Пасяджэнне-нарада з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі

  • 45
  • 4

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня правёў пасяджэнне-нараду з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ўручыў дзяржаўныя прэміі, дыпломы акадэміка і члена-карэспандэнта вучоным НАН.

Перад пачаткам мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка агледзеў выстаўку ў Палацы Незалежнасці, прысвечаную навуковым дасягненням у розных галінах ведаў, у тым ліку лаўрэатаў дзяржаўных прэмій Беларусі.

Напрыклад, Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі распрацоўкі ў сферы АПК - пачынаючы ад селекцыі насення і заканчваючы перапрацоўкай і вытворчасцю прадуктаў харчавання, у тым ліку ў рамках імпартазамяшчэння.

Айчынныя вучоныя таксама актыўна працуюць над селекцыяй саджанцаў для аднаўлення і развіцця ляснога фонду, робячы расліны больш устойлівымі да зменлівых кліматычных умоў, насякомых-шкоднікаў.

Што датычыцца біятэхналагічных навук, то фактычна можна весці размову аб з'яўленні ў краіне новай галіны. Гэта розныя дабаўкі, стымулятары і рэгулятары росту і шмат іншага.

Увазе Прэзідэнта таксама былі прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі ў сферах водаачысткі, вытворчасці праходчых машын. Побач - абсталяванне, што прымяняецца пры трансплантацыі органаў, напрацоўкі для лячэння анкалагічных захворванняў. А яшчэ - дэталі для ракетных комплексаў, узоры вакуумна-плазменных пакрыццяў, лазеры рознага прызначэння, напрацоўкі па крыпталогіі, тэхналогіі распрацоўкі радовішчаў калійных солей.

Увагу Аляксандра Лукашэнкі прыцягнула і прадукцыя адроджанай вытворчасці лыж "Целяханы". Кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў запэўніў, што па якасці айчынныя лыжы супастаўныя з імпартнымі, але айчынныя распрацоўшчыкі не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. У планах у тым ліку распрацаваць лыжы для спорту высокіх дасягненняў.

Удзелена ўвага і гуманітарным навукам: кіраўніку дзяржавы прадстаўлены некалькі кніг у галіне гісторыі, філасофіі, экалогіі.

Экспазіцыю завяршаў манумент "Брама памяці" ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец", аўтар якога таксама ўдастоены дзяржпрэміі.

На нарадзе-пасяджэнні Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сённяшні дзень знакавы, паколькі ўпершыню ў Палацы Незалежнасці такі прадстаўнічы сход дзеячаў навукі. Да гэтага часу ў такім складзе Прэзідэнт сустракаўся з вучонымі выключна ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук.

"У Год гістарычнай памяці, які супаў са знамянальнай датай - 100-годдзем беларускай акадэмічнай навукі, я хацеў бы разам з вамі абмеркаваць вынікі нашай працы. Тым больш што нам ёсць што ўспомніць. А галоўнае, ёсць чым ганарыцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што на яго вачах праходзіла ўзыходжанне да акадэмічных вышынь многіх з прысутных на сустрэчы вучоных. Гэта адбывалася ў эпахальны, але вельмі няпросты час, калі Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, падкрэсліў беларускі лідар.

"І захаваць навуку ў краіне, якая засталася пасля распаду Савецкага Саюза з разваленай ліберальнымі рэформамі эканомікай і даўгамі, - быў выклік. Мы яго прынялі, таму што ведалі: навука - фундамент нашай дзяржаўнасці, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі, якія прысвячаюць сваё жыццё складанай працы вучонага, як бы банальна гэта ні гучала, - залаты фонд нашай нацыі. Рады, што змаглі разумна распарадзіцца сваімі інтэлектуальнымі магчымасцямі, патэнцыялам, якія прадаставіла вам у тым ліку і дзяржава".

Прэзідэнт канстатаваў, што гісторыя беларускай навукі пішацца ўжо амаль трэць стагоддзя. У краіне распрацоўваюцца сучасныя тэхналогіі, рэалізуюцца інавацыйныя праекты, ствараюцца новыя вытворчасці. "Менавіта вынікі вашай працы прадвызначылі дасягненні Беларусі ў такіх галінах, як космас, інфармацыйная бяспека, машынабудаванне, энергетыка, дакладнае земляробства і многіх іншых. Прыкметна рушылі наперад у стварэнні новых лякарстваў і методык у анкалогіі, траўматалогіі, лячэнні інфекцыйных хвароб, кардыялогіі, прымяненні стваловых клетак, транспланталогіі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што Беларусі патрэбна магутная база для вытворчасці вакцын. "Мне падабаецца ваша рашучасць. Апошні раз я ў гэтым пераканаўся, калі была пастаўлена задача вырабіць сваю вакцыну ад каранавіруса і стварыць уласную вытворчасць", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што спачатку ён сумняваўся, што ў краіне ўдасца наладзіць вытворчасць уласнай вакцыны, ці не спалохаюцца такога выкліку самі вучоныя. Але яны праявілі рашучасць, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Думаю, мы своечасова ўвядзём той завод па вытворчасці вакцыны, які намецілі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам патрэбна магутная навука і, самае галоўнае, вытворчая база па вытворчасці вакцын, яшчэ раз падкрэсліваю, не толькі ад каранавіруса".

