Селектарная нарада па пытаннях уборачнай кампаніі
- 23
- 4
Жніво для беларусаў - гэта харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу 21 ліпеня на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі.
Нараду па ўборачнай кампаніі Кіраўнік дзяржавы праводзіць у выглядзе вялікай селектарнай нарады не ўпершыню. У такім фармаце відаць сітуацыю на месцах, усе поспехі і недахопы ў рэжыме рэальнага часу.
"Жніво - заўсёды пытанне нумар адзін. Па сутнасці, момант ісціны і фініш вялікай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу на працягу сельскагаспадарчага года, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас запрасіў у такім складзе на селектарную нараду ў сувязі з тым, што, шчыра кажучы, у мяне ёсць апасенні расслаблення кадраў у сувязі з умовамі надвор'я. У Беларусі заўсёды бывае так: засушыць, а потым залье. Майце на ўвазе, так можа быць, а, хутчэй за ўсё, будзе і ў гэтым годзе. Пасля гэтай засухі можа быць вельмі сырое і дажджлівае надвор'е ў жніўні. І тады мы яшчэ недаатрымаем ураджай з-за сваёй неарганізаванасці ў сувязі з вільготным надвор'ем".
"Для таго каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку, каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў "і хлеб, і да хлеба", каб перапрацоўшчыкі былі забяспечаны сыравінай, а жывёлагадоўля - кармамі, цяпер усім нам трэба максімальна арганізавацца. Жніво - гэта, калі хочаце, наш харчовы фронт. І ад гэтага фронту залежыць усё. На вайне як на вайне. Перамагае той, хто лепш падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад зары да зары. Як я часта кажу, лепш на гэтым фронце ваяваць, чым на гарачым. Сёння трэба сумленна адказаць на пытанне: дзе мы спраўляемся, а дзе недапрацоўваем. І тэрмінова ўсе недахопы выправіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рыхтавацца да ўборачнай кампаніі ў краіне пачалі з восені мінулага года. "Наведвалі рэгіёны, высвятлялі, якія ёсць праблемы, дзе патрэбны дапамога дзяржавы і маё прамое ўмяшанне. Усе вашы пажаданні па дапамозе вёсцы, па падтрымцы сельскагаспадарчага комплексу мною падтрыманы. Неабходныя рашэнні па выдзяленні бюджэтных крэдытаў на закупку мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, рамонт тэхнікі прыняты. Значыць, у мяне ёсць поўнае права патрабаваць, прычым максімальна жорстка, высокіх вынікаў і аддачы. Тым больш практыка мінулага года паказала, што нашым сельгасарганізацыям пад сілу збір?ць добрыя ўраджаі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнтам была пастаўлена задача замацавацца па ўраджаі на ўзроўні прыкладна 9,5-10 млн т збожжа ўсіх відаў. Але, па запэўненні спецыялістаў і ўрада, якія зноў адзначаюць пагодны фактар, колас у гэтым годзе лягчэйшы на 15 працэнтаў і прагназуемы валавы збор збожжа, уключаючы рапс, кукурузу, свірэпіцу і іншыя культуры, складзе крыху больш за 9 млн т. Гэта менш за ўзровень 2022 года.
"І гэта тое, што цяпер знаходзіцца на корані. Што трэба яшчэ без страт убраць і адправіць у сховішчы. Урад запэўнівае, што такой колькасці нам амаль хопіць для забеспячэння краіны харчовым і фуражным збожжам. Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. Дадаткова мною прынята рашэнне па закупцы збожжа ў Расіі. Цана пакуль блізкая да сабекошту нашага збожжа, чаму і прымалася рашэнне. Хацелася б пачуць, што зроблена ў гэтым плане. Паўтару сказанае ў Оршы: збожжа сёння як золатавалютныя рэзервы. Заўсёды спатрэбіцца і пастаянна расце ў цане. Прынамсі, такіх цэн на міжнародным рынку, як учора і сёння, не было і не будзе. Гэта дакладна. І калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, чаму б іх не запоўніць рэзервам збожжа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вернемся да нашых палёў. Як мне дакладваюць Камітэт дзяржкантролю, Генеральная пракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў, сітуацыя далёкая не тое што ад ідэальнай - ад нармальнай", - адзначыў Прэзідэнт.
Асноўныя прэтэнзіі кантралёраў - нізкая гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, элеватараў, сховішчаў і праблемы з механізатарскімі кадрамі. Паводле інфармацыі Кіраўніка дзяржавы, камбайны не гатовы да работы практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак. "Але хацелася б ведаць: усе не гатовы або з дзесяці адзін на гатовы", - сказаў ён.
Пры гэтым у асобных арганізацыях рамонт нават не пачыналі. "Можа, там і не трэба рамантаваць, хто яго ведае. Зімой адрамантавалі, восенню. Можа, у добрым стане. Я хацеў бы, каб мяне інфармавалі аб'ектыўна", - запатрабаваў Прэзідэнт.
"Зноў жа спрадвечная хвароба аграрыяў - прыпіскі. Па рэспубліцы пракуратура выявіла 185 такіх выпадкаў, калі тэхніка была гатова да работы толькі на паперы. Вось гэтага дараваць ніколі нельга! Такія гора-кіраўнікі нас завядуць чорт ведае куды. 33 зернесушыльныя комплексы таксама былі не гатовы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Больш за ўсё такіх абуральных фактаў выяўлена ў Мінскай (77), Гродзенскай (52) і Віцебскай (42) абласцях. "Не ведаю, навошта гэта ашуканства і каго вы спрабуеце падмануць? Замест таго, каб звярнуцца па дапамогу, спрабуеце ўтаіць, схаваць праблему. А ў выніку будзе няўбраны ўраджай і страты для ўсёй дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Яшчэ адной сістэмнай праблемай Кіраўнік дзяржавы назваў адсутнасць тэхагляду. Да пачатку ўборачных работ яго не прайшлі ў Гомельскай вобласці 63% камбайнаў, Віцебскай - 59%, Магілёўскай - 36%. Нядзіўна, што потым нагрузка на адзін працуючы камбайн складае не 273, а звыш 500 гектараў, сказаў Прэзідэнт. А ў некаторых гаспадарках і зусім 900 гектараў (напрыклад, у Барысаўскім раёне).
"Аб якой якасці ўборкі тады мы можам гаварыць? І дзе гэта наша арганізаванасць? А год таму ж было дадзена даручэнне закупіць для ўсіх рэгіёнаў каля 600 новых збожжаўборачных камбайнаў. Больш таго, была выпрацавана і адобрана аптымальная схема іх закупкі. Рашэнне прынята, і ўсе губернатары крыўдзяцца: на 17 ліпеня вяскоўцы атрымалі толькі 425 адзінак тэхнікі. Слухайце, а навошта вам новую тэхніку даваць, калі вы не адрамантавалі тую, што ёсць? Што гэта за падыходы такія. І наогул, Прэм'ер-міністру і Ураду трэба разабрацца, каму мы можам гэту тэхніку даваць, а каму - не. Таму што гэта яшчэ і падарунак нейкі ад дзяржавы. Калі б за свае грошы куплялі - калі ласка. Але сёння просяць тэхніку, а заўтра прыходзяць па грошы. А ў той жа час пад плотам стаіць тэхніка, якая не адрамантавана. Разбярыцеся з гэтым, Раман Аляксандравіч, і прытым жорстка разбярыцеся. Час пераходзіць ужо ад балбатні і заклінанняў да канкрэтных мер", - запатрабаваў ад Урада Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, жніво толькі пачалося, а Камітэтам дзяржаўнага кантролю ўжо выяўлены факты няякаснай уборкі ўраджаю і наплявацельскага стаўлення да яго захаванасці. "Недапушчальна!" - падкрэсліў ён.
