Сустрэча з журналістамі

  • 17
  • 33:37

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка сустрэўся з журналістамі. Кіраўнік дзяржавы падзяліўся падрабязнасцямі чарговага раунда беларуска-амерыканскіх перагавораў, што адбыўся напярэдадні, і ў сувязі з гэтым выказаўся па шэрагу актуальных тэм.

Прэзідэнт у прыватнасці расказаў, як ідзе падрыхтоўка "вялікай здзелкі" са Злучанымі Штатамі.

"Так, сапраўды, амерыканцы ў ходзе перагавораў - трэці або чацвёрты раўнд быў - яны ад імя Трампа прапанавалі заключыць вялікую здзелку, дзе будзе адлюстраваны шэраг пытанняў, якія на парадку дня нашых перагавораў, - сказаў Прэзідэнт. - Я што, адпірацца буду? Для Беларусі гэта важна і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: "Я гэта нармальна ўспрымаю, перадайце Дональду, што я згодны, каб выпрацаваць гэту вялікую здзелку, падрыхтаваць".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ЗША ў гэты момант часу, магчыма, крыху не да гэтага, але працэс ідзе: "Мы рыхтуемся да гэтага вялікага дагавора з амерыканцамі".

"Мы абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амерыканцам адпаведныя прапановы. Як яны мяне інфармавалі, яны прапрацоўваюцца, - расказаў Прэзідэнт. - Вялікая здзелка - гэта не толькі "палітзняволеныя", як яны гавораць. Хоць і я іх пастаянна папраўляю, што ў нас палітзняволеных няма, таму што ў нас няма палітычных артыкулаў". 

"Я ў іх ніколі не прасіў нічога ўзамен, нават па санкцыях. Ніколі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён аддаў належнае амерыканскаму боку за тое, што ў гэтым плане яны самастойна абазначаюць тыя ці іншыя пытанні. Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў перагаворным парадку дня не толькі работа пасольстваў, але і тэма ядзерных матэрыялаў. "Вы ж ведаеце, што ў нас гэтых ядзерных матэрыялаў нямала. Пад кантролем, як некалі дамовіліся. МАГАТЭ бачыць, дзе мы захоўваем гэтыя ядзерныя матэрыялы. Гэта таксама для іх цікава ў плане нераспаўсюджвання зброі", - сказаў Прэзідэнт. 

Паводле яго слоў, аналагічна ёсць агульныя падыходы, напрыклад, і па мытных справах, у барацьбе з наркатрафікам. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў нейкай ступені ў перагаворны парадак дня ЗША яшчэ падкідваюць пытанні "добрыя" суседзі - Літва, Латвія, Эстонія, Польшча і, можа, у нейкай ступені "брусельскія таварышы". 

"Ведаюць, што яны (прадстаўнікі ЗША. - Заўвага) да мяне ляцяць. У Вільнюсе прызямліліся. Тыя ўжо вакол іх бегаюць: "А вы скажыце Лукашэнку не толькі пра "палітвязняў", скажыце пра шары гэтыя, якія цыгарэты перакідваюць". Я на гэта рэагаваў, мая пазіцыя застаецца ранейшай. Потым, гэтыя перавозчыкі, аўтамабілі... - пералічыў Кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, Коўла рэакцыю ведаю. Ён разумнік вялікі, адвакат вопытны, юрыст. Ён разумее, што яго будуць грузіць, але ён ведае маю пазіцыю ў гэтым плане". 

"Таму мы паступова збіралі гэтыя пытанні (для вялікай здзелкі, што абмяркоўваецца. - Заўвага). І ў трэці раўнд яны сказалі: "Мы гатовы, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Я хачу, каб вы разумелі, што гэта не нейкая веліч самога Лукашэнкі, што вось Трамп убачыў. Ну дзякуй богу, што яны цэняць Беларусь, цэняць беларускага Прэзідэнта", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. 