"Так склалася гістарычна: нашы поспехі, зразумела, не на радасць нашым канкурэнтам, перш за ўсё геапалітычным. Навука - таксама сфера канкурэнцыі. Нашы дасягненні заўсёды раздражнялі і правакавалі так званы калектыўны Захад на неадэкватныя ў адносінах да Беларусі паводзіны і дзеянні, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Аднак наперакор санкцыям, з якімі мы жывём і развіваемся ў гэты час, мы шмат чаго дасягнулі. Цяпер сітуацыя ўскладняецца і пандэміяй кавіду, новым вітком эканамічнага, палітычнага шантажу, нагнятаннем ваеннай істэрыі на беларускіх граніцах".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускіх вучоных ніколі не спынялі цяжкасці, яны заўсёды матывавалі, дапамагалі вырашаць, здавалася б, невыканальныя задачы.

"Цяпер мы бачым, якія глабальныя змяненні адбываюцца ў інфармацыйнай і тэхнічнай сферах. Веды і тэхналогіі абнаўляюцца імкліва. Хто ў гэтай гонцы прайграе - рызыкуе страціць усё, у тым лку і  краіну. Па сутнасці, у нас няма іншага выбару - мы павінны быць сярод лідараў. Гэта, паважаныя вучоныя, пытанне не толькі вашых навуковых амбіцый, але і захавання нашай дзяржаўнасці і беларускай нацыі. Не выб'емся ў лідары, адстанем, спынімся - упадзём, затопчуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Адна са стратэгічных задач сёння для навукі і вытворчасці - гэта павышэнне эфектыўнасці навуковых пошукаў, стварэнне сучасных тэхналогій і іх шырокае ўкараненне. Гэта для нас галоўнае. Так, патрэбна і фундаментальная навука, без яе не можа быць ніякай прыкладной навукі. Але калі будзем займацца толькі фундаменталізмам і тэарэтызаваць і не атрымаем ад прыкладной навукі, не будзем яе развіваць, мы загубім навуку наогул, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы абавязаны забяспечыць выхад эканомікі на ўзровень устойлівага інавацыйнага развіцця і значна павысіць валавы ўнутраны прадукт".

Прэзідэнт канстатаваў, што вучоныя шмат што робяць для гэтага. Ён адзначыў, што даследаванні патрэбны перш за ўсё для вырашэння выключна прыкладных праблем. "Але, на жаль, асобныя вашы распрацоўкі я бачу толькі на выставачных стэндах", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Няхай не ўсе, рушылі наперад значна. Я памятаю свае першыя гады прэзідэнцтва і нашай работы, тады з боку вучоных былі адны скаргі: "Мы зрабілі - нікому не трэба". Мы значна рушылі наперад па асваенні вашых навуковых распрацовак і іх укараненні ў вытворчасць. Думаю, што крокі зроблены. Але ўпэўнены, што не ўсё яшчэ зрабілі, ёсць добрыя адкрыцці, навацыі, якія яшчэ ляжаць на паліцах, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Інавацыі вельмі патрэбны нам сёння і асабліва патрэбны ў рэгіёнах. Мы дамаўляліся, што вы актыўна ўключыцеся ў праграмы развіцця рэгіёнаў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў поспехі краіны ў імпартазамяшчэнні і развіцці экспарту. "Намі шмат зроблена па імпартазамяшчэнні і развіцці экспарту. Хоць 20 гадоў таму не ўсе разумелі і падтрымлівалі мае падыходы. І калі б мы тады не спахапіліся, што сёння рабілі б з так званымі санкцыямі?" - сказаў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў сферу машынабудавання: "Мы захавалі заводы, канструктарскія бюро, кадры. І цяпер маем шырокую лінейку тэхнікі, якая запатрабавана ва ўсім свеце. Нам крыху яшчэ трэба падцягнуць якасць. І праблемы мы вырашым".

Гаворачы аб знешнім гандлі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь уваходзіць у лік лідараў па экспарце прадуктаў харчавання. "Нягледзячы на абмежавальныя меры і глабальны эканамічны спад, выкліканы лакдаўнамі, мы ўпершыню зарабілі $7 млрд на прадуктах харчавання. І зарабілі б значна больш, калі б захоўвалі тэхналогіі, выкарыстоўвалі адаптаваныя да нашых умоў беларускія сарты. Але ў любым выпадку - сёння мы забяспечваем харчовую бяспеку краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы лічыць па-ранейшаму недастатковай рэзультатыўнасць супрацоўніцтва навукі з канкрэтнымі прадпрыемствамі, ВНУ і тэхнапаркамі: "Многія даручэнні па гэтым напрамку не выкананы. Якія праблемы ў сувязі з гэтым, якія патрэбны дапамога, падтрымка?"

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць захавання пераемнасці і пошуку здольнай моладзі ў навуковай сферы: "Важна, каб ланцужок "школа - ВНУ - акадэмічныя інстытуты" працаваў рэальна, канкрэтна і вынікова".

У час размовы з вучонымі Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе працэс пошуку маладых талентаў, ці сочаць за іх поспехамі. "Такіх дзяцей трэба літаральна за руку весці да прафесіі вучонага. Інакш у будучым новыя Алфёравы, Барысевічы і Высоцкія ў нас не з'явяцца, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - А гэта і ёсць вырашэнне глабальнай праблемы захавання і развіцця навуковых школ. За кожным з вас, паважаныя акадэмікі, члены-карэспандэнты, дактары і прафесары, павінны ісці вучні. Менавіта яны і з'яўляюцца сведчаннем жыццяздольнасці вашых ідэй".

