Нарада аб мерах па выключэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва

  • 12
  • 22:41

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка сабраў нараду аб мерах па выключэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанне, заяўленае ў тэматыцы нарады, заўсёды знаходзіцца пад яго пільнай увагай, паколькі з'яўляецца адным з дзейсных інструментаў зніжэння сабекошту. А тэма сабекошту, затрат на вытворчасць прадукцыі разам з яе якасцю вельмі важна, калі размова заходзіць аб экспарце айчыннай прадукцыі. Менавіта гэтыя фактары фарміруюць канкурэнтныя перавагі для беларускіх тавараў на замежных рынках.

"Як вы думаеце, ці вырастуць затраты, калі за пастаўку сыравіны, абсталявання і іншага мы пераплачваем у два-тры разы за кошт пасрэднікаў і іншых вашых "сяброў"? - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта прамы рост затрат... Пасрэднік павялічвае нашу цану, забіраючы сабе ў кішэнь, на 25-30%. Значна?"

Кіраўнік дзяржавы не раз даваў даручэнні па павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўным расходаванні грашовых сродкаў і недапушчэнні розных шэрых схем.

Заканадаўства аб закупках было ўзмоцнена, за мяжой створаны шматфункцыянальныя цэнтры для продажу беларускай тэхнікі. Аднак адпрацавана далёка не ўсё, і поўнасцю выкараніць праблемы, у тым ліку і неабгрунтаванага пасрэдніцтва, не ўдалося, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "І стары Урад (былы яго склад. - Заўвага), і новы Урад чамусьці гэтыя пытанні валакіцяць. Гэта не можа мяне не насцярожваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле даных праваахоўных і кантралюючых органаў, штогод выяўляецца нямала правапарушэнняў і злоўжыванняў, у тым ліку злачынных, з боку пасрэдніцкіх структур у самых розных сферах. У 2025 годзе ўстаноўлена больш за 400 злачынстваў, звязаных непасрэдна з працэдурамі закупак не толькі ў прамысловай, сельскагаспадарчай, але і ў іншых сферах. Пры гэтым звыш 50% - факты атрымання хабару. "Гэта значыць, на гэтым пасрэдніцтве вырас цэлы пласт бандытаў, жулікаў і прайдзісветаў", - крытычна заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даручаў намесніку Старшыні УНС Аляксандру Мікалаевічу Косінцу дэталёва разабрацца ў сітуацыі і ўнесці радыкальныя прапановы па выкараненні нядобрасумленнага і неабгрунтаванага пасрэдніцтва. "Тым больш у яго маленькі, але цудоўны, якасны апарат кіравання УНС (Сакратарыят УНС. - Заўвага), там дзясятак добрых разумных людзей, адны з лепшых, у тым ліку і юрысты, якія могуць, паглыбіўшыся ў гэту праблему, унесці прапановы", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба правесці выразную мяжу, якая аддзяляе абгрунтаванае пасрэдніцтва ад неабгрунтаванага, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - У дзяржаве ніхто не супраць разумнага пасрэдніка там, дзе гэта аб'ектыўна патрэбна. Але гэта застанецца ў нас невялікая колькасць напрамкаў, якія будуць пад кантролем ці то губернатараў, ці то міністраў і Прэм'ер-міністра". Разам з тым ёсць у краіне і тыя, хто ў складанай сітуацыі думае толькі аб уласным узбагачэнні, дадаў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што часам даходзіць да таго, што ў ланцужок "купля - продаж" уключаюць тры, а то і пяць пасрэднікаў, часта фіктыўных. Часам прыцягваюць іншаземцаў, каб абысці гранічныя надбаўкі да цаны, прапісаныя ў нацыянальным заканадаўстве.

