Нарада аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы
- 13
- 17:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 16 лістапада нараду аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы.
"Сёння абмяркуем сітуацыю на Дзяржаўнай граніцы Беларусі. Зразумела, што ажыццяўленне бяспекі дзяржграніцы - найважнейшая праблема. Гэта абумоўлена ўсё большым патокам бежанцаў на тэрыторыю Беларусі. На граніцах суседзяў, перш за ўсё Польшчы, знаходзяцца не толькі пагранічнікі. Там нарошчваецца ўдарная групоўка войскаў - да 20 тыс. асабовага складу з авіяцыяй і бранятэхнікай. Усё гэта робіцца пад выглядам абароны Еўрапейскага саюза ад уварвання бежанцаў з краін, якія разбамбіла і разрабавала заходняя кааліцыя на чале з ЗША", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Я толькі не разумею (як тут правільна СМІ адзначаюць), навошта супраць бежанцаў самалёты, верталёты і танкі", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі ўражвае рэакцыя польскіх палітыкаў і чыноўнікаў Еўрапейскага саюза: "Замест пошуку сумесна з беларускім бокам рашэнняў Еўрасаюз згортвае праекты трансгранічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Акрамя таго, пагражаюць новымі пакетамі санкцый і будаўніцтвам аж пяціметровай сцяны, падумваюць аб поўным закрыцці граніц з Беларуссю. Калі ласка. Калі больш няма чым займацца, мы не пярэчым".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней на нарадзе з урадам ставіў задачу па забеспячэнні бежанцаў, якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі, самым неабходным, каб яны маглі проста выжыць.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў і адкрытасць Беларусі ў плане інфармацыйнага асвятлення сітуацыі на граніцы. "Мы не закрываем рты журналістам. Любы прадстаўнік прэсы, беларускай і замежнай, можа прыехаць і весці рэпартажы з любой кропкі Дзяржаўнай граніцы", - сказаў ён.
"Нам цяпер галоўнае - абараніць сваю краіну і свой народ, не дапусціць сутыкненняў. Я ведаю, што спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лагер ужо былі. Як і правакацыі, якія могуць прывесці да сілавога канфлікту. Гэтага дапусціць ні ў якім разе нельга. Нельга, каб гэта так званая праблема стала развязваннем гарачага процістаяння", - заявіў беларускі лідар.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка раскрыў дэталі сваёй праведзенай напярэдадні тэлефоннай размовы з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель. Абмяркоўвалася праблематыка вакол бежанцаў і абстаноўкі на граніцах. Кіраўнік дзяржавы ўнёс прапанову ў цэлым па развязцы сітуацыі. Бакі дамовіліся, што пакуль не будуць агучваць канкрэтныя падрабязнасці. Ангела Меркель узяла паўзу, каб абмеркаваць адпаведнае пытанне з членамі Еўрасаюза. Затым павінна адбыцца яшчэ адна тэлефонная размова паміж лідарамі краін.
"Першае пытанне - бежанцы, эскалацыя на Дзяржаўнай граніцы. Мы прыйшлі да адзінага меркавання, што эскалацыя нікому не патрэбна - ні Еўрапейскаму саюзу, ні Беларусі. І дапусціць эскалацыі, як бы камусьці гэтага ні хацелася, аж да гарачага сутыкнення, мы не можам. Ды мы ніколі і не ішлі на гэту эскалацыю. Я толькі што сказаў, што на граніцы з таго боку амаль 20 тыс. узброеных людзей. Мы не разгарнулі ні аднаго ўзвода, ні адной роты - ваенных - там, на граніцы. Такога загаду Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі арміі не аддаваў. Але планы процідзеяння любой агрэсіі з іх боку мы маем. Такую каманду Міністру абароны і іншым генералам, сілавым структурам я аддаваў", - расказаў Прэзідэнт.
Другое пытанне, якое абмяркоўвалі Аляксандр Лукашэнка і Ангела Меркель, - прыток бежанцаў. "У нас, вядома, розныя на гэта погляды. Што ў Еўрапейскім саюзе, што ў Беларусі, погляды розныя. Вельмі яны заклапочаны прытокам бежанцаў у Беларусь", - расказаў беларускі лідар.
"Але яны абсалютна не ведаюць, што не мы іх сюды клічам, і не ведаюць, што амаль 5 тыс. на сённяшні дзень (два дні таму быў 4681 чалавек) - гэта людзі, якіх мы за восень вярнулі назад. Гэта значыць, мы не збіраем па ўсім свеце бежанцаў і не прывозім у Беларусь, як Польшча праінфармавала Еўрапейскі саюз. Тыя, хто законна прыязджае ў Беларусь, мы іх тут прымаем. Гэтак жа, як і ў любой іншай краіне. У каго хоць невялікае парушэнне закону - у самалёт і назад. Вось такіх амаль 5 тыс. на сённяшні дзень. Я праінфармаваў канцлера Германіі па гэтым пытанні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе прагучала і больш падрабязная інфармацыя. Так, з Ірака імкнуліся трапіць у Беларусь 3042 чалавекі, Ірана - 696, Сірыі - 487, Афганістана - 19, Егіпта - 215, Лівіі - 242. "Вось столькі з гэтых краін людзей былі адпраўлены назад, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Ірак і Іран - гэта краіны, адкуль больш за ўсё быў прыток незаконных бежанцаў".
