Нарада аб сітуацыі ў сферы АПК: бягучы стан спраў, праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння
- 8
- 9:41
Дзякуючы створанаму за перыяд незалежнасці патэнцыялу ў сельскагаспадарчай галіне ў мінулым годзе забяспечаны рост вытворчасці асноўных відаў прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 красавіка на нарадзе аб сітуацыі ў сферы АПК, на якой абмяркоўваліся бягучы стан спраў, праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мінулы год стаў сапраўднай праверкай для сістэмы сусветных эканамічных адносін: закрыліся граніцы, разбурыліся шматгадовыя гандлёвыя сувязі, а дзяржавы і эканамічныя саюзы адмовіліся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па ўзаемнай падтрымцы. "Не выключаю, што гэта некаму трэба было. Але тое, што гэтым многія скарысталіся, напэўна, для прысутных тут не з'яўляецца сакрэтам", - сказаў Прэзідэнт.
У кавідным выпрабаванні перамаглі нацыянальныя інтарэсы, асабліва ў такой фундаментальнай сферы бяспекі дзяржавы, як забеспячэнне прыярытэтных патрэбнасцей насельніцтва, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"У гэтым кантэксце пытанне харчовай бяспекі выйшла на адно з першых месцаў. Мінулай вясной у свеце былі ледзь не панічныя настроі: не ведалі, як пасеяць і вырасціць ураджай, прадракалі дэфіцыт прадуктаў харчавання. Так у свеце і адбылося. Сёння рост цэн на прадукты харчавання перавысіў 10% па ўсёй планеце. Але менавіта ў гэты момант так званая дыктатура і парадак, за якія нас не проста падкрытыкоўваюць, а моцна папракаюць, паказалі сваю эфектыўнасць, - заявіў Прэзідэнт. - Дзякуючы таму патэнцыялу, які мы стварылі за перыяд незалежнасці ў сельскагаспадарчай галіне, у мінулым годзе забяспечаны рост вытворчасці асноўных відаў прадукцыі".
Разам з тым інфармацыя кантралюючых органаў аб актуальным стане спраў у жывёлагадоўлі некалькі насцярожвае, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Крыху зніжана вытворчасць жывёлы і птушкі ў жывой вазе. Пры гэтым вырас падзеж, скарацілася пагалоўе. "Я думаю, Генеральны пракурор добра ведае, што гэта зона адказнасці пракуратуры. Падзеж недапушчальны, калі мы хочам, каб сельскагаспадарчая вытворчасць расла. Я ўжо каторы раз кажу: старшыні райвыканкамаў павінны вызначыцца, калі дзве-тры гаспадаркі не могуць з гэтым справіцца, значыць, маладняк павінен быць вывезены з гэтых гаспадарак і адпраўлены ў тыя гаспадаркі, якія могуць забяспечыць догляд маладняку", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што гэта не толькі тэхналагічныя пытанні, якія профільныя спецыялісты павінны загадзя планаваць і вырашаць. Ад вытворчасці залежаць рэалізацыя прадукцыі і, як вынік, эканамічнае становішча вёскі, якое цяпер не самае простае.
"Па грошы нават не звяртайцеся. Грошы ў вас. Нам дай бог вырашыць тыя задачы і рэалізаваць тыя планы, якія мы намецілі. Мы не можам накіроўваць значныя грашовыя сродкі туды, дзе яны павінны зарабляцца і адкуль яны павінны паступаць у бюджэт. Мы не можам дазволіць сабе кампенсаваць грашовыя страты нічым, акрамя эфектыўнасці вытворчасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, сітуацыя ў галіне даволі значна адрозніваецца па абласцях і тым больш па раёнах. "Калі ёсць беспраблемныя гаспадаркі, то чаму пры тых жа ўмовах надвор'я, фінансавых і іншых фактарах такія незвычайныя вынікі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што нехта можа паскардзіцца на няхватку кадраў або адсутнасць добрай тэхнікі. Паводле слоў Прэзідэнта, усе гэтыя праблемы вырашальныя: у напружаны сезон можна прыцягнуць дадатковых работнікаў або аплаціць існуючаму калектыву работу ў дзве змены, а да тэхнікі проста трэба беражліва ставіцца і не дапускаць прастою. "Зразумела, калі вы яе будзеце эксплуатаваць суткі і не абслугоўваць, то праз год вы паставіце яе пад плот, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Па-чалавечы трэба ставіцца да тэхнікі. Не трэба яе рваць і ламаць, заганяючы ў балота, калі тэрміны падціскаюць. Не лезьце ў балота з тэхнікай, лепш папрацуйце, калі падсохне глеба, у тры змены".
