Нарада па пытаннях супрацоўніцтва з Расіяй

  • 14
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня правёў нараду па пытаннях супрацоўніцтва з Расіяй.

У самым пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы зрабіў нечаканы ўступ, прапанаваўшы журналістам задаць пытанні па тэме мерапрыемства, калі ім неабходна будзе ўдакладніць нейкія моманты (спойлер: пытанні былі зададзены).

"Шуму мы, вядома, нарабілі шмат - і па форме, і па змесце, - так Прэзідэнт ахарактарызаваў абмеркаванне ў СМІ яго перагавораў з Уладзімірам Пуціным у Сочы. - Паколькі гэта выклікала ажыўленую размову і рэзананс (трэба сказаць, ва ўсім свеце) і было шмат розных размоў, я палічыў неабходным сёння сустрэцца з адказнымі асобамі і абмеркаваць пытанні, якія мы разглядалі на сустрэчы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што парадак дня яго перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным быў вызначаны даўно і гэта сустрэча стала прадаўжэннем папярэдніх кантактаў на розных узроўнях. Некаторыя тэмы перагавораў кіраўнік дзяржавы агучыў яшчэ на нядаўнім мерапрыемстве ў Доме Урада. Тады Прэзідэнт растлумачыў, што ў час сустрэчы бакі перш за ўсё будуць абмяркоўваць гандлёва-эканамічныя адносіны. "Так і было", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго сустрэчу з Прэзідэнтам Расіі ў Сочы пачалі абмяркоўваць з таго, што знаходзіцца ў чорным дыпламаце, які можна было заўважыць на відэакамерах каля беларускага лідара. У некаторых СМІ гэту тэму нават вынеслі на першыя палосы. "Калі б мы ў адкрыты эфір выклалі ўсе дакументы гэтага чамаданчыка, то, напэўна, шмат было б размоў і было б што абмяркоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у чамадане знаходзіліся аналітычныя матэрыялы, падрыхтаваныя беларускімі спецслужбамі. Прэзідэнты даўно ўзялі за практыку абменьвацца такой інфармацыяй, калі яна датычыцца аднаго з бакоў. "Аб сітуацыі вакол Беларусі і Расіі, у цэлым Саюзнай дзяржавы, аб тым, якое сёння стаўленне Амерыкі, Еўрапейскага саюза і іншых да Кітайскай Народнай Рэспублікі, і шмат іншых падобных матэрыялаў, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта вельмі вялікая работа нашых ведамстваў, перш за ўсё спецыяльных службаў, аналітыка, з якой я хацеў пазнаёміць Прэзідэнта Пуціна".

А вось інфармацыі, якая датычыцца нядаўняй пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair і затрымання двух яго пасажыраў, у чамадане не было, дадаў Кіраўнік дзяржавы. Але гэту тэму прэзідэнты ў час сустрэчы ўсё ж такі закранулі. "Следства па абедзвюх персонах будзе праходзіць у Беларусі. Гэта непахісна. Аб гэтым я сказаў Прэзідэнту Расіі. Я запэўніў, што ніякіх не будзе пытанняў з доступам консулаў. Па-мойму, яны не крыўдзяцца, мы не толькі прадастаўляем інфармацыю, хочаце сустракацца - сустракайцеся. Гэта міжнародная практыка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжаючы тэму з пасадкай борта Ryanair, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі адкрыццё новых рэйсаў авіякампаніі "Белавія" ў Расію. "Вы ведаеце маю пазіцыю: "Белавія" не мае ніякіх адносін да так званага інцыдэнту, які адбыўся. Кампанія, якая не саджала, не паднімала гэты самалёт, наогул ніякіх адносін не мае. І гэта сведчыць аб тым, што Захад дапусціў вялікі ляп, звязаўшы гэту кампанію з тым інцыдэнтам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Чакаецца, што авіякампанія стане ажыццяўляць не толькі больш рэйсаў у Маскву і Санкт-Пецярбург, але стане лятаць і ў іншыя гарады Расіі, у тым ліку на курорты.

"Улічваючы, што ў нас ёсць базы адпачынку на Чорным моры, у раёне Сочы і Туапсэ, я папрасіў, каб Расія вывучыла пытанне пералёту "Белавія" ў Сочы, Краснадарскі край і Казань. Яшчэ некалькі гарадоў былі абазначаны. Павінен сказаць, што ніякага непрымання, нягледзячы на пандэмію (Расія вельмі апасаецца гэтага ў негатыўным развіцці, не дай бог), з боку Пуціна не было", - заявіў Прэзідэнт.