Парушэнні зафіксаваны ў асобных гаспадарках Баранавіцкага, Пінскага, Барысаўскага, Добрушскага, Петрыкаўскага, Кармянскага раёнаў. "Разбярыцеся з кіраўнікамі гэтых раёнаў", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
"Адзначаюцца праблемы з нарыхтоўкай кармоў. Прычыны тыя ж - няспраўная тэхніка, парушэнне тэхналагічных рэгламентаў і працоўнай дысцыпліны", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
На 10 ліпеня ў 14 гаспадарках Глыбоцкага, Аршанскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці не завершаны першы ўкос шматгадовых траў. "А куды Міністр сельскай гаспадаркі, адказны за гэту сферу, глядзіць?" - спытаў Прэзідэнт.
Аб'ёмы нарыхтоўкі травяністых кармоў у Віцебскай вобласці самыя нізкія ў рэспубліцы. У некаторых гаспадарках няма і палавіны ад запланаванага. "Уборку збожжа мы вядзём адначасова з другім укосам шматгадовых траў, сяўбой прамежкавых культур, уборкай лёну. Упусціце цяпер тыдзень - ніколі не навярстаеце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Ну і самае брыдкае - крадзеж і п'янства. Жніво толькі пачалося, а Міністэрства ўнутраных спраў за крадзяжы гаруча-змазачных матэрыялаў і збожжа ўзбудзіла 61 крымінальную справу і выявіла амаль 2 200 адміністрацыйных правапарушэнняў. У кіраўнікоў гаспадарак і раёнаў, ды і ўжо ў абласцях з'явіліся такія заклінанні: як жа, вось уборка пачалася, а мы тут іх усіх да адказнасці прыцягваем. Ніякай паблажкі быць не можа", - адназначна заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Праваахоўнікамі канфіскавана 30 тон украдзенага паліва, 40 тон збожжа, 17 тон камбікорму, амаль 5 тон угнаенняў. У ходзе маніторынгу выяўлены 831 нецвярозы работнік. "Працверазіце іх там, каб больш не хацелася", - запатрабаваў Прэзідэнт.
"З году ў год не можам пераадолець адны і тыя ж праблемы. І дзе ж кіраўніцтва абласцей, раёнаў, арганізацый? У час гарачай пары ваша рабочае месца - не кабінет, а поле, элеватар, сховішча", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказным за аграпрамысловы комплекс Кіраўнік дзяржавы адрасаваў шэраг пытанняў па актуальнай тэматыцы: якая абстаноўка з уборкай на гэты момант і што, зыходзячы з гэтага, адбудзецца ў перспектыве, ці засталіся нявырашаныя пытанні, у тым ліку з гатоўнасцю збожжаўборачнай тэхнікі, у якім стане зернеачышчальна-сушыльныя комплексы?
"Неабходна задзейнічаць вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў, яны павінны арганізаваць прыёмку і дапрацоўку збожжа кругласутачна, - даручыў Прэзідэнт. - Калі будуць свабодныя сховішчы, іх трэба запоўніць танным набытым збожжам".
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб дзяржзаказ на збожжа жалезна быў выкананы, і выказаў упэўненасць у тым, што так і будзе: "Гэта наш харчовы залаты запас".
Асобна Кіраўнік дзяржавы спытаў пра забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі. "Уборка збожжа - справа ўсенародная. Як дакладваюць, запланавана прыцягнуць дадаткова 3 тыс. механізатараў, як і ў мінулым годзе, - сказаў ён. - Ведаю, многія мужыкі, асабліва тыя, хто родам з вёскі, спецыяльна бяруць водпускі на ліпень і ўладкоўваюцца працаваць камбайнерамі, каб зарабіць добрыя дадатковыя грошы для сваіх сем'яў (хутка дзяцей у школу адпраўляць). Разам з прамысловымі прадпрыемствамі няхай губернатары прадставяць планы, адкуль і каго яны возьмуць. Не павінна быць ні недахопу ў спецадзенні, ні ў паўнацэннай гарачай ежы ў полі. Людзей трэба накарміць своечасова".
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на захаванне парадку і дысцыпліны. "МУС і МНС павінны забяспечыць абарону ад пажараў палёў і людзей, сачыць за тым, каб не загарэлася збожжаўборачная і зернесушыльная тэхніка", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на неабходнасць аказаць дапамогу тым, хто жыве на прыватных падворках, дзе каля 30 тыс. га засеяна збожжавымі культурамі. "Асаблівая ўвага - пажылым і адзінокім грамадзянам, вяскоўцам. Лішкі збожжа закупяць камбінаты хлебапрадуктаў", - сказаў ён.
Гаворачы пра работу сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перадавікі жніва - гэта сапраўдныя героі нашага часу: "Яны заслугоўваюць таго, каб імі ганарыліся і на іх раўнялася ўся краіна. Я бачу, гэта работа пачалася, трэба яе пашыраць і паглыбляць".
"Разлічвайце сілы і рэсурсы. Узровень арганізацыі работы і працоўнай дысцыпліны павінен быць узорным. Вы бачыце, што адбываецца вакол, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Часта вас прашу і вам нагадваю: галоўнае для таго, каб быў мір і спакой, - гэта эканоміка".
"Ніхто нікому не дапаможа. Вы паглядзіце, што высвецілася па збожжавай здзелцы. Усе такія руплівыя, усе так дапамагаюць Украіне, і ўсе вакол адмовіліся прапусціць праз сваю тэрыторыю вывазное збожжа з Украіны. Палякі і іншыя так клапаціліся пра Украіну, што сёння адмовіліся наогул зусім прадукцыю з Украіны пускаць на сваю тэрыторыю. Вось і ўвесь рынак, - заявіў Прэзідэнт. - Таму мы павінны арганізавацца, мабілізавацца, спланаваць нашу работу, каб наш народ быў накормлены, адзеты і абуты".
На праведзеным мерапрыемстве было даложана аб выяўленых негатыўных фактах не толькі на цяперашні момант, але і ў цэлым.
"Якая вобласць больш за ўсё выклікае насцярожанасць?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы ў Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.
"Два рэгіёны, таварыш Прэзідэнт. Гэта Віцебшчына і Гомельшчына. На сённяшні дзень па шэрагу пазіцый выклікаюць у нас насцярожанасць. І па гатоўнасці па правядзенні работ, звязаных з уборкай ураджаю, і тое, што датычыцца (утрымання і забеспячэння захаванасці. - Заўвага) буйной рагатай жывёлы. Тут у нас ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі, - сказаў Генеральны пракурор. - Калі ў іншых рэгіёнах ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, то на Віцебшчыне, на жаль, тэндэнцыю з падзяжом буйной рагатай жывёлы змяніць дагэтуль не ўдалося".
Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што да тэмы падяжу БРЖ яшчэ вернуцца на семінары, які плануецца правесці ў бліжэйшы час.
Ён адрасаваў прынцыповае пытанне адказнаму за Гомельскую вобласць Кіраўніку спраў Прэзідэнта Юрыю Назараву: "Вы з Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага) узяліся за Гомельскую вобласць і клятвенна мяне запэўнівалі, што там будзе парадак і пра Гомельскую вобласць у негатыўным рэчышчы гаварыць не будзем. Я так разумею, вы там не бываеце?"
У адказ Юрый Назараў запэўніў, што сітуацыя стабілізавалася, у тым ліку па падзяжы жывёлы, хоць і няма значных поспехаў. "Мы літаральна нядаўна праводзілі там сумесную нараду з удзелам Генеральнага пракурора, Міністра ўнутраных спраў на базе аднаго з раёнаў. Сказаць, што там крытычная сітуацыя, цяпер ужо нельга",- адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на яшчэ адно прынцыповае пытанне - своечасовасць выплаты заработнай платы. Хоць па вялікім рахунку сур'ёзных праблем тут няма, але нават адзінкавыя факты недапушчальны.
"Мне дакладваюць, што вы наогул спецыялістам там зарплату не плаціце. Я проста не помню гэту гаспадарку. Непасрэдна адтуль людзі дакладваюць, што там не плацяць зарплату. Як вы хочаце ўборкай займацца, калі вы людзям не плаціце зарплату!? - абазначыў праблемнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Трэба зняць з усіх артыкулаў грошы і заплаціць людзям за работу. Я не гавару, што вы павінны ў гаспадарцы, дзе сёння збіраюць 9 або 10 цэнтнераў збожжа з гектара, нешта плаціць там надзвычайнае. Што вырасцілі, тое няхай прададуць і жывуць за гэта. Яны ж цудоўна разумеюць: калі няма прадукцыі - няма грошай. Якая зарплата? Але там, дзе людзі працуюць і зарабілі, трэба заплаціць. Аблвыканкамы, райвыканкамы павінны ўвесь свой фонд накіраваць туды, калі не хапае грошай".
Юрый Назараў у сувязі з гэтым агучыў прапанову выдзеленыя на розных узроўнях грошы "не размазваць тонкім слоем", а максімальна канцэнтраваць у тых гаспадарках, дзе можна атрымаць хуткую аддачу.
Генеральны пракурор у сваім дакладзе ўказаў і на іншыя недахопы. Хоць негатоўнасць камбайнаў, паводле даных праверак, складала ў сярэднім 2,5%, па некаторых раёнах праблема мае больш сур'ёзны характар.
Прыпіскі, пытанні да захаванасці ўраджаю, прастоі і нясвоечасовы рамонт тэхнікі, ігнараванне норм пажарнай бяспекі, кадравыя пытанні - гэтыя і іншыя праблемныя аспекты агучваліся як генеральным пракурорам, так і Старшынёй КДК Васілём Герасімавым.
Напрыклад, кіраўнік КДК звярнуў увагу на шматлікія факты, калі механізатары і іх памочнікі, якіх прыцягваюць з пабочных арганізацый, не прыбывалі да месца работы ў сельгасарганізацыях.
"А там ведаюць, хто не прыбыў? Спісы людзей, адкуль мы павінны іх узяць у сельгаспрадпрыемствы, яны ведаюць?" - спытаў Прэзідэнт.
"Безумоўна", - пацвердзіў Васіль Герасімаў.
"Дык вы разбярыцеся. Разбярыцеся разам з урадам, хто не выдзеліў гэтых людзей, чаму яны не прыбылі. Гэта ж галоўнае. Што за выканальніцкая дысцыпліна? Сёння мы ўсе гатовы ваяваць на мірным фронце, а людзі адмаўляюцца", - запатрабаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт даручыў навесці ў сельгасарганізацыях жалезны парадак у кадравым пытанні.
"Яшчэ раз кажу: лепш ваяваць у полі, чым на фронце! Няўжо камусьці гэта незразумела? Наводзьце жалезны парадак. Усё ідзе ад кадраў. Ёсць нармальны кіраўнік, значыць, арганізацыя (калгас, саўгас і іншыя) будзе нармальна працаваць. Няма - работы не будзе. Будзем траціць як заўсёды шалёныя грошы, тэхніку, угнаенні, крэдыты выдзяляць. Адрываць ад пенсіянераў, урачоў, настаўнікаў і туды накіроўваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ну калі ёсць аддача, дык добра, будзем крэдытаваць. Але калі няма аддачы, якія могуць быць размовы? Ніякіх размоў быць не можа", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе неабходныя рашэнні па кадрах прыняты: "Яшчэ раз хачу публічна аб гэтым сказаць. Сёння ні адзін спецыяліст, ні адзін кіраўнік сельгаспрадпрыемства не можа быць пераведзены на іншую работу або звольніцца без рашэння старшыні райвыканкама. Звольніўся - ніхто ў краіне не можа яго ўзяць на работу, пакуль ён з папярэдняга месца работы не прадставіць даведку, характарыстыку нармальную. І па вертыкалі. Ні адзін старшыня райвыканкама і іншыя па іх абласным рэестры таксама не можа кінуць работу. Пара ўжо навесці парадак з кадрамі. Тое ж самае - ні адзін механізатар, даярка і гэтак далей у сельгаспрадпрыемстве (калгасе, саўгасе) не можа кроку ступіць налева-направа без рашэння кіраўніка. Замкнёная вертыкаль і адказнасць".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў рэгіёнах ёсць факты негатоўнасці тэхнікі да работ або ў яе няма тэхагляду. Гэта тэма закраналася і ў дакладзе старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы ў гэтым пытанні ў Мінскай вобласці. Старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын далажыў, што з 1700 камбайнаў няспраўныя на гэты час 16, аднак ёсць і тыя, якія пакуль не прайшлі тэхагляд.
Кіраўнік дзяржавы ўсумніўся, наколькі аб'ектыўная гэта карціна, даручыўшы праверыць і далажыць на працягу тыдня.
Прэзідэнт нагадаў аб устаноўленым парадку, што гатоўнасць камбайнаў павінна быць засведчана фактам тэхагляду і гэта патрабаванне неабходна выконваць: "Тэхнічны агляд з'яўляецца сведчаннем таго, што камбайн і іншая тэхніка спраўныя. Усё астатняе не прымаецца".
Недапушчальны і факты, калі неадрамантаваная тэхніка проста стаіць пад плотам, а пры гэтым гаспадаркі пачынаюць прасіць новую тэхніку і сродкі на яе. "Пад плотам не можа стаяць ніякая тэхніка. Калі не можаце адрамантаваць, трэба аддаць прамыслоўцам. Яны яе адрамантуюць і за паўцаны прададуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама падрабязна цікавіўся станам спраў у Віцебскай вобласці. "Мы пойдзем у актыўную ўборку праз дзесьці паўтара тыдня. На гэты момант у нас пакуль няспраўныя толькі 24 камбайны. Тэрмін іх уводу будзе да 24-га чысла", - далажыў губернатар Аляксандр Субоцін.
