Рэспубліканская селектарная нарада па пытаннях уборачнай кампаніі

  • 27
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня сабраў вялікую селектарную нараду па ўборачнай кампаніі.

На нараду ў Палац Незалежнасці былі запрошаны старшыні абедзвюх палат парламента, кіраўнікі Урада, розных міністэрстваў і ведамстваў. Па відэасувязі да нарады падключыліся губернатары, кіраўнікі ўсіх 118 раёнаў і іх намеснікі, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў.

Прэзідэнт у першую чаргу растлумачыў, чаму было вырашана правесці нараду менавіта ў такой "старой і праверанай" форме.

"Сітуацыя ў свеце з прадуктамі харчавання вельмі няпэўная. Падкрэсліваю, абсалютна няпэўная. У сувязі з ашалелай сітуацыяй у свеце, калі шчыра гаварыць, мы не ведаем, што будзе заўтра, і гэта самае небяспечнае. Многія гавораць аб тым, што мы напярэдадні голаду. Мы гэта адкідваць не можам і задаём сёння пытанне: а раптам? І калі голад, вы ведаеце яго наступствы. Таму нам трэба сабрацца. Гасподзь падарыў нам цудоўныя ўмовы надвор'я ў бягучым годзе, і мы павінны гэтым скарыстацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"І, што немалаважна, я сказаў бы, вельмі важна, мы ў гэтым годзе, калі спрацуем добра, можам нядрэнна зарабіць і паправіць эканоміку сельскай гаспадаркі. Словам, сітуацыя вельмі сур'ёзная і, я сказаў бы, надзвычайная з пункту гледжання арганізацыі работ у вёсцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, крытычная сітуацыя на сусветным харчовым рынку толькі ўзмацняецца. "Кадры палаючых пшанічных палёў, падпаленых баявымі верталётамі нашых паўднёвых суседзяў, нікому не дабаўляюць аптымізму. Але гэта толькі вяршыня айсберга", - адзначыў Прэзідэнт.

"Бяздумныя санкцыйныя абмежаванні на мінеральныя ўгнаенні, энерганосьбіты і разрыў прывычных транспартных сувязей паставілі многія краіны на мяжу выжывання. Зіма блізка. І для тых, хто не зможа сябе пракарміць, гэта будзе халодная і галодная зіма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Пытанне паспяховай уборачнай кампаніі для Беларусі - стратэгічнае. Мы павінны забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, павялічыць нашы стабілізацыйныя фонды, гэта значыць, запасы на будучае. А таксама, як я гаварыў, маючы сёння добрыя цэны на прадукты харчавання, паправіць эканоміку сельскай гаспадаркі. Тым больш што ўсё для таго, каб дасягнуць гэтых мэт, у нас ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі вырашчаны добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, хоць цяперашняя гарачая пара прагназуецца няпростай з-за пэўных сюрпрызаў надвор'я.

"Таму ў кароткі прамежак часу неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы з мэтай забяспечыць і якасную нарыхтоўку кармоў, і ўборку збожжа без страт, а таксама рыхтавацца да сяўбы азімых", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўныя патрабаванні на маючы адбыцца ўборачны перыяд - якасць і тэмпы. Дысцыпліна, адказнасць павінны быць на самым высокім узроўні. А з гэтым, як мне дакладваюць Камітэт дзяржкантролю і Генеральная пракуратура, не ўсё гладка", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
 
Паводле слоў Прэзідэнта, многія кіраўнікі падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі проста правалілі. У асобных арганізацыях тэхніку нават не пачыналі рамантаваць. 
 