"У выніку ўсе нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дзялкоў, даводзіцца аплачваць звычайным спажыўцам. Гэта абуральна, і прыкладаў больш чым дастаткова", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў адзін з такіх фактаў: карданны вал коштам 140 бел. руб. з дапамогай некалькіх пасрэднікаў быў прададзены канечнаму спажыўцу за 935 бел. руб. "Цана вырасла больш як у 6,5 раза!" - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

"Пры знешнім выкананні заканадаўства аб закупках (пастаўшчыкі выбіраюцца паводле конкурсаў) у прамысловасці, ахове здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай сферы, IT-паслугах для дзяржсектара абсталяванне набываецца з дзікімі пераплатамі. І, як правіла, усюды фігуруюць хабары", - абазначыў праблемныя аспекты Прэзідэнт.

Так, у 2023-2025 гадах расходы РУП "Нацыянальны цэнтр электронных паслуг" і ТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі" на аплату пасрэдніцкіх надбавак, якія даходзілі да 200 працэнтаў, склалі каля 10 млн бел. руб.

"Значыць, трэба, каб кожны бізнесмен ведаў (і не толькі бізнесмен): з тымі, хто вырашыць нажыцца на злачынных махінацыях, размова будзе кароткая (і вы ведаеце, з кім)", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, папярэдзіўшы ў тым ліку аб магчымых наступствах з боку сілавых структур.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што штучна створаныя ланцужкі непатрэбных пасрэднікаў вядуць да карупцыі і вымывання сродкаў.

"Хоць гэтыя грошы ў ідэале павінны працаваць у эканоміцы і ісці на развіццё краіны, на тое, каб людзі жылі лепш. Таму зялёнае святло і садзейнічанне - толькі тым, хто працуе на карысць і стварае нешта сваімі рукамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што эканоміка Беларусі працуе ва ўмовах санкцый, прадпрыемствы пастаянна сутыкаюцца з моцнымі абмежаваннямі на экспарт прадукцыі, імпарт сыравіны, куплю абсталявання, правядзенне разлікаў за пастаўленыя тавары.

"У такіх умовах даводзіцца шукаць нестандартныя варыянты паставак і аплат. Пад санкцыйным націскам поўнасцю адмовіцца ад паслуг пасрэднікаў, на жаль, не можам, гэта аб'ектыўныя прычыны", - канстатаваў Прэзідэнт. У той жа час, як папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, гэта ж прычына можа выкарыстоўвацца як прыкрыццё для нядобрасумленных людзей, і з такімі спробамі трэба абавязкова змагацца.

"Выпрацаваць дзейсныя меры па абмежаванні нядобрасумленных дзялкоў мы можам", - упэўнены Прэзідэнт.

Аднак, як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, у праектах указаў, унесеных на яго разгляд, не ў поўнай меры абазначаны ўвесь спектр такіх мер. У прыватнасці, не былі проста і даступна вызначаны адказныя асобы. Прэзідэнт прапанаваў зрабіць гэта па аналогіі з тым, як было ў сталінскія часы: калі недзе нешта здараецца - начальнік адказвае.

"Міністры ў нас убаку, губернатары ў нас ні пры чым. Адказваць хто будзе? Ці Вы, Аляксандр Генрыхавіч (Турчын, Прэм'ер-міністр. - Заўвага) і Аляксандр Мікалаевіч Косінец, прадугледзелі ў гэтых дакументах вычарпальныя варыянты, якія не дапусцяць неабгрунтаванага пасрэдніцтва і іншага? Не", - крытычна выказаўся аб праектах дакументаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цэлым падзяляе прапанаваную канцэпцыю: пасрэдніцтва - гэта зло, яго трэба выкараняць і ўсяляк падтрымліваць вытворцаў. У той жа час ёсць разуменне, што поўнасцю абысціся без пасрэднікаў не атрымаецца, прынамсі пры закупках з-за мяжы. Але і ў гэтых выпадках нельга проста назіраць склаўшы рукі, а можна знайсці дзейсныя механізмы для кантролю.

