Нарада аб мерах падтрымкі рэальнага сектара эканомікі з боку банкаўскай сістэмы
- 17
- 19:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны. Аб гэтым ён заявіў 19 чэрвеня на нарадзе ў Мінску, якая прысвечана мерам падтрымкі рэальнага сектара эканомікі з боку банкаўскай сістэмы.
У пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы вырашыў выказацца на злобу дня, згадаўшы аб працэсах, якія адбываюцца ў краіне і вакол яе. "Вы бачыце, што сёння фокус усіх палітычных інтарэсаў сканцэнтраваны на Беларусі. Як з Захаду, так і з Усходу. Назіраючы за сітуацыяй на працягу апошніх сутак, я бачу, што актывізаваліся пэўныя сілы, якія пачынаюць інтэнсіўнічаць, разварушваючы сітуацыю ў краіне. Мы гэта назіралі, і даўно. Але нам усё ж такі ўдалося зрабіць некаторыя крокі на апярэджанне і сарваць маштабны план дэстабілізацыі Беларусі (гэта не жарт і не запалохванне) і прывесці краіну да нейкага майдана. Такая была мэта. Маскі сарваны з некаторых не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што нікому не дазволіць зламаць краіну. "Я хачу, каб вы разумелі, што я ні ў якім разе, і па сваіх функцыянальных абавязках як Прэзідэнт па Канстытуцыі, і проста як чалавек, які ўсё сваё жыццё палажыў на стварэнне гэтай незалежнай суверэннай дзяржавы, нікому не дазволю зламаць гэту краіну. Я хачу, каб мяне разумелі вы і іншыя. Для мяне няма большай каштоўнасці, чым Беларусь - суверэнная і незалежная. І на захаванне гэтай краіны я пайду, чаго б мне гэта ні каштавала", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўважліва назірае на сітуацыяй, якая складваецца ў Беларусі. Аб гэтым ідзе размова і на яго сустрэчах з актывам у рэгіёнах. "Вяду адкрыты дыялог, інфармую аб сітуацыі. Гэта размова мае прынцыповы адкрыты характар у выніку тых палітычных падзей, якія адбываюцца ў нас у краіне", - расказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што людзей у гэтай сітуацыі пэўныя палітычныя сілы проста спрабуюць выкарыстоўваць. "Я пакуль прашу і папярэджваю перш за ўсё гэтых людзей: не рабіце гэтага, не прымушайце ўладу ісці на нейкія меры рэагавання, не падштурхоўвайце нас да гэтага", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што назірае спробы разварушвання сітуацыі ў краіне. "Мы бачым гэтых людзей і бачым іх тэхналогіі. Напрыклад, "каруселі", якія былі створаны пры зборы подпісаў, калі натоўпам хадзілі па чарзе, расцягнуўшыся на кіламетр. І адны і тыя ж падпісвалі за ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, - адзначыў Прэзідэнт. - Учора мы ўбачылі ўвечары гэту карусель ужо з аўтамабіляў, калі ездзілі вакол аднаго квартала (мы гэта прасачылі, бачылі гэтыя аўтамабілі, усе гэтыя нумары, якія па крузе ездзілі) і сігналілі, у тым ліку насупраць Камітэта дзяржбяспекі. Мы гэта ўсё бачым і разумеем, што адбываецца".
Ён звярнуў увагу, што неканструктыўную пазіцыю занялі і прадстаўнікі асобных СМІ.
"На кон пастаўлена нават не стабільная Беларусь, чысценькая і ўтульная, а незалежнасць краіны. Проста хочуць зламаць краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заклікаў у гэтай сітуацыі не ставіць яго перад выбарам. "Ніхто мне і ўсім нам не даруе знішчэнне Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да бацькоў маладых людзей: "Гэта вельмі важна. Яны ж выкарыстоўваюць хлапчукоў. Там палавіна хлапчукоў, якія не маюць да выбараў ніякіх адносін - 15-16-17 гадоў, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Яны не помняць Беларусь, з якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 90-х. Яны не помняць гэтых талонаў, не помняць, што мы не маглі купіць бутэльку нейкага малака. Яны не помняць, што ў нас на трое сутак у Мінску мукі хапала, каб спячы хлеб. Яны жывуць у чыстай і светлай Беларусі і думаюць, што ўсё гэта ўпадзе ім з неба. Зразумела, гэта і наша недапрацоўка, што мы ім не растлумачылі. Але ж бацькі гэта ведаюць".