"Я вас папярэджваю. Тэхнічны агляд з'яўляецца сведчаннем таго, што камбайны і іншая тэхніка спраўныя. Усё астатняе не прымаецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Субоцін праінфармаваў, што тэхнічны агляд атрымалі 78% ад усіх камбайнаў. У палове выпадкаў камбайны не дапушчаны да работы з-за пратэрмінаванага лізінгу. "Мы цяпер актыўна плацяжы гэтыя дапаўняем, выплачваем і гэтак жа будзем запускаць. Да 26-га, да пачатку масавай уборкі ўсе камбайны будуць з тэхаглядам", - растлумачыў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асабіста Міністр сельскай гаспадаркі нясе за гэта адказнасць як адказны за Віцебскую вобласць. Была агучана інфармацыя, што цяперашні кіраўнік Мінсельгасхарча пераходзіць на пасаду памочніка ў Віцебскай вобласці.
"Значыць, з гэтай вось уборачнай кампаніі Міністра сельскай гаспадаркі - памочнікам у Віцебскую вобласць. І мне, Ігар, дакладваць штотыднёва аб сітуацыі ў Віцебскай вобласці. Здаецца, там забылі, што трэба працаваць. І чакаюць. Нейкая надзея ў іх, што прыйдзе хтосьці, грошы прынясе і яшчэ чагосьці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ты ведаеш нашы падыходы там. Павінна быць рэалізавана. Разам з Субоціным за гэта галавой адказваеш".
Прэзідэнт таксама даручыў аператыўна падабраць кандыдатуру новага Міністра: "Вызначыцеся па Міністру сельскай гаспадаркі, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага). На наступным тыдні каб была кандыдатура. Мы не можам убіраць збожжа, калі няма адказнага за гэта".
Аляксандр Лукашэнка спытаў у Міністра прамысловасці Аляксандра Рагожніка, чаму, паводле даных кантралюючых органаў, у асобных гаспадарках фіксуюцца факты няспраўнасці набытай айчыннай тэхнікі. "З гэтымі фактамі я разбяруся. Але я вас упэўніваю, што тэхніка вырабляецца з дастатковым узроўнем надзейнасці", - адказаў Міністр. У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў прыклад з нядаўняй камандзіроўкі ў расійскі горад Кемерава, дзе наведаў фермерскую гаспадарку, якая выкарыстоўвае беларускую сельгастэхніку, і ніводнай прэтэнзіі наконт яе работы не было.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым згадзіўся, што, безумоўна, важная не толькі якасць вырабу тэхнікі, але і ўмовы яе эксплуатацыі, абслугоўвання. "Эксплуатацыя і надзейнасць тэхнікі залежаць не толькі ад тэхнікі, але і ад таго, хто сядзеў за рулём, - заўважыў ён. - Але вы разбярыцеся. Ёсць, напэўна, прэтэнзіі і да сельгастэхнікі, якую мы пастаўляем у вёску". Пры гэтым якасць тэхнікі, што пастаўляецца на экспарт, і той, якая прадаецца ўнутры краіны, павінна быць безумоўна аднолькава добрай, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Вы разбярыцеся. Кітай і іншае (арганізацыя экспартных паставак беларускай сельгастэхнікі. - Заўвага) - гэта, вядома, правільна, гэта трэба. Але па вертыкалі ў сябе разбярыцеся з кіраўнікамі, і няхай у КДК возьмуць гэтыя факты (выяўлення няспраўнасцей. - Заўвага) і правераць, якая тэхніка, які камбайн... Трэба даць ацэнку", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у час селектара далажыў аб стане спраў з разлікамі сельгасарганізацый за паліва і іншую прадукцыю, неабходную для падрыхтоўкі і правядзення ўборачнай кампаніі. Размова ішла таксама аб своечасовасці пагашэння крэдытных абавязацельстваў. "Калі пазычыў, доўг павінен быць своечасова вернуты, - падкрэсліў у сувязі з гэтым Прэзідэнт. - Толькі тады можна прыйсці (гэта як выключэнне) папрасіць яшчэ пазычыць грошай".
"Так, гэта наша пазіцыя", - сказаў у сваю чаргу Юрый Селіверстаў.
"Я звяртаюся да ўсіх губернатараў. Вы чулі даклад Міністра па фінансаванні. Што не так? Ці своечасова аплачваецца нарыхтоўка збожжа?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы. Асобна Прэзідэнт пацікавіўся ў губернатара Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейкі: "Вы пачалі раней за ўсіх уборку. Ёсць факты неаплаты пастаўленага збожжа?"
"Такіх фактаў няма, - сказаў старшыня аблвыканкама. - Сёння ідзе планавая прыёмка і разлікі за пастаўленае збожжа".
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў час нарады далажыў аб тым, як вырашаюцца вострыя праблемы ў АПК.
Паводле яго даных, ва ўборачнай кампаніі будуць задзейнічаны 7,5 тыс. камбайнаў. Гатоўнасць тэхнікі ў цэлым складае 99%, праўда, яна адрозніваецца па рэгіёнах. Напрыклад, у Віцебскай вобласці - 98%, хоць яшчэ год таму на тую ж справаздачную дату быў 81%. "Гэта значыць мы рэальна дабавілі да ўзроўню мінулага года", - сказаў Міністр. Ён падкрэсліў, што па забяспечанасці гаспадарак тэхнікай ёсць дадатная дынаміка і штогод сітуацыя паляпшаецца. "У мінулым годзе купілі 405 камбайнаў, у гэтым годзе плануем узяць за год 800", - праінфармаваў ён.
Акрамя паставак новай тэхнікі, па даручэнні Прэзідэнта, значна актывізаваны працэс рамонту і аднаўлення старой. Пры садзейнічанні Міністэрства прамысловасці былі адрамантаваны і адноўлены 215 збожжаўборачных камбайнаў, 188 - кормаўборачных, больш як 800 трактароў.
Што датычыцца магчымых апасенняў па недаборы аб'ёмаў нарыхтоўкі кармоў, то Ігар Брыло запэўніў: будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб гэтага не дапусціць, тым больш што ўмовы надвор'я даюць падставы спадзявацца на нядрэнны другі ўкос травяністых кармоў.
У частцы нарыхтоўкі ўраджаю збожжавых у гэтым годзе Міністр адзначыў, што прагназуемы недабор - каля 1 млн т. Але для краіны гэта некрытычна, паколькі, паводле яго слоў, "на складах ёсць каля 1 млн т пераходнага астатку". Ігар Брыло таксама адзначыў дадатныя тэндэнцыі ў вырашэнні праблем з падзяжом жывёлы. Паводле яго даных, узровень непрадукцыйнага выбыцця скараціўся ў гэтым годзе на 21 тыс. у параўнанні з паказчыкамі за аналагічны перыяд мінулага года.
