Нарада аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній
- 8
- 11:24
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня правёў нараду аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній.
"Восень - час падводзіць вынікі, выбудоўваць стратэгію на будучы год. Таму самая галоўная наша задача - дастойна завяршыць гэты год і пачаць наступны год. Ад гэтага будуць залежаць шмат у чым і вынікі прэзідэнцкіх выбараў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Прыярытэт - работа з людзьмі. У дзейнасці ўсіх кіраўнікоў - і рэгіёнаў, і мясцовай вертыкалі, і кіраўнікоў цэнтральнага звяна".
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на падыходы ў рабоце з насельніцтвам, якіх павінны прытрымлівацца чыноўнікі: "Людзей трэба слухаць, з людзьмі трэба размаўляць і належным чынам рэагаваць на тыя пытанні, якія яны ставяць перад намі".
У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка спытаў удзельнікаў нарады, якія пытанні з'яўляюцца найбольш вострымі на гэты момант і якая рэзультатыўнасць работы з такімі зваротамі. "Менавіта ад гэтага залежыць аўтарытэт кожнага кіраўніка, на месцах кіраўнікоў і ўлады ў цэлым", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па зразумелых прычынах для любога чалавека на першым плане звычайна знаходзяцца паўсядзённыя жыццёвыя клопаты. "Некаму хочацца дах адрамантаваць, камусьці - плот паставіць, некаму нечага не хапае ў магазіне і гэтак далей. Усё трэба вывучаць, сартаваць (гэта заўсёды трэба рабіць) і разумець, што павінны мы арганізаваць, улада, а што павінны зрабіць самі людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на сістэмную, эфектыўна адладжаную работу на ўсіх узроўнях улады. "Напрыклад, аб цэнах людзі часта мяркуюць не па статыстыцы, а па сваім кашальку, аб якасці адукацыі - па размовах з канкрэтным педагогам, аб узроўні медыцыны - па сваёй паліклініцы, аб уладзе ў дзяржаве - па дзеяннях асобна ўзятага дзяржслужачага, да якога яны звяртаюцца. Я намякаю на тое, што ўсе павінны ў гэтай звязцы працаваць", - акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Што датычыцца работы са зваротамі грамадзян, у Беларусі яна выбудавана на сістэмным узроўні і абсалютна даступна для любога чалавека, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў, што ў 2022 годзе быў праведзены вялікі семінар па актуалізацыі форм і метадаў работы з насельніцтвам, дапрацавана і выкладзена ў новай рэдакцыі Дырэктыва № 2. У рэгіёнах актыўна працуюць парламентарыі - яны шмат сустракаюцца з насельніцтвам, дапамагаюць людзям вырашаць канкрэтныя пытанні. У Адміністрацыі Прэзідэнта выкарыстоўваюцца новыя, нестандартныя формы работы.
"Але трэба не забываць, што найважнейшае пытанне - гэта работа і заработная плата. Што мы тут ні гаварылі б пасля гэтых прыёмаў, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Я назіраю, бачу, калі службовыя асобы ці то перада мной па тэлевізары, ці то яшчэ перад кімсьці расказваюць, як важна яны папрацавалі і што прынялі. Трэба не забываць пра галоўныя пытанні, у адваротным выпадку ўсё гэта застанецца размовамі".
Гаворачы аб маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэтыя выбары павінны завяршыць фарміраванне абноўленай палітычнай сістэмы нашай дзяржавы". У гэтым плане, паводле слоў Прэзідэнта, шмат ужо зроблена. Напрыклад, у палітычнай сістэме краіны ў новым канстытуцыйным статусе пачаў працаваць Усебеларускі народны сход, вызначаны асноўныя падыходы да яго дзейнасці. "Але нямала трэба будзе зрабіць да прэзідэнцкіх выбараў і ў прэзідэнцкія выбары", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Самае галоўнае, на чым зрабіў акцэнт Прэзідэнт, - гэта падрыхтоўка да будучай новай пяцігодкі: "Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не раз. І гэтыя правядзём. Але трэба рыхтавацца па-сапраўднаму да наступнай пяцігодкі. З 2026 года пачынаецца новая пяцігодка. Таму мы павінны (я так мяркую) у пачатку наступнага года правесці чарговы Усебеларускі народны сход. Мы павінны прадставіць людзям стратэгію на пяцігодку і вызначыць асноўныя напрамкі нашага развіцця".
Прэзідэнт адзначыў, што цяперашняя нарада - першая ў шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з маючай адбыцца электаральнай кампаніяй, і на ёй плануецца абмеркаваць асноўныя контуры будучай работы. "Менавіта работы. Не правядзення самога мерапрыемства, прэзідэнцкіх выбараў, а работы. Магчыма, нейкі план. Таму што большага рашэння ў такім складзе мы прыняць не можам. Якія рашэнні мы можам прыняць канкрэтныя? Сёння няма губернатараў, памочнікаў па абласцях, прадстаўнікоў Урада, якія, зразумела, будуць задзейнічаны ў прэзідэнцкіх выбарах. Таму размова поўная не атрымаецца", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"Хацеў бы гэтыя пытанні з вамі абмеркаваць і намеціць ужо канкрэтныя крокі па падрыхтоўцы і правядзенні асноўных мерапрыемстваў - УНС і прэзідэнцкіх выбараў. У агульных рысах, агульныя контуры", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Ёсць адно пытанне, якое я не збіраюся абмінуць. Проста інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі крычаць аб гэтым кожны дзень. Паток, асабліва апошнія тыдні. Усялякія інсінуацыі, ажыятаж узнікаюць вакол гэтага пытання. Гэта дата маючых адбыцца выбараў Прэзідэнта. Ці то амерыканцы, ці то нашы збеглыя нават назначылі выбары ўжо і дату вызначылі. Развілі мноства канспіралагічных тэорый наконт гэтага".
