Рэспубліканскі семінар-нарада аб развіцці жывёлагадоўлі
- 21
- 56:23
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 верасня ў Салігорску прыняў удзел у пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці жывёлагадоўлі ў краіне.
Пасля прыбыцця ў Салігорск Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё пацікавіўся, як ідзе сяўба азімых ячменю і рапсу ў Мінскай вобласці. З верталёта Аляксандр Лукашэнка паспеў ацаніць ход работ, і ў яго ўзнік шэраг пытанняў да кіраўніцтва рэгіёна. "Ты пакуль убярэш кукурузу, будзе канец кастрычніка. І якія азімыя ты будзеш сеяць? - запытаўся ён у губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына. - Я ж не лічыў. Можа, памыляюся, але ўражанне такое, што нават палавіна ў яго не ўзворваецца пад азімы палетак".
Прэзідэнт даручыў віцэ-прэм'еру Леаніду Зайцу ўзяць гэтыя пытанні ў Мінскай вобласці на асаблівы кантроль.
У час пленарнага пасяджэння Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэспубліканскія семінары па найбольш праблемных пытаннях асобных сфер эканомікі ўжо сталі для нашай краіны карыснай традыцыяй. Цяперашняя сустрэча прысвечана важнай для аграпрамысловага комплексу сферы - жывёлагадоўлі, дзе, паводле слоў Прэзідэнта, назбіралася нямала праблем.
"Мы часткова закраналі гэту тэму на сустрэчах з актывам Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Сёння пагаворым аб праблеме ў маштабах усёй краіны: паспрабуем падвесці вынікі, разбяром памылкі, азнаёмімся з перадавым вопытам і, упэўнены, знойдзем новыя кропкі прыкладання намаганняў для павышэння эфектыўнасці, - акрэсліў пытанні парадку дня Аляксандр Лукашэнка. - Далей мірыцца з тым, што ў нас складваецца ў жывёлагадоўлі, нельга, трэба дзейнічаць, павышаць адказнасць кадраў за вынікі і галоўнае - узмацняць дысцыпліну".
Жывёлагадоўля ў эканоміцы вёскі займае ключавую пазіцыю, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У гэтым сектары вырабляецца больш за палову ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, фарміруецца экспартны патэнцыял краіны.
"Сапраўды, поспехі пэўныя ёсць. Узровень самазабяспечанасці малаком перасягае 260%, мясам - 130%. Гэта значыць уласную харчовую бяспеку мы ажыццяўляем цалкам, а лішкі прадаём на знешнія рынкі", - прывёў даныя Прэзідэнт.
У мінулым годзе на прадуктах харчавання Беларусь зарабіла звыш $8 млрд, а за 8 месяцаў бягучага года - больш за $4 млрд. "На першы погляд, значна. Але гэта далёка не тыя лічбы, якія мы можам мець, - перакананы беларускі лідар. - Попыт на прадукты харчавання ў свеце, як усе вы ведаеце, велізарны, цэны растуць і будуць расці, адкрываюцца новыя рынкі. І сядзець склаўшы рукі ў такой унікальнай сітуацыі - проста злачынства".
Каб зарабіць больш, жыццёва неабходна падняць айчынную сельскую гаспадарку на новы ўзровень, падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў пра тактычны план развіцця галіны, які быў распрацаваны яшчэ ў 2019 годзе. Былі прыняты і важнейшыя дакументы па напрамках развіцця (стратэгіі па развіцці малочнай і мясной галін, Дырэктыва аб развіцці вёскі, праграма "Аграрны бізнес", комплекс мер па развіцці кормавытворчасці). "Нібыта прайшліся па ўсіх важных пытаннях і ўсё ўлічылі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што тады адказныя асобы абяцалі павялічыць вытворчасць (гадоўлю) жывёлы і птушкі да 2025 года да 2 млн т, атрыманне малака - да 9,2 млн т.
Прадукцыйнасць малочнага статка павінна была вырасці да паказчыка як мінімум 6,5 тыс. кг ад каровы і вышэй, павінна быць забяспечана загрузка перапрацоўчых прадпрыемстваў, якасна палепшана кармавая база, палепшана ўтрыманне жывёлы, удасканалена селекцыйная работа.
Прэзідэнт звярнуўся да асноўных вынікаў у АПК за мінулыя больш як 3,5 года і пачаў з тэмы атрымання малака: "Тэмпы нарошчвання яго вытворчасці вельмі нізкія. За 2022 год прыбавілі ўсяго 1 працэнт да ўзроўню 2021 года (7,6 млн т). І, калі разважаць аб'ектыўна, нават гэты сціплы рост забяспечылі Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці".
