Нарада па праекце Закона "Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь"
- 10
- 12:52
Прапанаваныя змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса абмеркаваны 11 лютага на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Падрыхтаваны адпаведны законапраект. Работа пачалася два гады таму, пасля нарады па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў. Сутнасць - ва ўдасканаленні парадку абскарджання судовых рашэнняў у крымінальным працэсе.
"Эфектыўнасці работы судовай сістэмы ў нашай краіне заўсёды ўдзялялася павышаная ўвага. Тэма сённяшняй нашай размовы - судовыя пасяджэнні, асабліва па крымінальных справах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў: "Два бакі (у судовым працэсе. - Заўвага): нехта задаволены судовым рашэннем, нехта не. Бывае, два бакі незадаволены. Але часцей адзін задаволены, другі - не. І незадаволены бок хацеў бы абскардзіць рашэнне суда. Сістэма ў Беларусі існуе, але мы прызналі тое, што яе трэба ўдасканаліць з карысцю для людзей".
"У суд у канчатковым выніку можа звярнуцца кожны за абаронай сваіх парушаных правоў. Менавіта ад суда чакаюць вывераных, справядлівых і законных прававых рашэнняў. Крымінальнае судаводства тут на асаблівым рахунку. Сур'ёзнасць разглядаемых пытанняў і наступстваў выносімых судовых пастаноў патрабуе вельмі ўзважанага падыходу да рэфармавання гэтай сферы. Тым больш калі справа датычыцца такога адчувальнага для людзей моманту, як абскарджанне рашэнняў суда", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, на жаль, нават самы вопытны суддзя або пракурор у сваёй рабоце не застрахаваны ад памылак. І не толькі дробных, тэхнічных, але часам яны могуць прывесці і да асуджэння невінаватага. "Магчымасць выправіць такія памылкі павінна быць безумоўна гарантавана", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што ў гэтых мэтах у 2016 годзе ў крымінальным працэсе перайшлі ад касацыйнага да апеляцыйнага парадку абскарджання, які дае магчымасць больш поўна даследаваць акалічнасці справы ў судзе другой інстанцыі. "У 2019 годзе мной было даручана Вярхоўнаму Суду ўнесці прапановы аб далейшым удасканаленні парадку абскарджання судовых пастаноў па крымінальных справах. Гэта тое, аб чым я ў пачатку сказаў: калі чалавек незадаволены, ён мае права звярнуцца са скаргай. І ў 2019 годзе мы вырашылі, што ўдасканалім гэты парадак. У канцы мінулага года Вярхоўны Суд прадставіў адпаведны праект закона", - сказаў Прэзідэнт.
З аднаго боку, гэты праект прадугледжвае аптымізацыю існуючага парадку перагляду судовых рашэнняў - каб не было лішніх валакіты, бюракратыі і заарганізаванасці. З другога боку, прапануецца ўвесці дадатковую стадыю судаводства - касацыйную. "У сувязі з гэтым хацеў бы, каб распрацоўшчыкі і зацікаўленыя выразна растлумачылі, для чаго нам патрэбна вяртанне ў крымінальны працэс касацыі. Яна ў нас ужо была. Апеляцыйнае ж вядзенне па справе таксама захоўваецца, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У чым будуць заключацца ключавыя адрозненні паміж апеляцыяй і касацыяй? І як новаўвядзенні паўплываюць на эканамічнасць і аператыўнасць правасуддзя? Не забюракратызаваць правасуддзе і, вядома, не павінна быць падаражэння".
Акрамя таго, заўважыў Прэзідэнт, згодна з прадстаўленымі матэрыяламі зацікаўленыя органы не выказалі заўваг па праекце закона. "Усе згадзіліся. Але ці ўсё тут бездакорна ў гэтым праекце закона? Мы павінны, калі ўжо ідзём на змяненне заканадаўства (канчаткова і назаўсёды наўрад ці атрымаецца, жыццё мяняецца - мяняюцца і законы), на гэты момант найбольш аптымальна прыняць рашэнне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хацеў бы, каб сумленна і шчыра мы абмеркавалі гэты праект закона, ці няма тут якіх-небудзь падводных камянёў, можа, нешта не ўлічылі. І наогул, ці гатовы гэты законапраект для таго, каб яго разглядаць у парламенце. Ну, і самае галоўнае - у чым карысць гэтага праекта не толькі для праваахоўнай і судовай сістэм, але самае галоўнае - для нашых грамадзян?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як для саміх падсудных і асуджаных, так і для іх сваякоў вельмі важна, каб судаводства было максімальна справядлівым.
Як расказаў на нарадзе Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, у новым законапраекце прадугледжана магчымасць апеляцыйных скаргаў і пратэстаў у тым ліку і на прыгаворы, вынесеныя Вярхоўным Судом па першай інстанцыі. Прапанова распрацоўшчыкаў дакумента была ў тым, каб у самім Вярхоўным Судзе ствараць спецыяльную апеляцыйную калегію для разгляду такіх скаргаў і пратэстаў. Фарміраваць яе распараджэннем Старшыні ВС са спіса суддзяў, зацверджанага пленумам гэтага Суда.
Выслухаўшы гэту прапанову, Прэзідэнт удакладніў, як гэта норма будзе ўспрынята ў грамадстве, людзі ж могуць рэзонна сказаць: як гэта Вярхоўны Суд будзе сам сябе правяраць?
"Не, не сам сябе. Тут будзе стварацца спецыяльная калегія для разгляду апеляцыйных спраў. Для гэтага будуць спецыяльныя суддзі, найбольш вопытныя, члены Прэзідыума Вярхоўнага Суда, не звязаныя з разглядам справы ў першай інстанцыі ВС", - растлумачыў Старшыня ВС.
"Але людзі гавораць: рука руку мые", - запярэчыў Аляксандр Лукашэнка.
"Іншай структуры (пры наяўнасці такой кампетэнцыі ў Вярхоўнага Суда) прадугледзець проста немагчыма, яе няма. Таму - вось такая найбольш эфектыўная структура, гэта не наша ноу-хау, а ў пяці судах краін СНД вярхоўныя суды надзелены правам разгляду спраў па першай інстанцыі", - адказаў Валянцін Сукала.
У працэсе абмеркавання ўдзельнікі нарады выказвалі розныя пункты гледжання і прыйшлі да высновы, што гэту норму трэба дапрацаваць з тым, каб прыцягнуць прадстаўнікоў грамадскасці да работы той калегіі, якая будзе пераглядаць рашэнні Вярхоўнага Суда ў апеляцыйным парадку.
У цэлым законапраект атрымаў адабрэнне Кіраўніка дзяржавы і пасля некаторай дапрацоўкі можа быць прадстаўлены ў парламент.