Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 13
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачы па найбольш актуальных і вострых тэмах парадку дня.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, паставіў задачы перад аграрным сектарам, выказаўся аб вострай сітуацыі на граніцы з мігрантамі, даў даручэнні па рэагаванні на санкцыі Захаду ў адносінах да Беларусі, выказаўся на тэму лячэння ў Беларусі пацыентаў ад каранавіруса. На нараду быў вынесены і шэраг іншых пытанняў, у тым ліку па рэфармаванні прадпрымальніцкай дзейнасці.
У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы адзначыў сітуацыю ў плане завяршэння асенніх палявых работ. Па аб'ектыўных прычынах яшчэ застаюцца невялікія аб'ёмы кукурузы і цукровых буракоў. Увогуле па ўсіх культурах у краіне ў гэтым годзе сабрана каля 9 млн т збожжа. "Гэта нядрэнны ўраджай па бягучым годзе. Дастаткова для таго, каб забяспечыць насельніцтва хлебам, хлебабулачнымі вырабамі, а таксама кармамі пагалоўе жывёлы, якое ў нас ёсць і якое мы плануем мець у будучым годзе", - заявіў Прэзідэнт.
Цэны на цукар, як і ў цэлым на прадукты харчавання, вельмі нядрэнныя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, і гэта дасць магчымасць паправіць і ўмацаваць фінансавае становішча гаспадарак. "Мы атрымаем каля чатырох мільёнаў тон цукровых буракоў. Забяспечым поўнасцю ўнутраны рынак цукрам, гэта прыкладна 350 тысяч тон. І прыкладна столькі ж пойдзе на экспарт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля даручэнняў Прэзідэнта, якія прагучалі раней, значна актывізавана і зяблевае ворыва. "Сёння будзе пад 80% узарана зябліва. Гэта добры працэнт, ніколі такога не было, але ні ў якім выпадку нельга спыняцца", - падкрэсліў ён.
Дарэчы, на пытанні якаснага ўзворвання Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу. У канчатковым выніку - гэта фінансы. Менш будзе затрат і работы вясной, калі тэрміны для аптымальнага правядзення работ вельмі сціслыя. "Толькі асобныя гаспадаркі клапоцяцца аб культуры ўзворвання. Я чаму аб гэтым гавару: гэта прамая эканоміка. Калі ты дрэнна ўзараў, то табе замест адной культывацыі трэба зрабіць тры следам. А гэта ў тры разы большыя затраты", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на падкормку азімых культур і даручыў за зімовы перыяд максімальна падрыхтавацца да ранняй сяўбы, адрамантаваць і падрыхтаваць тэхніку да палявых работ у новым сезоне. Апошняе пытанне Прэзідэнт назваў тактычным: "За зіму трэба вызначыць цэнтры, куды мы, калі неабходна, звязём энерганасычаную тэхніку: камбайны і трактары. МТЗ, "Гомсельмаш" іх дапамогуць адрамантаваць, аднавіць, а дзесьці і абслужыць. Я прасіў Міністра прамысловасці і віцэ-прэм'ера, каб затраты на аднаўленне і рамонт гэтай тэхнікі былі мінімальнымі. У сялян лішніх грошай няма. Прамысловасць у гэтым годзе, малайцы, працуе нядрэнна, і прыбытак нядрэнны. Будзе падключана трэцяе прадпрыемства - "Амкадор".
Стратэгічная задача, у тым ліку на перспектыву, - меліярацыя. "Неадкладна трэба пачынаць фронтам проста. Гэта найважнейшая ў сельскай гаспадарцы работа. Захаванне ўрадлівасці зямель і наогул захаванне зямель - гэта святы абавязак дзяржавы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Трэба вызначыць за зіму ўсе крыніцы фінансавання. Гэта не чыстая меліярацыя, а аднаўленне таго, што не рабілі гадамі, дзесяцігоддзямі. Каналы выкапалі, дрэнаж паклалі і забылі. 60 гадоў прайшло, і прырода пачала адваёўваць гэтыя землі".
Кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць да работ існуючую меліярацыйную тэхніку, а пры неабходнасці вырабіць дадатковае абсталяванне. Тым больш вопыт у краіне такі ёсць: "Амкадор" раней выпусціў лінейку тэхнікі для меліярацыі. Да гэтай работы падключаць і іншыя прадпрыемствы.
"Трэба пачынаць займацца гэтай работай па-дзяржаўнаму, - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. - Страчваем тысячы гектараў урадлівых зямель па краіне. Трэба за зіму кожнаму губернатару вызначыць планы: у якім раёне, дзе і што".
Прэзідэнт таксама лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб аднаўленні ў раёнах работы перасовачных механізаваных калон для вырашэння меліярацыйных задач. "Іх трэба стварыць у тых раёнах, дзе яны патрэбны", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
Таксама, на яго думку, у раёнах неабходна аднавіць так званыя "сельгастэхнікі" - прадпрыемствы, якія займаюцца эксплуатацыяй, забеспячэннем запаснымі часткамі і рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі. "У будучым годзе кожны губернатар будзе здаваць экзамен на прадмет адраджэння "сельгастэхнік", вось гэтых райаграсэрвісаў. Яны патрэбны для сельскай гаспадаркі", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова звярнуць увагу на пытанні дапамогі бежанцам на граніцы, асабліва цяжарным і дзецям.
"Вы бачыце, што адбываецца на дзяржаўнай граніцы і вакол яе. Скажу адкрыта: не такая гэта вялікая праблема, як яе цяпер раздулі ў СМІ. Але я СМІ не асуджаю. Таму што гэта мае моцны папераджальны характар. Цяпер звярнулі ўвагу на Беларусь. Але такіх маршрутаў 3-5 у свеце, па якіх ідуць мільёны тых, хто бяжыць ад вайны. Вось сканцэнтравалі цяпер увагу на беларуска-польскай, літоўскай і латышскай граніцах. І ўжо ўвагу пачынаюць удзяляць і беларуска-ўкраінскай граніцы. Яна таксама непакоіць і мяне. Напэўна, і Расію", - адзначыў Прэзідэнт.
"Таму не такая гэта, падкрэсліваю, праблема, як яе сёння раздулі. Але раздулі правільна ў СМІ, каб папярэдзіць на будучае, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Малайцы журналісты, што паказваюць сапраўднае аблічча гэтай дэмакратыі. Нарэшце і вы, прысутныя тут, і асабліва наша грамадства і іншыя зразумеюць, што ж гэта за дэмакратыя і правы чалавека, свабода слова там на Захадзе, да якой нас увесь час штурхалі".
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад Урадам шэраг задач. Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, ён сказаў: "Даручыце ва Урадзе, я думаю, і Мінадукацыі, і віцэ-прэм'ер адпаведны па сацыялцы. Трэба звярнуць увагу на цяжарных жанчын і дзяцей. Поўная катастрофа. Вельмі шмат жанчын цяжарных на 8-9-м месяцах. Мы нікуды не дзенемся. Яны, напэўна, будуць нараджаць у нас. Адыходзіць яны з гэтага лагера, дзе знаходзяцца цяпер, не хочуць: "Мы застанёмся тут!". Але як тут?! Мы ж ведаем, якая халадрыга надыходзіць. Яны і не ведаюць, што такое ў Беларусі ў лясах гэтых зімаваць. Але адыходзіць адтуль не жадаюць. Таму трэба паглядзець".
Прэзідэнт у сувязі з гэтым таксама звярнуўся да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: "Вы неяк падключыліся з жанчынамі. Паглядзіце. Можа, папрасіць іх, каб яны або аддалі нам дзяцей. Мы іх размясцілі б у санаторыі. А недзе, можа, і з маці. Цяжарныя жанчыны і дзеці - пытанне нумар адзін. Нельга іх кідаць. Асабліва дзяцей. Мы хоць бы іх там у душ адвялі, памылі і накармілі".