"Нам галоўнае - даць работу нашым пілотам і задзейнічаць тыя самалёты, якія мы з такой цяжкасцю ў няпросты час закуплялі. І я абяцаў, што "Белавія" мы ў бядзе не кінем. Чаго б нам ні каштавала, справа нашага гонару - падтрымаць па ўсіх напрамках, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Таму, Міністр замежных спраў, Міністр транспарту, трэба арганізавацца і рэалізаваць нашы дамоўленасці як мага раней, каб калектыў "Белавія" (амаль 2 тыс. чалавек) меў работу і быў упэўнены, што дзяржава іх не кіне. Яны пацярпелі ні за што".

У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да беларусаў, заклікаўшы іх больш увагі ўдзяліць роднай краіне і ўнутранаму турызму. "Мяне засмучае той факт, што ў нас у Беларусі не ведаюць Беларусь, асабліва моладзь. Яны добра арыентуюцца ў Эміратах, Чарнагорыі, Турцыі або Барселоне, а Беларусі не ведаюць. А месцаў цудоўных дастаткова. Таму я папрасіў бы: усё ж такі не трэба імкнуцца кудысьці паляцець з трыма-чатырма перасадкамі. Але калі нехта ўжо купіў білеты або нехта хоча, мы забараніць не можам", - падагульніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Беларусь і Расія прапрацуюць пытанне аб адкрыцці авіярэйсаў у Крым.

"Украіна закрыла для нас неба. У нас ёсць свой санаторый у Крыму, у Місхоры, куды людзі заўсёды ездзілі, ляталі. Каб не абвастраць адносіны, мы праз Украіну, хто на поездзе, хто на аўтамабілі, хто на самалёце. Цяпер закрылі неба. Я Пуціну сказаў: "Ты падумай, як нам трапіць у Крым. Не праз Польшчу ж мы паляцім: туды таксама не пускаюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь і Расія прапрацуюць пытанне аб адкрыцці авіярэйсаў у Крым. Адпаведнае даручэнне ўжо дадзена кампетэнтным ведамствам. "Я думаю, тут не будзе праблем, - дадаў Прэзідэнт. - Закрылі неба - ну што ж, ёсць і больш адкрытыя дзяржавы, праз якія мы заўсёды можам трапіць у Крым".

Галоўным у парадку перагавораў у Сочы стала эканамічнае ўзаемадзеянне. У прыватнасці, пастаўка расійскіх вуглевадародаў на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. "Урады вельмі сур'ёзна прапрацавалі гэта пытанне, і як мінімум мы дамовіліся, што ніякіх пытанняў з пастаўкамі нафты не будзе. Расіі гэта выгадна. Мы можам 22 мільёны тон нафты перапрацаваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Па пастаўках нафты для НПЗ Беларусі ніякіх праблем не будзе, так было сказана Прэзідэнтам Расіі. Як і з пастаўкамі нафтапрадуктаў і на рынак Расіі, і на знешні рынак".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пастаўкі будуць ажыццяўляцца ў запланаваных аб'ёмах. Таксама на сустрэчы была дасягнута прынцыповая дамоўленасць па мінімізацыі страт беларускіх НПЗ ад падатковага манеўру ў Расіі з 1 студзеня 2022 года. Урадам даручана канчаткова адпрацаваць гэту схему. "Па падатковым манеўры мы знайшлі развязкі. Нават не мы, а ўрады, мы проста гэта ўзгаднілі і зацвердзілі. Далей будзем весці дыялог і дамаўляцца", - сказаў Прэзідэнт.

"Няма ніякіх праблем з пастаўкай прыроднага газу. Колькі трэба - столькі і трэба. Гэта пытанне канчаткова не закрыта. Не закрыта ў тым плане, што Прэзідэнт мне паабяцаў, што яны збяруцца і падумаюць, як у гэтай сітуацыі дапамагчы Беларусі з цаной на газ", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дасягнутыя дамоўленасці Беларусь і Расія маюць намер замацаваць у міжнародным пагадненні.

Краіны даўно абмяркоўваюць збліжэнне мытных сістэм і заканадаўстваў. На думку Прэзідэнта, гэта пытанне не самае вострае. "Мы вельмі сур'ёзна ў ЕАЭС папрацавалі над гэтым пытаннем, ды і ў нас, у Беларусі і Расіі, вельмі блізкае мытнае заканадаўства", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што ствараць наднацыянальныя органы ў гэтай сферы няма неабходнасці. Магчыма, лепш прапрацаваць заснаванне сумеснага цэнтра, які меў бы доступ як да беларускіх, так і да расійскіх працэсаў. Наколькі неабходны такі інстытут і ці мэтазгодна яго стварэнне, бакам яшчэ трэба будзе прапрацаваць.

Зблізіць падатковае заканадаўства было прапановай расійскага боку. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі такое і адбудзецца, то ўсё будзе на роўных умовах. "Мы будзем бачыць усё, што ў Расіі, яны будуць бачыць усё, што ў нас. Каб быў давер, без гэтага мы нікуды не рушым", - дадаў ён.

