Нарада аб падрыхтоўцы да правядзення пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу
- 8
- 6:38
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка сабраў нараду аб падрыхтоўцы да правядзення першага пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу.
Сярод удзельнікаў нарады - кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі і начальнік сакратарыята УНС.
Перад пачаткам мерапрыемства ў Кіраўніка дзяржавы адбылася тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, дзе ён асабіста павіншаваў расійскага калегу з пераканаўчай перамогай на выбарах.
"Толькі што перагаварыў з Прэзідэнтам Расіі, павіншаваў яго з рэзультатамі прэзідэнцкіх выбараў у Расійскай Федэрацыі. Прасіў перадаць удзячнасць перш за ўсё, вядома, прысутным тут і іншым асобам, якія дапамагалі тут арганізоўваць выбары Прэзідэнта Расіі (у нас шэсць участкаў было), - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Выбары прайшлі, як нідзе, арганізавана. Як ні спрабавалі б тут нас хіснуць і з Захаду, вельмі добрыя рэзультаты. Пасольства Расіі вельмі добра працавала ў кантакце з нашымі службовымі асобамі. Таму я перадаю вам яго ўдзячнасць за работу і арганізацыю выбараў Прэзідэнта Расіі на тэрыторыі Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абсалютная большасць выбаршчыкаў аддала свае галасы за цяпер дзеючага Прэзідэнта. "Вядома, рэзультат ашаламляльны, - заявіў беларускі лідар. - Вынікі вельмі сур'ёзныя, і яўка вельмі высокая была. Ніколі такой яўкі не было ў Расійскай Федэрацыі. Таму пры высокай яўцы такія рэзультаты ў нейкай ступені нават нечаканыя. Гэта была мая пазіцыя, і я яму выказаў гэта".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што з любых падзей неабходна атрымліваць урокі. На гэты раз самы галоўны ўрок, паводле яго слоў, заключаецца ў тым, што народам Беларусі і Расіі нельга навязваць чужую волю.
"Калі ты будзеш спрабаваць гэта рабіць, людзі зробяць наадварот, як бы ні было складана. Таму не ўдалося вядомым сілам навязаць гэту волю расіянам. Яны малайцы, з'ядналіся ў гэты выбарны перыяд і даказалі, хто ў доме гаспадар. Па-другое, гэта быў сур'ёзны сігнал Захаду, які рабіў стаўку на тое, каб расхістаць знутры Расію. Не атрымліваецца на фронце - значыць, расхістаць знутры. Таксама не атрымалася. І па-трэцяе: трэба разумець, што гэта і для нас навука. Напярэдадні 2025 года, нашых выбараў, трэба вельмі ўважліва вывучаць падрыхтоўку гэтых выбараў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Адміністрацыя Прэзідэнта Расіі бліскуча спланавала і арганізавала выбарчы працэс. "Зразумела, Прэзідэнту шмат давялося працаваць, вы гэта бачылі. Неймаверна многа. Ён маладзец, аб'ехаў усю Расію, пабываў у розных кропках і адказаў на актуальныя пытанні расійскага грамадства. Вельмі добрым было планаванне перадвыбарнага працэсу і сам ход выбарнай кампаніі. Ёсць чаму павучыцца. Мабілізаваны і з'яднаны былі ўсе - па плане Адміністрацыі Прэзідэнта. Усе патрыятычна выступілі і выдалі цудоўны рэзультат. Для нас гэта ўрок", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"Як мы вызначылі з Прэзідэнтам Расіі (гэта вельмі важна), мы павінны быць уключаны ва ўсе праграмы, якія ён агучыў у пасланні расіянам. Планы вельмі цікавыя, яны рэалізуемыя. Аб'ём гэтых планаў - каля дзевяці трыльёнаў рублёў. І ён сказаў: "Я з вялікім задавальненнем буду вітаць работу беларусаў па рэалізацыі гэтых планаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што бакі рэалізуюць цяпер розныя сумесныя праекты. У планах, напрыклад, і будаўніцтва высакаскораснай чыгуначнай магістралі. "Ад Масквы праз Мінск і, як я яго прашу, да Брэста. Іншыя ў нас ёсць планы, якія мы рэалізуем. Таму поўная падтрымка. Чакаецца вельмі вялікая работа. Але нам трэба будзе прайсці яшчэ і свае выбары ў 2025 годзе", - сказаў Прэзідэнт.
Вяртаючыся да тэмы нарады і гаворачы аб розных арганізацыйных момантах пры падрыхтоўцы да правядзення УНС, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівае значэнне і статус маючага адбыцца мерапрыемства, бо гэта будзе хоць і сёмы Усебеларускі народны сход, але яго першае пасяджэнне ў новай якасці, зафіксаванай у абноўленай Канстытуцыі. "Так, гэта сёмае скліканне, але яно асаблівае, яно канстытуцыйнае. Таму вельмі важна і знешне, і па змесце правесці яго на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Да гэтага часу, як адзначыў Прэзідэнт, пачалося ўжо вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты УНС, раней быў створаны адпаведны аргкамітэт пад старшынствам Прэм'ер-міністра, ідзе дэталёвае планаванне першага пасяджэння УНС. "Ведаю, што вы двойчы абмяркоўвалі гэтыя пытанні, выйшлі на канкрэтныя рашэнні і прапануеце іх сёння абмеркаваць на маім узроўні, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце абмяркуем тыя пытанні, якія ў вас у выніку работы назбіраліся, і прымем адпаведнае рашэнне".
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць якаснай падрыхтоўкі да пасяджэння УНС і ў якасці прыкладу прывёў узровень арганізацыі прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. "Яшчэ раз паўтару, што гэта і ўрачыста павінна быць, і, самае галоўнае, змястоўна. Каб было, як выбары ў Расіі, - камар носа не падточыць. Каб нас потым не папракалі. Усё цяпер сканцэнтравана палітычна на нас. У Расіі бурных падзей не мяркуецца, вакол таксама. Засталося ў нас правядзенне Усебеларускага народнага сходу. Стаўкі асобных нашых збеглых і Захаду на тое, каб пастарацца як мага больш прынесці дэзарганізацыю і развал у час пасяджэння і прыняцця рашэнняў, - мы такога падарунка ім паднесці не павінны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Прэм'ер-міністр, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы да УНС Раман Галоўчанка, усе зацікаўленыя нацэлены на тое, каб зладжана і дастойна правесці гэта значнае для беларускай дзяржаўнасці мерапрыемства. "Гэта, як вы ўжо сказалі, першае пасяджэнне УНС у новым статусе, і яно будзе адрознівацца і ад усіх папярэдніх, і ад наступных з улікам неабходнасці правядзення шэрага арганізацыйных, у першую чаргу выбарчых працэдур, якія непасрэдна прадугледжаны законам", - сказаў ён.