Нарада па аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў

  • 12
  • 14:45

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка правёў нараду па аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў і актуальных пытаннях знешняй палітыкі.

"Нам трэба абмеркаваць шэраг актуальных пытанняў дзейнасці Міністэрства замежных спраў з асаблівым акцэнтам на тэму аптымізацыі нашай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён прапанаваў паглядзець шырэй на гэтыя пытанні і абмеркаваць работу МЗС у цэлым, а таксама ўзаемаадносіны з суседзямі. "Мы чамусьці канцы ў ваду пачынаем хаваць, калі размова ідзе пра Міністэрства замежных спраў. Касякоў там больш чым дастаткова, і гэта мы бачылі ў другой палове мінулага года. Таму трэба адкрыта абмяркоўваць гэтыя пытанні, бачыць вострыя пытанні. Не проста дэманстраваць, а наводзіць парадак там", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што праблемы знешняй палітыкі пастаянна выносяцца на разгляд Кіраўніка дзяржавы і гэта мерапрыемства шмат у чым мае планавы характар.

"Зразумела, свет імкліва мяняецца, нам неабходна адэкватна адаптавацца і разумна распараджацца існуючымі рэсурсамі па ўсіх напрамках, у тым ліку і міністэрства замежных спраў. Разам са шматлікімі рызыкамі і пагрозамі з'яўляюцца і новыя магчымасці. Ва ўмовах канкурэнцыі пераможа той, хто зможа імі разумна скарыстацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, пандэмія справакавала глабальны крызіс, змяніла структуру сусветнага гандлю, аднак вынікі мінулага года паказваюць, што Беларусь змагла шмат у чым захаваць свае пазіцыі на замежных рынках, у тым ліку дзякуючы эфектыўна выбудаванаму механізму знешнеэканамічных сувязей.

"Відавочна, што дружалюбнай для нас з'яўляецца тая краіна, дзе пакупнік галасуе сваім рублём, доларам або еўра за беларускі тавар ці паслугу, а Урад гэтаму не перашкаджае, а, наадварот, садзейнічае", - заявіў Прэзідэнт.

На гэты момант інтарэсы Беларусі за мяжой прадстаўляюць 70 загранустаноў у 58 краінах, на долю якіх прыпадае амаль 97% экспарту і 76% замежных інвестыцый. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у цэлым сістэма органаў дыпламатычнай службы дае магчымасць вырашаць пастаўленыя задачы. "Пытанне толькі ў тым, наколькі яна эфектыўная з пункту гледжання сродкаў, якія расходуюцца на яе ўтрыманне, і рэальных вынікаў па абароне нашых інтарэсаў. Ці ёсць магчымасць пераразмеркаваць людзей для вырашэння ключавых задач там, дзе нас чакаюць і гатовы з намі працаваць, не выстаўляючы ніякіх ультыматумаў?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мінулы год стаў выпрабаваннем на трываласць не толькі ўлады, але і дыпламатычных кадраў, якія павінны дзейнічаць выключна ў інтарэсах сваёй краіны. "Неабходна разумець тое, што, па-першае, мы невялікая дзяржава, і ў нас няма бязмежных магчымасцей фінансаваць вялікія штаты за мяжой. І наогул - навошта? Мы не пакутуем на глабалізм, калі гаварыць аб перспектывах. У нас звычайныя, зямныя пытанні і праблемы як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Другое, на першым плане павінна быць не прэтэнзія на лідарства, а абарона і пашырэнне сваіх інтарэсаў у эканамічнай сферы", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён адзначыў: важна, каб сістэма органаў дыпламатычнай службы ні ў якім разе не ператварылася ў закасцянелую структуру, у якой працуюць тэарэтыкі, адарваныя ад жыцця. "У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць аб тым, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, траціць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Навошта там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, якія пастаўлены на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў крайнім выпадку ўсе пытанні, якія цікавяць, можна абмяркоўваць на пляцоўках ААН, іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Жэневе або Вене. "Там ёсць магчымасць гаварыць з усім светам і няма неабходнасці трымаць палітычных саветнікаў у краінах, якія замарозілі з намі кантакты з прычыны сваіх поглядаў або вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў шэрагу краін Беларусь мае тавараправодныя сеткі, якія добра працуюць. У сувязі з гэтым ён абазначыў пытанне на прадмет таго, ці ёсць неабходнасць дубліраваць іх сваімі гандлёвымі прадстаўнікамі ў пасольствах. "Можа, больш эфектыўна гэтыя штатныя адзінкі перакінуць туды, дзе яны сапраўды будуць запатрабаваны для вырашэння актуальных задач?" - заўважыў беларускі лідар.