Сярэдняя прадукцыйнасць малочнага статка па краіне за 2022 год склала 5518 кг. Павелічэнне ўсяго толькі на 2% за кошт тых жа трох абласцей. "У Гомельскай і Магілёўскай ледзь-ледзь за 4 тыс. перавалілі, а Віцебская і да 4 тыс. не дацягнула (3960 кг), - прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка. - Амаль чвэрць усіх вытворцаў малака па краіне і палова ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях надаілі у сярэднім ад каровы менш як 3 тыс. кг. У 22 арганізацыях не дацягнулі да 1,5 тыс. кг".
Назваў Прэзідэнт і асобных антырэкардсменаў па гэтых паказчыках: прадпрыемствы "Стаўбунскі" Веткаўскага раёна надаіла за год 1310 кг з каровы, "Сасновы бор" Чавускага раёна - 1187. І абсалютны антычэмпіён - "Пціч-Агра" Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, дзе 1018 кг.
"Гэта ўжо не карова і нават не каза. Калі яе да такога стану давялі, дзе ж яна будзе малако даваць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Не ўсяляе пазітыву, паводле яго слоў, і статыстыка бягучага года.
"Наплявацельскае стаўленне да справы на месцах можа звесці на нішто ўсе намаганні, якія прыкладае дзяржава для развіцця малочнай вытворчасці", - папярэдзіў Прэзідэнт.
У мадэрнізацыю галіны ўкладзены каласальныя інвестыцыі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Палавіна ўсіх малочнатаварных ферм (1600) аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, там размешчана больш за 65% дойнага статка і атрымліваецца больш як 70% малака.
"Значыць, падцягваць да такога ўзроўню будзем і астатніх, як бы яны ні ўпіраліся. Мадэрнізацыю жывёлагадоўчых аб'ектаў неабходна прадаўжаць. У гэтых мэтах прыняты ўказ аб будаўніцтве (рэканструкцыі) у 2023-2024 гадах па 10 малочнатаварных комплексаў у кожнай вобласці", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, трэба рухацца да таго, каб поўнасцю перайсці ад ферм да сучасных малочнатаварных комплексаў. "Нам фермы не патрэбны. Нам патрэбны малочнатаварныя комплексы, дзе ў палацы стаіць карова, мы атрымліваем чыстае малако і дзяцей можам карміць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Звярнуўшыся да старшынь аблвыканкамаў, Прэзідэнт падкрэсліў: "З сённяшняга дня будзем лічыць, што гэтыя новыя малочнатаварныя фермы - вашы асабістыя інвестыцыйныя праекты. Паглядзім на аддачу".
Гаворачы пра сітуацыю ў сферы мясной жывёлагадоўлі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за мінулыя 10 гадоў пік поспеху прыпаў на 2020 год, калі было атрымана амаль 1,76 млн т мяса і птушкі.
"Але ў далейшым чамусьці не змаглі ўтрымаць дасягнутую планку, - заўважыў ён. - У 2022 годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях".
Практычна ў кожнай пятай арганізацыі рэспублікі сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе склала менш як 400 г, а ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях з такім нізкім рэзультатам працавала амаль кожная другая арганізацыя, прадоўжыў Прэзідэнт.
"Зразумела, павысіць тэмпы вытворчасці малака і мяса без павелічэння пагалоўя немагчыма. Разам з тым з году ў год пагалоўе буйной рагатай жывёлы зніжаецца: за пяць гадоў - больш як на 100 тыс. галоў, у тым ліку ў 2022 годзе - на 22 тыс. Асноўная прычына - падзеж (2021 год - 102,8 тыс. галоў, 2022 год - 111 тыс. галоў), - прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка. - У мінулым годзе рост гэтага паказчыка - у 69 раёнах усіх абласцей рэспублікі. Прычым самыя высокія паказчыкі былі ў Старадарожскім (у 3 разы) і Салігорскім (у 2,2 раза) раёнах Мінскай вобласці, Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці (у 2 разы)".
У гэтым годзе, паводле даных Кіраўніка дзяржавы, рост падзяжу дапушчаны ў 53 раёнах рэспублікі, а ў 14 раёнах ён перавысіў мінулагодні ўзровень у 1,5 раза. Напрыклад, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці падзеж вырас амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўшчыны - у 4.
"Паводле заключэння ўсіх кантралюючых органаў, прычыны банальныя: парушэнні тэхналогій утрымання, безгаспадарчасць і адкрытае разгільдзяйства", - абазначыў праблемы Аляксандр Лукашэнка і прывёў шэраг прыкладаў. У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, нясвоечасова прыбіраецца гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым.
Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе даручыў Ураду сумесна з губернатарамі распрацаваць план па кожным раёне, распісаць, як і ў якія тэрміны ў іх будзе наведзены парадак.