"Трэба адкрыта гаварыць, што некаторыя пастаўшчыкі і прадаўцы прадукцыі, якую мы з-за мяжы перш за ўсё атрымліваем (пра ўнутраную размовы няма), яны проста кажуць: мы прадаём праз гэтага, хочаце бярыце, хочаце не. І тут нікуды не дзенешся. Але пры гэтым мы павінны пракантраляваць цэнаўтварэнне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Адным з пытанняў на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы стаў праект Указа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі. "Што значыць асобных? Я рытарычнае пытанне задаю. Усе тавары, якія мы для вёскі купляем, павінны ўвайсці ў гэты Указ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што раней абмяркоўваў з Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыем Горлавым ліквідацыю "як класа" пасрэдніцтва ў сельскай гаспадарцы. "Мы дамаўляліся, што мы пасрэдніцтва, асабліва ў сельскай гаспадарцы, ліквідуем. Адбылося гэта? Не", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў наступны прыклад: "У Беларусі "Гомсельмаш" вырабіў камбайн, і праз пасрэднікаў сяляне закупляюць гэты камбайн. Гэта нармальна? І абгрунтоўваюць жа прыгожа".

Пры гэтым, як высветліў Камітэт дзяржаўнага кантролю, грошы для рэалізацыі пасрэдніцкіх схем бяруцца ў беларускіх банках. "Дык а чаму мы не можам узяць? Чаму Горлаў і губернатары са сваімі сялянамі не могуць узяць гэтыя грошы і купіць камбайн на "Гомсельмашы"?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнаму пракурору Дзмітрыю Гары і кіраўніцтву сілавых структур жорстка спыняць неабгрунтаванае пасрэдніцтва. "Як толькі мы ўбачым пасрэднікаў на беларускую прадукцыю, ты не разбірайся, - звярнуўся Прэзідэнт да Генпракурора. - Як толькі ўбачылі, што ў нас пасрэднікі на цукеркі, шакалад, адзенне, малако, мяса, тэхніку беларускай вытворчасці, - адразу ў СІЗА".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб тым, што Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачанні ў хабарніцтве. Кіраўнік дзяржавы выказаўся на гэту тэму, прыводзячы прыклад таго, што асяроддзе неабгрунтаванага пасрэдніцтва ў канчатковым выніку таксама дае глебу і для ўзнікнення карупцыйных схем.

"Яго ўзялі з доказамі злачынства. Я вас папярэджваў, што мы ж там не хапаем на вуліцы абы-каго. Швед (Старшыня Вярхоўнага Суда і былы Генпракурор Беларусі Андрэй Швед. - Заўвага), а цяпер Гара Дзмітрый Юр'евіч (цяперашні Генеральны пракурор Беларусі. - Заўвага) гэта строга кантралююць. Калі трэба - даложаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Ніхто нікога проста так не бярэ. Вінаваты - ідзі і адказвай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў праваахоўных органаў у Беларусі дастаткова магчымасцей для выяўлення такіх фактаў. "Возьмеце за "жабры" на хабары - усё, размова скончана. Так і адбылося", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ўтаіць такія факты немагчыма, нават калі здаецца, што гэта атрымалася. "Не лезьце ў чужое, не чапайце! Карупцыя - гэта не проста ржа, як я раней гаварыў. Гэта - вайна. У аснове ляжыць гэта жудасная карупцыя", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладнага раздзялення паміж пасрэдніцтвам абгрунтаваным і неабгрунтаваным, у тым ліку ў сферы сельскай гаспадаркі. Крытэрыі ацэнкі гэтага пасрэдніцтва могуць быць прадугледжаны кіраўніком Мінсельгасхарча.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гаспадаркі павінны быць своечасова забяспечаны ўсім неабходным: угнаеннямі, насеннем, сродкамі аховы раслін, рэгулятарамі росту і запаснымі часткамі для сельгастэхнікі. Тут Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад таго, як з-за прамаруджвання міністра сельскай гаспадаркі і харчавання своечасова не былі закуплены рэгулятары росту для рапсу, што негатыўна паўплывала на гэту культуру. "Прэзідэнтам былі дадзены даручэнні: закупіць і неадкладна аддаць. Дзе хочаш вазьмі - галоўнае, каб цэны былі нармальныя. Ён да зімы, калі рапс перастаў ужо расці ў полі і гэтыя рэгулятары росту нікому не былі патрэбны, уносіў прапановы. Гэта што, нармальна? Там жа ў моманце трэба было закупіць і ўнесці, каб рапс не перарастаў", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым у праекце Указа сустракаецца фармулёўка аб тым, што сельгасарганізацыі павінны мець магчымасць закупіць усё самае неабходнае па справядлівых цэнах. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта паняцце мае хутчэй філасофскі характар і патрабуе канкрэтызацыі.