Ён нагадаў, што і ў першы, і ў другі прэзідэнцкія тэрміны Дональда Трампа заўсёды адкрыта выступаў у яго падтрымку і асабліва - дэмакратычнасці, аб якой гавораць у ЗША. "Каб не націскалі, не цкавалі Трампа. Я з ім згодны, што Амерыку трэба ратаваць у плане выбараў, каб пад плотам і недзе на сметніках не валяліся бюлетэні для галасавання. А страляць у галаву Прэзідэнта наогул непрымальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Трамп, яго людзі гэта (падтрымку і пазіцыю Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага) заўважылі. Ад гэтага ўсё пачалося. А далей я ўсе яго ініцыятывы мірныя падтрымліваў. Але калі амерыканцы дапускалі памылкі, накшталт бамбёжкі Ірана, я адкрыта аб гэтым сказаў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў ходзе перагавораў з амерыканскай дэлегацыяй ён прапанаваў свой варыянт па заканчэнні вайны ў Іране.

"Прапанаваў ім сваё бачанне заканчэння вайны ў Іране. Так, як гэта я бачу. Не хачу гэта публічна гаварыць. Я ім прапанаваў яшчэ адзін варыянт", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў спецпасланніка і адваката Джона Коўла з Іранам звязана асабістая гісторыя, чым субяседнік падзяліўся на перагаворах. У час падзей Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя там загінулі амерыканцы. "Гэта яны не вельмі педаліруюць. Гавораць аб тым, што ядзерная зброя, яшчэ нешта там. Але ў іх у галаве - у амерыканцаў, асабліва ў грамадстве, - тады загінулыя гэтыя людзі. І ён, гэты Джон, быў адвакатам у сваякоў загінулых. Ён мне асабіста расказаў. Таму, гаворыць, у мяне вось тут (унутры. - Заўвага) гэта ўсё сядзіць", - падзяліўся падрабязнасцямі размовы Кіраўнік дзяржавы.

У многім таму, растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, размову і пачалі з іранскай тэматыкі, хоць у парадку дня былі і іншыя пытанні, уключаючы тэму Украіны.

Прэзідэнт прызнаўся, што ў пэўным сэнсе Беларусь "трапіла ў замес", маючы на ўвазе, што з усімі ўключанымі бакамі ёсць пэўны ўзровень адносін і жаданне іх развіваць.

"З аднаго боку, Іран, здаецца, нашы саюзнікі. Яны мяне не паслухалі, калі я ім гаварыў напярэдадні вайны, яшчэ задоўга як. Амерыканцы гэта ведаюць. Ну і Эміраты, Катар, асабліва Аман - цяпер мы робім стаўку. Яны ўсе папалі тут. З саўдытамі цяпер вядзём размову. Таму тут, здаецца, нашы людзі, і з другога боку нашы. У тут дай бог, каб гэта закончылася. У нас толькі адзін прынцып: трэба, каб гэта ўсё закончылася. Таму што нашы людзі і там, і там. Усе пакутуюць", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі перагавораў і абмеркавання іранскай тэматыкі. Напрыклад, амерыканскі бок узняў пытанне наконт ракет, якія нібыта Іран прасіў у Беларусі.

"Яны ў нас ніколі не прасілі ракеты. Нават калі б прасілі, мы гэтыя ракеты не маглі б ім паставіць. Таму што гэта вайна з амерыканцамі. Мы гэтай вайны не хочам. Трэба было да вайны па ракетах размаўляць. Мы па многіх рэчах у ВПК размаўлялі з іранцамі, абмяркоўвалі. Але да ракет справа не даходзіла, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ваююць два бакі і ты пачынаеш туды везці зброю, значыць, ты становішся калі не саўдзельнікам, то прыхільнікам гэтай вайны і нейкі бок падтрымліваеш. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба. Ну і іранцы нас аб гэтым не прасілі. Такі эпізод, калі мы абмяркоўвалі некаторыя праблемы. Я аб гэтым вельмі шчыра заўсёды адкрыта гавару".

Прэзідэнт у цэлым звярнуў увагу, што з боку ЗША была сур'ёзная недаацэнка развязвання вайны з Іранам, асабліва ўлічваючы вялікую гарыстую тэрыторыю гэтай краіны. "Недаацэнка была сур'ёзная. Пайшлі на повадзе, напэўна, у ізраільцян", - адзначыў ён.

Вяртаючыся да тэмы перагавораў, праведзеных з амерыканскай дэлегацыяй, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што абмяркоўвалася шырокае кола міжнародных тэм.