"Фактычна кожны дзясяты камбайн не гатовы да работы. Няма механізатараў, кажуць. Як няма? Мы ж яшчэ восенню мінулага года дамовіліся: трэба з гарадоў запрасіць на работу былых камбайнераў. Іх нямала. Не ўсюды працуюць элеватары і склады для захоўвання збожжа. Прычым такое высветлілася пры праверцы ў кожнай чацвёртай гаспадарцы. Прыпіскі па гатоўнасці тэхнікі і зернесушыльных комплексаў устаноўлены на 40 сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Гэта не проста безадказнасць з боку мясцовай улады, гэта харчовая дыверсія. Менавіта так гэта будзе расцэньвацца", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што неаднаразова даручаў Ураду і аблвыканкамам за зіму прывесці ў парадак усю тэхніку. Такое ж даручэнне было дадзена і Міністру прамысловасці. "Паслухаем, чаму не выкананы мае даручэнні", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Акрамя таго, практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак устаноўлены факты парушэння тэхналагічных рэгламентаў нарыхтоўкі кармоў. У 277 сельгасарганізацыях па ўсіх рэгіёнах краіны тэмпы ўборкі траў стрымліваюцца з-за няспраўнай тэхнікі. Факты нізкай гатоўнасці ўстаноўлены ў 130 гаспадарках, а ў некаторых рамонт пачалі толькі перад самым пачаткам работ. 
 
"Пра якую выканальніцкую дысцыпліну можа ісці гаворка, калі з году ў год міліцыя выяўляе п'яных на працоўным месцы? І іх нямала", - абазначыў яшчэ адну праблему Кіраўнік дзяржавы. 
 
Паводле інфармацыі МУС, пры правядзенні пасяўной і ўборачнай кампаніі складзена каля 700 пратаколаў, у тым ліку больш за 100 - за допуск да кіравання ў нецвярозым стане. "Трэба падумаць усім нам, якія меры прымаць да такіх людзей. Прытым меры павінны быць самыя жорсткія. Так мы працаваць не павінны і не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
 
Прэзідэнт пацікавіўся, якая рэальная абстаноўка з уборкай на месцах і ці ёсць нявырашаныя пытанні, чаго не хапае для высокай гатоўнасці тэхнікі, як будзе арганізавана сушка збожжа і наладжана работа па выкарыстанні вытворчых магутнасцей камбінатаў хлебапрадуктаў. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў асаблівую ўвагу на работу з кадрамі і дастойную аплату працы, выкананне парадку і дысцыпліны, аказанне своечасовай дапамогі жыхарам вёскі.

"Дзяржзаказ на збожжа павінен быць безумоўна выкананы. Гэта ўжо не праблема. Паводле папярэдняй інфармацыі, збожжа сёлетняга ўраджаю прыдатнае для высакаякаснага хлебапячэння. Таму неабходна зрабіць закупкі ў аб'ёме поўнай патрэбнасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым, калі збожжа якаснае і калі патрэбна, гэтыя закупкі зрабіць з запасам".

Акрамя таго, паводле слоў Прэзідэнта, трэба стварыць базу для выканання праграмных задач у АПК, нарыхтаваць збожжафураж для жывёлагадоўлі з улікам патрабаванняў рацыёнаў, што забяспечваюць высокі ўзровень прадукцыйнасці па малаку і мясе.

На нарадзе Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг пытанняў, на якія адказныя службовыя асобы, улады на месцах і дырэктары прадпрыемстваў павінны звярнуць асаблівую ўвагу: працоўныя кадры, забеспячэнне парадку і дысцыпліны, аказанне своечасовай дапамогі сельскім жыхарам.

"Уборка хлеба - справа ўсенародная. Як вы дакладваеце, плануецца прыцягненне амаль трох тысяч механізатараў, у тым ліку тысяча трыста камбайнераў. Задзейнічаныя на ўборачнай кампаніі павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, але самае галоўнае - іх праца дастойна аплачана", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра парадак і дысцыпліну, Прэзідэнт падкрэсліў, што тут важна ўсё: абарона тэхнікі і палёў ад пажараў, забеспячэнне захаванасці намалочанага збожжа. "Сіламі міліцыі трэба поўнасцю перакрыць усе магчымыя каналы крадзяжу паліва і збожжа на ўборцы. Забяспечыць захаванасць у час транспарціроўкі. Выключыць сітуацыі п'янства, дабівацца жалезнай дысцыпліны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Жалезная дысцыпліна. Яна пачынаецца з кіраўнікоў прадпрыемстваў. Трэба сабраць хлеб, бо будзе бяда", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу на аказанне своечасовай дапамогі вяскоўцам: "На прыватных падворках 65 тысяч гектараў засеяна збожжавымі культурамі. А гэта прыкладна 200 тысяч тон збожжа ў агульнарэспубліканскі каравай. У першую чаргу дапамагчы пажылым і адзінокім, якім больш няма на каго спадзявацца. Камбінатам хлебапрадуктаў трэба пры неабходнасці зрабіць закупку лішкаў збожжа ў сялянскіх, фермерскіх гаспадарках і разлічыцца своечасова".

