Нарада па пытаннях экспарту беларускіх тавараў
- 10
- 7:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка сабраў нараду па пытаннях экспарту беларускіх тавараў.
Тэму размовы Кіраўнік дзяржавы абазначыў у шырокім сэнсе як продаж айчынных тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, а таксама звязаныя з гэтым праблемы (калі яны ёсць), плацяжы, бюджэт. "У вузкім сэнсе паглядзім гэта на прыкладзе, па-першае, продажаў калійных угнаенняў, і адпаведныя пытанні (лагістыка, парты, аб чым мы не раз гаварылі). І па-другое - нафтапрадукты. Тое ж самае: лагістыка, пастаўкі, плацяжы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як нагадаў Прэзідэнт, амаль два месяцы таму на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы праходзіла сустрэча практычна ў такім жа складзе. І тады яе ўдзельнікі абмеркавалі пытанні стварэння Беларуссю ўласных партовых магутнасцей для перавалкі айчынных грузаў, перш за ўсё, калійных угнаенняў, і планы экспарту да канца года. Сённяшняя нарада, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, мае кантрольны характар.
"Неабходныя рашэнні былі прыняты, адпаведныя даручэнні дадзены. Зразумела, што нягледзячы на ўсякія знешнія выклікі, мы працуем на міжнародных рынках, даволі ўпэўнена працуем, аб чым мне дакладваў на мінулым тыдні кіраўнік "Беларуськалія" Іван Іванавіч Галаваты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але расслабляцца нельга. Вельмі шмат перашкод, бар'ераў, якія нам даводзіцца пераадольваць".
Адным з такіх вузкіх месцаў, што ствараюць складанасці пры арганізацыі экспарту, Прэзідэнт назваў пастаўкі чыгуначным транспартам.
"Зразумела, мы сышлі з прыбалтыйскіх партоў, працуем у раёне Піцера, глядзім на больш паўночныя парты Мурманска (а гэта мільёны, мільёны тон грузаў, якія мы павінны пастаўляць). Працуем і на поўдні Расійскай Федэрацыі праз іх парты. Ніхто нам не перашкаджае ў партах. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вузкае месца - чыгуначныя пастаўкі, асабліва - напрамак Санкт-Пецярбург", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў аб нядаўняй размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, у час якой абмяркоўвалася магчымасць рэалізацыі новых двух буйных праектаў, адзін з якіх датычыцца чыгуначнай веткі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург.
"Мы абмяркоўвалі праблему "вузкага месца" - чыгуначнага транспарту, - расказаў беларускі лідар. - Я папрасіў віцэ-прэм'ера Сівака і Прэм'ер-міністра (Намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Сівака і Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку. - Заўвага), каб да маёй сустрэчы, якая адбудзецца ў бліжэйшы час, з Прэзідэнтам Расіі былі падрыхтаваны, скажам так, прэзентацыйныя матэрыялы па ўсіх вузкіх месцах у напрамку Санкт-Пецярбурга - чыгункі".
Як растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, ёсць варыянт рэалізацыі праекта ў буйным маштабе, пракладваючы другую ветку на некалькі соцень кіламетраў. Але ёсць і яшчэ адзін варыянт. "А можна вярнуцца да таго, што было ў савецкі перыяд - аднавіць раз'езды. Аднавіўшы раз'езды, мы значна павялічым на бліжэйшыя гады пастаўкі нашай прадукцыі", - растлумачыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін гэту ідэю падтрымаў. "Кажа: "Я не ўнікаў моцна ў гэта пытанне, давай яго абмяркуем пры сустрэчы". Мы гэту сустрэчу намячаем (у сярэдзіне кастрычніка ў Бішкеку, дзе запланавана правядзенне саміту СНД. - Заўвага), абмяркуем пытанні чыгуначных паставак", - расказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што на парадку дня сустрэчы будзе таксама тэматыка выкарыстання партовых магутнасцей.
На нарадзе Прэзідэнт закрануў пытанне стварэння Беларуссю ўласных партовых магутнасцей у Расіі. Кіраўнік дзяржавы спытаў ва ўдзельнікаў нарады, што зроблена ў гэтым напрамку і што яшчэ давядзецца зрабіць.
"Зноў жа, розначытанні. Адны гавораць, што нам дастаткова Бронкі (глыбакаводны порт Санкт-Пецярбурга. - Заўвага) і яшчэ нейкага порта ў Мурманску. Іван Іванавіч (генеральны дырэктар "Беларуськалія" Іван Галаваты. - Заўвага) гаворыць, што не трэба адмаўляцца ад яшчэ аднаго порта, які нам прапануюць, трэба весці перагаворы і дамаўляцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што размаўляў на гэту тэму з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным і ніякага непрымання ў яго не было. "Даслоўна: "Калі ты хочаш грузіць, працаваць і мець уласнасць у іншых партах пад Ленінградам, я падтрымаю". Вось даслоўна, што было сказана. Хоць мы разумеем, што партовыя магутнасці, партовыя гаспадаркі - гэта рэч вельмі сур'ёзная. Інтарэсы там перасякаюцца каласальныя, але тым не менш падтрымка з боку Расіі ёсць. Працуйце", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
Прадаўжаючы размову аб экспартных пастаўках айчыннай прадукцыі, Прэзідэнт адрасаваў удзельнікам мерапрыемства шэраг ключавых пытанняў: якая сітуацыя складваецца перш за ўсё на калійным рынку, а таксама па пастаўках нафтапрадуктаў. Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць на дэбіторскую запазычанасць па пастаўках мінеральных угнаенняў.
"Што датычыцца калійнага рынку, таксама хацеў бы пачуць, якая сітуацыя складваецца, асабліва па дэбіторскай запазычанасці. Перш за ўсё па пастаўках мінеральных угнаенняў і калійных угнаенняў, у прыватнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі акрамя калійных угнаенняў таксама вырабляюцца азотныя і фосфарныя. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней гучалі прапановы стварыць адзіную кампанію, якая будзе займацца іх рэалізацыяй. Але тэма не атрымлівала свайго развіцця.
"Так ва Урадзе і патанула ідэя. Усё нам нешта перашкаджае. Можа, не толькі вам, але некаму там яшчэ. Трэба рухацца, рухацца, не стаяць на месцы, і перш за ўсё па арганізацыі продажаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы навучыліся вырабляць усё, прытым у велізарных колькасцях, якія не адпавядаюць велічыні і эканоміцы нашай рэспублікі. Умеем мы прадаваць, але камусьці не хочацца або яшчэ якія-небудзь пытанні перашкаджаюць. Сёння будзе апошняя размова наконт продажу нашых тавараў".
"Па дэбіторцы, я сказаў, - гэта пытанне пытанняў. Ніякіх спасылак на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта. У нас не адна тысяча (супрацоўнікаў. - Заўвага) у Нацыянальным банку і адпаведных структурах працуе. Таму давайце разам з Урадам займайцеся і пачынайце працаваць, калі можаце. А на гэту тэму, зноў жа, больш размоў быць не можа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў і харчовую тэматыку, якая апошнім часам пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы. На ўзроўні Прэзідэнта былі прыняты рашэнні і дадзены адпаведныя даручэнні па шэрагу напрамкаў. "Усе прыняты рашэнні - ідзі і працуй. Трэба арганізаваць ва Урадзе гэту работу", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.