"Мы ў гэту ўборачную кампанію падрыхтаваліся не горш, а, думаю, па некаторых кампанентах нават лепш, чым у мінулым годзе", - рэзюмаваў Міністр.
"Я бачу, што праведзена вельмі вялікая работа па падрыхтоўцы ўраджаю. Людзі разумеюць, што нам трэба сёння мабілізавацца, ад гэтага залежыць наша будучыня", - сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў бягучым годзе ёсць верагоднасць па асобных культурах недабраць той аб'ём ураджаю, які быў запланаваны. Але гэта не выклікае моцнай занепакоенасці, паколькі раней, у больш ураджайныя гады, у краіне быў сфарміраваны дастатковы запас, у тым ліку і па збожжы. "У нас у рэзерве мільён тон збожжа - тое, чаго я ад вас заўсёды патрабаваў: няхай будзе рэзерв. Сёння няма праблем, гэты недабор мы спакойна перакрываем са сваіх рэзерваў. Плюс: бачым таннае збожжа - трэба яго закупіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым пытанні трэба падыходзіць па-сялянску, па-вясковаму. "Запас бяды не чыніць". Трэба абавязкова мець рэзервы, запасы. Чаго б нам ні каштавала, трэба глядзець не толькі па баках, але і ўнутры на нашы рэзервы, якія мы можам выкарыстоўваць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён таксама пазітыўна ацаніў перспектывы вырошчвання азімых ячменю і рапсу. Тлумачачы, у чым перавагі азімага ячменю для сельскай гаспадаркі Беларусі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніхто не настойвае на штучным насаджэнні гэтай культуры па ўсёй краіне, таму не трэба праводзіць паралелі з распаўсюджваннем кукурузы ў савецкі час пры Мікіце Хрушчове.
"Падкрэсліваю: азімы ячмень - гэта не мая вынаходка, мы яго вырошчвалі даўно, але па астаткавым прынцыпе. Мы ніколі не ўдзялялі гэтай культуры асаблівай увагі, а ёй трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу, калі вырашылі яе вырошчваць", - заявіў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што ў мінулым і ў гэтым годзе азімы ячмень перажыў складаную сітуацыю. "Гэта капрызная культура, яна добрая там, дзе захоўваюцца тэхналогіі (у прынцыпе, як і любая іншая культура, але азімы ячмень - перш за ўсё), - сказаў Прэзідэнт. - Азімаму ячменю, я лічу, быць. Ён перажыў катастрофы мінулага і гэтага года і даў нядрэнны ўраджай". На асобных палях у Беларусі яго ўраджайнасць дасягае 70-100 ц/га.
Важным фактарам на карысць вырошчвання гэтай культуры з'яўляецца і ранні тэрмін яе ўборкі - да пачатку масавай уборачнай кампаніі, што дае магчымасць загадзя абкатаць тэхніку, падрыхтаваць механізатараў і іншы персанал. "Але трэба жалезнае захаванне тэхналогій і адпаведны падбор палёў", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Пазітыўна ацаніў Аляксандр Лукашэнка і перспектывы вырошчвання рапсу: "Гэта добрая грашовая культура, і ёю трэба займацца. Як азімы ячмень, так і рапс, асабліва азімы, яны патрабуюць строгага захавання тэхналогій". Нават пры ўраджайнасці 35 ц/га азімы рапс дае вельмі добры даход. "Кітайцы просяць павялічыць пастаўкі ім рапсавага алею. Ды і еўрапейцы, якімі б санкцыі ні былі, з задавальненнем будуць браць у вас гэты алей. І трэба памалу наша насельніцтва прывучаць да рапсавага алею. Ён абсалютна не горшы, чым сланечнікавы, а па многіх паказчыках - нават лепшы", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым ён падкрэсліў, што ні ў якім разе не настойвае на неабходнасці паўсюднага вырошчвання гэтых культур, мэтазгоднасць гэтага павінна ацэньвацца на месцах. "Не трэба націскаць, што Прэзідэнт гаворыць пра азімы ячмень і давайце будзем вырошчваць, як некалі Мікіта Сяргеевіч патрабаваў вырошчваць кукурузу. Хоць ён меў рацыю. Нават у нас, у Беларусі. Вазьміце гэты год - калі б не было кукурузы, нам было б вельмі цяжка. Пры ўсёй засусе кукуруза па ўсіх палях дае добры вынік. Таму не трэба сёння кідаць кукурузнымі пачаткамі ў бок чалавека, якога ўжо няма і які меў рацыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэтым дзвюм культурам быць, іх трэба вырошчваць, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Але тэхналогіі і яшчэ раз тэхналогіі. Без тэхналогій нічога не будзе".
У час нарады аб сітуацыі ў сваіх рэгіёнах далажылі і губернатары. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы выразна запатрабаваў: дакладваць без самасправаздач і засяродзіцца перш за ўсё на праблемах.
"Хачу папярэдзіць дакладчыкаў: прагнозамі мы сыты. Не трэба сёння пра гэта гаварыць. Гаварыце па сутнасці. Якія ў вас праблемы, якія недахопы. Адкрыта і сумленна. Тысячы людзей вас чуюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Губернатар Мінскай вобласці адзначыў, што сітуацыя ў цэнтральным рэгіёне складаная, але не катастрафічная. "У нас сёння праблем, якія былі б звязаны не з асаблівымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, няма. Дажджы пайшлі, і мы сёння бачым, як прагрэсіруе наша кукуруза, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Таму тых пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні дзяржавы, у нас няма".
Але па адным з пытанняў старшыня Мінскага аблвыканкама ўсё ж папрасіў падтрымкі ў Прэзідэнта. Да 1 жніўня гаспадаркам вобласці неабходна пагасіць крэдыты на паліва, якія былі ўзяты ў мінулым годзе. "З улікам абставін гэта будзе зрабіць вельмі складана. Мы просім хоць крыху адтэрмінаваць вяртанне. А ўсе свае астатнія абавязацельствы па вяртанні бюджэтных крэдытаў і ўсяго астатняга Мінская вобласць, як бы ні было складана, выканала", - сказаў губернатар.
"Па ўсіх праблемах, якія вы абазначылі, у тым ліку па вяртанні, Урад на гэтым тыдні і наступным прыме рашэнне", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вялікі дзякуй вам за падтрымку", - сказаў Аляксандр Турчын.
"Не, пачакай. Я не сказаў, якое будзе рашэнне. Рашэнне будзе прынята. Але вы нядрэнны эканаміст, ведаеце, што па даўгах трэба плаціць. Калі не плацяць, значыць, будзе бяда праз некаторы час. Але з улікам усіх абставін разам ва ўрадзе вы разберацеся і ўнесяце мне прапановы на наступным тыдні, не пазней", - даручыў Прэзідэнт.
Гаворачы пра ўмовы надвор'я, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сітуацыя ўсюды склалася розная: у адных рэгіёнах землі пацярпелі больш, у другіх менш.