"Трэцяе пытанне, якое мы абмяркоўвалі, і я настойваў на абмеркаванні гэтага пытання: асноўная праблема на сённяшні дзень - гэта лагер бежанцаў. Больш як 2,1 тыс. на сённяшні дзень, а можа, ужо і больш, якія сканцэнтраваны на пагранпераходзе "Брузгі". Вы ведаеце, што яны разбілі там лагер побач за 800 метраў ад гэтага пераходу і пастаянна знаходзіліся на працягу тыдня. Учора яны зняліся з гэтага месца, прайшлі 800 метраў і запоўнілі пагранічны пераход "Брузгі". Гэта самая вялікая праблема. Праблема, як я сказаў Меркель, у тым, што калі мы не выратуем гэтых людзей, мы будзем бітыя: і Беларусь, а тым больш ЕС, які не прапусціў гэтых бежанцаў. Таму з гэтымі людзьмі трэба неадкладна нешта вырашаць", - расказаў Прэзідэнт.
"У сувязі з гэтым я ўнёс прапанову ў цэлым па развязцы сітуацыі. Не буду яе цяпер канкрэтызаваць. Мы дамовіліся з Меркель, што мы не будзем пакуль пра гэта гаварыць канкрэтна. Яна папрасіла час, паўзу для таго, каб абмеркаваць гэту прапанову з членамі ЕС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася з Ангелай Меркель, датычылася даступнасці гуманітарнай дапамогі для бежанцаў. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ўзнікла гэта пытанне: "Германію, Меркель і ўвесь Еўрапейскі саюз палякі ўвялі ў зман, што гуманітарную дапамогу бежанцы не атрымліваюць, і прычына таго - Беларусь, што мы блакіруем пастаўку гуманітарнай дапамогі для гэтых бежанцаў. Польшча вось нібыта хацела, але яе не пускаюць. На што я заўважыў: "Якія праблемы могуць быць у палякаў, каб перадаць гуманітарную дапамогу?"
"Вы ж усе бачылі гэту карцінку. Калі ласка, прывозьце да граніцы, аддавайце цераз гэты калючы дрот, як вы выбудавалі там. Калі хочаце зняць калючы дрот, мы не супраць - здымайце і пад'язджайце адразу да бежанцаў. Ніякіх тут перашкод няма і быць не можа. Таму гэта проста хлусня, фэйк, каб яшчэ больш нацкаваць Еўрапейскі саюз і ўжо насельніцтва, якое жыве ў ЕС, супраць Беларусі. Што вось, варвары, не пускаюць тых, хто вязе гуманітарную дапамогу", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у сувязі з апошнім пытаннем была ўзнята праблема, што Беларусь нібыта не пускае да бежанцаў прадстаўнікоў УВКБ ААН. "Але я нават па тэлевізары бачыў, паказвалі, што яны прыязджалі туды, прадстаўнік прыязджаў, размаўляў з гэтымі мігрантамі. СМІ гэта данеслі да людзей. І я парэкамендаваў канцлеру: вы паглядзіце часам (ну не наша тэлебачанне), у інтэрнэт зазірніце. Гэта ж усё мы прадэманстравалі. Гэта значыць, ідзе хлусня і нагнятанне антыбеларускай істэрыі, перш за ўсё Польшчай, Літвой, Латвіяй, і Украіна, на жаль, да гэтага далучылася (наколькі я мог адчуць гэта больш як з 50-хвіліннай размовы з канцлерам Германіі)", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка і Ангела Меркель дамовіліся пастаянна быць у кантакце да вырашэння гэтай праблемы: "У бліжэйшы час мы перагаворым яшчэ раз па гэтым пытанні. І я ўжо сказаў, што мне хацелася б пачуць адказ на маю прапанову Меркель па развязцы гэтага канфлікту. Мы таксама дамовіліся, што наш Міністр замежных спраў Макей і Барэль (кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль. - Заўвага) будуць пастаянна ў кантакце і абмяркоўваць гэтыя пытанні".
Прэзідэнт расказаў, што сёння таксама плануе перагаварыць з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: "Калі нам патрэбна сёння якая-небудзь дапамога ваенна-тэхнічнага характару, абарончага (гэта наша агульная граніца, Саюзнай дзяржавы), вы скажыце. Я перагавару з Прэзідэнтам Расіі і папрашу, каб ён падключыўся і, калі патрэбна, аказаў адпаведнае садзейнічанне, не ўцягваючы іх (расійскі бок. - Заўвага) у гэты крызіс бежанцаў. Таму што вы бачыце, што ўсю адказнасць гэтыя нягоднікі калектыўнага Захаду перакідваюць на Расію, якая да гэтага не мае пакуль ніякіх адносін".
