Нарада па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях
- 8
- 15:12
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 мая правёў нараду па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях.
На нараду былі запрошаны Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман і Старшыня ФПБ Міхаіл Орда.
Кіраўнік дзяржавы падчас нарады адзначыў, што апошнім часам асаблівая ўвага ўдзялялася эканоміцы і лячэнню людзей у сувязі з пандэміяй. "У сувязі з той інстэрыяй, якая разгарнулася ў СМІ, налажыла моцны адбітак на людзей і праз людзей на эканоміку, кіраўнікамі дзяржаў усёй планеты былі прыняты сур'ёзныя рашэнні аб закрыцці краін (чытай - закрыцці эканомікі)", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Адпаведная абстаноўка, у тым ліку ў асноўных партнёраў Беларусі, не магла не паўплываць і на эканамічнае развіццё яе самой. "Эканоміка ў нас экспартна арыентаваная. Таму адбыўся пэўны спад эканомікі, хаця прымальны для нас спад. Цярпіма, - заявіў беларускі лідар. - Гэта сведчыць аб тым, што калі адкрыццё краін будзе больш інтэнсіўным, чым цяпер (а працэс пачаўся ўжо, яго ўжо ніхто не спыніць, таму што людзі абурыліся, яны не хочуць сядзець у ізаляцыі), то мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку".
Больш таго, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у цяперашняй сітуацыі многія галіны, такія як сельская гаспадарка, будаўніцтва, ІТ-сектар і шэраг іншых, даюць добры прырост. "Пытанне будзе з прамысловасцю. Таму што не маглі купіць камплектуючыя (усё, што было, мы зрасходавалі). І, зразумела, прадаць не маглі сваю прадукцыю. Але нарыхтавана нямала гатовай прадукцыі, якая пачала ўжо распрадавацца. Гэта добры сігнал на будучае", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Таму мы не маглі забыць пра эканоміку. Але, зразумела, мы перажывалі за тое, як будуць складвацца справы з лячэннем розных захворванняў, звязаных з каранавірусам", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні час адным з найбольш цяжкіх за прэзідэнцкі перыяд - у сувязі з націскам з усіх бакоў пры выбары шляху ва ўмовах пандэміі, калі Беларусь аказалася з такім падыходам адзінай у свеце, але дасягнула пэўных вынікаў.
"Вы ведаеце, што з-за пэўных акалічнасцей і таго шляху, які мы выбралі пры лячэнні, мы аказаліся адзінымі ў свеце з такім шляхам і з пэўнымі вынікамі. Што не можа ў кагосьці не выклікаць сумненняў і пытанняў: ну не можа быць, каб беларусы вось так адны змаглі прайсці гэты этап, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я не гавару, што ён скончыўся. Я наогул прымхлівым стаў за гэтыя месяцы. Самы цяжкі час за ўвесь прэзідэнцкі перыяд. Адзін з цяжкіх - гэта дакладна. Віктар Шэйман (Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага) памятае яшчэ і тыя часы, калі хлеба не было і наогул карміць народ не было чым. Я часта прыводжу прыклад, што ў 1994 годзе на тры дні ў Мінску заставалася мукі, каб хлеб спячы. Гэта сапраўды быў страшны час. Як мы выкарабкаліся... Напэўна, Гасподзь дапамог".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць цяперашні час цяжкім нават не па прычыне пандэміі і распаўсюджвання хваробы, а таму, што з усіх бакоў у гэтай сітуацыі аказваўся моцны націск. "І гэта трэба было вытрымаць. Людзі ж розныя. Усё зразумела - у нас жорсткая ўлада, Прэзідэнт сказаў - усё зроблена, выканана. Тым не менш, мы ж (нічога. - Заўвага) не забаранялі. Мы проста бераглі людзей, лячылі іх і гэтак далей. Таму людзі па-рознаму сябе паводзілі, але ў цэлым нядрэнна. Тым не менш, націск быў вельмі сур'ёзны", - сказаў ён.
"Калі, я часта гавару гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем. Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захваральнасці. Сведчаннем таго з'яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць - тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. "На плата ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў. Я, праўда, не такі аптымістычны з прычыны сваёй прымхлівасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Мінску плануюць у бліжэйшы час вяртаць да звычайнай работы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. "У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Мінску (пад лячэнне хворых на каранавірус. - Заўвага)", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў стабілізацыю захваральнасці і нават некаторае зніжэнне ў Мінскай вобласці. Нядрэнная абстаноўка і ў Магілёўскай вобласці. "Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці - Брэсцкая і Гомельская, - якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць аб тым, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень недзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў штодзённым рэжыме, раніцай і вечарам, цікавіцца адпаведнымі пытаннямі і праблемамі. "Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Відаць, вірус усё ж такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур'ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А, можа, гэта бяда нас мінуе. Тым не менш, расслабляцца нельга", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама на прыкладзе Мінска адзначыў добрую арганізацыю кантролю за развіццём сітуацыі ва ўмовах пандэміі. Аляксандр Лукашэнка папрасіў Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая курыруе сталіцу, расказаць аб адпаведных падыходах. "Не як лечым людзей (я гэта ведаю, а як вы арганізавалі кантроль зверху). Напэўна, будзе чаму павучыцца ў вас па Мінску. Таму што няпростая сітуацыя - два з лішнім мільёны чалавек, і няпроста было тут арганізаваць справу. Але ні ў якім разе нельга расслабляцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я заўважыў, што ў так званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах і іншых яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала. Раздуць могуць там скандал з нявыплатамі ў нейкай канкрэтнай арганізацыі - урачам, настаўнікам і гэтак далей. Я ўчора Наталлю Іванаўну (Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. - Заўвага) папрасіў, каб яна абзваніла ўсіх губернатараў і проста па-чалавечы папярэдзіла іх: калі ёсць якая-небудзь праблема, яе трэба вырашыць на месцы".
Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане прывёў канкрэтны прыклад: "Ну што там гэта бабруйская хуткая дапамога... Калі яны сапраўды працуюць і звязаны з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, дык трэба падтрымаць людзей. Гэта капейкі для краіны. Але, з іншага боку, трэба разумець, што ў роўныя ўмовы мы не можам паставіць тых, хто сёння выконвае "чыстую" і "брудную" работу. У адваротным выпадку мы пакрыўдзім тых, хто сёння ходзіць у чырвоную зону і працуе з заражанымі каранавірусам".
"Таму ўраўнілаўкі быць не павінна. Але мяжа амаль непрыкметная", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аўтары фэйкаў зусім не турбуюцца, напрыклад, аб урачах, а толькі імкнуцца хайпануць. "Для іх не галоўнае гэтыя ўрачы. Галоўнае - хайпануць. Яны на гэтым хочуць злавіць нейкі хайп. Гэта не наш шлях. Але, трэба пацярпець. Мы з імі разбяромся. Я ўчора вам гаварыў: настане час, мы ўсіх паставім на месца", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што закрываць рот нікому нельга, і няхай людзі гавораць так, як яны думаюць. "А журналіст, калі ён журналіст, нейкі блогер або яшчэ нехта павінны пісаць сумленна, аб'ектыўна падаваць інфармацыю, а не ўзнімаць скандал. Калі не сумленна, калі не адпавядае рэчаіснасці, за гэта трэба адказваць. Як гэта было з расійскім Першым каналам", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што цяпер і ў самой Расіі на міжнародным узроўні патрабуюць, каб адно з замежных заходніх выданняў папрасіла прабачэння за фальсіфікацыі на тэму каранавіруса. "Дык а навошта ж расійскія каналы ў нас гэта рабілі?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
"І я тут расіян падтрымліваю - ніхто не мае права гуляцца на гэтай тэме. Гэта жыццё людзей. Тут я побач з расіянамі, але адразу гавару: і вы сябе паводзьце адказна ў адносінах да іншых краін", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён яшчэ раз заклікаў у гэтай сітуацыі пацярпець, паколькі галоўнае - гэта выратаванне жыццяў людзей. "Мы павінны прайсці гэты шлях, як мы яго пачалі. І тады людзі разбяруцца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Усе ўжо ў Беларусі атрымалі прышчэпку і выпрацавалі імунітэт да гэтых нягоднікаў (аўтараў фэйкаў. - Заўвага). Так, яны (людзі. - Заўвага) гэта чытаюць, але правільна ацэньваюць. А тыя, хто няправільна ацэньваюць, яны і хочуць так ацэньваць няправільна. Мы іх ужо наўрад ці перавыхаваем і павярнём на шлях праўды, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Гэта пэўная частка людзей. Яны ненавідзелі і ненавідзяць Лукашэнку, лічаць, што трэба больш яму падкінуць праблем, каб ён спатыкнуўся і ўпаў. Гэта ж мы бачылі і бачым цяпер. Да гэтага трэба больш спакойна ставіцца і проста людзям расказваць на фактах".
У час нарады Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў прааналізаваць пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне ў працэсе збору подпісаў. "Прызнаюся сумленна, што, нягледзячы на тое, што я ўвогуле кантралюю сітуацыю ў краіне (мне дакладваюць і аб тым, як ідзе гэты палітычны перадвыбарны працэс), але неяк адышоў я ад перадвыбарнай кампаніі, таму што не да гэтага было. Вы ўсе бачылі, што было мноства праблем, якія мы павінны былі вырашаць. Іх будзе нямала. І цяжка будзе мне ўключыцца ў гэты перадвыбарны працэс. Хаця я думаю аб тым, што любая наша работа - гэта і ёсць перадвыбарны працэс", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі і Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, Прэзідэнт папрасіў давесці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл, аб чым ужо раней гаварылася: "Мы здаём экзамен. Экзамен народу. І не толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сістэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасць кіраваць дзяржавай. Людзі павінны зрабіць адпаведныя высновы".