"У дысцыпліне і арганізацыі ўся праблема, - упэўнены беларускі лідар. - Больш таго, часам складваецца ўражанне, што чым большая падтрымка і давер аказваюцца рэгіёну, тым горш ён працуе. На прыкладзе Віцебскай вобласці ў бліжэйшы час разбяромся, і не дай бог у вас там не будзе прагрэсу. Ужо зрабілі ўсё, што вы прасілі".
Каб разабрацца з гэтымі праблемамі, Кіраўнік дзяржавы вырашыў правесці нараду ў шырокім складзе і заслухаць справаздачы старшынь аблвыканкамаў. У першую чаргу ён пацікавіўся прычынамі, якія сталі перашкодай для дынамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу і якія меры прымаюцца для іх устаранення.
"Сельскагаспадарчая галіна спецыфічная тым, што менавіта на месцах, а не ў Мінску знаходзяцца ключавыя фактары поспеху: эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, выключэнне фактаў безгаспадарчасці, аптымальнае задзейнічанне ўсяго патэнцыялу галіны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Сёння ж мы павінны прыняць рашэнні, якія вызначаць канкрэтныя задачы для кіраўнікоў усіх узроўняў, і ўстанавіць параметры, па якіх у далейшым будзе дадзена ацэнка вынікам работы".
Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на шэраг праблемных пытанняў, якія неабходна вырашыць у бліжэйшы час. Ён падзяліўся з удзельнікамі нарады сваімі назіраннямі па выніках нядаўняй паездкі ў чарнобыльскія раёны, па дарозе ў якія Аляксандр Лукашэнка з борта верталёта мог ацаніць сітуацыю на сельгасземлях і ў больш шырокім плане.
"Катэгарычна настойваю на актывізацыі меліярацыі. Усё павінна быць накіравана на гэта. Мы губляем вялізныя плошчы, тысячы гектараў. Яны пачалі зарастаць хмызняком. А заўтра з яго вырастуць нікому не патрэбныя дрэвы (лесу ў нас хапае, дай бог яго перапрацаваць). Меліярацыя, догляд зямель, павышэнне ўрадлівасці - гэта задача дзяржаўнай важнасці. Гэта наша задача. Таму я папрашу Міністра і віцэ-прэм'ера заняцца гэтымі праблемамі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што для рэалізацыі гэтай задачы ў кожным раёне павінен быць спецыяльны атрад. "Меліярацыя - пытанне важнейшае для нас. У кожнай вобласці шырокім фронтам павінна ажыццяўляцца меліярацыя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што размова не толькі пра навядзенне парадку на землях. Эфектыўнае іх выкарыстанне і ўключэнне ў абарот важныя для развіцця жывёлагадоўлі, што мае патрэбу ў кармавой базе.
Яшчэ адна праблема, на якую Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, - вялікая колькасць прысядзібных участкаў, якія пустуюць, і закінутых дамоў у некаторых вёсках. Ён паставіў задачу перад усёй вертыкаллю ўлады на працягу бягучага года аператыўна вырашыць адпаведныя пытанні - безгаспадарныя дамы трэба або прадаць, або знесці іх, а зямлю рэкультываваць і ўвесці ў сельгасабарот.
Разам з тым Прэзідэнт адзначыў і пазітыўную тэндэнцыю: апошнім часам гараджане пачалі актыўна купляць пустуючыя ўчасткі і дамы ў сельскай мясцовасці.
Аналагічным чынам Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему і са старымі будынкамі былых ферм, якія цяпер не выкарыстоўваюцца: "Мы пабудавалі жывёлагадоўчыя комплексы. Гэта дало нам магчымасць адысці амаль паўсюль ад вытворчых памяшканняў, якія на ладан дыхаюць і тэхналагічна не могуць забяспечыць вытворчасць. Інакш кажучы, мы кінулі старыя фермы і на дахах растуць дрэвы". На вырашэнне гэтай праблемы кіраўнік дзяржавы адвёў два-тры гады, падкрэсліўшы, што гэтыя аб'екты не павінны быць "помнікамі безгаспадарчасці", а вызваляемыя землі павінны выкарыстоўвацца пад патрэбы сельскай гаспадаркі. "Прыводзьце ўсё ў парадак!" - запатрабаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні КДК Васілю Герасімаву ўзяць сітуацыю на кантроль. "І не дай бог нехта не выканае гэтыя задачы, спасылаючыся на якія-небудзь абставіны", - папярэдзіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў ход веснавых палявых работ. Ён заўважыў, што гаспадаркі пакуль адстаюць ад графіка. Прэзідэнт паставіў задачу да 9 мая пасеяць буракі, лён, кукурузу і палавіну бульбы. "9 мая - кантрольны пункт. 10-га я знайду час для таго, каб агледзець краіну (пэўныя кропкі ў мяне выпрацаваліся за гэтыя гады) і зрабіць выснову, на што здольны губернатары і падначаленыя вам людзі", - рэзюмаваў беларускі лідар.