Узаемаразуменне ў бакоў і па пытаннях работы ваенна-прамысловых комплексаў абедзвюх краін, развіцця кааперацыі, пастаўках узбраення. "Ніякіх абмеркаванняў у плане перакідкі на пастаяннай аснове Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, стварэння якіх-небудзь баз. Аб гэтым нават размовы не ішло, і гэта нам не патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Расія знаходзіцца побач з Беларуссю, і калі з боку НАТА будзе заўважана падазроная ваенная актыўнасць, саюзніцкія падраздзяленні на працягу сутак могуць быць перакінуты ў Беларусь. "У выпадку абвастрэння", - растлумачыў ён.

Сумеснаму адказу на санкцыі лідары ўдзялілі шмат увагі і дамовіліся знайсці алгарытм адказу на абмежавальныя меры з боку Захаду. Ураду Прэзідэнт даручыў не зацягваць з вырашэннем гэтага пытання. "Гэта ўсё павінна быць разумна, не наскокам, не трэба страляць сабе ў нагу, у руку", - паставіў Аляксандр Лукашэнка задачу Прэм'ер-міністру.

Ён заявіў, што Беларусь і Расія поўныя рашучасці разам процістаяць нападкам звонку. "Разуменне таго, што вакол нас пачынаюць аб'ядноўвацца пэўныя сілы і націскаць на нас, і ў Прэзідэнта Пуціна, і ў мяне ёсць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы цудоўна разумеем, што адбываецца вакол нашай краіны, і абсалютна аднолькава ацэньваем гэту сітуацыю. І поўныя рашучасці разам процістаяць усім гэтым нападкам".

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмеркавалі маючую адбыцца сустрэчу Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, сітуацыю ва Украіне і палітыку яе кіраўніцтва. Даволі падрабязна абмеркавалі прэзідэнты і барацьбу з наступствамі пандэміі.

Пад канец перагавораў было закранута і пытанне паступлення ў Беларусь другога траншу расійскага крэдыту. "Прэзідэнт Расіі, калі мы расставаліся, мне на хаду сказаў: я табе павінен нагадаць, што другі транш па раней дамоўленым крэдыце на мільярд долараў вы атрымаеце літаральна ў чэрвені", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта асноўнае, што было прааналізавана на гэтай сустрэчы. Уражанне ў мяне адно, добрае ўражанне ад гэтых перагавораў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Затым Прэзідэнт, як і абяцаў, адказаў на пытанні журналістаў. Адно з іх датычылася санкцыйнай праблематыкі. Журналісты згадалі аб прапановах, якія цяпер абмяркоўваюцца ў Еўрасаюзе, забараніць транзіт расійскага газу праз Беларусь. На думку палітычнага аглядальніка Белтэлерадыёкампаніі Андрэя Крывашэева, такім чынам у тым ліку хочуць прымусіць Расію зноў зацікавіцца "ўкраінскай трубой". Ён лічыць, што такія недружалюбныя крокі Захаду, як і ў цэлым санкцыйная палітыка, усё больш падобныя да рэйдарскага захопу сектараў беларускай эканомікі.

"Гэта ваш тэрмін - "рэйдарскі захоп". Я абсалютна такую тэрміналогію падтрымліваю, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што гэта спроба рэйдарскіх захопаў, гэта факт. Але з гэтага нічога не атрымаецца".

Прэзідэнт лічыць, што Еўрасаюз не стане страляць сабе ў нагу, забараняючы транзіт расійскага газу праз Беларусь. "Ім гэта ўжо зусім дорага тады абыдзецца. Тут яны будуць мець справу не толькі і не столькі з Беларуссю, колькі з Расіяй".

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне журналістаў, якія заўважылі, што эканоміка заўсёды была фундаментам беларуска-расійскіх адносін, а пытанне арганізацыі авіярэйсаў у Крым мае ў тым ліку і пэўны палітычны падтэкст, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: эканоміка і застаецца найважнейшым пытаннем.

"А што датычыцца Крыма, вы заўважце: я сказаў, што мы прапрацуем гэта пытанне. Але мы не можам ляцець у Крым праз Украіну. Гэта ж не мы ініцыятары. Я задаў пытанне Парашэнку (яшчэ ён быў Прэзідэнтам): "А як мне цяпер у Крым трапіць?" - "Не пытанне. Я цябе прашу: толькі праз Украіну". Я гавару: "Зразумеў". Сёння я хацеў бы задаць пытанне Зяленскаму: а пры жаданні паляцець у Крым, мне як сёння? Толькі праз Расію, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму я тут абсалютна свабодны і не перажываю. Яны ўчынілі гэту валакіту, гэту камбінацыю на ўзроўні правакацыі".