нарадзе Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзеючы закон аб дзяржаўнай службе прыняты ў 2003 годзе. "Улічваючы тое, як змяніўся свет, якія выклікі ставіць перад дзяржавай час, мы бачым, што пытанне ўдасканалення дзяржаўнай службы актуальнае як ніколі, - сказаў ён. - Падзеі мінулага года паказалі, што выбудаваная сістэма дзяржаўнага кіравання эфектыўная і моцная. Але не менш моцныя ўзрастаючыя ў апошнія гады пагрозы і рызыкі, якія патрабуюць прыняцця адпаведных мер для абароны нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту".

Ігар Сергяенка нагадаў, што тры гады таму па даручэнні Кіраўніка дзяржавы была створана рабочая група і ў далейшым на пляцоўках Савета Рэспублікі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Акадэміі кіравання не раз праходзілі абмеркаванні новай рэдакцыі закона аб дзяржслужбе і распрацаваных у мэтах яе развіцця праектаў указаў. "Заканадаўчыя навелы накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў, прэстыжу дзяржаўнай службы і, што немалаважна, якасці падбору дзяржаўных служачых", - падкрэсліў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Паводле яго слоў, адным з нязменных прынцыповых патрабаванняў да сістэмы застаецца тое, што ў ёй павінны працаваць выключна прафесіяналы, адданыя сваёй краіне.