"Што дзіўна, я заўсёды ад гэтага адыходжу пры абмеркаванні, нават па Расіі і Кітаі на гэты момант нямала размаўлялі. Аб пазіцыі еўрапейцаў. Мне цікава было, як амерыканцы, людзі, якія непасрэдна ў гэтым удзельнічаюць, адносяцца да таго, што еўрапейцы іх кінулі. Таксама абмяркоўвалі гэту тэму, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны, вядома, вельмі балюча да гэтага адносяцца. І Трамп, і яны гэта вельмі балюча ўспрынялі. Гавораць: "Мы ж ім заўсёды дапамагалі". Мы ведаем, як дапамагалі. І НАТА, і эканамічна. Яны проста не маглі б без амерыканцаў існаваць. А Германію яны проста пасля вайны выцягнулі за вушы і гэтак далей".

"Вялікая гісторыя тут. У Трампа карані ў Германіі, па-мойму. І для іх гэта вельмі балюча і крыўдна. Яны, вядома, справяцца. Але разумна трэба з гэтай сітуацыі выходзіць (размова пра вайну ў Іране. - Заўвага). Я свой пункт гледжання выказаў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістамі, што паабяцаў амерыканцам наведаць пасяджэнне Савета міру, якое мае адбыцца.

"Яны вельмі настойвалі, каб я прыехаў на чарговы Савет міру. Я ім сказаў адкрыта і сумленна, чаму я не змог наведаць (першае пасяджэнне, якое прайшло ў Вашынгтоне 19 лютага. - Заўвага). Гэта не толькі таму, што там графік, яшчэ нешта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што асноўнай прычынай, чаму ён не паляцеў тады ў ЗША, была раптоўная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая праводзіцца ў Беларусі. "Вы ж бачылі, я падняў усю армію. Кожны дзень вечарам мне група, якая кантралюе і рэалізуе мае задумы, дакладвае аб ходзе гэтай, сапраўды ўпершыню ў гісторыі, такой маштабнай праверкі. Ну і як я мог паляцець? Мне што, кінуць гэты працэс? Нельга, - адзначыў Прэзідэнт. - Тым больш усе пачалі абмяркоўваць, што гэта мы ледзь ці не супраць Украіны або Польшчы робім, або Літвы. Ды не, мы гэта робім для сябе. Я хачу ўпэўніцца, які стан нашай арміі".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў хуткім часе на асобным мерапрыемстве плануецца падвесці вынікі праверкі. "Ёсць і шмат недахопаў. Хоць аб гэтым не прынята гаварыць. Ёсць недахопы, але ў цэлым армія боегатова. А дэталёва мы разбяромся потым", - сказаў ён.

Вяртаючыся да тэмы пасяджэння Савета міру, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Былі там і гадасці, якія еўрапейцы планавалі. Але гэта мы маглі абысці. Я, зразумела, міма Еўропы паляцеў бы. І ніякія гадасці (не атрымалася б зрабіць з боку ЕС. - Заўвага). Бяспека?.. Я нават не думаў. Гэта збеглыя нашы завылі: "Лукашэнка спалохаўся!" Я не з пужлівых. Я нават не думаў пра нейкую бяспеку. Я ляцеў не да сяброў сваіх. Але да людзей, якія хацелі мяне бачыць. Той жа Прэзідэнт Трамп".

"Таму я паабяцаў, што ў бліжэйшы час, калі ў вас будзе праходзіць мерапрыемства, мы сустрэнемся", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

У размове з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму падабаецца прамалінейнасць цяперашняга Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