"Але складваецца ўражанне, што меры прыняты толькі на паперы. А мясцовая ўлада і дзяржаўная ветэрынарная служба замест таго, каб кантраляваць, дапамагаюць утойваць сапраўдны стан спраў і недапушчальную безгаспадарчасць за фармальнымі планамі і адносна здавальняючымі лічбамі!" - заявіў беларускі лідар.
Паводле даных МУС, у 2022 годзе ўзбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу. У гэтым годзе - ужо 205. Гэта трэць ад агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.
"Думаю, разумна ў далейшым кожную ферму замацаваць за канкрэтным работнікам райвыканкама, а раён - за работнікам аблвыканкама. Па прозвішчах. Каб у далейшым адразу было зразумела, каго ўзнагароджваць, калі справы ідуць добра, і з каго патрабаваць, калі дрэнна", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Ёсць праблемы і ў свінагадоўлі, якія мы з вамі дэталёва разгледзелі нядаўна на нарадзе. Пастаўлены канкрэтныя задачы. Выконвайце. Запатрабаванне будзе сур'ёзнае", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
У час пленарнага пасяджэння Прэзідэнт запатрабаваў стварыць селекцыйна-генетычны цэнтр у птушкагадоўлі.
Ключавая задача ў птушкагадоўлі - знізіць залежнасць галіны ад імпарту, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Да гэтага часу няма альтэрнатывы імпарту куранят для вытворчасці інкубацыйнага яйка.
"10 ці 5 гадоў вы мне расказваеце пра гэтых куранят і пра яйка. Няўжо мы не можам у сябе гэта вырабляць? Неабходна забяспечыць сябе ўласнай племянной прадукцыяй. Стварыце селекцыйна-генетычны цэнтр, як гэта ёсць у жывёлаводаў. Паўгода на распрацоўку бізнес-плана, і ў наступным годзе гэта трэба зрабіць, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Давайце збяром гэтыя капейкі і пабудуем гэты цэнтр. Урэшце і птушкафабрыкі ў нас не бедныя".
Вяртаючыся да тэмы буйной рагатай жывёлы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць пытанне з узнаўленнем статка. "Павышэнне прадукцыйнасці павінна быць забяспечана ў тым ліку за кошт сістэмнай селекцыйна-племянной работы. Вучоныя лічаць, што эфектыўнае ўзнаўленне можа быць пры нараджэнні 95 цялят на 100 кароў. І калі ў 90-м годзе ў Беларусі гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 90 цялят, то ў апошнія гады мы атрымліваем толькі 72-75 цялят на 100 кароў. Ды і тых зберагчы не можам. Вось і зніжаецца пагалоўе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Не ведаю, чаго не хапае нашым губернатарам. Тэхналогій узнаўлення? Дык у краіне створана цэлая сетка племянной службы пад патранатам Мінсельгасхарча. Я думаю, што новаму міністру трэба скааперавацца з Акадэміяй навук, распрацаваць і ўкараніць эфектыўную і даступную тэхналогію. Павялічвайце племянны статак. Нядобра, што да гэтага часу застаюцца не ўкамплектаванымі жывёлай пабудаваныя і рэканструяваныя фермы. Асобныя - ужо больш за 5 гадоў, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Комплексы пабудавалі, а 5 гадоў не можам укамплектаваць. Гэта што такое?"
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ні адна жывёла не зможа быць прадукцыйнай і рэалізаваць генетычны патэнцыял без паўнацэннага харчавання, нават пры ідэальных умовах утрымання. "У мінулым годзе нарыхтоўку кармоў адкрыта завалілі. У гэтым сітуацыя яшчэ горшая", - заявіў ён.
На 1 верасня нарыхтавана каля 7 млн т кармавых адзінак, гэта менш за 90% да мінулагодняга ўзроўню. Забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву жывёлы склала крыху больш за 16 ц кармавых адзінак супраць амаль 19 ц у мінулым годзе. Горш за ўсё ідуць справы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
"Мужыкі, зіма побач. Вось такога верасня ў кастрычніку не будзе. Гасподзь не падорыць нам такога надвор'я. І такая дынаміка нарыхтоўкі кармоў прывядзе да таго, што на канкрэтных фермах карміць проста не будзе чым, - сказаў Прэзідэнт. - Паўнацэнны рацыён - асноўны складнік прыбытковай вытворчасці. Вучоныя сумесна з Мінсельгасхарчам распрацавалі больш за 50 рэгламентаў для ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Але чамусьці на практыцы няма ні рэгламентаў, ні кармоў, ні збалансаваных рацыёнаў. У выніку мы ўпускаем выгаду ў мяса-малочнай сферы".
Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад кожнай вобласці прытрымлівацца распрацаванай структуры пасеваў, захавання тэрмінаў і тэхналогій нарыхтоўкі кармоў. "А іх высокую пажыўнасць можна атрымаць, толькі працуючы сістэмна. Усім разам, - заўважыў ён. - Няхай стараецца ўся вертыкаль - ад агранома да адказных чыноўнікаў, замацаваных у аблвыканкаме, каб паўтарагадовы запас кармоў быў у кожнай гаспадарцы жалезна. І забяспечце на ўсіх фермах паўнацэнны рацыён з дастатковай колькасцю пажыўных дабавак. Для гэтага ёсць усё. Мы пабудавалі самы сучасны БНБК-комплекс па вытворчасці амінакіслот і камбікармоў проста касмічнага ўзроўню. Толькі чатыры дзяржавы маюць такі комплекс. Дык выкарыстоўвайце яго прадукцыю. Ён поўнасцю ў вашых руках. Толькі трэба збалансаваць рацыёны. Канцэнтраты нельга раздаваць уручную і на вока. Інакш будуць і страты ў пагалоўі, і прадукцыйнасць на мінімуме, і перарасход дарагіх прэміксаў".
Строгае патрабаванне Прэзідэнта - навесці парадак у гэтай галіне. "Не хапае рук - падключайце студэнтаў сельскагаспадарчых ВНУ, запрашайце вучняў з профільных класаў. Гэта добрая практыка, а заадно і наглядны прыклад, што і дзе трэба паляпшаць у роднай краіне (лічыце, ва ўласным доме)", - дадаў ён.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, недаўкамплектавана амаль 16 тыс. жывёла-месцаў. Прэзідэнт даручыў пад персанальную адказнасць Міністра сельскай гаспадаркі, Урада і губернатараў да канца гэтага года ўкамплектаваць фермы і забяспечыць прырост малочнага статка. Пры гэтым ён звярнуў увагу: там павінны знаходзіцца статкі з высокай прадукцыйнасцю. Дзеля птушачкі ўкамплектаваць фермы не атрымаецца.
"Калі вы гэтага не зробіце, калі вы не ўкамплектуеце гэтыя комплексы, я вам абяцаю, што "разукамплектую" ўвесь склад ваш. Рашучасці ў мяне дастаткова. Паддобрывацца да вас - я ніколі не рабіў гэтага і не буду, якія б электаральныя (кампаніі. - Заўвага) перад намі ні стаялі, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што пахаваем краіну, скоцімся да таго, што не 8 мільярдаў долараў экспарт (прадуктаў харчавання. - Заўвага) - карміць свой народ не будзе чым".
"Яшчэ раз паўтараю: мы пабудавалі нямала малочнатаварных комплексаў. 16 тысяч галоў не ўкамплектавана! У вас засталося няшмат часу, каб на гэтыя комплексы ўкамплектаваць і паставіць жывёлу", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы патрабуе гаспадарскага падыходу: напрыклад, калі ў адной вобласці ў нейкай гаспадарцы вельмі многа буйной рагатай жывёлы і яна не спраўляецца з нагрузкай, жывёлу можна цяпер перакінуць у добрую, але неўкамплектаваную гаспадарку з іншага рэгіёна. Гэта непапулярнае рашэнне, але затое яно дапаможа захаваць як мінімум прадукцыйнасць жывёлы, а то і яе жыццё. "Перакіньце туды і карміце там. Там, напэўна, кармоў хопіць", - сказаў ён.
"Я апошні раз вас папярэджваю. Прымайце рашэнні і дзейнічайце. Дзе старшыні райвыканкамаў? Да гэтага звяна мы вернемся прынцыпова і сур'ёзна. Старшынь райвыканкамаў за губернатарамі наогул не відаць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Менавіта ў жывёлагадоўлі, а дакладней, у перапрацоўцы сёння сканцэнтраваны рэзервы беларускай вёскі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Узровень загрузкі вытворчых магутнасцей па мясе і каўбасе ў 2022 годзе склаў усяго каля 70%, па натуральнамалочнай прадукцыі - толькі 60%. "Колькі тон малака, мяса і мільярдаў рублёў мы недаатрымалі ў выніку? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Гэта шчасце наша, што ў нас ёсць перапрацоўка. Гэта значыць, мы ад зямлі можам атрымаць колькі хочаце прадукцыі і гатовы яе перапрацаваць".
Як адзначыў губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка, прадпрыемствы яго рэгіёна гатовы перапрацоўваць больш прадукцыі, чым цяпер. Некаторыя з іх сур'ёзна недазагружаны. Напрыклад, па малаку рэзервы прыкладна 20%, па мясе яшчэ больш.
Кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адну праблему галіны - кадры.
"Кадравы дэфіцыт. Гэта, напэўна, сістэмаўтваральная праблема галіны. Да вырашэння кадравай праблемы падключыць трэба ўсіх. Будуць нармальныя кадры, будуць спецыялісты - будзе вытворчасць. Трэба сціснуўшы зубы гэта зрабіць. За нас ніхто не зробіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кадравую праблему трэба вырашаць. Гэта ж нядобра, калі мы рыхтуем мэтавікоў, а на месцах застаецца не больш за палавіну маладых спецыялістаў".
