Нарада аб пытаннях перспектыў развіцця сістэмы аховы здароўя і паслядыпломнай прафпадрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў
- 12
- 8:57
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня сабраў нараду, каб абмеркаваць перспектывы развіцця сістэмы аховы здароўя і пытанне паслядыпломнай прафесійнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў.
Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на стане спраў у ахове здароўя ва ўмовах санкцыйнага націску: "Як бы мы тут ні гаварылі, краіна падвергнута жорсткім санкцыям. Таму сказаць, што няма ўплыву гэтых санкцый на сістэму аховы здароўя, мы не можам. Хоць асабліва не крычым - супраціўляемся. Не проста супраціўляемся, а працуем. І, здаецца, нядрэнна працуем".
На разгляд удзельнікаў нарады быў вынесены праект указа, падрыхтаванага Міністэрствам аховы здароўя, аб пераходзе на новую форму паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў - рэзідэнтуру.
"Маё стаўленне да любых новаўвядзенняў вы ведаеце. Па-першае, яны не павінны ламаць існуючую сістэму, калі яна нармальная. Калі сістэма ненармальная, яе трэба ламаць, шкадаваць нічога не трэба ў гэтым плане. Але калі мы гаворым аб тым, што ў нас нармальная сістэма аховы здароўя, ганарымся ёю, і апошнія нашы рухі ў галіне так званага каронапсіхозу і кавід-захворвання паказалі, што сістэма працуе, людзі працуюць і працуюць нядрэнна, значыць, сістэма нармальная. Значыць, мы яе ламаць не збіраемся", - расставіў акцэнты Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства.
Гэта значыць, размова не ідзе аб карэнных пераўтварэннях, а аб удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі кадраў для медыцыны, удакладніў Аляксандр Лукашэнка: "Абавязкова трэба ўдасканальваць, нельга спыняцца. Калі прапанаваныя Міністэрствам аховы здароўя навацыі звязаны з удасканаленнем, добра, давайце паслухаем Міністра, і ён нам дакажа, што гэта новы крок наперад".
"Па-другое (навацыі. - Заўвага), павінны быць апраўданы актуальнасцю і, скажам так, вытворчай неабходнасцю, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Любое ўдасканаленне павінна выспець, і мы павінны ўбачыць, што ўсё, застопарыліся, далей нельга, трэба прымаць нейкія меры. Ці на такой стадыі ахова здароўя знаходзіцца, каб нам праз рэзідэнтуру ў гэтым вузкім напрамку ўдасканальваць сістэму?"
Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццё медыцынскай сферы - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнага будаўніцтва. "Давайце не будзем скромнічаць. За апошнія гады беларуская медыцына прыкметна рушыла наперад. І нямала ў гэтым напрамку робіцца", - канстатаваў беларускі лідар. Ён нагадаў, што за апошні час, як бы ні было складана, мадэрнізаваліся і будаваліся многія сацыяльныя аб'екты, у тым ліку і ўстановы аховы здароўя. Але ў сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бюджэтныя сродкі на гэтыя мэты трэба выкарыстоўваць разумна, без лішніх трат: "Давайце будзем мадэрнізаваць тую ці іншую сістэму, у тым ліку і ахову здароўя, але палацы не будзем будаваць. Мы не настолькі багатыя, каб будаваць не бальніцу, не лячэбную ўстанову, а палац".
Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, у гэтым пытанні важна захоўваць баланс, каб не было, як у вядомым выказванні пра скупога, які плаціць двойчы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў будаўніцтва ў Мінскім раёне кампактнага функцыянальнага будынка клінічнага медыцынскага цэнтра, дзе абслугоўваюцца дзяржаўныя служачыя і могуць атрымаць высокакваліфікаваную дапамогу звычайныя грамадзяне, і перадачу ва ўласнасць Мінску былога будынка лечкамісіі.
"Трэба ачухацца, як у народзе кажуць, акуратна прыструніць сябе і будаваць толькі тое, што патрэбна. Таму што, калі будуеш за бюджэт, многія галоўныя ўрачы (ад іх усё ідзе) думаюць: "Гэта ж не мае грошы, і нават не клінікі . Гэта ж з бюджэту, аднекуль". Але калі з бюджэту возьмем, урачам потым павышаць зарплату - за што? Настаўнікам за што зарплату павышаць? Пенсіі як павышаць? Таму трэба больш акуратна (з расходаваннем бюджэтных сродкаў. - Заўвага). Музеяў і іншых культурных цэнтраў набудавалі столькі... І ўсе яны вісяць на бюджэце. Ніхто ж асабістыя грошы не дае, і нават дзяржпрадпрыемствы на ўтрыманне музеяў, тэатраў і кінатэатраў не даюць, усё на бюджэце вісіць. Таму нам трэба тут больш акуратна", - арыентаваў Прэзідэнт.
Аднак гэта ні ў якім разе не значыць, што не трэба мадэрнізаваць, удасканальваць аб'екты аховы здароўя, падкрэсліў беларускі лідар. "Трэба. Але дашчэнту зносіць нічога не трэба, а трэба прыстасоўваць тое, што ёсць, таму што яны (будынкі аб'ектаў аховы здароўя. - Заўвага) - у добрым стане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Важна таксама, што пры мадэрнізацыі ўстановы аховы здароўя ўсіх узроўняў аснашчаюцца сучасным дарагім абсталяваннем. "Вось за гэтым трэба глядзець у тры вокі", - папярэдзіў Прэзідэнт.