"У гэтай частцы я хачу звярнуцца да бацькоў: паглядзіце, калі ласка, за сваімі дзецьмі. Растлумачце ім, што парушаць закон не дазволена. Я не хачу, каб іх дзеці трапілі ў якую-небудзь складаную сітуацыю. Я вельмі, падкрэсліваю, прашу (нікога не палохаю) гэта ўлічыць. Не трэба са зладзюгаў, з гэтых банкіраў і іншых махляроў, якія там сядзяць у Белгазпрамбанку, рабіць герояў. Гэтага не атрымаецца. Я ўжо гаварыў: ні вязнямі сумлення яны не стануць, ні пушыстымі і белымі таксама яны не стануць. А той, хто гэта дапусціў, мы яшчэ з гэтым разбяромся", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што сёння пытанне стаіць шырэй і глыбей - захаванне як мінімум дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі. "Гэтай незалежнасці і дзяржаўнасці, якая звалілася нам на галаву без бою і крыві, як гэта было ў іншых. І сёння галоўная праблема нават не ў гэтых каруселях, сігналах і тых, хто там у ланцужок спрабуе выстройвацца, нешта дэманструючы. Галоўнае - не ў гэтым. Галоўнае - у эканоміцы", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што неабходна сканцэнтраваць рэсурсы ў эканоміцы на дапамозе людзям і тым прадпрыемствам, якія трапілі ў складаную сітуацыю і сапраўды маюць патрэбу ў падтрымцы. "Так, няма катастрофы ў эканоміцы, але ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з тым, што свет закрыўся. І яшчэ эканоміка ў свеце не раскруцілася. Ён пачынае (гэты свет) адкрывацца на больш высокім узроўні захваральнасці на каранавірус. Тады меншы быў узровень захваральнасці - закрыліся, а цяпер пачынаюць адкрывацца, таму што нарабілі памылак. Гэта не аслабіла гэты вірус. Наадварот, паўсюль пачалі ўжо гаварыць пра другую хвалю, а недзе яна пачалася", - адзначыў беларускі лідар.
"Нам трэба сабрацца і жыць у тых умовах, у якіх мы знаходзімся. Калі ў Нацбанку і асобныя члены Урада гэтага не разумеюць, значыць, рыхтуйцеся на выхад. Іншага не дадзена. Трэба сканцэнтравацца. Усе рэсурсы аб'яднаць. Па-першае, каб дапамагчы людзям", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён у сувязі з гэтым прыгадаў аб выплаце заработнай платы, асабліва на прыватных прадпрыемствах. "Добра, што пад маім націскам зарплату хоць выплацілі, засталіся там адзінкі. Але да іх трэба, напэўна, прымаць іншыя меры, таму што гэта прыватныя прадпрыемствы. На курорты - Канары, Гоа, Тайланд - грошы знайшлі выехаць і адпачыць, а сваім рабочым заплаціць зарплату не могуць. Разбяромся, прытым жалезабетонна. Відаць, загуляліся ў палітыку замест таго, каб займацца бізнесам, пашыраць яго, паглыбляць і глядзець за сваімі людзьмі", - сказаў Прэзідэнт.
Аднак ёсць прадпрыемствы, акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы, якія сапраўды трапілі ў складанае становішча. "І гэтым прадпрыемствам трэба дапамагчы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што не заклікае да таго, каб дапамагаць прадпрыемствам, якія сёння нічога не робяць, рукі склалі і нечага чакаюць. "Больш таго, я не заклікаю ўкладваць грошы ў прадпрыемствы, якія сёння працуюць на склад. Мы ім дадзім грошы, яны закупяць камплектуючыя і іншае, вырабяць тэхніку і паставяць на склад. Нам гэта не трэба. У нас сёння ёсць шмат жывых кантрактаў - і ў прыватных, і ў дзяржаўных. Тут дзяліць не трэба, усюды людзі. Але ім крыху трэба дапамагчы, падштурхнуць", - заявіў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на ролю мясцовых органаў улады, каб яны аператыўна рэагавалі. "Чаму жывы кантракт, дзе заўтра можна паставіць дзесяць-дваццаць-сотню машын, не пракрэдытаваць? Калі мы бачым, што заўтра ён верне гэтыя грошы. Што нам тут дзяліцца... Нацбанк будзе сёння гаварыць аб тым, што трэба інфляцыю захаваць, яшчэ нешта там. Гэта, вядома, трэба. Але сітуацыя нестандартная, трэба прымаць адпаведныя меры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт узняў пытанне функцыянавання прадпрыемстваў і іх крэдытнай падтрымкі з боку банкаў. "Функцыянаванне прадпрыемстваў і іх крэдытная падтрымка з боку банкаў, асабліва па буйных, сістэмных арганізацыях, дзе вялікая колькасць занятых і якія пацярпелі з-за каранавіруса, - гэта мяне хвалюе перш за ўсё", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка спытаў, што з экспарцёрамі, як ідуць выкананне абавязацельстваў і работа з валютнай выручкай. У сакавіку, красавіку і маі былі асобныя скаргі прадпрыемстваў, што банкі зніжаюць ліміты перакрэдытавання (гасіцца крэдыт, але нельга атрымаць зноў хаця б тую ж суму). "Я не ведаю, як там ідуць справы, але бачу па гэтых буржуях у Белгазпрамбанку. Мільёны (вы гэта, напэўна, не бачылі) выводзілі за межы краіны, і ніхто цяпер не можа растлумачыць, хто, куды і навошта выводзіў. Куды - мы цяпер ужо разабраліся з дапамогай людзей у пагонах. Вы гэтага не бачылі. А вось перакрэдытавацца прадпрыемствам вы дапамагчы не можаце, таму што ў вас свае стандарты", - заўважыў у сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура.