"Ну а цяжарныя жанчыны... Прыйдзе тэрмін нараджаць, вядома, у бальніцу будзем вывозіць і абслугоўваць далей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў падвезці мігрантам сухіх дроў. "Трэба прывезці ім туды і скласці. Нікуды не дзенешся. Адыходзіць адтуль не хочуць. Мы ім прапанавалі пайсці адтуль", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў, што на сённяшнюю раніцу ў лагеры знаходзілася 1790 чалавек і 322 з польскага боку, якіх палякі ноччу спрабавалі выпхнуць на беларускую тэрыторыю. "Але не атрымалася. Яны не хочуць адтуль ісці. І вось 322 чалавекі сядзяць там на гэтай граніцы. Гэта нічога, яны там разбяруцца. Але вось гэтыя 1790 чалавек, якія ў асноўным у лагеры ў раёне "Брузгі", - трэба падвезці ім дровы", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама даў даручэнне МЗС - у ААН і іншых міжнародных структурах вельмі жорстка ўздымаць адпаведныя пытанні.
Акрамя таго, заўважыў Кіраўнік дзяржавы, намецілася небяспечная тэндэнцыя, калі ў лагер мігрантаў спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт.
"У нас вельмі небяспечная намецілася там тэндэнцыя. Я гэта прадбачыў. Гэта пытанне нашых ваенных і Камітэта дзяржбяспекі. Пайшлі спробы перакідкі зброі, боепрыпасаў і ўзрыўчаткі гэтым людзям у лагеры. Апошнія двое сутак перакідваюць зброю. Зброя ў асноўным ідзе (мы з расіянамі трымаем на кантролі гэта пытанне, з Пуціным размаўлялі на гэту тэму) з Данбаса. Ідзе зброя для чаго? Тут хочуць учыніць правакацыю. Сутыкнуць ілбамі нашых пагранічнікаў з іх, нашых ваенных з іх. Таму вымушаны па перыметры цяпер кантраляваць сітуацыю, каб ім не закінулі зброю. Таму што там курды. А курды - гэта ваякі. І калі яны (польскі бок. - Заўвага) іх рэжуць, б'юць і іншае, людзі ў роспачы. Любы аўтамат, пісталет, правакацыя - і ваенны канфлікт", - заявіў Прэзідэнт.
Адначасова Кіраўнік дзяржавы даў дакладныя даручэнні ў сферы забеспячэння пагранічнай бяспекі: "Гэта робіцца. Але тым не менш трэба Міністэрству абароны, КДБ, пагранвойскам забяспечыць кантроль за перамяшчэннем войскаў НАТА і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тыс. ужо ваеннаслужачых, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай граніцы, прытым нахабна, не папярэдзіўшы нікога. Хоць па дагаворах яны абавязаны гэта рабіць".
"Вы павінны іх бачыць, і ў вас павінны быць планы процідзеяння, не дай бог што. Мы не разгортваем (я такіх указанняў не даваў) сваю групоўку Узброеных Сіл. Але бачыць мы павінны. І прадбачыць усё. Каб нам не ўчынілі там на граніцы вайнушку, а мы будзем да гэтага не гатовы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што папрасіў Міністэрства абароны Расіі праз Прэзідэнта гэтай краіны, каб яны падключыліся да дзяжурства на граніцах Беларусі і Саюзнай дзяржавы.
"Як я ўчора заўважыў, яны накіравалі сюды стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі ў суправаджэнні нашых знішчальнікаў. Мы павінны пастаянна маніторыць сітуацыю на граніцы. Няхай пішчаць, крычаць. Так, гэта бамбардзіроўшчыкі, якія здольны несці ядзерную зброю. Але ў нас няма іншага выхаду. Мы павінны бачыць, што яны там робяць за межамі", - заявіў ён.
