Нарада па пытаннях арганізацыі ўборачнай кампаніі 2021 года

  • 13
  • 16:46

Рост сусветных цэн на прадукты харчавання павінен стаць дадатковай магчымасцю для эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 ліпеня на нарадзе па пытаннях арганізацыі ўборачнай кампаніі 2021 года.

"Галоўны фактар, на які трэба звяртаць увагу, у тым, што харчаванне як ніколі сёння вырасла ў цане. Попыт неймаверны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, паводле розных ацэнак, амаль 1 млрд людзей у свеце галадаюць, а таму попыт на харчаванне і адсюль цэны на прадукты харчавання будуць расці. "Вядома, гэта дрэнна. У планетарным маштабе гэта дрэнна. Але для нас гэта павінна стаць дадатковай магчымасцю паправіць эканамічнае становішча ў краіне і нарэшце атрымаць хоць невялікую аддачу ад таго, чым мы балелі кожны год. А мы балелі за нашых сялян, аграпрамысловы комплекс, укладвалі туды вялікія грошы. І, як бачыце, не дарэмна. Але пажадана атрымаць максімальную аддачу. Вось у чым заключаецца момант сённяшняга дня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў актуальнасць моманту для правядзення нарады, хоць сама па сабе тэма ўборачнай традыцыйна абмяркоўваецца ў гэты час з году ў год. "Традыцыйна - гэта, па-першае. Але ўсё ж такі галоўны складнік прычыны нашай сённяшняй сустрэчы з вамі ў тым, што год асаблівы. І не таму, што надвор'е ў нас асаблівае. Яно кожны год у нас асаблівае, паколькі мы займаемся сельскай гаспадаркай ў зоне рызыкоўнага земляробства. Надвор'е заўсёды падносіць нам сюрпрызы, яно няўстойлівае", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў тэхнічную моц сельскай гаспадаркі Беларусі, зыходзячы з тэмпаў уборкі збожжавых. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі ўважліва сочыць за ўсімі працэсамі ў час уборачнай кампаніі - эканамічнымі, умовамі надвор'я. "Мяне не пакідае думка, што раней (а ўчора мы намалацілі першы мільён тон хлябоў, сёння будзе 1,2-1,3 млн т) для таго, каб першы мільён або другі, або трэці намалаціць, нам патрэбна было больш, чым паўмесяца. А цяпер мы яшчэ і не пачалі па-сапраўднаму масавую ўборку, але мільён тон ужо ў засеках. Гэта сведчыць аб той моцы, перш за ўсё тэхнічнай, якой валодае сёння сельская гаспадарка", - падкрэсліў беларускі лідар.

Тым не менш, адзначыў ён, пэўныя праблемы існуюць. "Выявіць гэтыя праблемы, прыняць рашэнні - мэта сённяшняй нарады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў патрабаванне ў аптымальныя тэрміны, аператыўна і якасна арганізаваць уборачную кампанію.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўборачная кампанія - гэта вянец усёй работы аграрыяў: "Гэта важнейшы этап сельгасработ, які шмат у чым вызначыць, што будзе ў засеках і на сталах не толькі беларусаў, але і за межамі Беларусі. Я маю на ўвазе экспарт".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя ў полі па тэхналагічным стане пасеваў няпростая. Умовы надвор'я цяжкапрадказальныя, а становішча можа рэзка пагоршыцца. "Таму я вас вельмі прашу і патрабую ні ў якім разе не запавольвацца. Не трэба, як у нас часта кажуць, дасушваць збожжа ў полі, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Сёння, зыходзячы з тактыкі, трэба ўбраць праблемныя палі, якія заўтра, у выпадку пагаршэння надвор'я, будуць недаступныя да ўборкі".

"Умовы надвор'я, нехта называе іх анамальнымі, паўплывалі на фарміраванне яравых збожжавых культур. Вы разумееце, у гэтых умовах нам давядзецца адначасова ўбіраць лён, рапс і збожжавыя", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт даў канкрэтнае даручэнне па структуры пасеваў на будучае: "Я амаль на 100% падышоў да гэтага, абмяркоўваў са спецыялістамі гэта пытанне - нам трэба павялічыць пасевы азімага ячменю. Сёння мы маем амаль 33-35 ц/га ўраджайнасць у цэлым, а па азімым ячмені - пад 50 ц/га. Калі мы тэхналагічна своечасова правільна пасеем, як і любую культуру, азімы ячмень, ён 50-60 ц/га дасць".