Акрамя таго, прадоўжыў Прэзідэнт, пагаршаюцца ўмовы па новых пазыках - растуць працэнты. Прад'яўляюцца залішнія патрабаванні, банкі не ідуць насустрач па рэструктурызацыі старых даўгоў, хаця б у якасці часовай перадышкі да канца года. "Баяцца за свае, напэўна, немалыя бонусы і прэміі. Я яшчэ раз, Павел Уладзіміравіч (Калаур), публічна папярэджваю: забудзьце пра свае бонусы. Не вы асабіста, а камерцыйныя банкі, якія я вам адназначна даручыў узяць пад кантроль. Ніякіх бонусаў, прэмій. Там бедных няма. Гэта датычыцца асабліва бягучага года", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Ён нагадаў, што яшчэ па просьбе старога складу Урада пагадзіўся з павелічэннем ліміту гарантый бюджэту да Br1,2 млрд (Br500 млн - гарантыі ўрада, Br700 млн - гарантыі мясцовых органаў улады, па Br100 млн на кожны рэгіён). "Як ідзе выбарка гэтых дадатковых рэсурсаў? Колькі прадпрыемстваў іх ужо атрымалі і на якія мэты? Не ў час лыжка па абедзе. Таму трэба сабраць усё, што ёсць, і аддаць гэтыя грошы. Трэба да канца прафінансаваць рэгіёны", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў першую чаргу сродкі павінны ісці на падтрымку занятасці і заработных плат, у другую - на жывыя кантракты, асабліва экспартныя.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што асобна некаторыя банкі, асабліва такія як Беларусбанк, Белаграпрамбанк, скардзіліся на закрыццё знешніх лімітаў з боку Расіі.
Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з удзельнікамі нарады стратэгічную, паводле яго слоў, тэму далейшага крэдытавання эканомікі. "Бягучыя цяжкасці мы, вядома ж, вырашым. Гэта я гарантую. Але з наступнага года нам трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі", - адзначыў ён.
"Апошнія 5 гадоў мы праводзілі жорсткую грашовую і валютную палітыку. Накапілі пэўныя золатавалютныя рэзервы і астаткі бюджэту. Заўсёды ведалі, гэта - на чорны дзень. Я не хачу сказаць, што гэты чорны дзень прыйшоў. І ў гэтым уся праблема, таму што мы не ведаем, як сябе павядзе сусветная эканоміка, ад якой мы (ды і не толькі мы) залежым па вушы. Усё глабалізавана, усё ўвязана, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Складанасць у тым, каб зразумець: сёння - гэта чорны дзень або будзе яшчэ чарней, як у іншых дзяржаў".
У якасці прыкладу ён прывёў складаную абстаноўку ў ЗША, краінах Еўропы, нестабільную сітуацыю ў азіяцкім рэгіёне. "Сітуацыя вельмі складаная. Зразумела, што цяпер патрэбны пэўныя меры падтрымкі. Няхай не па мерках чорнага дня, але пэўныя меры падтрымкі павінны быць. Адназначна мы павінны задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць выкарыстання ўсіх інструментаў для папаўнення рэсурснай базы банкаў: дэпазітных аўкцыёнаў Мінфіна, аслаблення рэзервовых патрабаванняў Нацбанка для падтрымання ліквіднасці, прыбытку банкаўскай сістэмы і да таго падобнае.