"Трамп чым мне падабаецца - ён як думае, так і гаворыць. Мне гэты падыход падабаецца. Таму што мы бачым сапраўдную палітыку і мэты амерыканскага кіраўніцтва. І бачым, хто такія амерыканцы. Мне гэта падабаецца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І вы многае цяпер зразумелі, убачылі. І дэмакратыю амерыканскую, і знешнюю палітыку - на чым яна заснавана. Аказваецца, на нафце, прыродным газе і гэтак далей. І долар плюс да гэтага. І так было заўсёды ў іх. Але ніхто так адкрыта, як Трамп, не гаварыў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дональд Трамп - гэта ў добрым сэнсе слова акцёр, а яшчэ бізнесмен, журналіст, эканаміст і крыху палітык.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што таксама заўсёды адкрыта гаворыць, калі лічыць, што цяперашняя адміністрацыя ў ЗША і сам Дональд Трамп дзейнічаюць няправільна і дапускаюць тыя ці іншыя памылкі. "Вайна ў Іране, Венесуэла - захапілі Мадуру", - прывёў ён прыклады.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што і ўнутры ЗША на дзеючага Прэзідэнта аказваецца сур'ёзны націск, і ў тым ліку з боку ваенных. "А можа, і нейкая глыбінная дзяржава. Ужо і амерыканцы аб гэтым гавораць", - адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб выніках перагавораў з амерыканскай дэлегацыяй, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Мы абмяркоўвалі многія пытанні. Усе міжнародныя праблемы. Іх цікавіў мой пункт гледжання, як мы ў гэтым рэгіёне, як гэта бачаць беларусы, наша ўлада. Я выклаў свой пункт гледжання, свае падыходы. У тым ліку ў гэтым плане, калі яны задавалі пытанні, і па Расіі, па Кітаі. Але я іх папярэдзіў: гэта нашы не проста саюзнікі, гэта блізкія нам дзяржавы. І я хачу, каб амерыканцы гэта ўлічвалі. Трэба аддаць ім належнае, яны гэта ўлічваюць".

Ён падкрэсліў, што з боку ЗША ніколі ў ходзе перагавораў не ўзнімалася пытанне, каб адарваць Беларусь ад Расіі, як аб гэтым асобныя часам разважаюць і ў самой Расіі. "Ды бог з вамі! Ніколі амерыканцы не ставілі такое за мэту", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Аднойчы абмяркоўвалася пытанне, ці можам мы купіць амерыканскі звадкаваны газ (прывязуць праз Польшчу на "Гродна Азот"). Я гавару: "З вялікім задавальненнем, але вы зможаце канкурыраваць з расійскім прыродным газам?" - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка тады растлумачыў, што расійскі газ паступае па трубаправодзе і па цане ніжэйшай, чым на сусветных рынках.

"Яны засмяяліся. Я кажу: "Ну вось вам адказ на гэта пытанне". Я, гавару, крыху ўмею лічыць. А на "Гродна Азоце" эканамістаў дастаткова, якія таксама палічаць і выберуць, што лепш, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць, я не паводжу сябе, як еўрапейцы (размова аб краінах Еўрасаюза. - Заўвага). Сказалі купляць амерыканскае - усё, купляем, хоць у пяць разоў даражэй. Вось да чаго даскакаліся еўрапейцы".

Прэзідэнт канстатаваў, што на дадзеным этапе для краін ЕС ужо, як кажуць, "западло" купляць расійскае. "Гэта ўжо сёння пройгрыш вялікі. Ужо старэйшы наш брат (вы, напэўна, так акуратна намёк яго зразумелі), ён ужо будзе ім дыктаваць умовы. А нікуды не дзенуцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што заўсёды выступаў за захаванне Еўрасаюза як адной з апор планеты і за яго супрацоўніцтва з Расіяй. "Самае лепшае для іх - гэта рэсурсная база Расіі. Трэба з Расіяй, з намі выбудоўваць нармальныя адносіны. І ўсё будзе нармальна. Яны ж пайшлі іншым шляхам. Яны распласталіся перад амерыканцамі яшчэ ў часы Джо Байдэна. А потым іх і кінулі, гэтых амерыканцаў, як цяпер", - сказаў Прэзідэнт.

"Што ж… Не зрабілі элементарнае. Ну каму там рабіць? Ну вы ж бачыце гэтых "дзяўчынак", якія сёння ўзначальваюць не толькі міністэрства замежных спраў, але і ўсе структуры ў Бруселі. Я не супраць жанчын. Вы ведаеце, гэта асаблівае пакланенне перад імі. Але, вы бачыце, не такія, як у нас, жанчыны. Гэта ж смех. І не думаюць жа. Гэта іх справа", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб магчымасці здзелкі па продажы беларускага рудніка амерыканцам, аб чым згадвалася раней.

Кіраўнік дзяржавы ўпершыню выказаўся на гэту тэму ў ходзе другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў купіць амерыканцам руднік за $3 млрд. У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся аб тым, як ідуць справы з патэнцыяльнай здзелкай.