"Мэта нашай сённяшняй нарады - вырашыць усе пытанні, якія могуць быць. Памятайце, ад вашага арганізатарскага таленту, умення мабілізаваць людзей і строга спыняць парушэнні залежыць харчовая бяспека Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сітуацыя з прадуктамі харчавання ў свеце няпростая, таму трэба рыхтавацца да горшага. "У свеце сітуацыя вельмі сур'ёзная. Небяспеку выклікае тое, што яна няпэўная. Мы не ведаем, што можа быць заўтра ці паслязаўтра. Таму па-вясковаму, па-сялянску мы павінны быць гатовы да горшага. Будзе лепш - і нам будзе нядрэнна", - падагульніў ён.

У ходзе селектарнай нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю выбарачна праверыць па краіне гатоўнасць уборачнай тэхнікі.

"Паглядзіце - вы ведаеце, дзе паглядзець - і далажыце непасрэдна мне", - запатрабаваў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы звярнуў  увагу, што фальсіфікацыя рэальнага стану спраў недапушчальна, гэта расслабляе кадры і прыводзіць да таго, што адсутнічае дысцыпліна. 

"Таму праверце выбарачна, паглядзім, што на самай справе адбываецца, і дадзім ацэнку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт, заслухаўшы даклад віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца аб ходзе ўборачнай кампаніі, падрабязна пацікавіўся сітуацыяй па шэрагу канкрэтных пытанняў. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка спытаў, як прамысловыя прадпрыемствы ў гэтым годзе дапамагалі рамантаваць складаную энерганасычаную тэхніку. Як праінфармаваў Леанід Заяц, узнікаючыя пытанні вырашаліся своечасова.

Кіраўнік дзяржавы таксама даў слова Міністру прамысловасці Пятру Пархомчыку, які расказаў, што міністэрства ўсе абавязацельствы выканала адносна своечасовых паставак запчастак і вялікіх вузлавых рамонтаў і прадаўжае кантраляваць гэту сітуацыю. Акрамя таго, міністэрства абяцала паставіць некалькі трактароў і збожжаўборачных комплексаў, гэта работа вядзецца і ў самы кароткі тэрмін яны будуць накіраваны ў гаспадаркі.

Прэзідэнт задаў пытанні і Міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Ігару Брыло, які сказаў, што ўсе неабходныя запасныя часткі пастаўлены ў поўным аб'ёме ва ўсе вобласці краіны.

"Гэта значыць, у вас да Міністра прамысловасці па тэхніцы ніякіх пытанняў няма?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што калі нешта здараецца з тэхнікай, трэба падключацца ўсім.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся ў кіраўніцтва КДК іх меркаваннем наконт сітуацыі з падрыхтоўкай тэхнікі. Паводле інфармацыі камітэта, у гэтым годзе гатоўнасць тэхнікі значна вышэйшая, чым у мінулым, але, тым не менш, не трэба згладжваць і спрашчаць сітуацыю. Кантрольныя мерапрыемствы, учора праведзеныя, паказалі асобныя факты прыпісак па асобных раёнах. Так, асобныя гаспадаркі ў 2,5 раза прыпісваюць гатоўнасць.

"Калі два міністры заяўляюць, што праблем няма і ўсё вырашана, я вас папрашу выбарачна паглядзець сітуацыю ў краіне", - даручыў Прэзідэнт Камітэту дзяржкантролю.

Кіраўнік дзяржавы ў ходзе нарады асаблівую ўвагу ўдзяліў тэме вытворчасці камбікармоў.

"Камбікорм павінен быць паўнацэнным, каб аддача ад яго была нармальнай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама закрануў тэму цэнаўтварэння на гэту прадукцыю: "Самае галоўнае - разабрацца ў цэнамі. Каб не атрымалася - сельгаспрадпрыемствы на камбікормавыя заводы адвязуць зерне па адной цане, а камбікорм потым атрымаюць на парадак, у дзесяць разоў, даражэйшы. Гэта няправільна". 