"На фінішы заўсёды трэба бегчы хутчэй. Таму трэба дастойна правесці гэты фінішны этап пяцігодкі. Так, каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашы прапановы з прапановамі нашых альтэрнатыўных кандыдатаў. Наколькі я ведаю, 15 груп збіраюць подпісы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - На сённяшні дзень, мяне інфармуюць, у прынцыпе мы подпісаў сабралі дастатковую колькасць - пад 200 тыс. Але спыняцца не трэба".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў працэсе збору подпісаў ёсць магчымасць лепш даведацца аб праблемах, якія існуюць у грамадстве. "Таму што калі прыходзіш да чалавека і просіш, каб ён падпісаў гэты ліст за дзеючага Прэзідэнта, мы з ім гаворым", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ставіць подпіс або не - гэта права кожнага чалавека. І ў гэтым плане недапушчальны які-небудзь націск на людзей. "Ні ў якім разе, паколькі гэта будзе на шкоду. Але чалавек скажа і аб праблемах, і іншае. Гэта трэба прааналізаваць. Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), я вас прасіў, каб вы з Міхаілам Сяргеевічам (Старшыня ФПБ Міхаіл Орда. - Заўвага) гэта зрабілі, і далажылі мне", - заявіў беларускі лідар.
"Так, ёсць недзе пытанні сельскага савета - агароджу адрамантаваць, дах паправіць слабому чалавеку. Ёсць пытанні раённага, абласнога ўзроўню. А ёсць пытанні і нашага ўзроўню. І здаючы гэты палітычны экзамен, мы павінны вырашыць гэтыя пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўны мой экзамен - гэта кіраваць краінай, і каб людзі бачылі, што ёсць Прэзідэнт у краіне. Нельга нам адцягваць сваю ўвагу на мітынгі і розныя заявы - гвалт нейкі. У нас няма часу на гэта".
"Мы павінны арганізаваць гэтыя выбары дастойна. Не таму, што я хачу такім пушыстым выглядаць. Справа ў тым, што нам не трэба дрэнна арганізоўваць выбары. Людзі нас бачаць пастаянна. Мы не выскачылі з-пад плінтуса нечакана, як многія. Недзе былі - бах, цяпер павылазілі ўсе і абяцаюць з верталёта па Беларусі раскідваць грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гэта праходзілі. Грошы трэба ў Беларусі зарабляць цяжкай працай, іншага не дадзена. Больш будзеш працаваць - больш заробіш. З верталёта ніхто не скіне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб працэсе збору подпісаў, Прэзідэнт адзначыў, што колькасць кандыдатаў залежыць толькі ад саміх грамадзян. "Нават калі ўсе 15 будуць кандыдатамі, ну і што, людзі так вырашылі. А на выбарах усе вызначацца, за каго галасаваць, як галасаваць", - адзначыў беларускі лідар.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер да выбараў сфарміраваць новы склад Урада. "Мы заўсёды пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты дзеючага Прэзідэнта аб'яўлялі новы склад Урада. Да выбараў. Гэта было прынцыповае пытанне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць. А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а там сваякоў, любімых і іншых панапіхаў у гэты Урад. Таму нам трэба падрыхтаваць новы склад Урада, вырашыць пытанне па форме, як будзе фарміравацца новы Урад да выбараў - або сам у адстаўку падае, або Прэзідэнт адпраўляе ў адстаўку. Трэба аб гэтым падумаць, але каб людзі разумелі, што мы ад гэтага прынцыпу не адыходзім. Да прэзідэнцкіх выбараў будзе сфарміраваны практычна канчатковы склад Урада", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да адпаведных кадравых пытанняў падступаліся яшчэ некаторы час таму, калі Адміністрацыю Прэзідэнта ўзначальвала Наталля Качанава. "Пра гэта гаварылі, і вельмі многіх міністраў мы назначылі паўгода таму, і ўбачылі іх у справе. І сёння можам зрабіць вывад, могуць яны працаваць у новым Урадзе ці не могуць. Таму надышоў час, каб яшчэ раз глянуць на Урад, вышэйшых службовых асоб, якія ў нас ёсць, і па іх таксама прымаць рашэнні. Або мы з імі працуем, або перамяшчаем на новую работу", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але павінен сказаць, што, па вялікім рахунку, я не маю прэтэнзій ні да аднаго з гэтых людзей. Але, зразумела, жыццё ідзе, і перамены гэтыя павінны быць. Таму гэта пытанне, Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), ваша. Вазьміце ўсю інфармацыю ў Наталлі Іванаўны (Качанавай). Паўгода таму мы да кожнага чалавека дайшлі і прапрацавалі гэтыя пытанні. Недзе адбылася замена, а недзе мы адклалі вось на гэты перыяд", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
"Ніхто з членаў Урада не павінен ні крыўдзіцца, ні напружвацца. Я ўпэўнены, што пераважная большасць цяпер дзеючых членаў Урада застануцца на сваіх пасадах. Цяпер трэба проста экзамен здаваць. Калі ўсе здадуць - калі ласка. Таму трэба варушыцца, але не мітусіцца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.