"Думаюць (амерыканцы. - Заўвага). Але тры мільярды - гэта мінімум. А ўрад палічыць запасы, яшчэ нечага... Гэта будзе даражэй", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён заўважыў, што для ЗША вялікае значэнне адыгрывае пытанне кошту: "Яны багатыя, але грошы плаціць вялікія або нармальныя не хочуць. Усё хочуць за бясплатна".

Яшчэ адна тэма размовы з журналістамі - сітуацыя адносна фур з літоўскай рэгістрацыяй, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і пакуль не могуць пакінуць краіну. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў бліжэйшыя дні мае намер прыняць канчатковае рашэнне па гэтым пытанні.

"Гэта рашэнне да панядзелка я абавязаны прыняць. Цягнуць не трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм або цяганіна. Гэта мой прынцып: я чалавек сістэмны, і хачу гэта вырашыць за выхадныя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар нагадаў, што раней да яго пісьмова звярнуліся прадстаўнікі літоўскіх і польскіх аўтаперавозчыкаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Урада правесці з імі сустрэчу. "Я даручыў Ураду: давайце вы сустрэнецеся і па-чалавечы з імі пагаворыце. Селі за стол перагавораў, выслухалі іх і перадалі мне. Я прыму рашэнне і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнём. Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, адзначыў ён, для аўтаперавозчыкаў можа быць зніжана цана за ахову фур, якая першапачаткова складала 120 еўра за суткі: "Цану просяць знізіць на стаянкі. Разумеем, калі гэту цану з іх узяць, яны палову гэтых аўтамабіляў не забяруць, таму што там ужо цана будзе вышэйшая, чым яны куплялі. Мы ім еўрапейскую цану ўстановім, хутчэй за ўсё. Як у іх ёсць мытная цана невялікая. Заплацілі за стаянку капейкі гэтыя - забірайце".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што некаторыя аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй належаць польскім аўтаперавозчыкам. Уся справа ў тым, што пасля рашэння Варшавы закрыць граніцу з Беларуссю, аўтаперавозчыкі з Польшчы сталі працаваць праз Літву. "Цяпер палякі кажуць: "Калі ласка, не вымушайце нас гэтыя аўтамабілі праз Літву везці ў Польшчу". Я гавару: "Добра, вязіце праз польскую (граніцу. - Заўвага)". Нам якая розніца? Хоць праз Украіну! Адкрывайце любы польскі пункт (пропуску. - Заўвага) і забірайце свае польскія аўтамабілі з літоўскімі нумарамі. За стаянку заплацілі - забірайце, маршруты вызначаны. Адказны ў нас мытны камітэт, які вырашыць гэту праблему па даручэнні Прэзідэнта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама нагадаў, з чаго наогул пачалася ўся гэта сітуацыя з фурамі з літоўскай рэгістрацыяй. Пасля рашэння Вільнюса аб закрыцці пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю пад выглядам барацьбы з кантрабанднымі метэазондамі частка літоўскіх фур засталася на беларускай тэрыторыі. Пры гэтым грузавікі стаялі на абочынах, у сувязі з чым было прынята рашэнне перавезці іх на спецыяльныя стаянкі і ўстанавіць цану за ахову. 

"Якія вы да нас маеце прэтэнзіі? Мы маглі б канфіскаваць гэтыя машыны. З другога боку, яны (перавозчыкі. - Заўвага) пісалі гэтыя пісьмы. У іх жа прыватнікі ў асноўным. Не ў асноўным, а ўсе прыватнікі. Шэсць чалавек аб'ядналіся, купілі аўтамабілі і зарабляюць на сваю сям'ю. Або адзін чалавек - узяў крэдыт, купіў аўтамабіль і перавозіць. Гэта крыніца даходу іх сем'яў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Самі літоўскія палітыкі не спрабавалі вырашыць праблему, якая ўзнікла ў выніку іх неабдуманых дзеянняў. "Яны не дрыжаць так за свой народ, як у нас гэта прывыкла рабіць улада. Мы рэагуем на ўсё, а ім няма справы да гэтых людзей", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў час размовы расказаў журналістам аб аперацыі па затрыманні зламыснікаў, якія займаліся незаконнай дастаўкай цыгарэт за граніцу.