"А што патрэбна? Калі б мы на ўсіх культурах (размова пра збожжавыя. - Заўвага) мелі 50 цэнтнераў ураджайнасць, нам наогул нічога не трэба было б. І нафта не трэба, і газ прыродны не трэба (размова пра магчымасці на высокім узроўні забяспечваць патрэбнасці нацыянальнай эканомікі, нават не маючы багатых прыродных рэсурсаў. - Заўвага). А мы гэта можам мець. Таму трэба павялічваць пасевы азімага ячменю. Таму што да гэтага часу, да сённяшняга дня, калі мы ўцягваемся ў масавую ўборку збожжавых, азімы ячмень у сувязі з кароткім перыядам вегетацыі паспеў ужо, і мы яго ўжо ўбралі. Калі было б больш азімага ячменю пры 50 цэнтнерах з гектара ўраджайнасці - мы ў шакаладзе", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Таму, падкрэсліў Прэзідэнт, трэба не проста павялічыць пасевы азімага ячменю, а тэхналагічна выканаць усе працэсы. "У нас звычайна засуха прыпадае на сярэдзіну ліпеня, а гэта ўжо не небяспечна для азімага ячменю", - прывёў яшчэ адзін аргумент Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў правесці адпаведны эксперымент на сваёй малой радзіме.

Вяртаючыся да тэмы ўборачнай, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыю ўскладняюць вельмі сціслыя тэрміны для правядзення работ, а таксама іх супадзенне з другімі ўкосамі шматгадовых траў. Наконт гэтага ён таксама даў шэраг канкрэтных даручэнняў.

"У кароткі перыяд часу работу аграрыяў трэба арганізаваць так, каб усё паспець: правесці і нарыхтоўку кармоў, і своечасовую ўборку збожжа. Пры такім раскладзе рэчаў галоўнае патрабаванне на ўборачны перыяд - тэмпы і якасць. Пры гэтым трэба паставіць жорсткую заслону стратам збожжа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што Камітэту дзяржкантролю, праваахоўным органам даручана вельмі строга кантраляваць выкарыстанне тэхнікі, асабліва камбайнаў, каб не дапускаць страт збожжа, для чаго трэба тэхналагічна выконваць шэраг умоў. Паводле ацэнкі Кіраўніка дзяржавы, толькі гэта можа даць магчымасць захаваць прыкладна 600-700 тыс. т збожжа.

Акрамя таго, ён выказаў нараканні ў частцы атрыманай ураджайнасці рапсу ў цэлым па краіне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё, што прасілі, і нават больш таго, у тым ліку выдзелены сродкі на тэхніку і паліва. "Засталося толькі арганізаваць працэс", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы патрабуе завяршыць уборачныя работы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад чыноўнікаў, якія адказваюць за аграпрамысловы комплекс, далажыць па шэрагу пытанняў.

Па-першае, Прэзідэнта цікавіць, што яшчэ патрэбна, каб паставіць на лінейку гатоўнасці збожжаўборачную тэхніку, якая забяспечанасць запаснымі часткамі і як арганізаваны аператыўны рамонт, паколькі на гэты момант, паводле існуючай інфармацыі, няспраўнымі застаюцца амаль 9% збожжаўборачных камбайнаў.

"Даручэнне Камітэту дзяржкантролю і МУС - неадкладна выехаць ў гаспадаркі і прарэвізаваць тую тэхніку, якая сёння стаіць пад плотам. А генеральны пракурор па сваёй лініі пракантралюе. Пасля гэтага будзе дадзена ацэнка кожнаму губернатару. І не чакайце больш ніякіх грошай у будучым, калі толькі мы выявім галавацяпства", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, кантралюючыя органы выяўляюць факты крадзяжу запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, выпадкі прыпісак гатоўнасці тэхнікі. "Даўно я да гэтага пытання падбіраўся. Гэтыя несуны апошнім часам вельмі абнаглелі. Я вас прашу, карэнным чынам удушыце гэта, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо не гавару пра маральны фактар. Крадзеж трэба спыняць карэнным чынам".

Па-другое, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць па пытанні арганізацыі сушкі збожжа. Паводле даных Мінсельгасхарча, 10% комплексаў не гатовы да яго прыёмкі. "Папрашу таксама МУС, КДК і генеральнага пракурора ўзяць на кантроль і гэту частку", - даручыў ён.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як будуць выкарыстаны вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў. Прыёмку збожжа любой вільготнасці неабходна арганізаваць кругласутачна, а дзяржаўны заказ павінен быць безумоўна выкананы, падкрэсліў беларускі лідар.

