Разгляд кадравых пытанняў
- 22
- 3
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Трубілу Генадзя Аляксеевіча - Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
Ляхновіча Аляксея Аляксеевіча - Міністрам транспарту і камунікацый;
Брыло Ігара Вячаслававіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Віцебскай вобласці.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Жэбіна Алега Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Нафтан";
Асіпенкі Віталя Віктаравіча - генеральным дырэктарам ААТ "СветлагорскХімвалакно";
Беўзюка Аляксея Мікалаевіча - дырэктарам ААТ "Агат - сістэмы кіравання" - кіруючая кампанія холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання";
Буянава Алега Аляксеевіча - генеральным дырэктарам рэспубліканскага унітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат";
Аляксея Юрыя Мар'янавіча - генеральным дырэктарам РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм";
Голубева Юрыя Пятровіча - рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна;
Рамашкі Андрэя Валер'евіча - намеснікам Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
Каржыцкага Дзяніса Леанідавіча - першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;
Рагускага Віктара Генрыхавіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама (пытанні будаўніцтва і ЖКГ);
Лабадзінскага Сяргея Мікалаевіча - членам Брэсцкага аблвыканкама;
Богдан Алены Леанідаўны - намеснікам Дзяржаўнага сакратара - членам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Новыя міністры жыллёва-камунальнай гаспадаркі і транспарту і камунікацый Генадзь Трубіла і Аляксей Ляхновіч назначаны на гэтыя пасады пасля працы на пасадах першых намеснікаў міністраў у адпаведных ведамствах, і гэты факт Прэзідэнт адзначыў асабліва: "Акрамя задач, якія я хацеў бы перад вамі паставіць, думаю, больш важна тое, што вы лепш за мяне ведаеце, што трэба рабіць на даручаных вам участках работы. Шчыра скажу: я не памятаю выпадку, каб мы кіраўнікамі міністэрстваў - міністрамі - назначалі намеснікаў. Мы заўсёды шукалі, падбіралі новых людзей. Каб новы чалавек прыйшоў, дасведчаны ў справе, прафесіянал, паглядзеў новымі вачамі на тое ці іншае ведамства. Але ў дадзеным выпадку я лічу, што і Генадзь Аляксеевіч, і Аляксей Аляксеевіч - людзі падрыхтаваныя. Не магу сказаць, што міністэрствы былі правалены і былыя міністры дрэнна працавалі. Таму мы і спыніліся на кандыдатурах намеснікаў".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка перад кожным з міністраў паставіў і задачы.
"Я чакаю ад міністэрства, па-першае, каб яно было бачна. Разумееце, пра што гаворка. І, па-другое, каб гэта міністэрства нарэшце даказала, што яму быць. Што Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў краіне патрэбна. Для вас не сакрэт, мне пастаянна ўносіліся прапановы аб ліквідацыі гэтага міністэрства або ўключэнні ў якое-небудзь іншае міністэрства, таму што нібыта функцыі перасякаюцца. Многія функцыі рэалізуюцца мясцовымі органамі ўлады. Некаторыя ўваходзяць у Міністэрства будаўніцтва - сумежныя і гэтак далей", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка не згодны з такім падыходам і не лічыць, што гэта так: "Нават калі недзе і вы займаецеся будаўніцтвам ці капітальным рамонтам або паралельна Міністэрства будаўніцтва - усім работы хопіць. Але, зразумела, вам не трэба займацца тым, чым будуць займацца і мясцовыя органы ўлады, і Міністэрства будаўніцтва. Думаю, што міністэрства асабліва і не ўлазіла ў гэтыя паўнамоцтвы і функцыі".
Прэзідэнт растлумачыў, чаму захоўвае Міністэрства ЖКГ. Гэта звязана з тым, што ў зваротах ад грамадзян, якія паступаюць на імя Кіраўніка дзяржавы, у Адміністрацыю Прэзідэнта, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі знаходзяцца на першым месцы.