"Трэба ўстанавіць парадак з цэнаўтварэннем", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе Кіраўнік дзяржавы ў тым ліку выслухаў меркаванне генеральнага дырэктара НПЦ па земляробстве Фёдара Прывалава аб сітуацыі на ўборцы і ў сельскай гаспадарцы ў цэлым. 

Вучоны адзначыў неабходнасць больш актыўнага вапнавання глебы, што ўплывае на ўраджайнасць і якасці пасеваў. У апошнія гады аб'ёмы гэтых работ мелі тэндэнцыю да зніжэння. Аляксандр Лукашэнка звярнуў на гэта ўвагу віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца. "Меліярацыя і вапнаванне глебы - гэта наш хлеб, гэта дзяржаўная работа. Не трактары купляць для калгасаў, саўгасаў і гэтак далей. А менавіта ўрадлівасць глебы - гэта пытанне нумар адзін для нас, для дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Даволі падрабязна таксама абмеркавалі практычныя аспекты ўборкі рапсу, каб максімальна знізіць магчымыя страты і забяспечыць высокую ўраджайнасць.

Агульная ацэнка сітуацыі на палях з боку Фёдара Прывалава нядрэнная. Ён адзначыў, што палегласць збожжавых каласавых, дзе яна ёсць, не крытычная, і ў большасці выпадкаў камбайны могуць весці ўборку нават без сцеблапад'ёмнікаў. Крыху стрымліваюць тэмпы ўборкі перыядычныя дажджы, але яны важны ў гэты перыяд для іншых культур, у ліку якіх і цукровыя буракі, і кукуруза, і бульба.

Яшчэ адно важнае пытанне, на якім засяродзіў увагу Прэзідэнт, - забеспячэнне жывёлагадоўлі бялковымі кармамі, селекцыйная работа ў гэтым напрамку, атрыманне ў дастатковай колькасці ўласнага насення і вырошчванне адпаведных культур.

Фёдар Прывалаў адзначыў перавагі соі, якую ў парадку эксперыменту месцамі высяваюць і ў Беларусі. Аднак гэта паўднёвая культура, якая прывыкла да больш кароткага светлавога дня. Ва ўмовах жа Беларусі нядрэнна вырошчваць традыцыйныя, у ліку якіх гарох, лубін. Хоць і сою айчынныя селектары не скідаюць з рахункаў. 

Разбярыцеся, якім чынам мы сябе будзем забяспечваць бялком. Убяром (ураджай. - Заўвага). Гэта не пытанне. Было б што ўбіраць. Нам трэба глядзець на перспектыву. Мы сотні мільёнаў долараў трацім на закупку бялковых культур - соі і іншага. Трэба гэта вырабляць у сябе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца. - Таму што без бялку нікуды. І разлічваць на тое, што мы завязём і купім, не даводзіцца. Ніхто не прадасць. А калі прадасць, гэта будуць шалёныя грошы".

У час нарады Аляксандр Лукашэнка асобна пацікавіўся сітуацыяй у Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. Старшыні аблвыканкамаў праінфармавалі Прэзідэнта аб гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі і арганізацыі сушкі збожжа, падрабязна расказалі аб ходзе ўборачнай кампаніі і планах на ўраджай. Не абмінулі губернатары і праблемныя пытанні. Напрыклад, гаспадаркам Брэсцкай вобласці патрэбны дадатковыя камбайны, а Гомельскай - паліва для арганізацыі восеньскіх палявых работ. Такія праблемы і ў Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць гэтыя пытанні, але чарговы раз звярнуў увагу на захаванасць тэхнікі і яе своечасовае абслугоўванне. "Мы вас будзем падтрымліваць па тэхніцы па мінімуму, таму што дзяржаве трэба займацца сваімі пытаннямі: перш за ўсё меліярацыяй. І падтрымліваць па тэхніцы будзем толькі тых, хто навучыцца захоўваць гэту тэхніку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Адносна паліва: мы ў гэтым годзе пастараемся дапамагчы. Але майце на ўвазе, гэта не дабрачыннасць, за ўсё трэба разлічвацца".

