Нарада па пытаннях архітэктурнага рашэння і канцэпцыі экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея
- 9
- 7:01
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 верасня сабраў нараду па пытаннях архітэктурнага рашэння і канцэпцыі экспазіцыі культурна-гістарычнага комплексу "Нацыянальны гістарычны музей".
Як адзначыў у пачатку мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы, на парадку дня нарады - прынцыповае і важнае пытанне для беларускай дзяржавы - аб будаўніцтве новага, сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. "Павінен быць нармальны музей, куды асабліва малады чалавек зойдзе і выйдзе, пераканаўшыся ў тым, што мы маем права на сваю дзяржаўнасць, мы яе дабіліся, заслужылі цяжкай працай, потам і крывёю, пражыўшы нават не стагоддзе, а тысячагоддзе. І вось яна, гісторыя - на вачах", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Што ні адбывалася б вакол краіны, як бы мы ні былі заняты бягучымі пытаннямі, пытанні дзяржаўнага будаўніцтва заўсёды будуць у цэнтры нашай увагі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
За 30 гадоў суверэннага шляху ў гэтым напрамку ў Беларусі, паводле слоў Прэзідэнта, зроблена нямала. "Мы вызначыліся з падыходамі да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, у цэлым дзяржаўнай палітыкі ў сферы гісторыі. Перасталі саромецца некаторых перыядаў нашай гісторыі. Гаворым аб гэтым сумленна, адкрыта, так, як мы гэта разумеем. Гэта актуальна гучыць напярэдадні Дня народнага адзінства. Дык вось музей - гэта чарговы этап у гэтай справе", - адзначыў Прэзідэнт.
Асноўная мэта - паказаць няпросты тысячагадовы шлях беларусаў да набыцця дзяржаўнасці. "Нягледзячы на ўсе палітычныя віхры, якія праносіліся над нашай краінай, беларускі народ змог захаваць і развіць свае адметныя ідэнтычнасць, мову, культуру, мае ўнікальны талент і вызначаецца асаблівай якасцю - міралюбнасцю. Мы прайшлі складаны шлях і дасягнулі высокіх вынікаў. Гэта павінна быць аб'ектам гонару, асабліва для нашай моладзі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў змесце экспазіцыі не павінна быць ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перагібу. "У ёй трэба адлюстраваць аб'ектыўны погляд на нашу гісторыю, каб не толькі беларусы, але і іншыя народы маглі пагадзіцца з яе трактоўкай або, ва ўсякім разе, не маглі не прызнаць і адмаўляць яе. Маё асноўнае патрабаванне - выкласці гістарычныя факты максімальна праўдзіва", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Месца, падабранае для размяшчэння музея, кіраўнік дзяржавы лічыць аптымальным. Узвядзенне гэтага аб'екта завершыць аблічча раёна, які ўжо ў народзе назвалі кварталам беларускай дзяржаўнасці - побач з будынкамі Палаца Незалежнасці, Вярхоўнага Суда, плошчай Дзяржаўнага сцяга.
"Музей павінен стаць своеасаблівай візітнай карткай краіны. Захапляць як сучасным архітэктурным абліччам, так і ўнутраным напаўненнем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што такі аб'ект у Беларусі неабходна было даўно стварыць. "У любой больш-менш паважаючай сябе дзяржаве даўно фундаментальныя будынкі створаны, музеі створаны для таго, каб новае пакаленне ганарылася тым шляхам, які пройдзены папярэднімі пакаленнямі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт арыентаваў на тое, каб удзяліць асаблівую ўвагу архітэктурнаму рашэнню: "У ім павінна чытацца нацыянальная адметнасць краіны. У той жа час трэба максімальна прадумаць пытанні ўтрымання, эксплуатацыі будынка, інжынерных канструкцый і іншага". У афармленні музейнай экспазіцыі Кіраўнік дзяржавы лічыць важным захаваць баланс традыцыйных канонаў і сучасных інфармацыйных сістэм. "Словам, музей павінен быць самым сучасным", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што трэба вывучыць вопыт узвядзення розных музеяў у іншых краінах і пры неабходнасці яго выкарыстоўваць.
"Мы ствараем (і мы гэта павінны разумець) аб'ект не на адзін год і не на два. У новым будынку музея нашчадкі ўбачаць узор стаўлення да свайго мінулага, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Музей павінен быць праўдзівым і аб'ектыўным. Ніякай палітызацыі, ніякага "ўра" ў дачыненні да Лукашэнкі, пятровых, сідаравых, якія нібыта вяршылі гісторыю, а народа пры гэтым не відаць. Усё павінна быць абсалютна аб'ектыўна і заслужана". Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на тое, каб падкрэсліць асаблівыя старонкі гісторыі краіны, але ў той жа час і нічога не ўтойваць. "Гэта павінна быць адлюстраваннем той палітыкі, якую мы праводзім сёння ў Беларусі", - адзначыў ён.
Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Мінскі гарвыканкам сумесна з Міністэрствам культуры і гісторыкамі прапрацавалі ўсе гэтыя пытанні, аб чым было даложана ў час нарады.
Плануецца, што Нацыянальны гістарычны музей размесціцца ў Цэнтральным раёне Мінска на ўчастку паміж пр. Пераможцаў - вул. Арлоўскай і ракой Свіслач. Тут жа, дзе раней працаваў парк "Дрымлэнд", прапануецца стварыць парк Народнага адзінства, які стане часткай водна-зялёнага дыяметра горада.
Планіровачнае рашэнне будынка Нацыянальнага гістарычнага музея паўтарае контур карты Беларусі. Экспазіцыя музея будзе змяшчаць экспанаты і інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў растлумачыў, што на абазначанай тэрыторыі плошчай амаль 31 га плануецца стварыць не толькі музей, а цэлы музейна-паркавы ансамбль і назваць яго Паркам народнага адзінства. На гэтай тэрыторыі ўжо не вядзецца ніякага іншага будаўніцтва якіх-небудзь збудаванняў, і ёсць неабходнасць правесці добраўпарадкаванне, дабавіўшы сваю адметнасць, якой і стане новы парк і музей. "Гэта будзе сімвалам нашай краіны", - лічыць Уладзімір Кухараў.