Прэзідэнт таксама зрабіў акцэнт на забеспячэнні пастаяннага росту крэдытавання эканомікі. "Прашу не заціскаць гэтыя ўмовы", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама сарыентаваў Нацыянальны банк на зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Прэзідэнт нагадаў, што Прэм'ер-міністр і Кіраўнік Нацбанка адказваюць за рост ВУП і даходаў насельніцтва, стрымліванне цэн. "А з сённяшняга дня старшыня Нацбанка з'яўляецца галоўным памочнікам прэм'ер-міністра па выплаце заработнай платы і рабоце прадпрыемстваў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Паглядзіце і па стаўцы рэфінансавання, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Усе краіны яе актыўна зніжаюць, спрабуючы ажывіць сваю эканоміку. Індэкс спажывецкіх цэн у нас у параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, таму кошт банкаўскага крэдыту трэба змяншаць актыўней. Чакаю рашэнняў урада і Нацбанка, не зацягваючы, да канца чэрвеня".
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў паведамленні асобных СМІ аб пераводзе рахункаў дзяржпрадпрыемстваў з дачок расійскіх банкаў у Беларусі. "Асобныя правакатары запусцілі ў СМІ тэму амаль не развалу дачок расійскіх банкаў у Беларусі. Абвінавацілі ўладу ў пераводзе рахункаў дзяржпрадпрыемстваў і гэтак далей. Давайце аперыраваць фактамі", - сказаў Прэзідэнт.
"З аднаго боку, тыя ж выданні ў інтэрнэце перш за ўсё, кожны дзень праклінаюць дзяржсектар, абвінавачваючы яго ва ўсіх смяротных грахах: і страты там, і даўгі, і зарплаты не тыя. Нявыгадна з ім працаваць. Але калі недзе дзяржава як асноўны ўласнік пераходзіць на абслугоўванне, дапусцім, у Белаграпрамбанк, што тут не рыначнага, што тут не так. Значыць, трэба прапанаваць лепшыя ўмовы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - І займацца пытаннямі фінансавання, а не фінансаваць палітычныя кампаніі, як мы бачым".
З другога боку, паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі працуе, напрыклад, БПБ-Ашчадбанк, які актыўна ўдзельнічае ў продажы айчыннай тэхнікі (БЕЛАЗаў, трактароў) па экспартных праграмах у Расію. "Плюс у нас з Грэфам адбудзецца ў бліжэйшы час сустрэча. Ён нам хоча прапанаваць выгадны крэдыт на паўмільярда долараў. Дзякуй яму - выгадна, мы згодзімся, возьмем. Гэта чалавек, які не палітыкай займаецца, а непасрэдна сваімі справамі. Чаму мы павінны прыціскаць банк Грэфа?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Або іншы прыклад - банк БелВЭБ. "Вялікія рэсурсы праз яго ідуць на фінансаванне будаўніцтва атамнай станцыі. Чаму мы павінны на яго націскаць? Ён працуе ў інтарэсах дзяржавы. З'явяцца пытанні - зададзім. Будзе займацца не сваімі справамі - паставім на месца. Няхай гэта будзе расійскі, амерыканскі, швейцарскі ці польскі - нам усё роўна, які банк. Ёсць закон - выконвай гэты закон", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не справа банкаў займацца фінансаваннем палітычных кампаній. "Не адцягваць фінансавыя рэсурсы на тое, каб буржуям набіць кішэні і закупіць карціны, увезці ў краіну як мецэнат, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вялікі мецэнат! І ўсе ў гэта паверылі, асабліва нашы тут у Мінску. Думаю: дзякуй богу, прывезлі карціны. Ан не! Ніякі не мецэнат! Карціны не прывезлі сюды для беларускага народа і дзяржавы. А карціны - гэта іх, як яны заяўляюць, акцыянераў Белгазпрамбанка. Мы цяпер бачым, якіх акцыянераў. Усе яны прызналіся: адкуль карціны, за якія грошы закуплялі. І толькі па ацэначным кошце там больш за $20 млн. Толькі па карцінах".
"Дык як так, Павел Уладзіміравіч (Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур. - Заўвага)? Грошай на эканоміку няма, а кішэні набіць, стварыць уласнасць за мяжой, вывесці туды сотні мільёнаў долараў, закупіць карціны, сюды прывезці і гэтак далей...", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама растлумачыў, чаму "раней іх не ўзялі": "Сёння мы ядзім пірог, таму што ўчора яго яшчэ не спяклі. Таму асабліва спагадлівых хачу папярэдзіць: вы нас не прыспешвайце, мы разбяромся з усімі пытаннямі".