"І не толькі дзяржзаказ. Калі якой-небудзь гаспадарцы няма дзе сушыць збожжа або не паспявае комплекс, які ў іх ёсць, старшыні абл- і райвыканкамаў павінны на месцы прымаць адміністрацыйнае рашэнне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, ён даў указанне вызначыць цэны на збожжа, якое прымаецца на хлебакамбінатах ад гаспадарак, каб не было скаргаў ад аграрыяў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, збожжа гэтага года прыдатнае для высокаякаснага хлебапячэння, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. "Трэба нарыхтаваць больш такога нашага айчыннага збожжа для хлебапячэння. Таму трэба закупіць яго ў поўным аб'ёме. Можа, крыху больш. Такога збожжа можа ў будучым годзе не быць. Камбінатам хлебапрадуктаў трэба забяспечыць бесперабойную работу па прыёмцы і дапрацоўцы збожжа, а таксама поўныя разлікі з сялянамі", - даручыў беларускі лідар.

Трэцяе пытанне, на якое звярнуў увагу Прэзідэнт, датычыцца стану спраў з механізатарамі. Паводле яго інфармацыі, не хапае прыкладна 1,5 тыс. камбайнераў. "Гэта поўны непарадак. Гэта значыць, вы, губернатары, не рыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Вы забылі перыяд савецкіх часоў, калі мы загадзя ведалі, дзе знаходзіцца механізатар, добры камбайнер, які выехаў у горад. Мы з ім працавалі, дамаўляліся з кіраўнікамі ў горадзе, каб яны адпусцілі іх на ўборку. Барані бог, гэта не будзе ў вас рэалізавана", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, рэальную дапамогу вёсцы тут павінны аказаць прамысловыя прадпрыемствы як тэхнічнымі сродкамі, так і людскімі рэсурсамі. "Усіх работнікаў, занятых ва ўборачнай кампаніі, трэба забяспечыць усім неабходным. Ад трохразовага, калі патрэбна, харчавання. І іх праца павінна быць дастойна аплачана. Сяляне чакаюць уборачнай кампаніі, каб зарабіць значныя грошы. У кожнага дзеці - школьнікі, студэнты. Таму чалавечы фактар - найважнейшы", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Чацвертае, Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пытаннях падтрымання належнага парадку і дысцыпліны. "Усё, аб чым я гаварыў, немагчыма без дысцыпліны і парадку. У першую чаргу гэта абарона ўборачнай і зернесушыльнай тэхнікі, а таксама пасеваў ад пажараў, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба поўнасцю перакрыць усе магчымыя каналы і для крадзяжу збожжа. Недапушчальны любыя парушэнні працоўнай дысцыпліны - разгільдзяйства, п'янства, невыкананне заданняў. Прычым не толькі на рабочых месцах, але і ў цэлым".

Пятае - нельга забываць пра асабістыя падсобныя гаспадаркі людзей, дзе ў наяўнасці амаль 70 тыс. га збожжавых культур, з якіх можна атрымаць каля 200 тыс. т збожжа. "Гэта добрая прыбаўка. Традыцыйна я вас вельмі прашу: дапамажыце ўбраць гэты ўраджай. І не ў апошнія тэрміны, не тады, калі пойдуць дажджы. У кожнай гаспадарцы павінен быць невялікай магутнасці камбайн, і ён будзе дапамагаць сялянам, ды яшчэ і на палях спатрэбіцца. Будзем дапамагаць - будуць вырошчваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мэта нарады - забяспечыць своечасовае і якаснае правядзенне ўборкі ўраджаю: "Вынік шмат у чым будзе залежаць ад вашага ўмення арганізаваць як людзей, так і тэхніку. Трэба выпрацаваць штодзённую стратэгію дзеянняў у залежнасці ад умоў надвор'я, на якія мы паўплываць, на жаль, не можам".

Прэзідэнт падкрэсліў, што высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна - залог поспеху на ўборцы. Таму неабходна ўзмацніць запатрабаванне за выяўленыя парушэнні, аператыўна прымаць меры па ўстараненні недахопаў. "Ніякай расхлябанасці, усім трэба максімальна сканцэнтравацца і ўбраць хлеб з палёў", - сказаў беларускі лідар.