"Наступныя выбары Прэзідэнта Беларусі, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, мы павінны правесці не пазней за 20 ліпеня (2025 года. - Заўвага). Вось апошні тэрмін - 20 ліпеня, да якога мы павінны правесці выбары. І трэба вельмі ўдумліва паставіцца да вызначэння дня галасавання. І перыяду, на які ляжа электаральная нагрузка, паколькі давядзецца прыцягнуць людзей, працоўныя рэсурсы ў тыя камісіі, якія мы будзем ствараць. Неабходна зрабіць усё, каб нічога не парушыла прывычны рытм жыцця краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён папярэдзіў, што лёгка не будзе, паколькі апаненты ўжо спрабуюць расхістаць сітуацыю. "З'явяцца новыя інфармацыйныя патокі ўсякага бруду. Мы добра бачым, кантралюем усё, што адбываецца вакол нас - за межамі нашай краіны і ўнутры", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю слушнасць або яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцый. Людзям трэба прыйсці і растлумачыць, чаму вы так "клапоціцеся" пра Беларусь і чаму вы ваюеце супраць яе. Чаму вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі",- сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі маюць вялікую колькасць такіх фактаў, і трэба пра ўсё гэта расказаць людзям. "Расказаць, што яны там плануюць і прывесці канкрэтныя факты. А так мы звычайна вось так у кучу ўсё збяром і сядзім, над "золатам" чахнем. Трэба паказаць, няхай людзі ведаюць іх пазіцыю. У нас жа шмат матэрыялаў: "Давай санкцыі (лахушкі, латушкі і іншыя), давайце душыць, "хай яны падохнуць". У нас усё гэта ёсць. Таму трэба будзе даць тлумачэнні (апанентам. - Заўвага) перад беларусамі, чаму яны такую палітыку выбудоўваюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што апаненты за мяжой пастаянна просяць грошай у розных структур на сваю дзейнасць, і такія сродкі гатовы выдзяляць, але толькі пад канкрэтныя мэты: "У Дзярждэпартамента (ЗША. - Заўвага), у палякаў, іншых, у Еўрасаюзе. Ім пытанне: "Навошта?" - Мы будзем у сродках масавай інфармацыі мачыць Беларусь. Ім гавораць: "Дык ужо ж мачылі. На гэта грошай не будзе, толькі на ўзброеныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі".
"Ну я ўжо гаварыў: мы чакаем. Нават можаце нас не папярэджваць, адкуль вы зойдзеце і куды. Мы гэта добра ведаем", - заявіў у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што тым, хто за гэта выступае, трэба будзе перад народам Беларусі стаць і гэта растлумачыць. "Калі вы хочаце, каб хоць неяк народ вас не тое што падтрымаў, а разумеў, чаго вы хочаце", - заўважыў беларускі лідар.
"Мы бачым, што там галоўнае для іх - гэта атрымаць гранты, грошы. На ўсё ім напляваць, нават на тыя пытанні, дзеля якіх яны наогул жыць павінны. Ну вазьміце пытанні так званых палітзняволеных. Ну колькі разоў сказана: у нас няма палітычных артыкулаў, і па палітычных артыкулах мы нікога не асудзілі, паколькі іх няма проста. Не - "палітзняволеныя". Добра. Ну дык вы змагайцеся за гэтых "палітзняволеных", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ён двойчы прымаў рашэнні, аб якіх публічна паведамлялася, па памілаванні некалькіх дзясяткаў так званых палітзняволеных. "Ну радаваліся б (апаненты. - Заўвага), падзякавалі б як мінімум. Не, яны заклапочаны тым, каб даказаць самім сабе і там за мяжой, што яны ўнеслі вялікі ўклад і "прымусілі дыктатара" прымаць такія рашэнні, - заўважыў Прэзідэнт. - Ніхто мяне, па-першае, прымусіць не можа. Гэта выключана. Я часта гавару журналістам і іншым: вы мяне добра ведаеце, я ніколі па ўказцы і пад націскам не прымаў рашэнні".
Што датычыцца памілавання канкрэтных людзей, то гэта, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, былі яго рашэнні, і на тое былі розныя прычыны. "Нехта захварэў, нехта ўжо там на прагулкі хадзіць не можа ў адрозненне, як яны тут бойка бадзяліся па праспектах. Ну ўсякае бывае ў жыцці. Нехта наогул ужо небяспекі сабой не ўяўляе. Нехта наогул адурэў, мазгі павярнуліся ў яго - ён там выйшаў (у 2020-м годзе. - Заўвага), чагосьці паспрабаваў пераварочваць на вуліцах Мінска. Ну, усякае ў жыцці бывала. Такіх людзей мы ўбачылі. Чаго іх там трымаць, карміць за дзяржаўны кошт. Мы іх адпусцілі. Яны пад поўным кантролем праваахоўных органаў тут", - расказаў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што замест таго, каб падзякаваць, апаненты за мяжой, наадварот, не рады такому развіццю падзей. "Яны не рады, што гэтыя людзі выйшлі. Чаму не рады? Ну дык ім жа амерыканцы і іншыя гавораць: а вы дзе былі, які ваш уклад? А ніякага. Дык тады і грошай няма, г.зн. правільна заўважылі, асабліва журналісты: чым больш нехта тут будзе знаходзіцца ў месцах не такіх аддаленых, тым лепш для іх. Ну дык трэба аб гэтым адкрыта ім гаварыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.