Прэзідэнт таксама закрануў тэму дзіцячага тэхнапарка, якая, паводле яго слоў, неяк адышла ў цень. "Прымаючы рашэнне аб яго стварэнні, мы думалі перш за ўсё аб пераемнасці пакаленняў, фарміраванні ў дзяцей цікавасці да навукі, пачынаючы са школьнай парты. Думаю, што вы мне сёння раскажаце, як дарослая навука ўдзельнічае ў гэтым працэсе", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важную ролю вучоных, якая сёння значна шырэйшая за рамкі навуковых даследаванняў. "Кожны з вас - асоба ў гісторыі. У многім вы фарміруеце светапогляд нацыі. Вельмі важна, каб вашы дзеянні і ўчынкі адпавядалі інтарэсам дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Асаблівую актуальнасць гэта набывае сёння, калі краіна знаходзіцца на важным гістарычным этапе, які Прэзідэнт назваў лёсавызначальным і нават пераломным. "Мы ўносім змяненні ў Канстытуцыю. Па сутнасці, пішам пасланне будучым пакаленням беларусаў, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Наша мэта - абараніць і захаваць традыцыі, каштоўнасці, гістарычную памяць, умацаваць дзяржаўнасць, стварыць палітычны механізм, здольны выстаяць у крызіснай сітуацыі. Мы павінны помніць, што ўсё гэта робіцца для нашых дзяцей і ўнукаў". 

У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў пажаданне, каб акадэмікі, члены-карэспандэнты НАН актыўней прымалі ўдзел у публічных дыскусіях на тэму канстытуцыйнага рэфармавання. "Адно імя - акадэмік, член-карэспандэнт - ужо гэта пакланенне перад ім, людзі будуць з задавальненнем не толькі слухаць, а рабіць учынкі так, як вы будзеце іх агітаваць і накіроўваць", - сказаў беларускі лідар. Ён таксама ўказаў Адміністрацыі Прэзідэнта, каб яны больш задзейнічалі патэнцыял айчыннай навукі ў гэтым плане: "Усе гавораць: 2020-ы год... Мы неэфектыўна выкарыстоўвалі навуку, будзем старой мовай гаварыць, у прапагандзе і агітацыі. Вельмі неэфектыўна, наогул амаль не выкарыстоўвалі. А тое, што гаворыць вучоны, - гэта ікона, разумееце. Таму нам трэба ў гэтым плане рабіць пэўны крэн. І для вучонага гэта вельмі важна - калі ён пастаянна перад грамадствам".

Навука павінна служыць на карысць чалавецтву, але перш за ўсё - народу сваёй краіны, упэўнены беларускі лідар. "Вы, як сапраўдныя патрыёты, як людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, гэта цудоўна разумееце. І разумееце, што вашы поспехі з'яўляюцца адным з фактараў нацыянальнай бяспекі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ведаеце маё стаўленне да навуковай сферы і вучоных. Я запрасіў вас для таго, каб адкрыта пагаварыць аб пытаннях, што накапіліся, вызначыць перспектывы развіцця айчыннай навукі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаўся па некалькіх актуальных тэмах. У прыватнасці, ён звярнуў увагу, што апошнім часам шмат размоў аб нібыта непазбежнасці вайны, якія напэўна насцярожваюць многіх людзей. 

"Я хачу, каб вы разумелі мяне не толькі як Прэзідэнта, але і як чалавека, які адказвае за Узброеныя Сілы. Ніякай вайнушкі ні я, ніхто з нашых генералаў і ваеннаначальнікаў не хацеў бы", - падкрэсліў ён. 

Аднак гэта не азначае, што трэба бяздзейнічаць, тым больш калі перад вачамі ёсць прыклад пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і гэта добра помняць людзі старэйшага пакалення. Бо тады, у першыя дні вайны, фашысты хутка прарваліся на тэрыторыю Беларусі, прайшлі па ёй урачыстым маршам. "Літаральна за некалькі дзён. Бамбілі Мінск, і Беларусь была пастаўлена на калені. Мы ўсе гаворым пра гераізм, але забываем пра тыя памылкі, якія былі дапушчаны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. 

Або іншы прыклад - фартыфікацыйнае збудаванне "Лінія Сталіна", якое ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны не выкарыстоўвалі. "Па гэтай асноўнай дарозе на Мінск немагчыма было прайсці тэхніцы фашыстаў - усё было прыстраляна, кожны метр. І колькі выстралаў было зроблена ў тым пункце "Лініі Сталіна"? Нуль", - нагадаў беларускі лідар.

"Мы самазаспакоіліся, усё было добра. Цяпер мы гаворым, што хацелі час пацягнуць, адтэрмінаваць, падрыхтавацца да вайны. Мы, напэўна, заўсёды былі да нечага не гатовы. А трэба было трымаць вуха востра. Я зыходжу з таго, што гэтых памылак мы не павінны паўтарыць. І для таго, каб нас разумелі, а можа, і баяліся, мы павінны гэта дэманстраваць", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, прыклад таго, наколькі рашуча Беларусь гатова дзейнічаць, быў прадэманстраваны ў 2020 годзе ў перыяд выбарчай кампаніі і пасля яе завяршэння: "Мне давялося падняць паў-арміі і кінуць на захад (заходні напрамак Беларусі. - Заўвага). Тое, што было тут, унутры, і мы плачамся "ах", "ох" - гэта кветачкі. Ягадкі былі там. І калі б мы своечасова не перакрылі напрамкі іх дзеянняў жаданых, можа, і сітуацыя па-іншаму разгортвалася б", - звярнуў увагу Прэзідэнт. 

"Мы павінны быць гатовы да любога развіцця падзей, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Зразумейце: справа ж не ў нас. Як і тады, і ў Айчынную вайну 1812 года, у Першую сусветную, Вялікую Айчынную вайну… Груба кажучы, мы нікому не патрэбны. Вы ведаеце, што ім трэба".

Гаворачы аб сумесных з Расіяй вучэннях "Саюзная рашучасць - 2022", Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь не імкнецца нагнятаць абстаноўку, а дэманструе гатоўнасць зрэагаваць пры любых абставінах.