"А калі ў кагосьці ёсць пытанні - калі ласка, Іван Станіслававіч Тэртэль (Старшыня КДК. - Заўвага) два разы растлумачыў усяму грамадству. Калі трэба - трэці раз растлумачыць. Калі трэба, падключацца іншыя, растлумачаць", - заявіў беларускі лідар.
"А то ж стаўка рэфінансавання, грошай няма, таго няма, а раскрадаць грошы і выводзіць - ёсць. Або прыбытак увесь аддаць тым, хто сёння ў выбарчую кампанію ўключыцца. Прыбытак цэлага банка! Адкуль прыбытак у банках? У банку ж грошай няма! Зразумела, выцягваюць ад людзей, ад прадпрыемстваў, ствараюць прыбытак, а потым раздаюць на палітычную кампанію. Што за паводзіны банкіраў?!" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
"Такога ў свеце вы не знойдзеце. Таму што банкі, банкіры, служачыя банкаў - яны настолькі акуратныя і асцярожныя, яны разумеюць, што грошы любяць цішыню. І яны сабе гэтага не дазваляюць. А ў нас - калі ласка. Але ж я бачу, і не толькі я, хто стаіць за гэтай кампаніяй. Я ж бачу, хто наводзіць гэтых лялек, якія ў нас тут ашчаслівіць народ хочуць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, як ідуць справы з прадастаўленнем Беларусі замежнай крэдытнай дапамогі. "Што ад нас патрабуюць партнёры? Было заяўлена аб магчымасці прадаставіць Беларусі $940 млн так званага хуткага фінансавання. Як вырашаецца гэта пытанне", - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што для краіны непрымальныя дадатковыя ўмовы, што навязваюцца ёй пры крэдытаванні, якія не датычацца фінансавай часткі. "З'яўляюцца патрабаванні: вы, маўляў, у барацьбе з каранавірусам у Беларусі рабіце, як у Італіі. Я не хачу, каб, не дай бог, у Беларусі паўтарылася, як у Італіі. У нас свая краіна і свая сітуацыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Вопытам Беларусі ў процістаянні каранавірусу, паводле слоў Прэзідэнта, зацікавіўся Сусветны банк. "Ён гатовы нас прафінансаваць у дзесяць разоў больш, чым прапаноўваў, за тое, што мы эфектыўна змагаемся з гэтай хваробай. Нават вопыт запытаў у Міністэрстве аховы здароўя. А МВФ прадаўжае патрабаваць ад нас: давайце каранцін, ізаляцыю, каменданцкую гадзіну. Што за глупства? - сказаў Прэзідэнт. - Мы ні пад каго скакаць не будзем".
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што банкаўскую сістэму неабходна ацэньваць з пункту гледжання задаволенасці спажыўцоў яе работай. "Такая ацэнка павінна быць не толькі ў ЖКГ або, дапусцім, медыкаў. Чым вы лепшыя? Працуеце з людзьмі штодзённа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Пакуль на дзейнасць банкаў ёсць нараканні з боку як фізічных, так і юрыдычных асоб. Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць наконт усё большай колькасці выпадкаў кібермахлярстваў, спісання сродкаў з банкаўскіх картак і да гэтага падобных злачынстваў. "У Газпрамбанку дайшлі да таго, што на паўдня або на дзень (мы цяпер правяраем гэту інфармацыю) змянілі курс, каб работнікі банка змаглі памяняць грошы на долары па меншым курсе, і вечарам паднялі курс назад, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - Чаму Нацбанк гэтага не бачыў?" Акрамя таго, вядомы выпадкі, калі ў гэтым банку людзі атрымлівалі крэдыты на спажывецкія патрэбы пад абяцаныя 4%, а пры вяртанні даводзілася аддаваць па стаўцы пад 80% гадавых. "Махляры, абдзіралі людзей і грошы выводзілі ў Латвію", - пракаменціраваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што прадпрыемствы часта скардзяцца на завышаныя расцэнкі на банкаўскія паслугі. Напрыклад, эквайрынг (безнаяўная аплата ў магазіне, у інтэрнэце або праз тэлефон). "Куды глядзіць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Урад?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. Звяртаючыся да кіраўніка МАРГ, ён запатрабаваў за кароткі тэрмін (да верасня) навесці парадак у банкаўскай сферы.