Нарада аб процідзеянні санкцыйным мерам
- 12
- 16:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 снежня правёў нараду аб процідзеянні санкцыйным мерам, што прымаюцца ў адносінах да краіны.
Удзельнікамі нарады сталі члены Урада, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, губернатары, дырэктары прадпрыемстваў.
"Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць сітуацыю, якая складваецца сёння ў эканоміцы. Канец года, беспрэцэдэнтны санкцыйны націск аказваецца на Беларусь, і гэта будзе прадаўжацца, хутчэй за ўсё. Мы павінны выразна разумець, як дзейнічаць, ні ў якім выпадку не дапускаць недакладных крокаў, не тое што памылак, каб прадухіліць пэўныя наступствы гэтых санкцый", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсе гэтыя санкцыі не з'яўляюцца чымсьці новым. У свеце шмат краін, супраць якіх пастаянна прымяняюцца неабгрунтаваныя і дыскрымінацыйныя меры. Такая ж палітыка, напрыклад, праводзіцца і супраць Расіі.
"На жаль, гэта стала нормай, а на парушэнне міжнароднага права ніхто не глядзіць. Ствараецца ўражанне, што асоб, якія прымаюць такія рашэнні, разважлівасць пакінула", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Калектыўны Захад не пакідае спроб знізіць узровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Еўразіі", - сказаў беларускі лідар.
А калі размова ідзе аб націску на беларускую эканоміку, то ўдар нацэлены яшчэ і на дабрабыт саміх грамадзян, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Санкцыі ёсць, і гэта данасць. Больш таго, яны ўжо сталі часткай нашага жыцця. Уведзены чарговы комплекс мер супраць нас. Нягледзячы на тое, што яны будуць мець пэўны негатыўны эфект, нам трэба прадаўжаць жыць і спакойна працаваць, захаваўшы дынаміку работы галін нашай эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Прэзідэнт адзначыў, што яго цікавяць не столькі ацэнкі магчымых наступстваў, колькі прапановы па мінімізацыі іх уплыву і па мерах у адказ, якія ён даручаў падрыхтаваць.
"Я ўжо гаварыў, што цяпер адзін з самых няпростых этапаў жыцця краіны: санкцыі, кавід, спробы разладзіць нашу стабільнасць знутры з мэтай змянення дзяржаўнага ладу. Але, нягледзячы на гэтыя і іншыя выклікі, неабходна не дапусціць пагаршэння асноўных эканамічных паказчыкаў і самае галоўнае - абараніць людзей, захаваць іх дабрабыт хаця б на ўзроўні бягучага года", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што гэта задача датычыцца літаральна ўсіх прысутных. Таму нарада і праходзіць у такім шырокім складзе.
"Санкцыйныя гульні ні ў якай меры не павінны паўплываць і на будучыя ўнутрыпалітычныя падзеі. Рана ці позна мы выйдзем з гэтай гонкі санкцый, антысанкцый, але пакуль вымушаны адказваць на націск, які прадаўжаецца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ва ўмовах рэалізацыі Беларуссю контрмер у адказ на санкцыі Захаду забяспечыць насычэнне рынку краіны неабходнымі таварамі і не дапускаць росту цэн.
"Нашы контрмеры не нацэлены на нейкую дробязную помсту. Задача - выкарыстаць умовы, якія склаліся, нам на карысць", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў выніку такіх мер не павінны пацярпець людзі: "Тут пытанне трэба разглядаць мінімум з дзвюх пазіцый - насычэнне рынку неабходнымі таварамі і недапушчальнасць росту цэн. Катэгарычна папярэджваю ўсіх прысутных аб неабходнасці выканання абедзвюх умоў".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: як паказвае жыццё, як толькі намячаецца дэфіцыт - тут жа ажываюць шэрыя схемы і розныя дзялкі, якія выстройваюцца ў разамкнуты ланцужок руху прадукцыі. "Цяпер жулікаў, якія жадаюць зарабіць звышпрыбытку, не менш, і Камітэт дзяржкантролю адзін з гэтым не справіцца", - заўважыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і вопыт суседзяў пацвердзіў, што санкцыйная прадукцыя знойдзе каналы пранікнення і з'явіцца на рынку, толькі па іншых цэнах ужо.
"Мы дзясяткі гадоў мэтанакіравана ўкладвалі велізарныя сродкі ў развіццё аграпрамысловага комплексу і вытворчасці тавараў народнага спажывання. Людзі нас не разумеюць, калі, прыходзячы ў магазін, бачаць сусветныя цэны на айчынную прадукцыю", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на наяўнасць шэрага ўнутраных застарэлых праблем: "Што тут гаварыць пра нейкія санкцыі - давайце разбяромся без усялякіх санкцый у навядзенні парадку ў нашай краіне. Мяне пастаянна інфармуюць, сёння чарговы даклад: колькі разоў Міністэрству сельскай гаспадаркі і губернатарам даручалася навесці парадак з закупкай кармавых дабавак, прэміксаў і іншага. Ну і што - тысячы закупшчыкаў і мільён пракладак паміж імі і калгасамі, саўгасамі або якімі-небудзь прадпрыемствамі".