У Беларусі, паводле яго слоў, поўнасцю выбудавана сістэма аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях - ад ФАПаў да рэспубліканскіх медцэнтраў, актыўна ўкараняюцца высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння. "Сістэма створана, адукацыя працуе, урачоў рыхтуем. Сюды нават з Кітая і іншых (краін. - Заўвага) едуць людзі, каб атрымаць адукацыю. Значыць, і сістэма адукацыі, прынамсі па падрыхтоўцы ўрачоў, у нас нядрэнная. Калі недзе дрэнна, то гэта недапрацоўка рэктараў", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Школа падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў у Беларусі заснавана на навуковых дасягненнях і велізарным практычным вопыце, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. За апошнія гады, паводле яго слоў, шмат зроблена ў сферы практыка-арыентаванага навучання, развіваюцца сімуляцыйныя і смарт-тэхналогіі, працуюць універсітэцкія клінікі. "У сувязі з гэтым падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў застаецца ключавой задачай і павінна забяспечваць перспектыўныя патрэбнасці галіны", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Характарызуючы падрыхтаваны праект указа, ён падкрэсліў, што навацыі, вядома, патрэбны, асабліва з улікам геапалітычных трансфармацый у свеце і санкцыйнага націску. "Нам неабходна ўдасканальваць уласную сістэму, укараняць у сябе ўсё самае лепшае і перадавое. Але не капіраваць слепа замежныя стандарты", - заявіў беларускі лідар.
"Навука і практыка цяпер вельмі ўзаемазалежныя, інтэрнацыяналізавана ўсё, ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў ахове здароўя. Лепшыя замежныя ўзоры трэба цягнуць сюды", - сказаў беларускі лідар. У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў кітайскі вопыт, калі для навучання за мяжу накіроўваецца невялікая колькасць спецыялістаў, яны пераймаюць замежны вопыт і пасля вяртання ўкараняюць яго ў сябе на радзіме. "Яны ўсюды, дзе бачаць нейкі прагрэс, накіроўваюць туды сваіх людзей. Студэнт праходзіць у нас навучанне і вязе ўвесь беларускі вопыт туды. А там ужо пад кіраўніцтвам кампартыі ўсё разгортваюць і глядзяць: вось гэты элемэнт возьмем, гэты і гэты. І мы так павінны працаваць, - вобразна растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.- Заходнія ўзоры, заходні ўзровень там, дзе нам цікава (гаворым заходні, але сёння ўжо і на Усходзе можна навучыцца таму-сяму), мы павінны пераймаць і цягнуць сюды. Вось гэта будзе самая класная падрыхтоўка. І падбіраць для гэтага людзей".
Разам з тым Прэзідэнт перасцярог ад сляпога капіравання замежных узораў. Укараняць замежны вопыт, паводле яго слоў, трэба з улікам нацыянальнай спецыфікі, практыкі, якая склалася, а не ламаць пад яго стабільна працуючую сістэму, якая ўстаялася: "Нам гэта не трэба, у нас ёсць свой паспяховы вопыт. Паколькі будзе, як у адукацыі: спрабавалі нахамутаць там з Балонскім працэсам". Тады Кіраўнік дзяржавы папярэджваў, што не трэба спяшацца з далучэннем да Балонскага працэсу, хоць на гэтым многія настойвалі, і сёння аказалася, што няма для Беларусі ў гэтым вострай неабходнасці. "Нічога, працуем, і паток да нас не стаў меншы для адукацыі, - заўважыў беларускі лідар. - Таму ні ў якім разе нічога не трэба капіраваць. Трэба грунтавацца на сваіх сістэмах, калі мы разумеем і прызналі, што яны нармальныя для нас, для нашай дзяржавы. Іх ламаць нельга".
"Любыя новаўвядзенні павінны быць дакладна прадуманы і не ствараць якіх-небудзь рызык", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да пытання паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў і праекта ўказа на гэту тэму, Прэзідэнт сказаў: "Калі вы мне дакажаце сёння, што жыць без гэтага нельга, калі ласка, мы прымем гэта рашэнне. Але яшчэ раз гавару: каб вы разумелі, у якой сітуацыі мы знаходзімся (сітуацыя няпростая, невядома, што ў нас будзе), каб мы, разумеючы сітуацыю, у якой жывем, не акунуліся ў той вір, які нам абсалютна не ўласцівы і не патрэбны".
Асаблівую ўвагу, на думку Кіраўніка дзяржавы, трэба звярнуць на тое, як укараненне новай формы паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў паўплывае на сістэму аховы здароўя ў цэлым, на асобныя бальніцы, асабліва ў рэгіёнах. "Як гэта паўплывае на кадравае забеспячэнне галіны? Што перашкаджае правесці гэту мадэрнізацыю ў рамках дзеючай сістэмы клінічнай ардынатуры? Ці не страцім мы лепшыя дасягненні айчыннай школы падрыхтоўкі медработнікаў, у дадзеным выпадку ў пагоні за чужымі лякаламі?" - такія ключавыя пытанні пры абмеркаванні праекта ўказа абазначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту ў час нарады таксама было даложана аб развіцці сістэмы аховы здароўя ў існуючых умовах, аб дзеяннях урада па імпартазамяшчэнні і забеспячэнні медустаноў, аб рабоце бальніц і наяўнасці камплектуючых для высокатэхналагічнага абсталявання, аб пастаўках лекавых сродкаў.