Прэзідэнт адзначыў, што добра ведае сітуацыю ў АПК у цэлым па краіне і ў разрэзе абласцей. "Больш за ўсё мяне насцярожваюць Гомельская і Віцебская вобласці", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што віцэ-прэм'ер Юрый Назараў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко паабяцалі прыняць усе магчымыя меры і вывесці рэгіён на добры ўзровень. "Для гэтага трэба выкарыстоўваць усё. У нас самая складаная сітуацыя, калі ў цэлым узяць, у Гомельскай вобласці. Там і надвор'е, і засуха, і яшчэ нешта - гэта аб'ектыўныя рэчы. Там цяпер адчуваецца чарнобыльскі ажыятаж: 30 с нечым гадоў мінула з часоў Чарнобыля, а ўсё ж такі водгукі вельмі чуваць і цяпер - ад таго, што мы напалохалі, разагналі людзей. Так, Гомельская вобласць аднаўляецца з пункту гледжання Чарнобыля, але ўсё ж такі яшчэ рэшткі гэтыя ёсць. Гэта таксама аб'ектыўная рэч. Але ёсць і вельмі сур'ёзныя недапрацоўкі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, Гомельская вобласць павінна канчаткова вызначыцца са структурай севазвароту. Сёлетняя ўраджайнасць па асобных культурах вельмі нізкая ў рэгіёне, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Гэта пытанне, паводле яго слоў, актуальнае і для паўночнага рэгіёна рэспублікі.

Аб сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці на нарадзе далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Прагноз у яго аптымістычны: усе праблемы - па нарыхтоўцы кармоў, раслінаводстве, вытворчасці малака, птушкагадоўлі і жывёлагадоўлі - вырашаюцца. Не такое вострае, як у папярэднія гады, пытанне гатоўнасці тэхнікі, заявіў Ігар Брыло.

"Я хачу, каб вы пры ацэнках і развагах памяталі элементарнае: міліцыя атрымала даручэнне - калі не будзе забяспечана нармальнае захоўванне тэхнікі, нават няхай не разлічваюць, што мы будзем дапамагаць, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Калі няма машыннага двара і магчымасці абслугоўваць гэту тэхніку, няма дзесяці ці пяці класных механізатараў - вы нават не прасіце. Аж да крымінальнай адказнасці".

Як ідуць справы ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, губернатары гэтых рэгіёнаў нядаўна асабіста дакладвалі Кіраўніку дзяржавы. У бліжэйшым будучым, дадаў Аляксандр Лукашэнка, ён мае намер на месцы вывучыць стан спраў у Мінскай вобласці.

"Міншчына - гэта не проста вобласць. Гэта паўкраіны. Калі Мінская вобласць спрацуе добра, значыць, будзе добра і краіне ў цэлым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка мае намер у бліжэйшы час пабываць і ў Гродзенскай вобласці, паглядзець шэраг навацый. Прапрацоўваецца рабочая паездка і ў Магілёўскую вобласць.

Да губернатараў Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей Прэзідэнт толькі звярнуўся з пытаннем, ці ёсць у іх якія-небудзь тэмы для абмеркавання. Тэмы былі. Яны датычыліся падтрымкі па пытанні паліва і разлікаў па адпаведным таварным крэдыце, забеспячэння фінансавання для разлікаў за вырабленую сельгаспрадукцыю. Аляксандр Лукашэнка даў у сувязі з гэтым неабходныя даручэнні.

Тэма павелічэння вытворчасці азімага ячменю сярод іншых разглядалася на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі. Як адзначыў віцэ-прэм'ер Леанід Заяц, у гэтым годзе сярэдняя ўраджайнасць азімага ячменю складае 51,6 ц\га.