На яго думку, у краінах, з якімі Беларусь наладзіла цесныя эканамічныя сувязі, неабходна "сабраць пад дахам пасольства" гандлёвых прадстаўнікоў. Такім чынам іх работа будзе структуравана і ў іх з'явіцца дадатковая магчымасць наладжваць адносіны з мясцовымі ўладамі. "Дапусцім, Кітай. Там гандлёвае прадстаўніцтва часам неабдуманае, грошы ніхто не лічыць. Напрыклад, БМЗ, "Белкалій", БелАЗ і іншыя - усе маюць свае канторы ў Кітаі. Чаму не аб'яднацца пад дахам пасольства? І тады пасол узяў за руку аднаго, другога, трэцяга і адвёў яго туды, куды яны самі ніколі не прыйдуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Паўтару сваю галоўную ўмову - адкрываць новыя ўстановы за мяжой толькі за кошт правільнага пераразмеркавання існуючых рэсурсаў. Не павінна быць ніякага павелічэння штату", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Перад удзельнікамі нарады Аляксандр Лукашэнка паставіў некалькі пытанняў: якія задачы прапануецца вырашыць адкрыццём новых пасольстваў, якая будзе іх штатная колькасць і за кошт якіх рэзерваў яе будуць фарміраваць, якія падставы ёсць для закрыцця дыппрадстаўніцтваў у прапанаваных МЗС краінах?

Урад сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта, КДБ і МЗС дэталёва прапрацоўваў гэтыя пытанні. "Пры абмеркаванні важна ўлічваць, перш за ўсё, эканамічны аспект функцыянавання нашых пасольстваў і консульстваў. На падставе назапашанага вопыту і практыкі мы павінны вельмі выверана падысці да кожнай прапановы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу, каб сёння мы падрабязна разгледзелі, для чаго адкрываем новыя пасольствы, хто там будзе працаваць і колькі гэта будзе каштаваць дзяржаве. Я хачу проста вас папярэдзіць, што ўсе прысутныя за ўнесеныя прапановы (таму што гэта грошы, у канчатковым выніку) будуць несці персанальную адказнасць".

У час нарады было адзначана, што працуючыя за мяжой беларускія дыпламаты штогод збіраюцца ў Мінску на нараду, дзе абмяркоўваецца развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі-партнёрамі. Праўда, мінулы год з-за закрыцця граніц стаў выключэннем. Прэзідэнт даручыў арганізаваць такое мерапрыемства ў гэтым годзе, прычым на яго ўзроўні. Гэта будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, "канкрэтная справаздача ўсіх паслоў аб тым, што зроблена перш за ўсё ў эканоміцы".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што беларускія прадстаўніцтвы за мяжой вырашаюць не толькі палітычныя і эканамічныя задачы. Яны прызначаны падтрымліваць грамадзян, дапамагаць ім у складаных сітуацыях. "Як гэта было ў час пандэміі, калі беларусы не маглі вярнуцца на радзіму з-за таго, што спыніліся зносіны ў свеце. І тады МЗС вельмі дакладна спрацавала і дапамагло людзям вярнуцца дадому", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

У другой частцы нарады пасля разгляду тэматыкі аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў абмяркоўвалася тэма адносін з Польшчай. "Другое пытанне - узаемаадносіны з нашымі суседзямі, і перш за ўсё з Польшчай. Па праўдзе кажучы, нашы палітычныя кантакты з гэтай краінай ніколі не былі ідэальнымі. Але мы з прычыны свайго характару, менталітэту доўга мірыліся з асобнымі выпадамі і абвінавачаннямі ў свой адрас, стараліся знайсці кампраміс, праяўлялі гібкасць, разуменне. Мы зыходзілі з таго, што суседзяў не выбіраюць. І яны сапраўды ўсе важныя для нас", - сказаў Прэзідэнт.