"Я цудоўна разумею, гэта не мінулагоднія ўмовы. Калі 40 дзён у краіне не было дажджоў, то, зразумела, на ўсе раёны гэта неяк паўплывала. Але спасылацца на тое, што вось бяда, згарэлі ўсе, - гэта няправільна. Так, мы не атрымаем мінулагодні рэкордны ўраджай, але я ад вас гэтага і не патрабую. Калі вы ў мінулым годзе змаглі ўзяць 10,5 млн збожжа ўсіх культур, я прашу ад вас 9. І мы можам сабраць, калі арганізуемся і ў нас будзе нармальная дысцыпліна. Калі механізатар будзе адказваць за стан тэхнікі, каб шлейф пасля камбайна не высяваўся. Гэта ж работа інжынера, агранома, кіраўніка і перш за ўсё механізатара. Захаваем збожжа, якое сёння ёсць у полі, значыць, будзем мець ураджай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я строга з вас патрабую і ўгаворваю не таму, што рабіць няма чаго. Сітуацыя вельмі няпростая. Таму нам трэба як дбайным гаспадарам мець нешта ў запас. Хто можа сказаць, што будзе ў канцы года або ў наступным годзе? Ніхто. Таму давайце будзем ствараць запасы і рэзервы. Будзе збожжа - значыць, будзе чым карміць жывёлу, птушку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усюды павінна быць дысцыпліна. Усе рашэнні прыняты, карты ў вас на руках. Патрабуйце ад механізатара, даяркі, спецыяліста, кіраўніка да члена Урада".
Паводле слоў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка, у яго рэгіёне таксама няма асаблівых праблем: тэхніка адрамантавана, кадры ёсць, крыніцы фінансавання вызначаны.
"Што датычыцца ўмоў надвор'я. У Гродзенскай вобласці толькі 28% ад нормы выпала ападкаў у маі-чэрвені. Але пацярпелі мы сапраўды менш, чым іншыя вобласці. Каля 1% збожжавых пасеваў або прызнана загінуўшым, або пераведзена на кармавыя мэты. Ураджайнасць крыху ніжэйшая, чым у рэкордным мінулым годзе, але, паводле нашых разлікаў, сярэднестатыстычны гадавы збор збожжа атрымаць удасца. Гэта значыць мы не дасягнём рэкорднай лічбы мінулага года, але стандартны аб'ём збожжа, які звычайна атрымлівае Гродзенская вобласць, будзе сабраны. Нараўне з існуючымі запасамі і прынятым рашэннем аб закупцы збожжа за межамі краіны, ніякіх праблем па забеспячэнні жывёлагадоўлі і насельніцтва збожжам мы не бачым", - заявіў Уладзімір Каранік.
Разам з тым ён канстатаваў, што сітуацыя з нарыхтоўкай кармоў крыху больш складаная: першы ўкос быў горшы, чым летась, таму ёсць некаторае адставанне ад графіка і страты. "Мы ледзь-ледзь недабяром да сярэдняга значэння, але з улікам астаткаў праблем з забеспячэннем кармамі мы не бачым", - сказаў губернатар.
У Брэсцкай вобласці сітуацыя крыху лепшая, чым у цэлым па краіне. Паводле даных губернатара, у рэгіёне ўбрана 12% плошчы, сярэдняя ўраджайнасць - на ўзроўні 41 ц/га, што адпавядае ўзроўню мінулага года. Больш высокую ўраджайнасць, чым на год раней, паказвае рапс - 30 ц/га ў параўнанні з 24 ц/га. "Мы плануем намалаціць без грэчкі, кукурузы і проса 1,250 млн т, што адпавядае сярэднестатыстычнаму году па Брэстчыне", - сказаў губернатар Юрый Шулейка.
Што датычыцца нарыхтоўкі кармоў, то ён праінфармаваў Прэзідэнта аб выхадзе на ўзровень мінулага года і планах па выкананні пастаўленых на гэты год задач.
Аляксандр Лукашэнка асобна спытаў губернатара, ці ёсць праблемы з разлікамі за пастаўленае ў лік дзяржзаказу збожжа, ці фіксаваліся факты, калі збожжа забіралі ў сельгасарганізацыях без своечасовай аплаты.
"Такіх фактаў няма. Ідзе планавая прыёмка і разлікі за пастаўленае збожжа", - адказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў, што ў Магілёўскай вобласці падлягае ўборцы 322 тыс. га збожжавых і зернебабовых культур. Гэта без уліку кукурузы на зерне, грэчкі і проса.
Ва ўсіх раёнах вобласці пачалі ўжо ўборку збожжавых культур і азімага рапсу. Адначасова пачата рэалізацыя збожжа ў лік рэспубліканскіх дзяржпатрэб. На сённяшні дзень прададзена азімага рапсу 30% ад задання, вядзецца пастаўка харчовага збожжа і піваварнага ячменю.
"Папярэдні баланс збожжа паказвае, што чаканы валавы збор дазволіць забяспечыць у поўным аб'ёме пастаўку збожжа ў лік рэспубліканскіх дзяржпатрэб", - запэўніў кіраўнік рэгіёна. Астатняе зерне пусцяць на фуражныя мэты.
Ва ўборачнай кампаніі будзе задзейнічана больш за 1 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Гатоўнасць - 99%. 95% камбайнаў прайшлі тэхагляд. "Механізатарскімі кадрамі забяспечаны ў поўным аб'ёме. Для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі створаны ўсе неабходныя ўмовы: гарачае харчаванне, спецадзенне, выпрацавана і даведзена сістэма аплаты працы", - сказаў Анатоль Ісачанка.
У сваю чаргу гатоўнасць зернесушыльных комплексаў вобласці складае 99%. У рэгіёне таксама ўжо вядуць падрыхтоўку да сяўбы азімых - уносяцца ўгнаенні, праводзіцца ўзворванне.
"Праблем мы не бачым, усё ў планавым рэжыме. Ёсць адно пытанне. Гэта тое, што датычыцца паліва. Усе рэсурсы, якія ёсць, мы будзем выкарыстоўваць. У нас не падлічваецца ў поўным аб'ёме паліва да 1 верасня. З улікам уборкі і кукурузы. Таму я прасіў бы сёння сумесна з урадам разгледзець гэта пытанне. Адно пытанне, якое ёсць, праблемнае. Астатнія пытанні мы вырашаем і вырашым", - заявіў губернатар.
Ён растлумачыў недахоп паліва ўмовамі надвор'я, што склаліся, у выніку якіх на палях спатрэбілася выканаць дадатковыя аб'ёмы работ.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін далажыў аб планах пачаць актыўную фазу ўборкі ўжо да канца наступнага тыдня - праз 7-10 дзён. Цяпер ужо шэсць раёнаў вобласці пачалі ўбіраць азімую пшаніцу.
Азімага ячменю ўбрана 76% ад пасеваў. Сярэдняя ўраджайнасць на гэты час складае 26 ц/га, хоць у апошнія дні трымалася на ўзроўні 29,4 ц/га. Сабрана ледзь больш за 25 тыс. т зерня ячменю.
