Даклад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі
- 6
- 9:29
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе кіраўніцтва Магілёўскай вобласці на больш высокі ўзровень развіцця рэгіёна. Адпаведныя задачы ён паставіў 18 ліпеня, прымаючы з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хоць Анатоль Ісачанка ўсяго паўгода кіруе вобласцю, тым не менш у яго губернатарскай кар'еры гэта невялікі перапынак. Больш таго, Магілёўская вобласць для яго родная, ён там працаваў і раней на розных пасадах, а таму добра ведае абстаноўку, сітуацыю з кадрамі. "Напэўна, Вы можаце цяпер, улічваючы работу тут, у цэнтры (да назначэння ў Магілёўскую вобласць Анатоль Ісачанка займаў пасады кіраўніка Мінскай вобласці і Намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. - Заўвага), ведаючы патрабаванні, падыходы, падзяліцца сваім меркаваннем аб сітуацыі на Магілёўшчыне. Падзяліцца меркаваннем - гэта добра. Але паколькі Вы кіраўнік вобласці, Вы павінны бачыць шляхі выхаду Магілёўшчыны на больш высокі ўзровень развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мне далажылі, што ў вас і па экспарце дынаміка нармальная, і што, прыемна чуць, і па інвестыцыях вы нядрэнна выглядаеце. Але, давайце будзем шчыра гаварыць, мы ж усё лічым да ўзроўню мінулага года. База не вельмі высокая для гэтых разлікаў. Прамысловасць і сельская гаспадарка сёння патрабуюць больш высокіх тэмпаў развіцця, калі магіляўчане хочуць лепш жыць. Іншага не дадзена", - падкрэсліў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым ён пацікавіўся пунктам гледжання Анатоля Ісачанкі на работу Урада: "Як губернатар глядзіць на работу Урада ва ўмовах санкцыйнага рэжыму? Што, на Ваш погляд, неабходна дадаткова зрабіць для эфектыўнай работы і процідзеяння санкцыям?"
Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся работай па задавальненні галоўных патрэбнасцей людзей - занятасці, пытанні цэнаўтварэння. "Як тут ідуць справы? Ну і работа вертыкалі ўлады", - сказаў Прэзідэнт.
На абмеркаванне з Прэзідэнтам быў вынесены шэраг пытанняў. У іх ліку аб змяненні штатнай колькасці аблвыканкама за кошт іншых падраздзяленняў, у прыватнасці райвыканкамаў. "Ведаеце, я выкажу класічнае меркаванне. Калі б Вы прапаноўвалі скараціць (а гэта правільна)... Я паглядзеў. Там, па-мойму, Глускі, Краснапольскі раёны, дзе, магчыма, і трэба трохі скараціцца ў нейкіх камітэтах. Але Вы хочаце гэту колькасць перавесці ў аблвыканкам", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Не ўсю", - адзначыў Анатоль Ісачанка.
"Але калі б Вы (нават не ўсю) прапанавалі скараціцца ў сувязі з тым, што работ там зменшылася, а не павялічвалі колькасць дзяржслужачых і чыноўнікаў наверсе, было б наогул ідэальна. Але я гатовы разгледзець і Вашы прапановы. Але галоўнае, каб гэта было абгрунтавана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адно пытанне - фінансаванне для набыцця фуражнага збожжа. "Зноў жа, я гатовы абмеркаваць гэта пытанне. Магчыма, яно характэрна для рэспублікі ў цэлым", - сказаў Прэзідэнт.
Трэцяе пытанне - аб далучэнні дзяржаўных праектных арганізацый да арганізацый дзяржаўных заказчыкаў. "Пытанне цікавае, успрымаю яго і гатовы сёння таксама да абмеркавання. Але спачатку Ваш пункт гледжання на тое, як развіваецца Магілёўшчына, што ёй неабходна, асабліва ў тэрміновым парадку. Вы чалавек вопытны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Анатоль Ісачанка далажыў Кіраўніку дзяржавы, што сітуацыя ў Магілёўскай вобласці стабільная і кіруемая, рэгіён развіваецца, выконваючы запланаваныя паказчыкі па росце заработнай платы і атрыманні прыбытку.
"Нягледзячы на ўзмацненне санкцыйнага націску, сітуацыя стабільная, кіруемая, - ахарактарызаваў абстаноўку ў рэгіёне губернатар. - На рынку працы - тое ж самае". Паводле яго слоў, забяспечваецца запланаваны рост заработнай платы - тэмп росту 113%. За першае паўгоддзе гэтага года Магілёўская вобласць спрацавала з чыстым прыбыткам Br250 млн, выручка вырасла на 15%. Пры гэтым колькасць стратных прадпрыемстваў зніжаецца. "Як вынік - рост сукупных даходаў бюджэту па выніках першага паўгоддзя склаў 118%. Гэта дае магчымасць вобласці стабільна выконваць усе запланаваныя бюджэтныя абавязацельствы", - сказаў Анатоль Ісачанка.