"Але, аказалася, гэтыя канструктыўныя падыходы ў Варшаве ўспрымаюць як слабасць. Дэкларуемая яшчэ ў чэрвені мінулага года гатоўнасць польскага боку ісці нам насустрач па шэрагу напрамкаў змянілася абвінавачаннямі ў фальсіфікацыі выбараў, падтрымкай нашых цяперашніх збеглых і іх кампаній, прадастаўленнем прыстанішча збеглым здраднікам і экстрэмістам, экстрэмісцкім інтэрнэт-рэсурсам. А потым справа дайшла да санкцый", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Уявіце: у чэрвені яны нам спявалі песні прыемныя для слыху. І ў той жа час, мы ж гэта ўжо сёння ведаем, праз спецслужбы і іншыя структуры (ды і ў палітыцы) вялі іншую гульню - двайную гульню", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярплівасці, сталі непрыкрытыя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў, правядзенне з гэтай мэтай мерапрыемстваў для беларускай моладзі ў Брэсце. Ды і ў Гродне ўдзел дэструктыўнай групы этнічных палякаў пад кіраўніцтвам асобных дзеячаў так званай польскай эміграцыі ў несанкцыянаванай акцыі", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што "ўвесь гэты шабаш" праходзіць у час 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "У краіне, якая страціла трэцюю частку насельніцтва. Прычым асабліва стараецца ў гераізацыі бандытаў Арміі Краёвай кансерватыўная партыя палітыканаў, якая імкліва страчвае падтрымку ў грамадстве. Значыць, гэта ўжо ўнутраная праблема ў Польшчы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў кіраўніцтву Польшчы, што этнічныя палякі, якія пражываюць у Беларусі, з'яўляюцца грамадзянамі сваёй краіны - Беларусі. "Многія ўзнімаюць польскае пытанне: "палякі, уціск...". Яшчэ раз хачу паўтарыць кіраўніцтву Польшчы: так, у нас нямала пражывае палякаў. Але гэта нашы палякі. Іх радзіма - Беларусь. Яны тут жылі, іх дзеці жывуць і будуць жыць. Хто хоча выехаць, - мы нікога не трымалі і трымаць не збіраемся. Але тыя, хто жыве ў нас, грамадзяне Беларусі, гэта - нашы палякі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што аналагічны падыход і ў адносінах да грамадзян іншых нацыянальнасцей: "Гэта нашы рускія, нашы ўкраінцы, яўрэі...".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што законную рэакцыю праваахоўных органаў на проціпраўную дзейнасць некаторых грамадзян Беларусі, якія называюць сябе палякамі, у Варшаве лічаць уціскам польскай нацыянальнай меншасці. "Але чамусьці ў нас некаторыя асобы ўспамінаюць пра свае нацыянальныя карані толькі тады, калі парушаюць закон, а не калі трэба зрабіць нешта карыснае для дзяржавы, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца. Няважна, хто яны - палякі, беларусы, рускія, яўрэі або ўкраінцы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды адказна падыходзілі да захавання правоў усіх нацыянальных меншасцей і ганарацца міжэтнічным мірам у краіне. "Так яно будзе заўсёды. І рэлігійны, і міжэтнічны мір у Беларусі будзе захаваны чаго б гэта ні каштавала. Ніхто нас не штурхне на проціборства палякаў з беларусамі або рускімі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Больш таго, з польскім народам беларусаў аб'ядноўвае шматвяковая гісторыя. У нас няма неўрэгуляваных тэрытарыяльных і маёмасных прэтэнзій адзін да аднаго. Мы ніколі не ўспаміналі пра акупацыю Польшчай значнай часткі беларускай тэрыторыі ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя. Але, відаць, надышоў час вярнуцца да гэтай тэмы і дэталёва даследаваць яе з прыцягненнем гісторыкаў і палітолагаў, што ўжо, дарэчы, мы пачалі рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы пачуць канкрэтныя прапановы па вяртанні да паслядоўнай, праактыўнай палітыкі з Польшчай. "Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, не хочам ні з кім ваяваць, але калі толькі да нас будуць вось такім чынам адносіцца, як гэта было ў канцы мінулага года і цяпер, па мордзе атрымаюць і вельмі моцна, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І нам хопіць быць нейкімі пасіўнымі наглядальнікамі: там, дзе трэба, мы павінны рэагаваць адэкватна, як гэта было ў Брэсце і Гродне. Але мы нікуды не дзенемся ад таго, каб размаўляць на нармальнай мове з нашымі суседзямі".