"Не думайце, што мы нагнятаем абстаноўку, але калі здарыцца, мы павінны быць гатовы да ўсяго", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў планавы характар рыхтуемых сумесных вучэнняў і тое, што яны супалі з мерамі, якія прымае Беларусь па ўмацаванні сваіх паўднёвых граніц, куды накіраваны дадатковы кантынгент Узброеных Сіл. "Я вымушаны гэта рабіць, таму што на граніцы з Украінай у нас не лепш, чым з палякамі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што менавіта на беларуска-ўкраінскай граніцы неаднаразова спыняліся спробы незаконнага правозу зброі і боепрыпасаў. "Добра, што мы затрымалі гэтых нягоднікаў, а калі б не?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

"З Украінай, на вялікі жаль, нам няпроста, - канстатаваў беларускі лідар. - І нам трэба паскораным варыянтам ствараць там адпаведную групоўку, каб прыкрыць амаль паўтары тысячы кіламетраў граніцы з Украінай, вялікая працягласць. І гэта наша работа, якую мы запланавалі даўно, супала з вучэннямі, якія мы дамовіліся з Пуціным яшчэ ў мінулым годзе на поўдні правесці". 

"Гэта нам трэба, а не Расіі. У выніку гэтых вучэнняў мы будзем бачыць, дзе і якія часці нам трэба сканцэнтраваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У якасці станоўчага моманту ён адзначыў, што ваенная інфраструктура ў Беларусі, што засталася яшчэ з савецкіх часоў, не была развалена. Наадварот, яна захавана і запатрабавана сёння. Прыкладам таго могуць быць ваенныя аб'екты пад Лунінцам, дзе нядаўна пабываў Кіраўнік дзяржавы. 

"І потым, каму якая справа, з кім, калі, дзе? - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт, гаворачы аб гвалце наконт сумесных вучэнняў Беларусі і Расіі. - Мы што, незаконна праводзім гэтыя вучэнні?"

"Гэта дэманстрацыя нашай сілы. Яны павінны бачыць, што мы не адны і мы будзем абараняцца, калі нам гэта трэба", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: не думайце, што мы нагнятаем абстаноўку, што нам патрэбна гэта вайна. Не патрэбна яна нам. Але калі здарыцца, мы павінны быць гатовы да ўсяго, і нашы ваенныя", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што міграцыйная праблема зусім не вычарпана, і бежанцы прадаўжаюць спробы трапіць праз Беларусь у краіны Еўрасаюза.

"Нават не думайце, што мы тут некага правакуем. Калі мы з імі там ваюем наконт бежанцаў, гэта не значыць, што я іх з Самалі прывёз. Нібыта сітуацыі ўжо няма з бежанцамі, але гэта вам толькі здаецца. Як ішлі яны, так і ідуць. І тое, што я папярэджваў Захад - раней ляталі на самалётах, цяпер пяшком пайшлі. Пакуль не натоўпы, а прасочваюцца пакрыху сюды. І кожныя суткі. Вось за мінулы тыдзень (гэта паводле іх даных) заяўляюць аб тым, што да 200 чалавек за тыдзень перайшло на той бок - Польшча, Літва, Латвія. У асноўным у Польшчу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэта пытанне трэба вырашаць у корані: "Там вырашаць. Дзе спалілі, забілі іх сваякоў, разарылі іх краіны. Не вырашым тую праблему - увесь час будуць людзі цягнуцца сюды".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бежанцы ідуць не толькі праз Беларусь або па вядомым маршруце праз Міжземнае мора. "Яны ідуць і па поўначы праз Расію, Фінляндыю, туды і гэтак далей. Яны ідуць і праз Украіну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але выбралі Беларусь, каб у сродках масавай інфармацыі паказаць. І вось гэтыя правакацыі будуць пастаянна".

Прэзідэнт, у прыватнасці, нагадаў пра стральбу па дзяржаўных знаках на граніцы і іншыя правакацыі. "Здавалася б, дробныя. Але я вам як пагранічнік скажу, і ўчора генерал Лапо (Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. - Заўвага) аб гэтым гаварыў, што ўсё пачынаецца з гэтых дробязей. Паступова эскалацыя ідзе".

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз адзначыў той факт, што ЕС згарнуў усялякае супрацоўніцтва з Беларуссю па пагранічных пытаннях, у той час як сам раней настойваў на заключэнні дагавора аб рэадмісіі. "Яны заўсёды на каленях прасілі нас: давайце дагавор аб рэадмісіі заключым. Гэта значыць калі туды прыбеглі ад нас, мы павінны іх забраць. Мы доўга думалі, нам трэба было дамовіцца з Расіяй, іншымі, - адзначыў Прэзідэнт. - Дамовіліся. Яны паабяцалі пабудаваць для гэтага жыллё гэтым людзям - бежанцам. Лагеры. Усё кінулі, перасталі фінансаваць, згарнулі ўсялякую работу з намі па пагранічных пытаннях. Ну дык калі ласка".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць захавання дзяржаўнасці. Ён таксама ўпэўнены, што ў сучасным свеце немагчыма выстаяць паасобку і трэба развіваць саюзніцкія адносіны.