"Кубракоў (Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. - Заўвага) мне далажыў аб завяршэнні аперацыі. Яны затрымалі пяць нашых беларускіх кантрабандыстаў непасрэдна на граніцы. Нашы знялі дом пустуючы - у некага са сваякоў купілі, заплацілі нейкія капейкі. У гэтым доме - пачкі цыгарэт, балон, якім запраўлялі, зонды... Усё для перакідвання. Міліцыя іх затрымала. Бандыты, яны былі асуджаны не адзін раз. Сапраўдныя бандзюганы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Размова аб гэтым зайшла ў кантэксце таго, што афіцыйны Вільнюс абвінавачвае Мінск у кантрабандзе цыгарэт з дапамогай метэазондаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў, што на тэрыторыі самой Літвы знаходзяцца тыя, хто гэтыя незаконныя грузы прымае. Акрамя таго, у перакідванні тавараў з беларускай тэрыторыі задзейнічаны і самі літоўцы. "У мяне пазіцыя: вы санкцыі ўвялі. Цяпер што, мы павінны лавіць гэтых кантрабандыстаў тут, якія наш тавар купляюць за грошы добрыя і перакідваюць людзям, якія маюць патрэбу ў Літве? - задаў заканамернае пытанне беларускі лідар. - Але я абяцаў: мы паглядзім і ў Беларусі, хто тут чым займаецца".

Аляксандр Лукашэнка, прадаўжаючы тэму метэазондаў, звярнуў увагу, што яны наўрад ці могуць паралізаваць работу аэрапортаў. Хоць ад Літвы гучалі заявы аб тым, што шары з кантрабанднымі таварамі нібыта ўплываюць на работу паветранай гавані Вільнюса. "Узляцеў самалёт, чыста ўзляцеў. Відаць, што шарыкаў няма на ўзлётнай паласе. Узляцеў, і ён высока - 10-11 км. А там шарыкі не лятаюць", - падкрэсліў Прэзідэнт. Па гэтым пытанні былі праведзены кансультацыі з пілотамі, якія пацвердзілі, што гэтыя шары не ўяўляюць сабой сур'ёзнай праблемы.

Кіраўніка дзяржавы спыталі пра нядаўняе памілаванне 250 асуджаных, з якіх 235 засталіся ў Беларусі. Журналісты ўдакладнілі, ці не стануць гэтыя людзі агентамі ўплыву, у будучым ператварыўшыся ў пагрозу дзяржаве. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што паўтарэння падзей 2020 года ў Беларусі ніхто не дапусціць.

"Вы не перажывайце, што мы іх выпусцілі. Я не хачу бегаць з аўтаматам па вуліцы. Я гэтага не дапушчу, і ўсе на гэта нацэлены, - заявіў Прэзідэнт. - Мы разумеем, што хацелі разбурыць і перавярнуць краіну. Гэта быў удар не толькі па нас, але і па нашых дзецях, унуках. Я гэта дапусціць магу? Не!"

Ён звярнуў увагу, што, ведучы дыялог з амерыканцамі па тэме вызвалення зняволеных, гаворыць аб тым жа самым: падзеі 2020 года ў Беларусі паўтарыць не ўдасца. "Даслоўна ім сказаў: 2020 года, мужыкі, у Беларусі не будзе. Гавару, калі вы будзеце ад імя Трампа або не Трампа мяне прасіць аб вызваленні нейкай чарговай партыі, вы павінны ведаць, што чырвоная лінія - 2020 год. Яго больш не будзе", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з 235 чалавек, якія пасля вызвалення засталіся на тэрыторыі Беларусі, пагрозу могуць уяўляць каля 30 або 40 чалавек. Пры гэтым усе яны знаходзяцца на кантролі праваахоўных органаў. "Мы іх ведаем. Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзяты на кантроль спецслужбамі і міліцыяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб 15 зняволеных, якія пакінулі тэрыторыю Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта былі зачыншчыкі падзей 2020 года. "Яны нам тут не патрэбны ў краіне. Выйшлі б яны заўтра або не выйшлі, але яны быць тут не павінны, - сказаў ён. - Гэта людзі, праз якіх ішло фінансаванне, якія дурылі тут нам і нашым людзям галовы. А ачумелыя за імі ішлі. Гэтыя ачумелыя цяпер нікому не патрэбны, нікому".