"Вы павінны прыўносіць навінкі ў гэту сістэму, жорстка кантраляваць выкананне ўсяго функцыяналу, які ўскладзены на мясцовыя органы ўлады і іншыя арганізацыі. І хацелася б, каб гэтых скаргаў было менш. Я разумею, што заўсёды так было. Заўсёды чагосьці не хапала - то агароджу не адрамантавалі, то дах, то балкон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба дакладна падзяліць абавязкі і вызначыць, дзе павінна падключацца сфера ЖКГ. "Зразумела, балкон нам трэба рамантаваць. Асобна кожны чалавек гэта не зробіць. А вось агароджу і дах прыватнага дома трэба адрамантаваць (самому чалавеку. - Заўвага). Так, дах шматпавярховага дома мы паправім. Гэта значыць, трэба дакладна размеркаваць тут абавязкі. І недзе міністэрства павінна падключыцца. Ну і агульнае кіраўніцтва", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"Не думаю, Генадзь Аляксеевіч, што я павінен вам падрабязна расказваць, чым вы павінны займацца. Вы чалавек вопытны, вельмі шмат прапрацавалі ў гэтай сферы і я вельмі спадзяюся, што будзе бачна гэта міністэрства", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца Міністэрства транспарту і камунікацый, ну вы ведаеце, што ў нас і ўнутры краіны хапае пытанняў. І ва ўзаемаадносінах з нашымі галоўнымі партнёрамі. І Расія, і Кітай. Асабліва Расія - транзіт і гэтак далей. Шмат пытанняў, якія ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся і на нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Я Галоўчанку (Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. - Заўвага) пасля апошняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі выклаў нашы падыходы, дамоўленасці. Нідзе няма адхілення. Ваша справа працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт са спасылкай на словы Прэзідэнта Расіі адзначыў, што расійскі калега новага беларускага міністра - вельмі здольны і таленавіты чалавек, можа працаваць. "Гэта сапраўды так. Трэба дамаўляцца. Таму што лагістыка ўскладнілася і тарыфы, дапусцім, на нашы тавары - гэта пытанне сур'ёзнае. Нам пажадана, каб гэтыя тарыфы (на транспарціроўку і перавалку грузаў. - Заўвага) былі меншыя. Каб прадпрыемствы з-за лагістыкі не ляглі і страту не цярпелі. Ну і таксама рухомы састаў, іншыя пытанні. Вельмі шмат пытанняў з перавозкамі людзей. Усім гэтым трэба будзе займацца", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.
Назначаючы экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігара Брыло памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Табе, Ігар, я ўжо гаварыў. Калі ты гэта ўспрымаеш як ссылку - гэта твае праблемы. Табе трэба прайсці гэты этап. І калі ты там возьмешся моцна, то і вынік будзе, і для цябе асабіста будзе вельмі карысны вынік. Як вучоны чалавек, як ідэалагічны работнік ад практыкі ты гэтымі якасцямі валодаеш. Цяпер трэба зазямляцца, калі ты думаеш далей працаваць. Табе да пенсіі - як да Госпада Бога. Таму трэба ўпрагацца і паказваць вынік. Гэта мая табе прапанова".
Прэзідэнт падкрэсліў, што цэніць той факт, што Ігар Брыло з гатоўнасцю адпраўляецца на новы ўчастак работы: "Ты салдат і па-салдацку робіш, і я гэта вельмі цаню".
У сваім наказе Ігару Брыло на працу на новай пасадзе Аляксандр Лукашэнка папрасіў яго не падмяняць работу губернатара: "Ён жа разумее, хто прыйшоў. Усё ж гэта міністр прыйшоў. Ён разумее гэта. Але не трэба яго прыціскаць і яго функцыямі займацца. Працуй праз кадры. Ты - інспектар па кадрах. Ну і там, як мяне інфармавалі, намеснікам (старшыні Віцебскага аблвыканкама. - Заўвага) па вёсцы працуе моцны гаспадарнік. Таксама паглядзі, ці так гэта. Увогуле, ацэнка кадраў і кадравыя пытанні - гэта твае пытанні".
"Калі трэба, дакладвай мне непасрэдна. Ты ведаеш, я там часта бываю. У любы час або патэлефануеш, або даложыш. Але Віцебскую вобласць трэба ставіць на тое месца, на якім яна павінна стаяць. Сітуацыя няпростая. Лепш за ўсіх гэта разумееш. Ды і сам быў адказным (за Віцебскую вобласць. - Заўвага). Таму трэба папрацаваць там з поўнай аддачай", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Узгадняючы назначэнне Алега Жэбіна генеральным дырэктарам ААТ "Нафтан", Аляксандр Лукашэнка адзначыў наяўнасць вялікага попыту на прадукцыю айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў.
Раней новы кіраўнік прадпрыемства працаваў на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара (па хімічнай вытворчасці) - дырэктарам завода "Палімір" ААТ "Нафтан".
"Нафтан" і Мазырскі НПЗ - яны пад павелічальным шклом. Глядзіце, каб у нас тут быў парадак. Нібыта ж выраўняліся там па рабоце заводы. І расіяне малайцы, Прэзідэнт Расіі. Вельмі дапамаглі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сыравінай забяспечаны, стабільна працуюць", - пацвердзіў Алег Жэбін.
