Нарада па пытаннях развіцця свінагадоўлі
- 18
- 8:20
Пытанні развіцця свінагадоўлі абмяркоўваліся 4 верасня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у бліжэйшы час стан спраў у жывёлагадоўлі стане тэмай выязнога рэспубліканскага семінара-нарады. І сённяшняе мерапрыемства - адзін з першых крокаў па падрыхтоўцы гэтага выязнога семінара.
"Аднак з-за спецыфікі існуючых праблем у свінагадоўлі мы сёння асобна разгледзім сітуацыю ў гэтым важным напрамку АПК, які дае чвэрць ад агульнага аб'ёму вытворчасці мяса (у краіне. - Заўвага), - сказаў Прэзідэнт. - Па выніках работы апошніх двух гадоў тут адзначаецца адмоўная дынаміка, што выклікае ў мяне (спадзяюся, і ва ўсіх у вас) вялікі неспакой. Гэта прывяло да таго, што пытанне давялося выносіць на самы высокі (прэзідэнцкі. - Заўвага) ўзровень".
Характарызуючы існуючую сітуацыю, Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя статыстыкі. Так, вытворчасць (гадоўля) свіней за два гады знізілася амаль на 12%. Атрыманыя аб'ёмы да запланаваных у дзяржпраграме "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады нават не наблізіліся, а, хутчэй, наадварот. Скарачэнне вытворчасці назіраецца ва ўсіх абласцях, а на Гомельшчыне - наогул у два разы.
Пагалоўе свіней зменшылася больш як на 11%, або на 290 тыс. галоў. Найбольшае зніжэнне адзначаецца ў Гомельскай і Мінскай абласцях.
Падзеж свіней павялічыўся практычна ў кожным другім раёне краіны. Колькасць прыплоду парасят скарацілася на 8%.
"На фоне правальных мінулых гадоў у гэтым годзе ў цэлым па рэспубліцы зрухі ў аднаўленні пагалоўя і аб'ёмаў вытворчасці (гадоўлі) свіней можна абазначыць як нязначныя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Значыць, прырост ёсць, але гэта на ўзроўні арыфметычнай хібнасці".
Як дакладваюць Прэзідэнту, адпаведныя меры прымаюцца, аднак падзеж свіней па-ранейшаму расце ва ўсіх абласцях, акрамя Гродзенскай і Мінскай. Зменшылася колькасць парасят за кошт зніжэння прыплоду на Віцебшчыне і Міншчыне. Зніжаюцца паказчыкі эфектыўнасці, расце колькасць стратных арганізацый, якія займаюцца свінагадоўляй, акрэсліў праблемныя моманты Аляксандр Лукашэнка.
Прычыны існуючай сітуацыі знаходзяцца на паверхні. На іх і ўказаў Кіраўнік дзяржавы - гэта грубыя парушэнні біялагічнай абароны комплексаў: недастатковая работа па барацьбе з грызунамі і птушкай, правядзенні дэзынфекцыі, забеспячэнні спецадзеннем. Адзначаюцца праблемы з улікам свіней, факты прыпісак і ўтойвання падзяжу.
У выніку патрабаванні Прэзідэнта аб аднаўленні пагалоўя свіней і аб'ёмаў вытворчасці свініны да ўзроўню 2012 года, пастаўленыя яшчэ ў 2014 годзе, не выкананы да гэтага часу.
"Давайце разбяромся, у чым прычына. Дзе парушаюцца тэхналогіі? Дзе не рэалізуюцца санітарныя мерапрыемствы? Дзе ўплывае праславуты чалавечы фактар?" - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што для выпраўлення сітуацыі патрабуюцца перш за ўсё захаванне элементарных мер тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, актывізацыя селекцыйна-племянной работы, удасканаленне рэцэптур камбікармоў. Да вырашэння праблемных пытанняў трэба далучыцца і беларускім вучоным.
"На тэрыторыі краіны працуе БНБК, якая можа зрабіць пад вашы патрэбнасці ўсё, што вы хочаце. Дамаўляйцеся і бярыце самыя лепшыя камбікармы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці правядзення ў краіне мадэрнізацыі свінагадоўчых комплексаў па аналогіі з малочнатаварнымі.
"Вядома, як мы ўжо абмяркоўвалі, неабходна таксама мадэрнізацыя свінагадоўчых комплексаў, амаль 70% якіх пабудавана больш за 20 гадоў таму. Павінна быць канкрэтная праграма прывядзення ў парадак гэтых комплексаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што многія з іх зношаны, устарэлі маральна і фізічна.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час па яго даручэнні ў асобных гаспадарках былі пабудаваны сярэднія па памерах свінагадоўчыя комплексы (прыкладна на 24 тыс. галоў), якія сябе добра зарэкамендавалі. "Што перашкаджае далей працаваць (па такой жа схеме. - Заўвага)?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на тэме забеспячэння біялагічнай абароны свінагадоўчых комплексаў, што, паводле яго слоў, з'яўляецца пытаннем дзяржаўнай важнасці. "Прашу мець на ўвазе: тое, што мы гераічна арганізуем уборку, дапамагаем сельскай гаспадарцы тэхнікай, угнаеннямі і іншымі фінансавымі сродкамі, - гэта справа аграрнага бізнесу, як модна цяпер гаварыць. Гэта справа губернатараў, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак. А вось забеспячэнне парадку, біялагічная абарона - тут з нашага, дзяржаўнага, боку павінен быць вельмі строгі кантроль. Як за ўрадлівасцю глебы. Меліярацыя, урадлівасць глеб, дарогі і іншае - гэта дзяржаўныя пытанні, за якія мы павінны адказваць. Таму тэма біялагічнай абароны комплексаў, парадку на комплексе - пытанне дзяржаўнай важнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Давайце падумаем аб цэнтралізаванай праграме рэканструкцыі нашых свінагадоўчых комплексаў і будаўніцтве новых. Па аналогіі з малочнатаварнымі комплексамі", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён папярэдзіў аб важнасці адказнага стаўлення да справы і захавання элементарных норм, інакш ніякая мадэрнізацыя не дапаможа. "Таму сёння нам неабходна прыняць рашэнні, якія забяспечваюць устойлівае развіццё свінагаліны. І рашэнні, як мне бачыцца, тут патрэбны нестандартныя, але прафесійныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.