Нарада па падвядзенні вынікаў комплекснай праверкі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
- 15
- 21:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка сабраў нараду для падвядзення вынікаў комплекснай праверкі Узброеных Сіл. Удзельнікамі нарады ў Кіраўніка дзяржавы сталі амаль 300 чалавек, у ліку якіх - камандзіры злучэнняў, якія прыцягваліся да праверкі.
Маштабная праверка ва Узброеных Сілах па даручэнні Прэзідэнта праводзілася ў Беларусі з 16 студзеня. Ключавой асаблівасцю праверкі была яе арганізацыя. Кіраўнік дзяржавы прыводзіў у баявую гатоўнасць воінскія часці, абмінаючы Міністэрства абароны і Генеральны штаб. У ходзе праверкі былі пастаўлены канкрэтныя мэты: убачыць аб'ектыўную карціну, рэальны стан войскаў, ацаніць дзеянні ваеннаслужачых. Менавіта таму мерапрыемствы мелі раптоўны характар.
Прэзідэнт падпісваў распараджэнне пад грыфам "сакрэтна", у якім была пазначана задума маючай адбыцца праверкі. Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч атрымліваў закрыты пакет з дакументам і выязджаў у вызначаную Кіраўніком дзяржавы воінскую часць. Па даручэнні беларускага лідара да правядзення праверкі таксама быў далучаны Старшыня КДК Васіль Герасімаў.
Аляксандр Лукашэнка трымаў ход праверкі на асабістым кантролі, рэгулярна заслухоўваючы даклады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заяўляў аб планах на асобным мерапрыемстве падвесці вынікі праверкі. "Ёсць недахопы, але ў цэлым армія боегатова. А дэталёва мы разбяромся потым", - адзначаў Прэзідэнт у размове з журналістамі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці максімальна адкрытую размову па выніках праведзенай праверкі, нічога не ўтойваючы. "Гэта была хоць і планавая праверка, але ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі такая маштабная", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на тым, што задача была пастаўлена адна: паглядзець, як будуць дзейнічаць часці, прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць, ва ўмовах ваеннага часу. "Мне гэтыя праверкі ва ўмовах мірнага часу - трата грошай. Лішніх грошай у нас няма", - канстатаваў беларускі лідар.
"Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. На тое мы і Узброеныя Сілы стварылі, на тое мы іх утрымліваем, на тое народ адлічвае грошы для таго, каб нас з вамі ўтрымліваць. І ў гэтай аўдыторыі (і не толькі ў гэтай) людзі павінны разумець: мы абсалютна супраць войны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя Сілы. Таму што мы ведаем, што такое вайна. Мы не хочам вайны, але армія для таго і прызначана. Калі раптам нехта вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэлы зброі, мы адкажам. Да гэтага і рыхтуемся, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - На жаль, сітуацыя такая, што без вас жа я ваяваць не магу. І я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовы ваяваць. Калі мы будзем гатовы ваяваць, нас будуць баяцца (гэта немалаважна) і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта. Думаю, вы яе добра разумееце".
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў магчымым ваенным канфлікце будуць важны такія складнікі, як падрыхтоўка афіцэраў, ступень авалодання ваеннаслужачымі зброяй, фізпадрыхтоўка, стан узбраення і ваеннай тэхнікі. "Гэта аснова выжывання і перамогі ў баі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Адказнасць за краіну, за наш мірны, дружалюбны па сваім светапоглядзе народ найвялікшая на кожным з вас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар яшчэ раз адзначыў, што комплексная праверка Узброеных Сіл праводзілася як ніколі маштабна і жорстка і даволі актыўна асвятлялася ў СМІ. "Адразу скажу, што асвятлялася так, як, можа, большасці з вас хацелася б. Таму што ўсю гадасць, якая ў нашай арміі ёсць, не хацелася б паказваць перш за ўсё нашым патэнцыяльным сапернікам, а магчыма, праціўнікам або ворагам", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод ваеннаслужачых нярэдка існавала меркаванне аб тым, што комплексная праверка Узброеных Сіл не будзе адрознівацца ад праверак, якія праводзіліся раней, усё будзе як заўсёды. "Як заўсёды, мужыкі, не будзе. Хачу вас папярэдзіць, чаму не будзе са мной. Таму што я пад вас падладжвацца не маю намеру - вы будзеце падладжвацца пад Галоўнакамандуючага. Калі вы хочаце ў будучай вайне (не дай бог яна будзе) застацца жывымі. А калі мы і далей будзем так прадаўжаць, як некаторыя з нас, - не толькі мы жывымі не застанёмся, але і нашы падначаленыя. Я гэта бачу па сучасных боесутыкненнях і войнах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ўдзельнікаў праверкі ставілі ва ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных выклікаў: "Я яшчэ дакладней сказаў бы: да вайны без скідак на надвор'е, час сутак і іншыя фактары, якія ўскладняюць сітуацыю выканання баявых задач. Якое надвор'е было, вы памятаеце", - заявіў ён.