"У гэтым жудасным свеце, калі паасобку практычна немагчыма не тое што выстаяць - пытанні не вырашыш паасобку. Толькі разам, у саюзе і гэтак далей. Нам трэба выстаяць. Час выбраў нас, не мы выбіралі. І нам трэба ўтрымаць тую дзяржаўнасць і тую дзяржаву, якую мы зляпілі з таго, што было. І як умелі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі навука павінна служыць чалавецтву, але перш за ўсё народу сваёй краіны. "Перакананы, што вы, як сапраўдныя патрыёты, людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, гэта цудоўна разумееце. І разумееце, што вашы поспехі з'яўляюцца адным з фактараў нацыянальнай бяспекі Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў у час выступлення на мерапрыемстве звярнуў увагу, што новыя акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН, якія атрымалі сёння ад Прэзідэнта свае дыпломы, былі ўдастоены гэтых званняў па выніках строгага адбору. "Па ўсеагульным прызнанні перамаглі мацнейшыя - вучоныя, якія маюць у сваёй сферы выдатныя вынікі. Выбары прайшлі ў вельмі строгай адпаведнасці з нормамі заканадаўства і статутнымі дакументамі Акадэміі навук", - заявіў кіраўнік НАН.

"Я ведаю, што не ўсе адназначна ўспрынялі выбары акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў. Ёсць і пакрыўджаныя, і іншыя. Але мы з вамі ўжо людзі дарослыя, і я разумею, што ў гэтым працэсе заўсёды будзе нехта задаволены, нехта незадаволены, гэта жыццё. Але вы павінны ведаць маё галоўнае патрабаванне: усё павінна быць сумленна і справядліва. Заслугоўвае чалавек - ён павінен быць акадэмікам, членам-карэспандэнтам, доктарам навук, прафесарам. Нельга абясцэньваць, дэвальваваць гэтыя паняцці. Генерал, прафесар, акадэмік - гэта стала народным брэндам", - зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі не так проста атрымаць званне, напрыклад, генерала або дзяржаўную ўзнагароду, іх трэба заслужыць. "Маё патрабаванне: акадэмік павінен быць чалавекам надзейным у тым сэнсе, што ён павінен быць адданым дзяржаве, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ты акадэмік - працуй на краіну. У адваротным выпадку - які ж ты акадэмік?"

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з першых гадоў свайго прэзідэнцтва замкнуў Акадэмію навук на сябе, узяў пад асабісты кантроль працэсы, якія там адбываюцца: "Каб засцерагчы вас ад рознага непатрэбнага ўплыву і ўздзеяння збоку".

У сваю чаргу Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу на вялікі прагрэс Акадэміі навук з часоў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі стан спраў у НАН быў сумным: "Масавае сыходжанне вучоных, асабліва моладзі, адсутнасць фінансавання, хуткае старэнне і разарэнне матэрыяльнай базы, адсутнасць перспектыў. Многія заставаліся працаваць толькі на энтузіязме, без зарплаты. Акадэміі навук прадракалі гібель, ліквідацыю, раздачу інстытутаў па ВНУ, продаж маёмасці. І толькі выбранне Прэзідэнта палажыла канец татальнаму разарэнню навукі". Кіраўнік маладой суверэннай дзяржавы наведаў Акадэмію навук, сустрэўся з вучонымі, пасля чаго праблемы сталі паступова вырашацца. "З'явіліся надзеі і ўпэўненасць, вучоныя адчулі клопат і перспектывы", - звярнуў увагу Уладзімір Гусакоў.

"Вядома, што і Прэзідэнту таксама падкідваліся розныя "ідэйкі", тыпу рыначнага рэфармавання, ператварэння Акадэміі навук у клуб вучоных, пазбаўленне яе статусу і магчымасці праводзіць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Але ў Кіраўніка дзяржавы хапіла мужнасці і мудрасці адхіліць усе гэтыя дэструктыўныя ідэі і зрабіць стаўку на фарміраванне сваёй моцнай шматгаліновай і развітой нацыянальнай навукі", - падкрэсліў ён.

Гаворачы аб стане навукі на бягучым этапе, кіраўнік НАН звярнуў увагу, што Акадэмія навук забяспечвае выкананне асноўных мэтавых паказчыкаў, уключаючы аб'ёмы вытворчасці, продажаў і экспарту. У галінах эканомікі і сацыяльнай сферы штогод укараняецца ў сярэднім 280-300 акадэмічных распрацовак. Акрамя таго, за апошні час узбуйнены заданні навуковых праграм, ліквідавана драбнатэмнасць, аптымізавана навуковая тэматыка і склады навуковых калектываў, праведзена сістэмная аптымізацыя ўсёй структуры акадэміі.

"Галоўнае - удалося адаптаваць да патрэбнасцей эканомікі фундаментальную і прыкладную навуку, сканцэнтраваць фінансавыя сродкі і навуковы, вытворчы патэнцыял на вырашэнне найбольш важных народна-гаспадарчых задач. І цяпер мы не бачым розніцы паміж фундаментальнай і прыкладной - уся навука нацэлена на эканоміку краіны", - канстатаваў ён.

Што датычыцца перспектыў, то Уладзімір Гусакоў лічыць неабходным актыўней задзейнічаць існуючы патэнцыял моцных навуковых школ для вырашэння задач у эканоміцы, паскорыць дынаміку праходжання даследаванняў ад ідэі да ўкаранення, удасканаліць сістэму закупак для патрэб навукі.

Выслухаўшы выступленне Уладзіміра Гусакова, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што значную ролю ў станаўленні Акадэміі навук Беларусі адыграў Мікалай Барысевіч, які кіраваў ёй у БССР: "Мне ўдалося ў той час у Акадэміі навук знайсці чалавека, які, скажам груба, стаў членам маёй каманды і мяне падтрымаў на выбарах".

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў таксама пра спробы нацыяналістаў зрабіць НАН клубам вучоных. "Вы ведаеце, я не рэтраград. Можа, гэта і было б эфектыўна, але ці трэба нам тады было гэтым займацца? Я разумеў, што, калі мы пачнём усё гэта дзяліць, расфарміроўваць і раздаваць па ВНУ і прадпрыемствах, мы хутка страцім наогул усё. Не да гэтага было. Таму мной было прынята рашэнне: падпарадкаваць Акадэмію навук непасрэдна Прэзідэнту і абараніць вучоных. А далей... Выплывем - добра, не - вашы праблемы".