Кіраўнік дзяржавы даручыў КДК вывучыць такое пытанне і праверыць, куды прападаюць гэтыя кадры. "Разбярыцеся, прынцыпова разбярыцеся, дзе гэтыя людзі", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Акрамя адміністрацыйных мер, у кожнай гаспадаркі павінна быць сістэма замацавання кадраў, звярнуў увагу Прэзідэнт. Таксама трэба працаваць са школьнікамі і студэнтамі, тым больш жадаючых працаваць у сельскай гаспадарцы дастаткова. "Думайце, чым прыцягнуць і ўтрымаць моладзь - ад жылля да ўзорна-паказальных умоў працы. Калі не вырашым праблему дэфіцыту кваліфікаваных кадраў, эканоміка вёскі так і будзе прасядаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Дэвізам у аграпрамысловым сектары з гэтага часу стане жалезная, безагаворачная дысцыпліна. Працоўная, фінансавая, тэхналагічная, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі трэба, значыць, трэба".
Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду сумесна з Мінсельгасхарчам, старшынямі аблвыканкамаў, Нацыянальнай акадэміяй навук пад жорсткім кантролем праваахоўных і кантралюючых органаў забяспечыць рэалізацыю галоўных напрамкаў.
Першае - гэта строгае выкананне патрабаванняў зоатэхнічных і ветерынарных норм утрымання і кармлення жывёлы і птушкі.
Другое - недапушчэнне падзяжу жывёлы. "Мужыкі, не крыўдуйце, апошняя размова на гэту тэму. Нічым вы гэта не апраўдаеце, нават слухаць не буду, - папярэдзіў Прэзідэнт. - З 1 студзеня вельмі будзе цяжка тым, хто мяне не пачуў або пачуў і не зрабіў высновы".
Трэцяе - неабходнасць нарыхтоўваць кармы пад поўную патрэбнасць грамадскай жывёлагадоўлі з выкананнем тэхналагічных патрабаванняў і галіновых рэгламентаў. "Галоўнае - гэта якасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Чацвёртае - павышэнне эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўлі на аснове селекцыйна-племянной работы.
Пятае - неабходнасць загрузіць вытворчыя магутнасці мясакамбінатаў сыравінай, пры гэтым выключыўшы злачынныя схемы пры рэалізацыі жывёлы."Так, як вы, губернатары са старшынямі райвыканкамаў, "нарысавалі", так павінна быць. Для вас няма дзяржаўных прадпрыемстваў, кааператываў або прыватных - усё гэта ваша, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Усе павінны быць у аднолькавых умовах".
Шостае - навядзенне парадку ў бухгалтарскім уліку гаспадарак, у тым ліку ў першасным уліку руху жывёлы і статыстычнай справаздачнасці.
Сёмае - неабходнасць укамплектаваць сельскагаспадарчыя арганізацыі зоаветэрынарнымі спецыялістамі і рабочымі кадрамі. "Апошняе трэба аддаць, але пяць-шэсць кіраўнікоў (галоўны аграном, галоўны заатэхнік, галоўны ветурач, галоўны інжынер і гэтак далей) павінны быць забяспечаны ўсім неабходным", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
І восьмае - няўхільнае выкананне работнікамі сельгасарганізацый правіл унутранага працоўнага распарадку, працоўнай дысцыпліны, устаноўленых патрабаванняў да працэсаў вытворчасці і якасці прадукцыі. "Беражыце тэхніку. Гэта шалёныя грошы. Ніхто вам столькі грошай даваць у будучым не будзе. Дзяржаве трэба займацца сваімі пытаннямі: сацыяльная сфера, дарогі, меліярацыя, павышэнне ўрадлівасці зямель і іншае. Гэта адказнасць дзяржавы. А не выдзяляць датацыі на бізнес ваш. А мы па капейцы размазваем, даём усё і на ўсё", - адзначыў беларускі лідар.
"Праблемы абазначаны мной. Але яны і без гэтага відаць. Вы іх ведаеце лепш за мяне. Вы бліжэй да гэтага. Дзейнічайце! Калі нехта перашкаджае, вельмі проста да мяне дастукацца. Задачы пастаўлены. Чакаю канкрэтных прапаноў аб стратэгіі развіцця жывёлагадоўлі ад профільнага намесніка прэм'ер-міністра, міністра (новы міністр у нас, трэба дзейнічаць вельмі актыўна і жвава нягледзячы ні на што). Станоўчы вопыт кіраўнікоў паспяховых гаспадарак, які можна распаўсюдзіць на ўвесь рэгіён або рэспубліку, ёсць і вітаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Чысціня, парадак і добрая прадукцыя сельскай гаспадаркі - гэта брэнд Беларусі, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"На нас усе глядзяць і захапляюцца. Дык давайце будзем падтрымліваць гэту марку, - заклікаў Прэзідэнт. - Гэта значыць попыт на нашу прадукцыю, асабліва на прадукцыю сельскай гаспадаркі. Нават у Расіі - перадавая краіна - захапляюцца нашай прадукцыяй. Мы гэта не павінны страціць. Гэта наш брэнд - чысціня і парадак, і нармальная прадукцыя. Давайце, мужыкі, гэта зробім".
Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні заявіў, што не патрабуе ад аграрыяў космасу ў сельскай гаспадарцы, галоўнае - устараніць праблемы, якія на паверхні.
"А бачыце, як сёння бамбяць Расію? Бачыце, беспілотнікі лятаюць туды-сюды. Вельмі цяжкае, новае пытанне. Вось гэтыя вагнераўцы сядзяць у мяне цяпер і кожнаму расказваюць, як ідзе гэта вайна. Я думаю: як гэтаму процістаяць? Вось такі ёсць варыянт, такі, такі. А гэта каштуе сотні мільёнаў рублёў. Вось я і думаю: меліярацыю праводзіць, апрацоўваць, новыя землі ўводзіць (вы цяпер не можаце апрацаваць тое, што ёсць) або змагацца з гэтымі беспілотнікамі. Страшная зброя. Вось з Пуціным абмяркоўвалі. Але гэта велізарныя грошы! Але жыццё ж даражэйшае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што падтрымліваць сельскую гаспадарку ў краіне, вядома ж, будуць, але проста так закопваць грошы ў зямлю не стануць. "І справу мець з тымі з вас, хто працаваць не хоча, мы таксама не будзем. Не таму што я злы чалавек. Таму што іншага няма шляху: трэба захаваць краіну", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ дзіўлюся, як нам удаецца, - вакол бушуе ўсё - сёння сядзець і разважаць на тэму свінагадоўлі. Як шашлыкі падсмажыць, яшчэ чагосьці. Людзі пра гэта ўжо забылі, нават у багатых краінах. Вазьміце: "Польшча, ах, Польшча!" Ну і што Польшча? Вось Юрый Вітольдавіч і Уладзімір Сцяпанавіч (губернатары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. - Заўвага) там побач, яны ведаюць. Ну што Польшча? Дык гэта ж амерыканцы ўвальваюць велізарныя грошы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер польскі бок пачаў канфліктаваць з Украінай. Спачатку Польшча ўсяляк падтрымлівала Уладзіміра Зяленскага, а цяпер рэзка крытыкуе партнёраў. Прэзідэнт растлумачыў, хто стаіць за гэтым на самай справе: "Вы думаеце, што Польшча проста так сёння прыціскае гэту бедную Украіну? Ды не, ужо з-за акіяна адмашку далі: трэба ўжо зліваць гэтага Зяленскага, надакучыў ён. Заўтра выбары ў Амерыцы, ніхто і глядзець не будзе на гэта. А нам трэба абараніцца. Таму што мы не ведаем, што чакаць ад гэтых шалёных палітыкаў Польшчы".
"Таму вы зразумейце: грошай лішніх няма. І за кожную капейку будзе запатрабаванне. Я не кажу, што мы там нешта не зробім. Мы старанныя людзі. Але сёння, мужыкі, гэтага мала. Я не патрабую ад вас космасу ў сельскай гаспадарцы. Вось ліквідуйце тыя слабыя месцы, якія сёння ёсць. Вырашыце тыя праблемы, якія на паверхні. І для нашага пакалення з вамі будзе дастаткова. І калі паабяцалі - рабіце. Дзейнічайце далей", - патрабуе Кіраўнік дзяржавы.
Удзельнікі пленарнага пасяджэння абмеркавалі вынікі работы і стратэгіі развіцця галін жывёлагадоўлі, іх навуковае суправаджэнне. Асобную ўвагу яны ўдзялілі жывёлагадоўлі ў рэгіёнах краіны, яе перспектывам на прыкладзе канкрэтных прадпрыемстваў.
Падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння, Аляксандр Лукашэнка абазначыў ключавыя арыенціры для галіны.
Стан спраў у жывёлагадоўлі падрабязна разглядаўся як у цэлым па краіне, так і на прыкладзе асобных абласцей, раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў.
Так, губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын далажыў, што за 2022 год аб'ём вытворчасці валавой прадукцыі сельгасарганізацый склаў Br5,2 млрд, пры гэтым доля прадукцыі жывёлагадоўлі ў агульным аб'ёме вытворчасці склала 61 працэнт, або Br 3,2 млрд.