Акрамя таго, дадаў Прэзідэнт, збеглыя просяць амерыканцаў выказацца ў СМІ аб тым, што менавіта прадстаўнікі апазіцыі з'яўляюцца ініцыятарамі вызвалення зняволеных. Гэта робіцца для таго, каб тыя, хто знаходзіцца ў турме, адчулі, што за іх нібыта змагаюцца. "Не змагаюцца яны за іх. Ім трэба 10-15 чалавек, якія былі зачыншчыкамі гэтых падзей, так званых рэвалюцыйных. Так званых, паколькі рэвалюцыянераў там няма", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

У кантэксце цяперашняга вызвалення зняволеных ён выказаўся аб сітуацыі з Мікалаем Статкевічам, які быў вызвалены раней і адмовіўся выехаць у Літву, вырашыўшы застацца ў месцах пазбаўлення волі. "Пасядзеў-пасядзеў на нейтральнай паласе і думае: у гэта царства добрае я не хачу, лепш у турму", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля таго як у Мікалая Статкевіча здарыўся інсульт, Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб яго неадкладным пераводзе ў бальніцу, дзе была забяспечана ўся неабходная і своечасовая дапамога - яго выратавалі. Затым Прэзідэнту паступілі шматлікія звароты - жонкі, родных - з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць даглядаць яго. Прэзідэнт з гэтым пагадзіўся. "Ён не еў, размаўляць не мог, парушаны функцыі былі. Жонка яго была за мяжой. Я гавару: дазвольце, няхай прыедзе. Прыехала, і потым сваякі і яна сталі патрабаваць: адпусціце, мы яго дома будзем глядзець. Мы яго адпусцілі, і яна цяпер быццам бы яго глядзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар выказаўся і пра збеглых, верхаводы якіх нібыта перажываюць за лёс зняволеных, якія знаходзяцца ў Беларусі. "Я іх злачыннай групоўкай называю. У іх столькі гэтых структур, а грошай няма. Цэны (за мяжой. - Заўвага) высокія, асабліва цяпер, - грошай няма. Трамп не дае, у еўрапейцаў цяпер ходзяць вымольваюць гэтыя грошы. У народзе іх ужо ўсе забылі. Таму ніхто там за гэтых 235 (вызваленых. - Заўвага) асабліва не перажывае", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў журналістам, што першая лэдзі ЗША Меланія Трамп папрасіла яго пагаварыць з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным наконт украінскіх дзяцей, якія згубіліся ў Расіі.

"Цяпер вось Меланія перадала спіс дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Украіне згубіліся ў Расіі. І просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімірам Пуціным я перадаў гэты спіс, пагаварыў з ім, каб мы знайшлі ў Расіі гэтых дзяцей, якія беглі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Украіне, калі дзеці гатовы і там гатовы іх узяць на ўтрыманне, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ж не проста Зяленскаму аддаць. Яму няма справы да гэтых дзяцей. Калі былі б патрэбны, дык даўно ўжо закончыў бы гэту вайну". 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што адказаў згодай на гэту просьбу, але папярэдзіў, што Пуціна па гэтым пытанні "ўгаворваць не будзе": "Калі Меланія просіць (гэта ў развіццё таго пісьма, якое яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэту пазіцыю старэйшаму брату давяду. Але змагацца за гэта не буду, таму што я не ведаю, ёсць гэтыя дзеці  ці не, праўда гэта ці не і хто перадаў гэтыя спісы. Гэта мне нескладана - я перадам, пагаворым на гэту тэму".

Кіраўнік дзяржавы, перад тым як паразмаўляць з журналістамі, заслухаў даклад аб праекце Указа "Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення".

Прэзідэнт растлумачыў, што дакумент рыхтаваўся па яго даручэнні. Прычынай стаў зварот да Кіраўніка дзяржавы адной жанчыны, якая расказала аб існуючых у Беларусі цяжкасцях і абмежаваннях пры правядзенні ЭКА, у тым ліку ў параўнанні з іншымі краінамі. І тым самым падштурхнула кіраўніка дзяржавы да таго, каб дадаткова ўрэгуляваць гэту сферу, зыходзячы з пажаданняў і патрэбнасцей жанчын. У тым ліку - устараніўшы непатрэбныя абмежаванні.