"Што на палях?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы ў губернатара.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам меў магчымасць пабываць у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, паглядзець, як складваецца абстаноўка. "Лічу, што Магілёўшчыне, поўначы Беларусі ў пэўнай ступені пашчасціла. У час наліву (пазней сеялі) якраз прайшлі гэтыя дажджы. Так, ветрык быў, ёсць палегласці немалыя хлябоў збожжавых каласавых. Але ў нас жа не толькі збожжавыя каласавыя. Ёсць жа і кукуруза, і буракі, і іншыя культуры. Бульба. І наогул, год складваецца вельмі добра для сельгаскультур", - заявіў Прэзідэнт.
Тым не менш ён канстатаваў, што па такіх культурах, як рапс і каласавыя, праблемы ёсць, хоць і невялікія, а ў Магілёўскай вобласці і таго менш. Пры гэтым важна строга выконваць тэхналогіі вырошчвання тых ці іншых культур. "У тых, хто раней пасеяў, гэты цыклон, эпіцэнтр якога быў у Беларусі, зразумела, паўплываў на пасевы. Там, дзе не выконвалі тэхналогіі, дзе гэтага ўгнаення насыпалі без толку і развіццё культуры атрымалі моцнае, палегласць вельмі высокая. Там, дзе нармальна ўносілі ўгнаенні, догляд забяспечылі за пасевамі, там нармальныя пасевы. Зноў усё тэхналогіі, тэхналогіі. Гэта ўсюды па рэспубліцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але тым не менш мы не бачым катастрофы. Мы навучыліся і палеглыя хлябы ўбіраць. Але ўсё ж такі ваш пункт гледжання, у чым праблема будзе гэтай уборкі?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што галоўнае - гэта тэмпы, другое - якасць: "Ведаеш, як механізатары ўбіраюць хлябы, калі добры ўраджай? Часам іх не спыніць. На павышанай скорасці - і наперад. І павялічваюцца страты. Так, ён у бункер намалоціць хутчэй збожжа, і хутчэй 100 тон у дзень, напрыклад, можа намалаціць. Але ён страціць вялікую колькасць збожжа на такіх скарасцях. Таму якасць уборкі - важнейшае пытанне. Тут трэба і па зарплаце крыху парэгуляваць так, каб камбайнер разумеў, што калі палеглыя хлябы ён убірае, дык у яго і зарплата будзе адпаведнай".
"Кантраляваць уборку давядзецца вельмі сур'ёзна. І мы будзем кантраляваць, вядома, на месцах вас. Але ўборка ўраджаю - гэта ваш хлеб. Вы павінны гэтым займацца перш за ўсё - губернатары і мясцовыя органы ўлады. Для гэтага ўсё ёсць", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў бліжэйшы час мае намер сустрэцца таксама з губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзімірам Каранікам, а таксама плануе пабываць у гэтым рэгіёне, каб азнаёміцца з абстаноўкай не толькі на ўсходзе, але і на захадзе краіны. "Мы таксама абмяркуем, як ідуць справы з уборкай. Поўдзень пачаў убіраць", - сказаў ён.
Прэзідэнт нагадаў і аб вырошчванні азімага ячменю - пытанне, якое апошнім часам атрымала новае развіццё ў АПК і якому Кіраўнік дзяржавы асабіста ўдзяляе вялікую ўвагу: "Павінен вам сказаць, што больш за 50% (з гектара. - Заўвага) у сярэднім азімы ячмень дае. Калі б у нас такая сярэдняя была ўраджайнасць па краіне ўсіх культур, слухайце, мы з табой былі б, як у народзе кажуць, у шакаладзе. Таму пасевы азімага ячменю трэба пашыраць. Нават у гэтым годзе азімы ячмень дае добры ўраджай. А калі б мы раней маглі пасеяць, то мы б яго даўно ўбралі і забылі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на пэўныя складанасці з уборкай рапсу, што ў цэлым датычыцца ўсіх гаспадарак у краіне. Гэтай культуры ўласціва яруснае паспяванне. Больш таго, не заўсёды нават у рамках аднаго поля рапс паспявае адначасова. У выніку калі асобныя месцы на полі трэба ўбіраць, на іншых рапс яшчэ стаіць зялёны. "Таму трэба выразаць гэтыя рапсавыя спелыя палі, нават калі на адным полі давядзецца 10 участкаў убраць, а 15 лапікаў пакінуць. Трэба гэта рабіць, паколькі асыпецца рапс. Рапс - гэта золата для нас цяпер, гэта вялікія грошы. Таму на месцы трэба тэрмінова разбірацца. Упэўнены, што і ў вас ёсць такія палі, якія ўжо трэба сёння пакрыху пачынаць убіраць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што трэба рыхтавацца да вельмі вялікай шчыльнасці работ: "Вельмі будзе ўсё спрасавана, сам разумееш. Пасяўная зацягнулася, тэрмін вегетацыі не скароціш".
Што датычыцца сельгасработ, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на другі і трэці ўкос траў: "Вельмі добрыя травы. Трэба пастарацца запас кармоў забяспечыць. Травяністыя кармы трэба вельмі хутка ўбраць. Таму што ўцягнемся ва ўборку - і салома пойдзе, і азімыя потым. Вельмі спрасаваны гэты перыяд уборачнай кампаніі. Будзе няпроста", - папярэдзіў беларускі лідар.