Нарада аб процідзеянні санкцыйным мерам
- 8
- 7:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка правёў нараду аб процідзеянні санкцыйным мерам.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней было вырашана з перыядычнасцю раз у квартал, а калі трэба, то і часцей, сустракацца з Урадам для абмеркавання пытанняў работы эканомікі.
"Нам трэба зрабіць усё, каб простыя сем'і і працоўныя калектывы ні ў якім разе не пацярпелі з-за нашых збеглых здраднікаў і іх заходніх спонсараў-куратараў. Якія бегаюць па Еўропе і Амерыцы і вымольваюць санкцыі супраць Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Сёння ўжо ніхто не сумняваецца, што асноўнай мэтай гэтага ашалелага шантажу з'яўляецца не барацьба за нейкія міфічныя правы чалавека. І тым больш ужо не вынікі выбараў", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што сацыялагічныя даследаванні пацвярджаюць перамогу дзеючага Прэзідэнта: "Я ўважліва адсочваю СМІ. І ў Расіі, і ў Амерыцы, і ў Еўропе, і ў Беларусі. У Беларусі заходнікі правялі сацыялагічныя даследаванні, у выніку якіх беларусы адназначна заявілі, што ніякая Ціханоўская выбары не выйгравала ніколі. І прызнаюць, што дзеючы Прэзідэнт адназначна перамог".
Паводле яго слоў, мэта санкцый - устараніць прамых канкурэнтаў, разбурыць і разваліць ключавыя прадпрыемствы, удушыць у канчатковым выніку эканоміку Беларусі. "І, калі гаварыць адкрытым тэкстам, праз закрыццё заводаў і масавае беспрацоўе загнаць людзей у галечу, а ў лепшым выпадку - вывесці іх на вуліцы. Мы гэтага дапусціць не можам і не дапусцім", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што супраць Беларусі ідзе гібрыдная вайна і санкцыі - гэта яе эканамічны складнік. "Нам трэба не толькі аператыўна і зладжана рэагаваць на ўсе выклікі, але і актыўна прымаць прэвентыўныя меры. Шукаць шляхі выхаду з існуючага становішча, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Эканоміка ў нас адкрытая, больш як на 60% завязаная на экспарт і знешнія рынкі".
Ён згадаў, што перад нарадай сустракаўся са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам: "Мы аднадушна заявілі аб тым, што нам трэба аднаўляць той узровень адносін, які ў нас быў, і значна паляпшаць яго. У Венесуэле ёсць усё тое, што нам патрэбна. У нас ёсць усё тое, што патрэбна Венесуэле. Што нас стрымлівае? Трэба знайсці шляхі ўзаемаразлікаў, залікаў і гэтак далей і аднаўляць гандаль".
"Трэба падрыхтаваць усё неабходнае для таго, каб прэзідэнты маглі ў бліжэйшы час сустрэцца і замацаваць напрамкі нашага супрацоўніцтва", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца заходніх санкцый, Прэзідэнт падкрэсліў, што не схільны драматызаваць сітуацыю. "Як мне Прэм'ер-міністр дакладвае, і ва Урадзе няма ніякай драмы. Настрой на процідзеянне санкцыям мне падабаецца. Так мы і павінны працаваць. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, дык давайце будзем іх вырашаць. Мы ўжо прывыклі да розных санкцый, не першы раз з імі сутыкаемся. Чарговыя спробы абмежаваць і запалохаць нас паварочваюцца супраць бізнесу і эканомікі той краіны, якая ўводзіць санкцыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ўжо адчулі на сабе і Прыбалтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна. Мы па многіх каналах падтрымліваем кантакты з прадстаўнікамі гэтых дзяржаў, і яны ў адзін голас пра гэта гавораць. Ды і не толькі яны".
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца не дзесьці ў вуглу планеты або якога-небудзь рэгіёна, а на самым скрыжаванні. "І закрыць краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, немагчыма. Гэта вар'яцтва", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам на знешніх рынках.
"Мы асабліва ўважліва глядзім на Афрыканскі і Азіяцкі рэгіёны, дзе жыве 5,5 млрд чалавек - 70% насельніцтва (свету. - Заўвага)", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяперашняя сітуацыя для Беларусі - гэта выклік, пэўны выхад з зоны камфорту. "Але ў той жа час гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што хоць санкцыі самі па сабе з'яўляюцца выклікам для эканомікі, але гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск. "Прыкладам таго з'яўляецца братэрская Расія. Ну закрылі, як яны падумалі (на Захадзе. - Заўвага). І Расія, адкінуўшы ўсякія нюансы, павярнулася ўнутр, паглядзела на ўнутраныя свае рэзервы і зрабіла гіганцкі крок наперад. Асабліва па тых напрамках, якія з сярэдзіны 90-х гадоў былі загублены", - сказаў Прэзідэнт.
"Слухайце, але разам мы можам больш. Я толькі што з Прэзідэнтам Расіі размаўляў (тэлефонная размова лідараў дзвюх краін адбылася раніцай 7 кастрычніка. - Заўвага). Ніякіх пытанняў. Мы можам, павінны, і Расія гатова да таго, што мы разам будзем супрацоўнічаць па ўсіх тых напрамках, па якіх трэба для Беларусі. Слова за намі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адносна эканомікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вынікі работы за восем месяцаў адчувальна вышэйшыя за прагнозныя лічбы і па аб'ёмах вытворчасці, і па экспарце, і па даходах насельніцтва. "Я ўжо гаварыў: ключавая задача - захаваць гэту дынаміку да канца года. І гэта будзе велізарны поспех, калі не подзвіг", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці знаходзяцца ў такім жа напружанні кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, як разгарнулася МЗС, ці ёсць вынік ад пасольстваў і гандлёвых прадстаўнікоў.
Асобна ён запатрабаваў далажыць аб сітуацыі ў калійнай, нафтавай і авіяцыйнай галінах. У прыватнасці, на якой стадыі дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй па марскіх партах і па адкрыцці новых маршрутаў, не забываючы і пра старыя.
"Улічваючы, што ва Урадзе створаны спецыяльныя групы, прашу інфармаваць вельмі канкрэтна і па сутнасці. Калі неабходна вырашаць пытанні (а цяпер іх трэба вырашаць хутка), не павінна быць ніякай валакіты. Усе пытанні павінны вырашацца ў максімальна кароткія тэрміны", - папярэдзіў Прэзідэнт.