"Не разумею, чаго вы чакаеце ад мяне? Меры будуць жорсткія", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
"Спакойнага жыцця за тое, што мы змагаемся за сваю зямлю і за права быць гаспадарамі на ёй, нам ніхто не абяцаў. Таму цяпер як ніколі нам трэба мабілізаваць усе рэсурсы - вытворчыя, тэхналагічныя, фінансавыя, інтэлектуальныя для таго, каб і народ, і непрыяцелі бачылі, што мы - дзяржава, якая адбылася", - падкрэсліў беларускі лідар.
Для гэтага Ураду, Нацыянальнаму банку, мясцовым уладам і парламентарыям трэба будзе выпрацаваць комплекс мер па падтрымцы і развіцці ўнутранага патэнцыялу, пашырэнні вытворчасці запатрабаваных тавараў і паслуг.
"Размова ідзе нават не аб дапамозе грашамі або асаблівымі льготамі. Часта трэба проста зняць застарэлыя бар'еры, перашкоды, нейкія непатрэбныя ўзгадненні і іншую мітусню, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі айчынны вытворца гатовы заняць унутраны рынак, дзе да гэтага гаспадарылі замежныя канкурэнты, трэба даць зялёнае святло такім ініцыятывам і на ўсіх узроўнях улады аказваць ім максімальнае садзейнічанне. Думайце, як дапамагаць такім ініцыятывам!"
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Адміністрацыі Прэзідэнта і кіраўнікам парламента трэба падрыхтаваць прапановы, каб перанесці ў гэты час цэнтр цяжару прыняцця рашэнняў на губернатараў. "Каб яны не бегалі па ўрадавых кабінетах і не звярталіся да Прэзідэнта за нейкімі лішнімі ўзгадненнямі. Я хацеў бы, каб вы гэта пачулі і рэалізавалі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хачу, каб мяне пачулі ўсе - ад старшыні сельвыканкама да Прэм'ер-міністра, праваахоўных і кантралюючых органаў. Калі патрэбны дадатковыя паўнамоцтвы, у прыватнасці губернатарам, для хуткіх рашэнняў на месцах - уносьце прапановы неадкладна. У прынцыпе, гэта ваша справа. Кантроль будзе за канчатковымі вынікамі. Ёсць вынік - ёсць работа. Не - да пабачэння".
"Ідзе вайна. І цяпер не да паперак, не да нейкіх птушачак, гэтай палачна-птушачнай сістэмы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Што датычыцца мер у адказ, якія прыняты ўжо і яшчэ будуць выпрацаваны: гэта не актыўная пазіцыя нашага народа, у нас у крыві няма духу вайны, і, дарэчы, не мы яе пачыналі. Таму заўсёды адкрыты да канструктыўнага дыялогу на раўнапраўнай аснове без умоў і ўльтыматумаў", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы радуе, што ва Урадзе і Нацбанку няма прыкмет істэрыі або нервознасці. "Гэты дзелавы настрой трэба захоўваць і далей. Але самазаспакоенасць (калі гэта самазаспакоенасць) недапушчальна. Кожны дзень павінны быць бачны вынікі любой работы. Патрэбна як ніколі маналітнасць і выканальнасць!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Разбярыцеся асабліва з кіраўнікамі: вельмі шмат у нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазіцыю. І што мяне здзіўляе (гэта больш за ўсё ў Мінску): кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя. Вельмі ўжо шмат "разумных" там з'явілася, якія гатовы за Прэм'ер-міністра працаваць, за Кіраўніка Адміністрацыі, кіраўнікоў парламента - за ўсіх гатовы працаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу: ніхто нікому не забараняе мець свой пункт гледжання. "Кожны павінен мець свой пункт гледжання, вы яго і маеце. Я гэта ўспрымаю як данасць. Але, дарагія мае, усе мы, хто сядзіць тут за гэтым сталом, і кіраўнікі, пра якіх я сказаў, абмежаваны пэўнымі рамкамі - рамкамі кіраўніка. Калі ты хочаш быць абсалютна незалежным і заклікаць да санкцый, ваяваць супраць улады і іншае - вунь яны ў Літве, Польшчы сядзяць, там яшчэ ёсць вакансіі. Адтуль усё больш і больш хочуць назад вярнуцца. Калі ласка, на тыя вакансіі едзьце і там заклікайце да санкцый. Ведаеце, што мы там вас не дастанем і шэсць або восем гадоў згодна з новым законам вы не атрымаеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Але калі вы кіруеце калектывам, вы дзяржаўныя людзі (і няважна, прыватнае або дзяржаўнае прадпрыемства), тым