"Але вы малайцы, - прадоўжыў беларускі лідар. - Вы выратавалі Акадэмію навук. Калі звярталіся, я вас падтрымліваў і нікому не дазваляў умешвацца ў вашы працэсы. Гэта ўнікальны выпадак, нашы ўзаемаадносіны - Прэзідэнта і Акадэміі навук".

Многія ў тыя часы, паводле слоў Прэзідэнта, перажывалі, што ў НАН не будзе незалежнасці. "Але мая была мэта - забяспечыць вам гэту самую незалежнасць, каб ніхто не мог прыйсці, нагой тупнуць, сказаць: вось гэты будзе акадэмікам, гэты - членам-карэспандэнтам, - адзначыў ён. - У нас гэтага быць не павінна. Я вельмі спадзяюся, што гэтага няма".

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб прынятым у свой час рашэнні стварыць навукова-практычныя цэнтры - каб НАН не была адарвана ад практыкі і жыцця. У якасці прыкладу былі прыведзены сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Акадэміі навукі, якія цяпер вельмі паспяхова развіваюцца, дзякуючы сучасным распрацоўкам вучоных, якія адразу ўкараняюцца ў практыку.

Галоўны вучоны сакратар НАН Андрэй Іванец у час мерапрыемства падкрэсліў, што ў Беларусі маладзёжная палітыка ўваходзіць у лік дзяржаўных прыярытэтаў. Паводле яго слоў, у навуцы для забеспячэння прытоку моладзі і яе замацавання выбудавана цэласная сістэма: гэта і штогадовыя стыпендыі Прэзідэнта, і гранты ў галіне навукі і адукацыі, і рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў і шмат іншага. У Акадэміі навук таксама ёсць сістэма работы з маладымі кадрамі, створаны розныя стымулы для выяўлення і заахвочвання маладых вучоных. Так, дзейнічае Савет маладых вучоных, які аб'ядноўвае больш за 2,2 тыс. чалавек. За апошнія 5-7 гадоў колькасць маладых вучоных ва ўзросце да 35 гадоў у Акадэміі навук вырасла амаль у два разы - з 18% да 30%, сярэдні ўзрост вучоных у НАН цяпер - каля 45 гадоў, хоць нядаўна ён быў больш за 60 гадоў.

"Трэба гэты працэс амалоджвання Акадэміі навук падтрымаць", - даручыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта не азначае, што трэба неяк прыціскаць прадстаўнікоў старэйшага пакалення, насупраць, для вучоных узрост - гэта перавага.

"Не трэба гаварыць: давайце павыганяем старых. Няхай працуе, хто можа працаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ж вучоныя! Гэта такі штучны тавар. Раскідвацца імі нельга".

"Але тэндэнцыі, што пад 30% моладзі, трэба радавацца. Гэтага ні ў адной дзяржаве няма. А каб яны былі, трэба пытанні з жыллём вырашаць, арэндным жыллём у тым ліку", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт асобна пацікавіўся ў Андрэя Іванца, якая сітуацыя з забеспячэннем жыллём спецыялістаў у НАН. "Цяпер іншагароднія аспіранты, магістранты, маладыя вучоныя цалкам забяспечаны інтэрнатам", - адказаў галоўны вучоны сакратар. Вельмі запатрабавана, паводле яго слоў, жыллё ў пабудаваным па даручэнні кіраўніка дзяржавы комплексе "Магістр" для навуковай, творчай інтэлігенцыі. Акрамя таго, з удзелам НАН ствараюцца і жыллёвыя кааператывы для ўзвядзення жылля для супрацоўнікаў. Амаль штогод уводзіцца ў эксплуатацыю па адным доме, пабудаваным за кошт уласных сродкаў работнікаў і крэдытных рэсурсаў.

"Я так разумею, што вялікага напружання з жыллём няма?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Няма, - адказаў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. - Калі б было вялікае напружанне, мы абавязкова да вас звярнуліся б. Стараемся вырашаць пытанні. Напэўна, самая вялікая праблема - выдзяленне ўчастка для будаўніцтва і распрацоўка, узгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі - вельмі доўгая, каля года".

Як праінфармаваў кіраўнік НАН, цяпер вядзецца будаўніцтва шматкватэрнага дома для вучоных з выкарыстаннем сучасных распрацовак, па тэхналогіі "разумны дом".

"Трэба ім дапамагчы, каб у гэтым годзе пабудавалі, і рэнтабельнасць вельмі нізкую трэба прадугледзець, каб цэны былі прымальныя. І калі вам патрэбны будзе ўчастак - формула адна і падыход адзін: каб не сцягвалі ў Мінск тое, што павінна працаваць у рэгіёнах. Але навука ў нас у асноўным у Мінску... Калі патрэбна нейкая дапамога і падтрымка з участкамі, звяртайцеся непасрэдна, мы яе вам знойдзем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, на пасяджэнні-нарадзе зайшла размова аб развіцці ў Акадэміі навук ІТ-напрамку, дзе таксама задзейнічана шмат маладых кадраў.

"Гэта будзе добрая альтэрнатыва ІТ-парку? Узровень нашых хлопцаў і дзяўчат у Акадэміі навук будзе не горшы?" - спытаў Прэзідэнт.