Прэзідэнт папрасіў удзельнікаў нарады прадаставіць сур'ёзныя аргументы на карысць прыняцця новага прававога акта. Перш за ўсё ён пацікавіўся, чаму прадметам рэгулявання выбраны сродкі аховы раслін, насенне люцэрны і шэраг запчастак. "А астатняе?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўдакладніў, на каго будзе распаўсюджвацца новы Указ - ці закране ён усе арганізацыі АПК, фермераў і іншых прыватнікаў. "Адказваю на гэта пытанне: гэта павінна датычыцца ўсіх. Сістэма павінна быць для ўсіх. У нас прыватная і дзяржаўная формы ўласнасці. Але гэта нашы, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне, абазначанае беларускім лідарам, гучыць так: ці дасць магчымасць прапанаваны механізм раз і назаўсёды ўпарадкаваць цэны на закупкі для вёскі? "Ці дастаткова простыя і зразумелыя ўмовы прапануецца стварыць? Ці не стануць сельгасарганізацыі заложнікамі доўгіх бюракратычных працэдур? Усё павінна быць проста, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У рэшце рэшт, адказнасць павінна быць на кіраўніку прадпрыемства і губернатары, калі гаварыць пра сельскую гаспадарку. І, зразумела, яго падначаленых - старшынях райвыканкамаў".

Пры гэтым, канстатаваў Прэзідэнт, пры любых навацыях павінна быць забяспечана бесперабойнасць і своечасовасць вытворчых працэсаў, асабліва ў гарачы перыяд пасяўной або жніва. "І самае галоўнае: ці не створым мы новых пасрэднікаў-манапалістаў пад маркай фарміравання канкурэнтнага асяроддзя? Не створым, таму што гэтымі манапалістамі будзе кіраваць канкрэтная асоба: губернатар або міністр. Калі ён будзе бачыць, што там завоблачныя цэны, ён адрэгулюе і гэта пытанне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады было прынята рашэнне аб тым, што праект Указа па пытаннях закупак і выключэння неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва будзе дапрацаваны і ўнесены на разгляд Прэзідэнта Беларусі ў сярэдзіне красавіка бягучага года. Дакумент будзе ўключаць у сябе шэраг напрамкаў.

Адзін з іх - арганізацыйныя мерапрыемствы, якія датычацца перш за ўсё актуалізацыі і вядзення каталога работ і паслуг. У праекце Указа будуць прадугледжаны і меры ў фінансава-эканамічнай сферы, накіраваныя на выключэнне неабгрунтаванага пасрэдніцтва. Роўна як і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія датычацца пытанняў імпарту, персанальнай адказнасці. Будзе ўлічана, што часам пасрэдніцтва ідзе ад самога спажыўца, які можа быць у змове з пастаўшчыком. Гэтаму пытанню таксама ўдзеляць пільную ўвагу.

Акрамя таго, было прынята рашэнне ўключыць нормы Указа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі ў адзіны комплексны дакумент.