больш калі вы пагоны носіце або ў дзяржаўным апараце працуеце, слухайце, вы разумееце, дзе вы знаходзіцеся. У адваротным выпадку, я ўжо колькі разоў гаварыў, мы будзем расцэньваць гэта як здрадніцтва", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што не павінна быць перагібаў і нейкіх "накатаў, як у 1930-я гады". "Вы ведаеце: "Вось там рэпрэсіі і іншае было". Я не ведаю. Усе гэтыя факты ў гісторыі выкарыстоўваюцца, як каму выгадна. Але будзем лічыць, што ў 1937-1939 гадах было няважна з нашай гісторыяй: нехта некага хапаў, саджалі і іншае. Пачалася вайна, а генералы сядзяць у турме - давялося адтуль даставаць, і яны былі першымі героямі, абараняючы Савецкі Саюз. Дык вось, каб у нас так не было, - запатрабаваў беларускі лідар. - Бачыце, нехта за некага падпісаўся: "Давай яго хапай, цягні..." Мы павінны бачыць, асабліва людзей у дзяржаўным апараце. Усіх мы ўсё роўна не ўбачым. Іх (у краіне. - Заўвага) тысячы былі, якія падпісалі за "альтэрнатыўшчыкаў", ну і што? Мы што, цяпер будзем адцягваць увагу і іх лавіць недзе? Нам жа справай трэба займацца. І паверце, за гэты год яны зусім іншымі людзьмі сталі".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, аб гэтым сведчаць і вынікі сацдаследавання. "Сёння-заўтра мы апублікуем сацыялагічныя даследаванні: яны значна адрозніваюцца ад тых, што былі год таму. Хоць і тыя былі ў здавальняючым стане", - сказаў ён.
"Таму ўсіх гэтых падпісантаў мы павінны бачыць, асабліва калі яны працуюць недзе "наверсе", у вертыкалі ўлады. Але сёння іх там лавіць і дапытваць - навошта? Няўжо займацца няма чым? Тым больш многія ўжо трэці раз пераабуліся. Але тых, хто парушаў закон, штурхаў людзей на парушэнне закону (у нас іх таксама нямала), вось з гэтымі мы павінны разабрацца. Але рабіць гэта трэба акуратна, асцярожна, не павінна быць кампанейшчыны, бо мы зноў ператворымся ад адваротнага ў нейкіх варвараў. І паляцяць бязвінныя галовы. Таму нельга дапусціць скажэння, нельга шарахацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў: трэба займацца канкрэтнай справай, весці за сабой людзей і правяраць іх на канкрэтных справах. "Спуску нікому не павінна быць, хто вінаваты, хто здраднік, хто проста не наш чалавек. Але яшчэ раз падкрэсліваю: гэта карпатлівая, спакойная работа спецыяльных органаў улады", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт прапаноў па вызначэнні кола асоб, хто з прычыны сваёй службовай дзейнасці павінен азнаямляцца са зместам розных экстрэмісцкіх Telegram-каналаў. "Не трэба сюды, як Кіраўнік Адміністрацыі прапануе, цягнуць спісы: каму можна, каму нельга. Глупства несусветнае, - сказаў Прэзідэнт. - Няхай кіраўнікі на месцах, губернатары, старшыні райвыканкамаў вызначаюцца. Забароны ніколі не прыводзілі да нармальнага выніку. Але калі мы ўжо самі сабе не давяраем, то, слухайце, тады трэба сапраўды збеглым аддаць гэту ўладу. Будзьце акуратнымі і асцярожнымі. У нас больш чым дастаткова праблем, і іх трэба вырашаць".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў яшчэ раз: здраднікам дараваць нельга. "Тым, хто спрабаваў перавярнуць краіну і здаць яе "туды", ніякага даравання не будзе. Мы іх бачым і выяўляем дзясяткамі, а то і сотнямі, - расказаў беларускі лідар. - Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі. Як бы ні было цяжка, мы ж ведалі, якія будуць наступствы. І яны сёння завылі: "Аднавіце!" Яны ніколі не будуць адноўлены".
У той жа час ён адзначыў, што ў Беларусі могуць працаваць любыя фонды і арганізацыі, калі яны займаюцца сапраўды важнай справай на карысць радзімы. "Няхай абараняюць хворых, лечаць кавід, няхай чарнобыльцам дапамагаюць, бедным, абяздоленым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, лечаць дзетак і гэтак далей - калі ласка, дарога адкрыта. Нехта хоча стварыць фонды - калі ласка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта значыць, вось гэты хаос трэба сёння заканчваць. Трэба адбудоўваць новую Беларусь", - рэзюмаваў беларускі лідар.