"Пачалі акуратна, дзе палі падышлі, убіраць рапс, азімыя. Ураджайнасць недзе 16,4 ц/га. Гэта прыблізна на ўзроўні мінулага года", - адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Ён запэўніў, што ў цэлым Віцебская вобласць да актыўнай фазы ўборачнай кампаніі гатова. Камбайны будуць усе гатовы да 24-26 ліпеня, і тэхніка пройдзе тэхагляд, як ставілася задача.
Па зернесушыльных комплексах на гэты час толькі адзін не гатовы, але яго ўвод намечаны літаральна на наступны дзень.
Прапрацаваны ўсе пытанні і па забеспячэнні кадрамі. "З кожным чалавекам сазвоньваемся. Гэта прадпрыемствы і Мінабароны дапамагаюць. У бягучым годзе і МНС дапамагае механізатарамі, хто мае патрэбныя навыкі і дакументы", - далажыў Аляксандр Субоцін.
"Усе настроены на ўборку ўраджаю і на тое, каб закладваць ужо актыўна ўраджай наступнага года. Мы разлічваем даволі плённа папрацаваць. Пасеяць больш азімага палетка і больш узараць. Для гэтага і машынна-трактарны парк таксама гатовы", - сказаў ён.
Аляксандр Субоцін расказаў, як у вобласці рэалізуецца даручэнне "дастаць усё ламачча з-пад плота": "Тут мы працуем інтэнсіўна. У нас у бягучым годзе з вось гэтага ламачча было сабрана і будзе працаваць 38 камбайнаў і 102 трактары рознай магутнасці. Тут вельмі строга сочыць за намі і Урад, і міністэрства, прычым з візуальным кантролем".
Што датычыцца нарыхтоўкі травяністых кармоў, то, нягледзячы на павялічаныя плошчы ўборкі, ураджайнасць у бягучым годзе, на жаль, ніжэйшая. Тым не менш у кожным раёне і гаспадарцы ёсць праграмы, як частку кармоў, якой нестае, будуць дабаўляць. "Дарожная карта напісана на кожны выпадак", - запэўніў губернатар.
Наперадзе яшчэ другі ўкос траў, разлічваюць у вобласці на ўраджай прамежкавых культур, ды і кукурузы плануюць убраць не менш за ўзровень мінулага года.
Выслухаўшы даклад, Аляксандр Лукашэнка нават пахваліў губернатара за тое, наколькі ён глыбока ўнік у пытанні сельскай гаспадаркі пасля папярэдняй работы на іншых высокіх пасадах: "Павінен сказаць, Аляксандр Міхайлавіч, мяне ўжо радуе, што вы дакладна размаўляеце, ужываючы аграрныя тэрміны. Значыць, толк будзе. Вы ўжо адыходзіце ад выкладчыцкай мовы, а становіцеся на рэйкі сапраўднага тэхнолага ў сельскай гаспадарцы".
Звяртаючыся да Аляксандра Субоціна, Прэзідэнт сказаў: "Хацелася б, каб вы прынялі новага памочніка (Ігар Брыло. - Заўвага). Але спакойнага жыцця вам не будзе. Вы ж разумееце, што я не ў ссылку адпраўляю Брыло. А для таго, каб усё ж такі мы Віцебскую вобласць паставілі на ногі. Ён ведае, што рабіць. Але гэта мы асобна з ім будзем гаварыць аб яго рабоце. Але спакойнага жыцця там не будзе. І прамая сувязь у яго будзе з усімі тымі, з кім ён сёння працуе як роўны - міністры, члены Урада. Хаця і вы чалавек там, які не з неба зваліўся, прапрацаваў ва ўрадзе дастаткова часу".
"Але майце на ўвазе, што ні ў Ісачанкі, ні ў Крупко, ні ў вас (кіраўнікі Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей. - Заўвага) адступаць няма куды. Усё! Адступаць няма куды! Усходнія вобласці павінны даваць прагрэс. Яны павінны развівацца і даваць нармальную дынаміку", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Уборачную кампанію ў Гомельскай вобласці пачалі ўжо ўсе раёны. На сённяшні дзень убрана 16% збожжавых культур. Завяршаецца ўборка рапсу. Па ўраджайнасці чакаецца ўзровень мінулага года за кошт большых плошчаў. Пачалі здачу ўраджаю ў лік дзяржзаказу, які будзе выкананы ў поўным аб'ёме.
"Што датычыцца азімага ячменю, перазімоўку прайшоў добра, але падтапленні. І пры наліванні трапілі на высокія тэмпературы. Сёння мы маем 22-23 ц/га. Але па валавым аб'ёме ў тры разы больш за ўзровень мінулага года", - далажыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Гатоўнасць тэхнікі ў рэгіёне дазваляе ўбіраць да 5% плошчы ў дзень, ёсць дастатковыя магутнасці сушыльнай гаспадаркі.
Губернатар канстатаваў, што ўмовы надвор'я ўдарылі па каласавых, але ў вобласці своечасова сарыентаваліся. Плануюць кампенсаваць недабор за кошт кукурузы. "У нас уборачная плошча фактычна выраўноўваецца да ўзроўню мінулага года. І мы бачым вал з кукурузай 1 млн 50 тыс. т. Недабяром прыкладна 10% па каласавых, але за кошт уборкі кукурузы на зерне - больш за 100 тыс. т да ўзроўню мінулага года - мы забяспечым грамадскую жывёлагадоўлю на 90%", - далажыў Іван Крупко.
Выдзелены фінансавыя рэсурсы на дадатковую куплю збожжа, ёсць забяспечанасць кадрамі.
Нядрэнныя разлікі ёсць на нарыхтоўку травяністых кармоў, хоць у першым укосе крыху недабралі. "Мы бачым 1 млн 250 тыс. т сенажу. Гэта плюс 50 тыс. да ўзроўню мінулага года", - сказаў губернатар.
Паводле яго слоў, кукуруза падкормлена на 100% плошчы, травы пасля першага ўкосу - на 70%. "Мы чакаем атрымаць 4 млн т зяленай масы кукурузы, што забяспечыць тыя зададзеныя параметры па кармах", - запэўніў кіраўнік рэгіёна.
Іван Крурко таксама абазначыў пытанне наконт паліва. На ліпень, жнівень і частку верасня ў рэгіёне хапае сваіх запасаў: "Сапраўды, можа, з улікам вялікага аб'ёму работ - сяўбы, уборкі кукурузы, узворвання, - будуць неабходны адтэрмінаваныя крэдыты. Мы папярэднія пагасім. І, калі будзе таксама неабходнасць, дазвольце выйсці на вырашэнне гэтага пытання".
Губернатар закрануў і агучаныя на нарадзе заўвагі ў адрас Гомельскай вобласці. Ён запэўніў, што ўсе гэтыя праблемныя пытанні разглядаюцца на ўзроўні сілавога блока, прымаюцца дакладныя рашэнні і ідзе кантроль за іх выкананнем. "Што датычыцца падзяжу жывёлы, так, вы маеце рацыю. Не многае зроблена. Але гэта не многае дазволіла павялічыць пагалоўе БРЖ да ўзроўню мінулага года на 10 тыс. галоў, - адзначыў Іван Крупко. - Мы бачым, што рабіць і, я думаю, што рэзультат будзе".