"Як мы і дамаўляліся: на Гомель з Масквы ўздоўж паўднёвай граніцы Беларусі, заходнюю граніцу, на Паставы ў Віцебскай вобласці, з Паставаў праз Оршу ляцяць на Маскву. Вось гэта кальцо - Прыбалтыка, Польшча і Украіна - павінны маніторыць расійскія і беларускія ваеннаслужачыя. Аб гэтым мы дамовіліся з расіянамі. Нам нельга жартаваць. Абстаноўка там сур'ёзная. Самае галоўнае, яны адышлі ад дамоўленасцей. Мы не ведаем, чаго яны хочуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Расіяне, беларусы, разам мы павінны кантраляваць гэту сітуацыю", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт назваў страшным парушэннем стральбу польскіх сілавікоў у бок Беларусі. Раней былі зафіксаваны факты, калі такія выстралы праводзіліся паверх галоў мігрантаў, якія знаходзяцца на граніцы з Польшчай.
"За мінулыя суткі палякі паспрабавалі выштурхнуць на нашу тэрыторыю больш за тысячу чалавек. Вы разумееце, ловяць іх там, аж да граніцы Германіі, а можа, і ў Германіі, вывозяць на граніцу і ў розных месцах пачынаюць выштурхоўваць. Праўда, ні адзін чалавек на нашу тэрыторыю не прайшоў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Збіваюць, ламаюць рэбры, каб не відаць было. Людзі ўсе ў сіняках, збітыя, пераламаныя. Выкідваюць іх проста на дзяржаўную граніцу".
"Што недапушчальна (я не ведаю, чаму гэта СМІ кожны дзень не паказваюць) - яны адкрываюць стральбу ў нашым напрамку паверх галоў. Як пагранічнік вам кажу: у савецкія часы, калі б толькі з сумежнай тэрыторыі ў наш бок быў заўважаны хоць адзін выстрал, там сцерлі б усё з зямлі. Гэта страшнае парушэнне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым кантэксце ўжо не вядзе размову аб якой-небудзь маралі: "Вы бачыце, што дзіця гэта просіць вады папіць. Стаяць (польскія ваенныя. - Заўвага) як фашысты, гестапа, уключаюць пражэктары ноччу, гучную сувязь і пачынаюць цкаваць. Каго - дзяцей, дзеці спаць не могуць, якіх укладваюць у гэтыя няшчасныя палаткі".
Яшчэ адна тэма, абазначаная на нарадзе, - санкцыі. "Занадта многа нас пачалі палохаць пятым пакетам. На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага), Вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны. Польшча нас палохае, што закрые граніцу. Калі ласка, закрывайце: менш збеглых туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым. Я проста паслухаў гэтых нягоднікаў, якія наогул безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь? Праз Украіну не пройдзе: там расійская граніца закрыта. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, напрыклад, для немцаў, што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца - ні перад чым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што праз Беларусь ідзе транснацыянальны магістральны экспартны газаправод Ямал - Еўропа, прычым апошнім часам аб'ёмы транзіту газу з Расіі на Захад значна павялічыліся. "Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць граніцу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш чым гаварыць. Але гэта іх справа. Закрыюць - няхай закрываюць. Але МЗС павінна папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі, "незасваяльныя" і "непрымальныя" для нас, мы павінны адказваць. Як адказваць, мы з вамі дамаўляліся паўгода таму", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на тэму пандэміі і эпідсітуацыі ў Беларусі. Прэзідэнт канстатаваў, што захваральнасць на COVID-19 у Беларусі стала паступова змяншацца і аб гэтым можна гаварыць не з асцярожным аптымізмам, як раней, а з упэўненасцю: "Спад захваральнасці відавочны". Прычым гэта характэрна нават для Мінска, дзе да нядаўняга часу былі высокія паказчыкі захваральнасці.