Што датычыцца лагера бежанцаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што арганізаваны падвоз туды дроў, устаноўлены палаткі для кармлення дзяцей, жанчын, у тым ліку цяжарных, арганізаваны і медпункт. "Гэта вельмі актуальна. Я папрашу не згортваць гэту дапамогу, таму што вы бачыце, якое надвор'е. Мы адзначаем, што ўсё больш і больш хварэюць дзеці. І нам трэба іх выратаваць. Трэба выратаваць, пакуль будзе развязка гэтага канфлікту. Я думаю, яна ў бліжэйшы час будзе", - заявіў беларускі лідар.
"Да нас не можа быць ніякіх прэтэнзій. Мы робім усё, каб абараніць гэтых людзей. Самае небяспечнае - гэта спроба падкінуць у гэты лагер (бежанцаў. - Заўвага) зброю. Вы разумееце, што зацікаўленасць у тым, каб нехта стрэліў у той бок, велізарная. Адзін выстрал - і гарачае процістаянне непазбежна. Таму мы адцягваем каласальныя сілы, каб гэта прадухіліць", - падкрэсліў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца пранікнення бежанцаў з беларускай тэрыторыі на польскую, літоўскую і латвійскую, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць інфармацыя ад крыніц сумежнага боку, як афіцыйных, так і неафіцыйных: "Кожныя суткі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі, і мы гэта прызнаём і адкрыта гаворым, паводле іх крыніц, пранікае больш за 600 чалавек. 660-700 чалавек кожныя суткі, акрамя гэтага лагера".
Ён таксама звярнуў увагу на той факт, што бежанцаў, якія трапілі ў Польшчу, адлоўліваюць да граніцы з Германіяй і выкідваюць на беларуска-польскую граніцу. "Што яны робяць, нягоднікі: яны адлоўліваюць гэтых людзей, аж да граніцы з Германіяй, калі нехта не паспеў праехаць Польшчу. Дарэчы, з дапамогай палякаў, украінцаў і немцаў (яны перш за ўсё ад граніцы вязуць гэтых людзей у Германію). Калі не паспелі - яны іх хапаюць, збіваюць і выкідваюць на Дзяржаўную граніцу. І ў нас такіх людзей 330 чалавек, акрамя гэтага лагера, дзе больш як 2,1 тыс. чалавек. 330 чалавек знаходзяцца паміж дзвюма загародамі: наша інжынернае збудаванне, якое засталося з савецкіх часоў, і тая агароджа, якую яны выбудавалі. Вось там яны боўтаюцца па лініі Дзяржаўнай граніцы - знясіленыя, перабітыя, збітыя, пакуль зноў не прарвуцца цераз калючы дрот і не пройдуць на тэрыторыю Польшчы".
"Здавалася б, усе людзі ўжо хочуць развязкі гэтай. Толькі не нашы збеглыя опы, якія там знаходзяцца (у краінах ЕС. - Заўвага). Пасля нашай размовы з Меркель яны проста ашалелі. Яны канцлера Германіі спаласавалі ўздоўж і ўпоперак: і такая, і сякая, і навошта табе трэба было размаўляць з гэтым дыктатарам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы задаўся пытаннем, аб чым у першую чаргу непакоіцца апазіцыя, якая ўцякла за мяжу: аб людзях, якія знаходзяцца на граніцы, і хутчэйшым вырашэнні існуючай сітуацыі любым спосабам або аб "барацьбе з рэжымам". "Паўстае пытанне: вы людзей абараняеце і гатовы сёння скарыстацца любой дапамогай або ў іх пытанне "рэжыму Лукашэнкі"? Ну так, рэжым Лукашэнкі. І з гэтым рэжымам вам давядзецца мець справу, спадары опы і іншыя, якія сядзяць там за мяжой і падкормліваюцца рукой Злучаных Штатаў Амерыкі перш за ўсё", - заявіў Прэзідэнт.
"Яшчэ адзін момант хачу падкрэсліць: ёсць шмат добрых людзей, якія гатовы ўнесці значны ўклад ва ўрэгуляванне сітуацыі з бежанцамі і не толькі на граніцы Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі. Не толькі, але перш за ўсё тут. Да іх я аднёс бы Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Кіраўніцтва гэтай краіны мае вялікі вопыт работы з бежанцамі, яны прымалі ўжо ўдзел у развязцы такіх пытанняў у свеце і працавалі з тысячамі бежанцаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і ААЭ пастаянна знаходзяцца ў кантакце і ёсць разуменне, што Эміраты гатовы падставіць сваё плячо ва ўрэгуляванні крызісу з бежанцамі на граніцы. "Хачу яшчэ раз заявіць, што мы на сённяшні дзень гатовы выкарыстоўваць любое мерапрыемства, любы рух і любую дапамогу з боку любой дзяржавы, тым больш такой дружалюбнай нам дзяржавы, як Аб'яднаныя Арабскія Эміраты", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў бліжэйшы час плануе перагаварыць з кіраўніцтвам Эміратаў. "Тым больш гэта мусульманскае насельніцтва, у іх нядрэннае ўзаемаразуменне паміж краінамі і паміж народамі. Думаю, што Эміраты маглі б адыграць тут значную ролю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.