На працягу апошніх гадоў у вобласці назіраецца ўстойлівы рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, найбольшая дынаміка - па вырошчванні птушкі і ў вытворчасці малака. Ён таксама канстатаваў рост эканамічнай эфектыўнасці галіны. Так, рэнтабельнасць жывёлагадоўлі вырасла з 0% да 7,5%. Стаіць задача далейшага паляпшэння эканамічных паказчыкаў, росту прыбытку для накіравання ў развіццё вытворчасці, павышэння яе эфектыўнасці.
Выступіў з дакладам на пленарным пасяджэнні старшыня Гродзенскага райвыканкама Валерый Хелскі. У разрэзе тэматыкі мерапрыемства яго раён уяўляе асаблівую цікавасць, паколькі з'яўляецца лепшым у Беларусі па многіх паказчыках у аграпрамысловым комплексе, у тым ліку па надоях - 9258 кг ад каровы ў год. На пытанне Прэзідэнта, у чым сакрэт такога поспеху па вытворчасці малака, кіраўнік раёна назваў тры простыя складнікі: добрая кармавая база на пастаяннай аснове, стабільныя кадры як у кіруючым складзе, так і сярод персаналу, а таксама тэхналагічная і вытворчая дысцыпліна.
"Нічога касмічнага, нічога надзвычайнага, - заўважыў наконт гэтага Прэзідэнт. - Своечасова карміць, своечасова даіць і на работу своечасова прыходзіць". Ён звярнуў увагу на тое, што нават пры такой высокай базе прадпрыемства можа расці па многіх паказчыках вытворчасці, не звяртаючыся да нейкіх супертэхналагічных і інавацыйных метадаў, аб якіх часам гавораць вучоныя, а толькі выконваючы базавыя патрабаванні.
Сваю формулу поспеху агучыў на мерапрыемстве і Алег Бурак, дырэктар ААТ "Астрамечава", якое лідзіруе па многіх паказчыках не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў краіне. Гэта чатыры "к": кадры, карова, кармы і камфорт. "Калі адзін з гэтых фактараў выпадае, то аб далейшай эфектыўнай рабоце ў галіне можна забыць. Таму ў нас у асноўным упор робіцца на гэтых чатырох фактарах", - сказаў ён.
Размова зайшла аб тым, каб знайсці спосабы падтрымкі такіх моцных прадпрыемстваў, калі яны рэалізуюць праекты па мадэрнізацыі вытворчасці, развіваюць сваю базу. Цяпер асноўныя намаганні дзяржавы сканцэнтраваны на тым, каб падняць адсталыя гаспадаркі, аказаць ім неабходную дапамогу і падтрымку, у тым ліку крэдытнымі сродкамі. А найбольш паспяховыя сельгаспрадпрыемствы вымушаны разлічваць толькі на свае сілы ў рэалізацыі перспектыўных праектаў па развіцці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў разабрацца ў сітуацыі і па магчымасці аказаць падтрымку такім эфектыўным паспяховым перадавым гаспадаркам, таму што яны ідуць у авангардзе, укараняюць новыя тэхналогіі і, што галоўнае, даюць вельмі добры вынік.
"Нам трэба такія гаспадаркі мець на ўвазе асобна. Мы падумаем, як іх падтрымаць і падтрымаць іх праграмы і праекты, таму што, калі яны бяруць крэдыт, яны вернуць яго. Да іх павінна быць і стаўленне адпаведнае. Тым больш дзяржава ў гэтым зацікаўлена. Калі яны ўзялі пад нейкую праграму (крэдыт. - Заўвага), яна будзе рэалізавана і мы атрымаем у канчатковым выніку малако і мяса. У рэшце рэшт яны заслужылі, каб да іх ставіліся па-асабліваму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У размове з Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Барташам была закранута тэма завяршэння ўборачнай кампаніі і нарыхтоўкі кармоў. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў паскорыць тэмпы правядзення работ, пакуль гэтаму садзейнічаюць умовы надвор'я. "Трэба варушыцца і ўшчыльняцца", - арыентаваў Прэзідэнт.
Што датычыцца развіцця жывёлагадоўлі і, у прыватнасці, вырашэння праблемы з падзяжом жывёлы, было прапанавана ў асобных гаспадарках выкарыстоўваць так званую практыку перакідкі жывёлы. Прэзідэнт наконт гэтага выказаўся наступным чынам: "Я не настойваю ні на чым. Гэта ваша справа. Калі не можаш і відаць, што загіне жывёла, тады трэба забіраць імем рэвалюцыі і аддаваць туды, дзе яна захаваецца. Але калі ёсць іншыя метады або шляхі, калі ласка, выбірайце любы". На думку кіраўніка дзяржавы, метад перакідкі жывёлы для захаванасці пагалоўя цалкам прымальны. Але вырашаць у канкрэтных сітуацыях павінны кіраўнікі гаспадарак і раёнаў. "Няхай старшыні райвыканкамаў адпрацуюць гэтыя схемы. Але падзяжу не павінна быць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Як правіла, на такіх нарадах таксама выступаюць кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Яны дакладваюць аб выкрытых недахопах і выяўленых фактах безгаспадарчай, а часам нават і злачыннай дзейнасці.