"Я ўсё гэта прадумаў і даручыў Ураду, Міністру аховы здароўя, Пяткевіч (віцэ-прэм'ер Наталля Пяткевіч. - Заўвага): "Вазьміце (у работу. - Заўвага). Канцэпцыя такая: жанчына - галоўнае. Як яна скажа, так павінна і быць. Праблемы - іх трэба вырашыць так, як яна хоча", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось як жанчына захоча, так трэба і зрабіць. Лібералізаваць гэта ўсё пад жанчыну. Гэта галоўная канцэпцыя. І будзем з гэтага зыходзіць".

Напрыклад, у тым, што датычыцца правядзення ЭКА за кошт асабістых сродкаў, Прэзідэнт выступае за максімальнае зняцце абмежаванняў: "Не трэба забараняць нічога".

Па правядзенні ЭКА за кошт дзяржавы плануецца ўвесці шэраг дадатковых магчымасцей. У прыватнасці, дазволіць дзве бясплатныя спробы ЭКА - і не толькі замужнім, але і адзінокім жанчынам. Павялічыць узрост для другой спробы да 49 гадоў. Галоўнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі - арыентавацца ў першую чаргу на пажаданні жанчын і, зразумела, медыцынскія паказанні.

Як і раней, займацца рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі і ЭКА змогуць па тры прыватныя і дзяржаўныя цэнтры. Прычым у апошніх, як падкрэсліў Прэзідэнт, узровень аказання медпаслуг вельмі высокі. І толькі туды жанчыны могуць звяртацца для правядзення бясплатнага ЭКА.

"Калісьці я запатрабаваў, каб мы па гэтых тэхналогіях выйшлі на сусветны ўзровень. Сёння РНПЦ "Маці і дзіця" і іншыя (усяго - тры дзяржаўныя цэнтры. - Заўвага) - вышэйшыя за сусветны ўзровень. Жанчыны з задавальненнем туды ідуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новаўвядзенні не запатрабуюць дадатковых затрат з бюджэту, а будуць прафінансаваны з фондаў Прэзідэнта. Ацэначная сума, якая спатрэбіцца, - 6 млн рублёў. "Я жаночы Прэзідэнт, і Год жанчыны... Шэсць мільёнаў мы знойдзем, падорым, - сказаў ён. - Гэта значыць, мы з бюджэту гэтыя грошы не возьмем".

Па выніках праведзенага абмеркавання Прэзідэнт даручыў адказным службовым асобам дапрацаваць праект Указа разам з Беларускім саюзам жанчын, каб пачуць меркаванні па гэтым пытанні не толькі ад медыкаў. "Аддайце ў саюз жанчын праект Указа. Прэзідэнцкая "партыя", яна пракантралюе, каб жанчыны паглядзелі, параіліся са сваімі і - мне на стол", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, абазначыўшы гатоўнасць у будучым дапрацоўваць дакумент па меры неабходнасці. "Усяго не прадугледзіш. З'явяцца нейкія моманты, мы заўсёды знойдзем магчымасць падтрымаць жанчыну, калі раптам недзе нешта не так, не атрымалася", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дадатковыя магчымасці па правядзенні ЭКА не звязаны з імкненнем дзяржавы вырашыць дэмаграфічныя праблемы. За чатыры гады ў Беларусі дзякуючы гэтым рэпрадуктыўным тэхналогіям нарадзілася 2528 дзяцей, і гэтага, вядома, недастаткова для значнага павышэння нараджальнасці ў маштабах усёй дзяржавы. "Яны дэмаграфічную праблему не вырашаць. Гэта падарунак той жанчыне, якая атрымала права быць маці", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

З боку дзяржавы, паводле яго слоў, прынята мноства іншых мер падтрымкі маці, сем'яў з дзецьмі, для стымулявання нараджальнасці, у іх ліку - прадастаўленне працяглага, на тры гады, водпуску па доглядзе дзіцяці, выплаты розных дапамог і мацярынскага капіталу. "Дзе мы толькі дзяцей не падтрымліваем. Ужо цэлы ліст. Можна было б і больш, але гэта ж нечыя грошы (трэба было б забраць з адной сферы і перанакіраваць у іншую. - Заўвага). Баюся, каб бацькі наогул не адышлі ад выхавання дзяцей: нарадзілі і "Лукашэнка, ты глядзі яго". Я гавару: трэці мой", - з доляй гумару адзначыў Прэзідэнт.