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на работу мясцовых органаў улады, у якіх "пад бокам разгарнулі сваю дзейнасць дэструктыўныя структуры".

"Даўно трэба было правесці праверкі курсаў вывучэння моў, скаўцкіх арганізацый і іншых падобных да іх структур, якія кіруюцца і фінансуюцца з-за мяжы. І вельмі сумна, што наш новы ва Урадзе чалавек, які адказвае за нацыянальныя і рэлігійныя адносіны, не заўважыў гэтага і не пачаў сваю работу з гэтага. Гэта вам урок! Такіх праблем няшмат, але яны ёсць. Вазьміце ў свае рукі і разбярыцеся", - даў даручэнне Кіраўнік дзяржавы ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандру Румаку.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: з усімі сумніўнымі аб'яднаннямі і ўстановамі трэба разабрацца прынцыпова. Гэта датычыцца таксама розных фондаў. "Гэта ўжо справа Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта арганізаваць работу і ўсіх іх перарэгістраваць. Мы не збіраемся выразаць тых, хто карысць прыносіць дзяржаве. Але мы ўбачылі, хто ёсць хто. Таму іх трэба прывесці ў прытомнасць. Калі яны здольны працаваць на дзяржаву, мы будзем іх "цярпець" і з імі супрацоўнічаць. Не - значыць пад нож, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Гэта ж нядобра, калі гэтыя структуры, існуючы ў Беларусі, уцягваюць моладзь у антыдзяржаўную дзейнасць, арганізуюць уцечку кваліфікаваных кадраў за мяжу. Дзякуй богу, цяпер гэты паток знізіўся, таму што ўбачылі, хто ёсць хто".

Таксама, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба вельмі сур'ёзна "папрацаваць над прадстаўленнем грамадскасці і заходнім партнёрам так званага польскага пытання". "На Захадзе не ўсе разумеюць, што адбываецца на самай справе. Адпаведны план, як я ўжо сказаў, рэалізуецца, але трэба паскорыць гэту работу. Трэба актыўней развіваць тэмы праследавання этнічных беларусаў у міжваенны і пасляваенны перыяды, дзейнасці польскіх нацыяналістычных бандфарміраванняў (і не толькі польскіх) на нашай тэрыторыі, рэваншысцкіх імкненняў улад гэтых дзяржаў па вяртанні кантролю над асобнымі тэрыторыямі і рэгіёнамі Беларусі. У Варшаве, напрыклад, іх да гэтага часу называюць як "усходнія крэсы". Афіцыйна дзеючы Саюз палякаў у Беларусі, дзе нядаўна быў выбраны новы кіраўнік, павінен канструктыўна працаваць на карысць нашай краіны, садзейнічаючы ўмацаванню адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што беларускія ўлады абсалютна не ўціскаюць польскую меншасць: у гэтых грамадзян ёсць сваё аб'яднанне, з дапамогай якога яны могуць уносіць свой уклад у развіццё адносін паміж дзвюма краінамі. "Калі нешта не падабаецца, інфармуйце Урад, Прэзідэнта - мы ўмяшаемся", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заслухаў прапановы па ўсіх абазначаных пытаннях і ў цэлым адобрыў прапанаваныя рашэнні. Што датычыцца аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў, тут даручана асноўны акцэнт зрабіць на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі-партнёрамі.