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць паступова вяртаць да звычайнай работы тыя клінікі, якія раней былі перапрафіляваны пад лячэнне хворых з каранавірусам. "Трэба, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, Прэм'ер-міністр. - Заўвага), уводзіць у нармальную работу бальніцы - вызваляць ад кавіду, дзе былі задзейнічаны аддзяленні, ложкі і бальніцы. Няхай бальніцы ў поўным аб'ёме пачынаюць планавыя маніпуляцыі, аперацыі і дапамогу людзям. Тэрапеўтычныя аддзяленні няхай тэрапіяй займаюцца, анкалагічныя - анкалогіяй. Трэба канцэнтраваць у адной-дзвюх, трох-чатырох бальніцах Мінска кавідных хворых і іх лячыць. А астатнія бальніцы вымыць, вычысціць, і няхай займаюцца планавымі маніпуляцыямі", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Аднак зніжэнне захваральнасці нельга лічыць падставай, каб расслабляцца, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. "Не расслабляйцеся. Мы зноў жа не ведаем, як паводзяць сябе гэтыя вірусы. Мы яшчэ не ведаем, як паўплывае на наша грамадства грып. Яго цяпер няма, нават адзінкавых (выпадкаў. - Заўвага). Кавід, як мы гаварылі, выцесніў грып. Але мы не ведаем, як будзе далей. Таму расслабляцца ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў беларускі лідар.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт даручыў звярнуць на сітуацыю ў Мінску, дзе, паводле яго даных, даволі шмат пацыентаў з цяжкім лячэннем хваробы. "Я папярэдзіў ужо ўчора вечарам міністра аховы здароўя і ўсіх адказных, асабліва вас, Наталля Іванаўна (Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі. - Заўвага), з Кухаравым (Уладзімір Кухараў, старшыня Мінгарвыканкама. - Заўвага), якія адказваюць за Мінск, - цяжкахворыя і смяротнасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Цяжкахворых вельмі шмат. Таму звярніце на гэта ўвагу".
Прэзідэнт нагадаў: на лячэнне хворых на каранавірус з дзяржаўнага бюджэту затрачваюцца значныя грошы. Медыкі павінны гэта разумець і адказна, разумна, эканомна ставіцца да расходавання лякарстваў, медыкаментаў, дыягнастычных сродкаў, падкрэсліў беларускі лідар. "Але ў нас часам дрэнна ставяцца да расходавання кіслароду, напрыклад. Тое ж самае - лякарствы, ахоўныя сродкі. Гэта ўсё - грошы. Я яшчэ раз падкрэсліваю: на канец года з усіх крыніц мы патрацім $2 млрд на пандэмію. Мы за $2 млрд маглі б пяць гадоў меліяраваць землі, але ратавалі людзей. Таму трэба жорстка ўзяць на кантроль расходаванне сродкаў індывідуальнай аховы, аж да лякарстваў", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Два мільярды долараў на пандэмію літаральна за два з нечым гады. А ні з каго не ўзялі ні капейкі за лячэнне, вакцынацыю, тэсціраванне. Ніхто ж грошы не плаціць. А бясплатна гэта не дастаецца. Усе крычаць: "Файзер! Файзер!" А ніхто не спытаў, за колькі нам флакончык гэтага "Файзера" прапануюць. Ад 20 да 30 долараў толькі за адну ін'екцыю! У нас свая вакцына напалову таннейшая. Тое ж самае і тэсціраванне. Таму не трэба крычаць. Урачы ведаюць, чым лячыць і вакцынаваць. У нас добрыя вакцыны, не горшыя, чым "Файзер", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: выбар прэпарату пры вакцынаванні ўжо набыў палітычную афарбоўку. "Пачалася ўжо вайна вакцын. Гэта ж велізарныя грошы, таму кожны хоча прадаць сваю. І нашы збеглыя закрычалі: "Файзер! Файзер!" Якія на старце стаяць, гатовы калясіць па Еўропе. Туды ж са "Спутнікам" не пускаюць, не прызнаюць. Патрэбны "Файзер", "Мадэрна", "Джонсан і Джонсан", "АстраЗенека". Яшчэ раз падкрэсліваю: спецыялісты ведаюць, якую вакцыну мы павінны выкарыстоўваць", - адзначыў Прэзідэнт.
На нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы было разгледжана і некалькі тэм, якія закранаюць розныя сферы дзейнасці. "Яны вынесены на асобнае абмеркаванне, таму што пры прыняцці рашэнняў па іх узніклі некаторыя пытанні", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Адной з такіх тэм стала рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Прэзідэнт нагадаў, што ім была пастаўлена задача павысіць ступень удзелу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Урад выпрацаваў пэўныя падыходы, і на зацвярджэнне Кіраўніка дзяржавы ўнесены праект Указа "Аб дзейнасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва".