Паводле слоў прадстаўнікоў НАН, узровень ІТ-спецыялістаў у Акадэміі навук ужо дакладна не горшы, чым у ПВТ. Больш таго, у НАН яны сканцэнтраваны на тым, каб лічбавыя тэхналогіі не былі самамэтай, а выкарыстоўваліся як інструмент для ўкаранення іншых тэхналогій - хімічных, біяінфармацыйных і да т.п. Аб'яднаўшы такіх вучоных, плануецца стварыць ІТ-град.

Каменціруючы выступленні ўдзельнікаў мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы выказаўся за развіццё ў грамадстве беларускай мовы, каб людзі яе добра ведалі, аму што менавіта гэта мова адрознівае беларускую нацыю ад іншых.

"Вы ведаеце, дзякуючы гэтым нашым вар'ятам бчб-шным мы, адмятаючы ўсё, як кажуць, выплюхнулі і дзіця. Беларуская мова, родная беларуская мова, - сказаў Прэзідэнт. - Вы павінны разумець, нешта, што нас адрознівае ад іншых - гэта ёсць беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага адыходзіць. Нам трэба падумаць аб тым, каб кожны беларус ведаў. Няхай, так склалася, што гэта наша руская мова. Але руская мова нас не адрознівае ад іншых. Дапусцім, ад рускіх. А беларуская мова адрознівае ад іншых".

"Руская мова - мы і так ведаем яе лепш, чым беларускую. Так склалася. Але ўжо следам і падцягвацца трэба да рускай мовы, следам павінна ісці родная беларуская мова, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, - мы не беларусы. І руская мова, і беларуская мова - гэта наша. Але беларускую мову, мы яе не насаджаем, але мы будзем імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове. І няма тут нічога антырасійскага і гэтак далей".

"Але мы пад уражаннем жніўня 2020 года пачалі неяк выплюхваць з гэтай вадой каламутнай... І дзіця можам выплюхнуць. Гэта ні ў якім выпадку не павінна быць. І моладзь гэта нармальна разумее", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён таксама акцэнтаваў увагу, што размова абсалютна не ідзе аб нейкай мяккай беларусізацыі. "Палітыкі ў мяне няма мяккай беларусізацыі. Гэта глупства поўнае, выдумка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў моўным пытанні не павінна быць нейкіх шуму і гвалту, як у часы нацыяналістаў у 90-я гады XX стагоддзя. "Гвалту было шмат, а карысці мала", - заўважыў ён.

Сваё слова адносна гэтага павінны сказаць і вучоныя, прадстаўнікі сферы адукацыі, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар даручыў нефармальна падысці да правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, і дайсці да аграгарадкоў.

"Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), трэба арганізаваць гэта ў маштабе краіны, у абласцях і раёнах, такія планы фундаментальных мерапрыемстваў. Дайсці трэба да аграгарадкоў, каб у кожнага быў свой план, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - І з гэтых усіх планаў - вялікая колькасць гэта - выльецца ў тое, што пройдуць тысячы мерапрыемстваў. І людзі скажуць: "Так, быў Год гістарычнай памяці, і вось гэта, гэта, гэта прайшло".

"Трэба абавязкова нефармальна. Фармалізм непрымальны. Гэта будзе на шкоду. Трэба абагульніць і ўзяць на  кантроль. Недзе, можа, і нейкую капейку даць некаму, прафінансаваць давядзецца. Таму гэтыя планы павінны быць па вертыкалі ў цэлым. Абавязкова", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым выказаўся аб важнасці асэнсавання гістарычнага развіцця беларускіх зямель. Ён нагадаў, што пытанне ў тым ліку ўзнімалася на адной з папярэдніх сустрэч з беларускімі вучонымі. "Тураўскае, Полацкае княства. Давайце адтуль хаця б пачнём, - сказаў ён. - Гэта неаспрэчна. І ніхто нам не скажа, што мы невядома адкуль".

Паводле слоў Прэзідэнта, трэба больш увагі ўдзяляць адпаведным пытанням, пачынаючы са школы, і важна ведаць гісторыю сваёй дзяржавы і народа, захоўваць памяць і гістарычныя мясціны. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі толькі стаў Прэзідэнтам, то звярнуў увагу на Тураў, які да таго моманту ператварыўся ў заняпалую вёску: "Я паехаў туды і кажу: давайце зробім усё, што трэба. У Тураў сёння я прыязджаю адпачываць. Праляціш, праедзеш, ну такая чыстата, такі прыгожы гарадок, і вакол сельгаспрадпрыемствы. Там самая ўрадлівая глеба. Яе хацелі прысвоіць. Я сказаў: ні ў якім разе, гэта здабытак Беларусі! Уклалі там грошы. Прыемна паглядзець".

"Тое ж самае і па Полацку. Я імкнуўся да таго, каб мы ўсё ж такі ведалі, адкуль мы родам пайшлі", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць аб'ектыўна падыходзіць да ўспрымання тых ці іншых гістарычных перыядаў : "Рэч Паспалітую, мы ўжо вызначылі з вашай падачы, што гэта ў нейкай ступені акупацыя Беларусі была. Але ВКЛ - гэта мы, гэта наша дзяржава. Узяў карту - адну, другую, трэцюю - гляджу: гэта Беларусь, і там кавалачкі гэтыя зямлі па перыметры, якія нам належалі. Гэта наша. І тады мы шмат што зрабілі".

Прэзідэнт заявіў, што хоча і ў Пасланні ў тым ліку асвятліць гістарычную тэму і здабыццё Беларуссю незалежнасці: "Кажуць, у 90-я гады незалежнасць дасталася нам выпадкова, проста так, вось з неба звалілася. Неяк і я быў захоплены гэтай практычнай тэорыяй. А потым падумаў: колькі стагоддзяў, колькі пакаленняў беларусаў лягло за гэту незалежнасць 90-х гадоў! Яна не выпадковая. Можа, у нейкай ступені бог нам і дапамог у гэтым плане. Але колькі мы паклалі людзей, колькі пакаленняў! Мы ўвесь час ваявалі за гэты кавалак зямлі, каб людзьмі звацца і жыць на гэтым кавалку зямлі. Таму не так усё гэта было проста і выпадкова".