"Дзякуй, Іван Іванавіч. Вы маеце надзвычайныя паўнамоцтвы разам з Назаравым (упаўнаважаны па Гомельскай вобласці Юрый Назараў. - Заўвага). Вызначайцеся, запрашайце для дапамогі любога Міністра. Яны прыедуць, акажуць вам падтрымку. Але Гомельскую вобласць трэба выцягваць з балота. Гэта нядобра. Прыгожая вобласць, прыгожыя людзі, а мы там боўтаемся. Таму прымайце самыя рашучыя меры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваецца яго даручэнне па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў у Мінскай вобласці. Усяго да канца года тут плануецца ўзвесці 20 аб'ектаў. Да гэтай работы падключылі не толькі кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна, але і сталіцы. Агульны кошт укладанняў Мінскага гарвыканкама складае Br100 млн.
"У будучай пяцігодцы ўвесь дойны статак трэба перавесці ў тэхналагічныя малочнатаварныя комплексы, - нагадаў аб задачы для ўсёй краіны Прэзідэнт. - Вы ж бачыце, што ў вёсцы людзі не затрымліваюцца, іх будзе ўсё менш і менш. Гэта агульнасусветная практыка і тэндэнцыя. І паколькі мала людзей, трэба перавесці ў малочнатаварныя комплексы дойны статак. Гэта і якасць прадукцыі, а значыць, і вашы грошы. І хопіць ужо целяпацца ў гэтых старых кароўніках, дзе дыхаць немагчыма ні жывёле, ні тым людзям, якія там працуюць. Таму ў будучай пяцігодцы мы гэту праблему вырашым".
Як далажыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, першы малочнатаварны комплекс літаральна гэтымі днямі ўведзены ў эксплуатацыю. Гатоўнасць астатніх аб'ектаў ад 70%. Плануецца, што яны пачнуць працаваць да канца года.
"Вы знайшлі аптымальную цану гэтага малочнатаварнага комплексу? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Дзякуй, вядома, вам і гораду, што вы гэтыя грошы выкраілі. Зразумела, Мінская вобласць корміць Мінск, і вы выдзелілі грошы на будаўніцтва. Але лішніх жа грошай і ў вас няма".
Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, кошт аднаго комплексу на 800-1200 галоў складае крыху больш за Br8 млн. Пры гэтым будаўніча-мантажныя работы каштавалі Br5,5 млн. "Па праекце было Br12 млн, атрымалася Br8 млн. Вельмі многае рабілі гасспосабам. Скарацілі тэрміны будаўніцтва: было 18 месяцаў, мы пабудавалі фактычна за 10. Таму атрымалася такая лічба", - расказаў мэр Мінска.
Раней у іншых рэгіёнах, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці, узнікалі праблемы з тэрмінамі ўзвядзення аб'ектаў з-за доўгіх узгадненняў у розных інстанцыях. Прэзідэнт удакладніў, ці сутыкнуліся з такімі пытаннямі ў Мінскай вобласці.
"Такая праблематыка, вядома, існуе. Але мы яе вырашаем, - адказаў губернатар Аляксандр Турчын. - Калі ісці па агульнаўстаноўленым шляху, то будаўніцтва комплексу зойме два гады. Сёння ідзём рознымі шляхамі, часам не чакаючы нейкіх рашэнняў. Галоўнае - пабудаваць".
Па выніках правядзення селектарнай нарады Аляксандр Лукашэнка даў шэраг важных даручэнняў.
У ліку актуальных тэм, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве, былі пытанні фінансавання сельгасарганізацый, у тым ліку пры закупцы паліва. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду ў бліжэйшы час сабраць старшынь аблвыканкамаў і разам з імі вырашыць праблемныя пытанні. "Там, дзе трэба дапамагчы, - падстаўце плячо. Дзе лайдачаць і не хочуць працаваць - унясіце прапановы", - звярнуўся Прэзідэнт да Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў тэматыцы выбару асноўных сельскагаспадарчых культур, на якія варта рабіць асноўны ўпор, - азімы ячмень, кукурузу і рапс.
Прадаўжаючы размову аб тэхналагічнай дысцыпліне, Прэзідэнт засяродзіў увагу на захаванні рацыянальных падыходаў да падрыхтоўкі глебы пад будучыя пасевы і на арганізацыю лушчэння іржышча ў тых выпадках, калі не рацыянальна праводзіць уборку саломы для патрэб жывёлагадоўлі. Рацыянальна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, варта паставіцца і да пасеваў кукурузы, вызначыўшыся са стратэгіяй: што рыхтаваць на сілас, а што пакідаць на зерне. Выказаўся Прэзідэнт і наконт закупкі насення, якое не вырошчваецца ў нашай краіне, напрыклад, люцэрны. На думку кіраўніка дзяржавы, у гэтым выпадку мэтазгодна арганізаваць агульную закупку для патрэб усіх сельгасарганізацый, што дасць магчымасць за кошт значных аб'ёмаў набыць насенне па больш выгаднай цане.
Адно з даручэнняў Кіраўніка дзяржавы датычылася дадатковага забеспячэння сельгасарганізацый механізатарамі на час уборачнай кампаніі. "Самае галоўнае - мы ў бягучым годзе павінны закончыць выпрацоўку практыкі запрашэння механізатараў звонку, асабліва з прамысловых прадпрыемстваў. Мы павінны дакладна разумець, колькі нам у бягучым годзе і ў наступным трэба будзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы будзем ведаць канкрэтных людзей і адкуль заўтра іх запросім, г.зн. напрацаваць механізм і практыку ў бягучым годзе, каб не куляцца з году ў год".
"Упаўнаважаным і памочнікам - неадкладна выехаць на месцы і аказаць усялякую падтрымку губернатарам і абласцям у арганізацыі ўборачнай кампаніі. Як вы будзеце там працаваць - гэта ваша справа, толькі не перашкаджайце", - агучыў яшчэ адно даручэнне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што да яго паступаюць скаргі на нясвоечасовыя разлікі перапрацоўчых прадпрыемстваў за прадукцыю, пастаўленую сельгасарганізацыям і фермерам. У прыватнасці, размова ішла пра малако і мяса. "Гэта, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, Прэм'ер-міністр. - Заўвага), недапушчальна. Дзе хочаце трэба знайсці грошы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Здачы (калі прадукцыю здаюць, а не прадаюць. - Заўвага) быць не павінна, трэба купляць малако і мяса. Кроў з носа трэба знайсці грошы, каб не было завінавачанасці перад калгасамі, саўгасамі".
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх адказных асоб у цэнтры і на месцах на актыўнае правядзенне ўборачнай кампаніі і вельмі сур'ёзнае да яе стаўленне: "Яшчэ раз паўтараю: часу на разварушванне няма. Мы ўжо разварушыліся на азімым ячмені і часткова на рапсе, ужо нават у Віцебскай вобласці пачалі пшаніцу ўбіраць. Актывізуйцеся. Не дай бог нейкая нестабільнасць! Яна пачынаецца з эканомікі, а эканоміка пачынаецца з таго, як накормлены і апрануты людзі. Усё гэта - у сельскай гаспадарцы".