"Суб'екты малога прадпрымальніцтва адыгрываюць істотную ролю ў нашай эканоміцы - стварэнне новых рабочых месцаў, паскарэнне эканамічнага росту, у тым ліку за кошт пераразмеркавання працоўных рэсурсаў з малаэфектыўных сектараў. Наша задача - забяспечыць такія ўмовы, каб пераходныя працэсы праходзілі з мінімальнымі эканамічнымі стратамі і прагназуемай сітуацыяй у прадпрымальніцкім асяроддзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што да падпісання Указа хацеў бы ў шырокім складзе публічна абмеркаваць, наколькі пераканаўчыя прадстаўленыя довады і ці ёсць ва Урада дакладнае разуменне сітуацыі, алгарытм далейшых дзеянняў. "Якія навацыі прадугледжаны ў праекце Указа, які эфект варта чакаць пасля падпісання? Як прапануемыя змяненні крытэрыяў малога прадпрымальніцтва паўплываюць на дзелавы клімат і ўзровень эканамічнай актыўнасці, асабліва ў рэгіёнах?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: работа ў ценявым сектары недапушчальна. "У выніку мы павінны мець яснае ўяўленне аб далейшых этапах карэкціроўкі падаткаабкладання ўсіх суб'ектаў малога бізнесу. Пры гэтым за спробамі паляпшэння мы павінны бачыць у першую чаргу інтарэсы нашых грамадзян", - дадаў Прэзідэнт.
"Гэта не значыць, што мы цяпер непасільнымі падаткамі абкладзём малое прадпрымальніцтва і прадпрымальніцтва наогул, што яно ўсё загнецца. Не, нам гэта не трэба. Нам трэба, каб і малое, і сярэдняе, і буйное прадпрымальніцтва развівалася, каб у Беларусі з'яўлялася ўсё больш і больш прадпрымальнікаў. Трэба вызначыць так, каб яны маглі плаціць пасільны падатак. Перагібаў тут быць не павінна, але плаціць павінны ўсе. Хоць па адной капейцы, але плаціць", - падкрэсліў беларускі лідар.
На нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы ў тым ліку абмеркавалі пытанне аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемству "Амкадор". "Што датычыцца падтрымкі канкрэтных прадпрыемстваў, хачу папярэдзіць Урад. У мяне падазрэнні ўжо ўзнікаюць, што тут пачынаюць фільтраваць: гэтаму трэба дапамагчы, гэтага адфутболім. Трэба варушыцца самім і зарабляць грошы. Але каму трэба дапамагчы, якія часам нават не па сваёй віне трапілі ў складаную сітуацыю, мы дапамагаем і будзем дапамагаць. Але гэта не значыць, што кожны прыйдзе і возьме грошы ў бюджэце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Было таксама абмеркавана пытанне будаўніцтва новага вучэбнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Урад прапанаваў узвесці новы корпус для ўніверсітэта за кошт крэдытных рэсурсаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: для Беларусі з яе экспартна арыентаванай эканомікай крытычна важна, каб сістэма адукацыі была гарантам высокага прафесійнага ўзроўню спецыялістаў. Дзяржава аказвае значную дапамогу і падтрымку навучальным установам у развіцці і ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, канстатаваў Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі неабходна і апраўдана сёння будаўніцтва новага корпуса для БДУ. "Хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы па гэтым пытанні, - сказаў ён. - Ці можам мы ў гэты цяжкі, няпросты час абысціся без гэтага корпуса? Вось гэта перш за ўсё пытанне. Няўжо заўтра БДУ перастане існаваць, калі мы гэты корпус не пабудуем? А можа, мы нешта ў Мінску знойдзем для функцыянавання гэтага факультэта? Гэта значыць, трэба разабрацца: калі сёння можна пацярпець - трэба пацярпець, калі ёсць лішнія грошы - калі ласка, я не супраць, за два гады будзе стаяць гэты корпус. Інакш кажучы, трэба дакладна вызначыцца, па-гаспадарску. І ведамасных падыходаў тут быць не павінна".