Галоўнакамандуючы ўказаў, што да кантрольных мерапрыемстваў былі прыцягнуты воінскія часці і падраздзяленні пастаяннай гатоўнасці Заходняга і Паўночна-заходняга аператыўных камандаванняў, сіл спецыяльных аперацый, Ваенна-паветраныя сілы і войскі проціпаветранай абароны. "Далей па маім распараджэнні мы будзем паднімаць асобную часць, даўкамплектоўваць яе, калі трэба, і па-сапраўднаму вучыцца ваяваць", - падкрэсліў ён.
Па даручэнні Прэзідэнта стан узбраенняў і тэхнікі ў злучэннях і воінскіх часцях цэнтральнага падпарадкавання правяралі Дзяржсакратарыят Савета Бяспекі сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю. "Камітэт дзяржкантролю павінен ведаць, што адбываецца з ваеннай уласнасцю і маёмасцю. Камітэт дзяржкантролю перш за ўсё забяспечвае кантроль за ўласнасцю, дзяржаўнай маёмасцю, у якім яна стане", - сказаў беларускі лідар.
Другой немалаважнай задачай КДК, у тым ліку ў ходзе праверкі гатоўнасці Узброеных Сіл, Кіраўнік дзяржавы назваў кантроль за расходаваннем дзяржаўных сродкаў і дзяржаўнага бюджэту: "Усе мы з вамі на бюджэце. Таму быў прыцягнуты Камітэт дзяржаўнага кантролю".
Акрамя таго, былі задзейнічаны і іншыя рычагі, якія мае ў распараджэнні Галоўнакамандуючы для атрымання аб'ектыўнай ацэнкі стану Узброеных Сіл. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў арміі пакуль не ўдалося да канца выкараніць хлусню. "Для таго, каб ведаць, дзе вы хлусіце, а дзе не, і дзе ідзе наша праверка, былі мабілізаваны ўсе спецыяльныя падраздзяленні Камітэта дзяржбяспекі, ААЦ, пракуратуры, Следчага камітэта - усе. Асабліва органы контрразведкі КДБ, якія забяспечваюць контрразведвальнае суправаджэнне. Былі мабілізаваны ўсе. Але я ж разумею, што яны таксама ў пагонах і карпаратыўнасць у вас салідная. Таму я ад іх запатрабаваў: мне на стол - самую першасную інфармацыю", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца ўзроўню задач, тэмпу іх пастаноўкі і выканання, усё гэта было абумоўлена сур'ёзнасцю геапалітычнай абстаноўкі, падзеямі і ўсё большымі пагрозамі, якія фарміруюцца ў непасрэднай блізкасці да беларускіх граніц. Прэзідэнт звярнуў увагу на даволі шырокае кола лідараў іншых дзяржаў, з якімі ён добра знаёмы і рэгулярна сустракаецца. Гэта разам са шматгадовым вопытам работы дае магчымасць скласці меркаванне аб міжнароднай абстаноўцы і падзеях, што разгортваюцца ў свеце.
"Я чалавек інфармаваны. Вы ведаеце, што мы вядзём перагаворы з амерыканцамі. І вопыт майго жыцця і працы, у тым ліку службы ў арміі, дапамагае мне зрабіць адпаведныя высновы з усмешак, абдымкаў, цалавашак і іншае з амерыканцамі аж да Карэйскай народна-дэмакратычнай рэспублікі. Я ўжо не гавару пра Кітай і Расію. У мяне даўнія адносіны з кіраўніцтвам (гэтых краін. - Заўвага) і не толькі з кіраўніцтвам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