Прэзідэнт удзяліў вялікую ўвагу нарошчванню гэтай культуры ў краіне. "Па азімым ячмені мы ўжо які год пераконваемся ў тым, што калі тэхналагічна правільна гэта зрабіць, - 52 цэнтнеры. Нам трэба такую ўраджайнасць мець па краіне і тады мы не будзем мець з кармамі ніякіх праблем. Таму максімум атрыманага збожжа трэба пусціць на насенне азімага ячменю", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначылі спецыялісты, цяпер гэта культура пасеяна па краіне на тэрыторыі 60 тыс. га. "Гэта нішто для нашай краіны. Нам трэба мінімум 200 тыс. мець у будучым годзе і выходзіць, магчыма, на 300 тыс. гектараў пасяўных плошчаў азімага ячменю", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, на селектарнай нарадзе вялікая ўвага таксама была ўдзелена вырошчваню рапсу. "Калі мы хочам зарабіць грошай, мы павінны мець рапс, каб атрымаць рапсавы алей і добрую прыбаўку да кармоў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Узровень вытворчасці ў сельскай гаспадарцы ў бягучым годзе не можа быць ніжэйшы за ўзровень 2021 года. "Персанальная адказнасць Прэм'ер-міністра, Міністра сельскай гаспадаркі і старшынь аблвыканкамаў", - папярэдзіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па выніках першага паўгоддзя адзначаецца некаторае зніжэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі. "Гэта ж не справа. Я разумею, прамысловасць. Санкцыі ўвялі, парушыліся лагістычныя ланцужкі, цяжка аплаціць і гэтак далей. А сельскай гаспадарцы што перашкаджае працаваць? Вельмі паспяховы ў кліматычных адносінах год. Што перашкаджае працаваць і атрымаць узровень мінулага года? Нічога! Акрамя дысцыпліны і парадку, выканання тэхналагічнай дысцыпліны. Таму ніякага падзення вытворчасці сельгаспрадукцыі да ўзроўню мінулага года быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Міністр сказаў, што ён ледзь ці не на 4% прыбавіць у гэтым годзе. Добра, дамовіліся. Пачулі. Мы ні ў якім разе не павінны зваліцца ў сельскай гаспарадцы. Няма аб'ектыўных прычын. І па паліве мы вам дапаможам, і па крэдытах для таго, каб з вяскоўцамі разлічыцца за збожжа перш за ўсё і за іншую прадукцыю. Але ад вас: памрыце, але пакладзіце на стол тое, аб чым мы дамовіліся. Калі вы яшчэ 4 працэнты прыбавіце, ну будзеце проста малайцы. Вось такая галоўная задача", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў разам з тэмпамі ўдзяляць павышаную ўвагу і якасці работ у ходзе ўборачнай кампаніі: "Якасць - пытанне нумар адзін. Тут кажуць: тэмпы і іншае. Так, тэмпы важны, усё спрасавана. Але тэмпы без якасці нікому не патрэбны. Таму тэмпы важны, але гэта другаснае. Мы ніколі так не ставілі пытанне. Таму галоўнае - гэта якасць".

Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на ўборку палеглых пасеваў. "Хлеб трэба выратаваць. Вызначайцеся з тактыкай. Гэта вельмі важна, - сказаў ён. - І заплаціце сялянам, тым, хто добра працуе, за іх добрую працу. Я не гавару, што трэба накарміць (работнікаў на ўборачнай. - Заўвага). Гэта ў нас праблема вырашана".

"Наступная праблема - перапрацоўка і захоўванне прадукцыі сельскай гаспадаркі. Так званыя стабілізацыйныя фонды. Уся гэта размова ў імя таго, каб сабраць ураджай, нарыхтаваць неабходную прадукцыю і, як у нас прынята гаварыць, закласці ў стабфонды на зіму. Не толькі на зіму. Калі будзе добры ўраджай, дапусцім, па збожжавых, то трэба на запас нарыхтаваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што цэны на сельгаспрадукцыю ў свеце будуць толькі расці, і таму важна забяспечыць запасы, каб па прымальных цэнах рэалізаваць прадукцыю на ўнутраным рынку ў міжсезонні: "Паверце, што ў наступным годзе і яшчэ праз год цяперашняе збожжа гэтага года будзе даражэйшым за тыя грошы, якія ёсць сёння. Гэта значыць цана на збожжа і іншыя сельгаспрадукты значна ўзрасце. Таму калі ёсць магчымасць, трэба пакласці на зіму, каб зімой і вясной нашы людзі маглі атрымаць па нармальных цэнах неабходную сельгаспрадукцыю. Стабілізацыйныя фонды. Асабліва ў Мінску і абласных гарадах".