"Яны б вам "перцу" падкінулі б тут, але мы і самі разумеем, што і падзеж у вас, і недабор, і безгаспадарчасць, і дысцыпліна, і кадры. Гэта ўжо адзначана. Але я вас проста папярэджваю: і Міністр унутраных спраў, і Генеральны пракурор, і Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю мною сарыентаваны на навядзенне парадку ў краіне, і перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Падводзячы вынікі нарады, ён падкрэсліў, што ненармальна, калі ўлады на месцах прымаюць рашэнні, а яны не выконваюцца. "Таму я вас проста папярэджваю па-сяброўску: націск у зімова-стойлавы перыяд з боку праваахоўных, кантрольных органаў будзе шалёны. І вы тут не крыўдуйце", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да праваахоўнікаў з кантралёрамі: перш чым дакладваць яму аб выкрытых фактах безгаспадарчасці, яны павінны абмеркаваць узнікшыя пытанні з губернатарамі.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб пастаўленай яшчэ раней перад жывёлагадоўчай галіной задачы: на працягу пяцігодкі перавесці буйную рагатую жывёлу ў сучасныя малочнатаварныя комплексы.
"Малочнатаварныя комплексы, дзе мы атрымліваем малако як сыравіну для вытворчасці прадукцыі (чым мы славімся), павінны быць у ідэальным стане. У нас ёсць добрыя комплексы - ідзіце, вучыцеся, як трэба рабіць. Будзем падтрымліваць. Але гэта не значыць, што мы будзем раскідваць грошы. Не, будзем акуратна падыходзіць да гэтага пытання", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
У планах у Кіраўніка дзяржавы - падрабязна азнаёміцца з адкормам буйной рагатай жывёлы. У якасці прыкладу ён прывёў работу СВК "Калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне, дзе выпрацавана эфектыўная сістэма.
У краіне таксама прадоўжаць работу па будаўніцтве свінагадоўчых комплексаў. "Вядома, мы будзем вас падтрымліваць, але ўсе павінны ў гэтых адносінах варушыцца: гэта і банкі, і ўласныя сродкі, і бюджэтныя. Нам трэба хутка вырашыць гэту праблему", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на падтрымку кваліфікаваных работнікаў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Іх, патрабуе Прэзідэнт, трэба забяспечыць і дастойнай аплатай, і жыллём.
"Па кадрах - выпрацоўвайце да канца года любыя мерапрыемствы, якія вы лічыце патрэбнымі. Вызначайце фонд зарплаты для кіраўнікоў і спецыялістаў. Спецыялістам трэба плаціць. Патрабуем мы перш за ўсё са спецыяліста за вынік. І гэта ж невялікая колькасць людзей у маштабах раёна або вобласці. Кадры - гэта аснова ўсяго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў і аб рабоце з мэтавікамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэтавыя напрамкі на вучобу трэба выдаваць перспектыўнай моладзі. І гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі. "Жартаваць тут нельга", - заўважыў ён.
"Галоўная наша бяда ў простым, элементарным - у дысцыпліне. Дысцыпліна - гэта не проста кулаком ударыў. Кулаком можна стукаць, калі ў цябе выпрацавана сістэма. Але калі ў вас няма разумнай сістэмы (гаспадарання і кіравання), тады што стукаць? Ніхто не зразумее. Старшыні гар-, райвыканкамаў з губернатарамі, выпрацоўвайце зладжаную, дакладную сістэму і дзейнічайце, не чакайце ніякіх указанняў. Памыліцеся (галоўнае, каб фатальных не было памылак) - памылку чалавеку можна заўсёды дараваць, калі ён імкнецца зрабіць добра. Але калі ён бяздзейнічае, растапырыўся і сядзіць, не ведае (а то і ведае і нічога не робіць) - навошта патрэбны такі кіраўнік? Таму дзейнічайце. Вы - генералы на месцах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што наступныя гады будуць няпростымі для вертыкалі ўлады. Асабліва для "тройкі" ў рэгіёнах: упаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы па вобласці, губернатар і памочнік Прэзідэнта. "Вам праводзіць там электаральныя кампаніі. Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзякуй за сустрэчу. У асноўным бачу, што вы мяне разумееце, дзейнічайце! Я вас вельмі прашу: дзейнічайце, не спыняйцеся. Калі ёсць якая-небудзь праблема, давядзіце яе да мяне. Вы ведаеце, як гэта зрабіць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.