"Таму нам вельмі важна. Каб вось гэты стрыжань быў у кожнага чалавека. І я падумаў: калі мы ў школе будзем правільна гэта выкладаць, то гэта дзеці засвояць і выйдуць са школы з гэтым разуменнем", - упэўнены беларускі лідар.

У час мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя прэміі і дыпломы акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выбраных у снежні 2021 года.

"Дыялог быў адкрытым, канструктыўным. Магу толькі коратка дадаць, што наша звышзадача, якая перад намі і перад беларускімі вучонымі сёння стаіць, - гэта стварэнне прарыўных тэхналогій і ўкараненне іх, асваенне ў вытворчасці. Патрэбны гэтыя прарыўныя тэхналогіі. Паверце, мы знойдзем, як падтрымаць людзей, якія будуць гэтым займацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожны вучоны, дзейнасць якога адзначана Дзяржаўнай прэміяй, які змог дасягнуць такой вышыні, - несумненна нацыянальны здабытак. "Іх няшмат. Напэўна, шмат і быць не можа. Але чым больш, тым лепш", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў вучоных з чарговым значным этапам у жыцці і новым статусам, які, паводле яго слоў, адкрывае новыя гарызонты і прадастаўляе дадатковыя магчымасці зрабіць яшчэ больш карыснага для краіны.

"Галоўнае, каб вашы распрацоўкі не аказаліся "пыльнымі". Каб яны, не дай бог, не засталіся без увагі. Хоць гэта малаверагодна, паколькі само званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі - гэта ўжо дасягненне. Гэта не толькі адкрыццё, гэта і асваенне ў вытворчасці", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У галіне навукі і тэхнікі за работу "Інавацыйныя тэхналогіі распрацоўкі радовішчаў калійных солей, развіццё высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей і стварэнне сучаснай імпартазамяшчальнай высокапрадукцыйнай тэхнікі для іх здабычы і перапрацоўкі" прэмія ўручана генеральнаму дырэктару "Беларуськалія" Івану Галаватаму, намесніку галоўнага інжынера па горных работах - начальніку ўпраўлення горных работ Андрэю Пятроўскаму, намесніку галоўнага інжынера па перспектыўным развіцці - начальніку аддзела перспектыўнага развіцця Дзмітрыю Барбікову, намесніку дырэктара па вытворчасці Салігорскага інстытута праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю Аляксандру Канапляніку, начальніку аддзела галоўнага канструктара - намесніку галоўнага канструктара Дзмітрыю Доўнару і начальніку аддзела вымальных машын і комплексаў Вячаславу Міхаленю.

У выніку выкананых аўтарамі даследаванняў і распрацовак створаны і ўкаранёны новыя тэхналогіі вядзення горных работ па здабычы калійных солей, інтэлектуальныя сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі, асвоена вытворчасць сучаснай высокапрадукцыйнай імпартазамяшчальнай тэхнікі для горнай і хімічнай прамысловасці. Выкарыстанне новых тэхналогій вымання калійных пластоў дае магчымасць здабываць з нетраў больш за 80% запасаў калійных солей (рост на 20%). Сёння такога паказчыка не дасягнуў ніводны калійны руднік у свеце (у Расіі, Германіі і Канадзе паказчык атрымання не перавышае 40%). У Беларусі ўпершыню прыменена тэхналогія раскрыцця запасаў калійных солей з выхадам на прадукцыйны пласт менш чым за два гады (прымяненне стандартнай схемы займае да шасці гадоў), у выніку капітальныя затраты зніжаны ў дзевяць разоў.

Укараненне распрацаваных інтэлектуальных сістэм вентыляцыі руднікоў дало магчымасць зменшыць энергаспажыванне на 30%. Выкананы поўны цыкл стварэння сучаснай імпартазамяшчальнай тэхнікі для калійнай прамысловасці - ад навуковых даследаванняў да доследна-канструктарскіх распрацовак і серыйнай вытворчасці. Агульны эканамічны эфект ад работы склаў Br993 млн, створана больш за 700 рабочых месцаў для высокакваліфікаваных спецыялістаў.

За цыкл работ "Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей" уладальнікамі дзяржаўнай прэміі сталі дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Сяргей Палякоў, яго намеснік па навуковай рабоце Сяргей Красны і намеснік па хірургіі Віктар Кахнюк, загадчык лабараторыі таракальнай анкалагічнай паталогіі Віктар Малькевіч. 

Аўтары распрацавалі і ўкаранілі ў практычную ахову здароўя 80 метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей, пацверджаных 58 патэнтамі. Створана сістэма аказання высокатэхналагічнай анкалагічнай дапамогі насельніцтву краіны. Дзякуючы выкарыстанню новых метадаў кардынальна палепшаны вынікі дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў, што дало магчымасць знізіць смяротнасць дзяцей і дарослых ад гэтай паталогіі.

У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана дацэнту кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанціну Касцючэнку за стварэнне манумента "Брама памяці" ў мемарыяле "Трасцянец". Гэта скульптурная кампазіцыя - сімвал памяці аб загінулых.

Дыпломы таксама ўручаны правадзейным членам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, якія займаюцца вывучэннем розных сфер, у тым ліку гуманітарнымі навукамі, фізікай, хіміяй, мікрабіялогіяй.