Прэзідэнт даручыў на месцах дакладна вызначыць тактыку ўборкі, каб забяспечыць максімальны ўраджай і не дапусціць страт. "Убірайце пры вільготнасці 20%. Можа, нават 22%. Лепш падсушыце. Таму што гэта ўсё роўна будзе рэнтабельна. Вы нават не ўяўляеце, наколькі будзе попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, у тым ліку і на збожжа. Але мы збожжа на экспарт прадаваць не збіраемся. Нам трэба яго прапусціць праз жывёлагадоўлю, атрымаць малако, мяса і іншае. І гэту прадукцыю прадаць на міжнародных рынках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Паверце, што ў наступным годзе і яшчэ праз год цяперашняе збожжа гэтага года будзе даражэйшым за тыя грошы, якія ёсць сёння. Гэта значыць цана на збожжа і іншыя сельгаспрадукты значна ўзрасце. Таму калі ёсць магчымасць, трэба пакласці на зіму, каб зімой і вясной нашы людзі маглі атрымаць па нармальных цэнах неабходную сельгаспрадукцыю. Стабілізацыйныя фонды. Асабліва ў Мінску і абласных гарадах", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў СМІ на далейшае асвятленне вынікаў працы сельскіх працаўнікоў на старонках друку, у тэлеэфіры і інтэрнэце.

"Я заўважыў, у сродках масавай інфармацыі ў гэтым годзе мы вяскоўцаў не крыўдзілі. Яны заўсёды прысутнічалі на тэлебачанні, у газетах, часопісах, інтэрнэце. Гэта правільна. Трэба і далей сродкам масавай інфармацыі ўдзяляць вялікую ўвагу вяскоўцам. Яны павінны быць галоўнымі героямі. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Усе хочуць, каб іх бачылі і адзначалі іх працу", - сказаў беларускі лідар.

"Там, дзе трэба гораду падставіць плячо вёсцы, трэба гэта зрабіць. Я прасіў, каб старшыні гарадскіх выканаўчых камітэтаў сёння на гэтай размове прысутнічалі. Яны прысутнічаюць усе. Ад горада-героя Мінска да невялікіх гарадоў і пасёлкаў. Дапамажыце, калі гэта трэба. Прытым усім, чым трэба, дапамажыце. І палівам, і грашыма, і людзьмі", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што некаторыя прамысловыя прадпрыемствы цяпер не задзейнічаны на поўную магутнасць. "Накіруйце ў дапамогу вёсцы адпаведныя працоўныя рэсурсы", - распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на пытанне арганізацыі працэсу ў ходзе ўборачнай кампаніі. "Усё мы можам, але часам у нас не хапае дысцыпліны. Патрэбны вынік. А вынік - гэта дысцыпліна. І працэс павінен быць арганізаваны ад поля да прылаўка", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт даручыў забяспечыць стабільныя разлікі з сельгасарганізацыямі за вырабленую прадукцыю. "Гэта адказнасць дзяржавы, цэнтральных органаў улады. Міністр фінансаў прысутнічае. Абяцаю ўсім губернатарам, што рэсурсы грашовыя вы атрымаеце для таго, каб разлічыцца з вяскоўцамі. Ніякай завінавачанасці перад калгасамі, саўгасамі, фермерамі, сельгаспрадпрыемствамі быць не павінна. Гэта ЧП. Камітэт дзяржкантролю возьме на кантроль гэта пытанне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта надзвычайнае здарэнне, калі мы своечасова не разлічыліся з вяскоўцамі. Прашу, каб Міністр фінансаў гэта пачуў. Здымайце з любых артыкулаў, уносьце прапанову, але за хлеб трэба разлічыцца", - запатрабаваў беларускі лідар.

"Паважаныя мужыкі, вельмі вас прашу, давайце дастойна правядзём гэту ўборку, каб у будучым жыць спакойна. Каб жыць у міры, каб ні ў якім выпадку не дакаціцца да таго, што адбываецца на поўдні ад нашай краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.