Прэзідэнт падкрэсліў: калі трэба больш сыравіны - гэта не праблема. Галоўнае - каб складвалася эканоміка. "Сыравіны, калі вам трэба больш, дык гэта не пытанне. Калі эканоміка будзе не горшая, а лепшая - калі ласка, з сыравінай не пытанне. Збыт таксама ёсць. Попыт велізарны. Як мяне інфармуюць экспарцёры, колькі дасце, столькі мы і прададзім, гэта значыць, у любой сітуацыі можна працаваць. Таму поспехаў вам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Узгадняючы назначэнне новых кіраўнікоў шэрага ключавых прадпрыемстваў, Прэзідэнт арыентаваў вытворцаў асвойваць новыя экспартныя напрамкі, нягледзячы на адкрытасць і даступнасць традыцыйнага для краіны расійскага рынку.
Гэта тэма гучала, у прыватнасці, у размове з Віталем Асіпенкам, які ўзгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "СветлагорскХімвалакно". Да гэтага часу ён быў першым намеснікам дырэктара - галоўным інжынерам ААТ "Гомельскі хімічны завод". Менавіта работай гэтага прадпрыемства і пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
"На сённяшні дзень забяспечваем усе заяўкі спажыўцоў па мінеральных угнаеннях пад будучую пасяўную кампанію. Робім новыя маркі ўгнаенняў, - расказаў Віталь Асіпенка. - Такім чынам, усе заяўкі для ўнутранага рынку будуць поўнасцю забяспечаны".
"А што з экспартам?" - прадоўжыў задаваць пытанні Прэзідэнт.
Як расказаў Віталь Асіпенка, экспарт у асноўным ідзе на расійскі рынак. Пры гэтым прапануюцца і нішавыя прадукты, за якія не бяруцца вялікія расійскія вытворцы. "Мы знайшлі сваю нішу і прапануем унікальны прадукт - з мікраэлементамі, з дабаўкамі. З задавальненнем яго расійскі пакупнік набывае", - растлумачыў ён.
Прэзідэнт спытаў, а ці ёсць зацікаўленасць у спажыўцоў на ўнутраным рынку ў комплексных смешаных угнаеннях. "Ёсць пытанні па зацікаўленасці. Што датычыцца тэхнічнай часткі, мы зможам забяспечыць усю патрэбнасць унутранага рынку па комплексных угнаеннях", - запэўніў кіраўнік прадпрыемства.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым плане неабходна правільна сарыентаваць урад і ўсіх адказных. "Разумееце, яны ў глебу кідаюць асобна кадмій, асобна фосфар, асобна азот. Вы робіце комплексна", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"У адной грануле", - пацвердзіў Віталь Асіпенка.
"У адной грануле робяць усё. Ну і трэба закупляць. Гэта эфект дае добры. Яны ж у Расіі, у свеце прадаюць гэтыя прадукты. Але трэба ўсіх арыентаваць на тое, што нельга яйкі класці ў адзін кошык. Расія - блізкая, родная нам дзяржава. Але вы ж ведаеце, яны валодаюць гэтымі тэхналогіямі і вырабляюць гэтыя ўгнаенні. І змешаныя, комплексныя і іншыя будуць вырабляць. Таму канкурэнцыю ніхто не адмяняў. І каб нас не выціснулі з аднаго-адзінага рынку, нам трэба мець больш шырокі спектр экспарту. Гэта ваша задача", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што прадпрыемства нядрэнна працуе і з'яўляецца перспектыўным. "Але лагістыка ёсць лагістыка. Ёсць пытанні. Іх трэба вырашаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пры ўзгадненні Алега Буянава на пасаду генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната пацікавіўся: "Алег Аляксеевіч, вы сутыкаліся калі-небудзь з работай Аршанскага льнокамбіната?"
Кіраўнік дзяржавы атрымаў сцвярджальны адказ. "Вядома, сутыкаўся. Я цяпер вывучаў усе матэрыялы, якія ёсць па прадпрыемстве. У прынцыпе, прадпрыемства працуе даволі эфектыўна. Ёсць перакосы ў некаторых паказчыках. У першую чаргу гэта перакосы ў камерцыйнай дзейнасці. Звязаны вялікія астаткі. Ёсць праблемы з экспартам. Таму што пакуль не ўдалося кампенсаваць тыя пастаўкі, якія былі ў Еўропу", - расказаў новы генеральны дырэктар.
Паводле слоў новага кіраўніка, неабходна працаваць над сыравіннай базай прадпрыемства, таму што гэта самае важнае на сённяшні дзень - фундамент, які дае магчымасць развівацца. На парадку дня таксама пытанні паглыбленай перапрацоўкі сыравіны.
"Гэта тры асноўныя задачы, якія я бачу, якія трэба будзе вырашаць прадпрыемству. І рухацца наперад", - рэзюмаваў Алег Буянаў.
"Карацей кажучы, з кароткага валакна порах вы зробіце", - зрабіў вывад Аляксандр Лукашэнка.
"Так, таварыш Прэзідэнт", - адказаў Алег Буянаў.
Тут варта растлумачыць, што порах з лёну сапраўды можа вырабляцца, і, як сцвярджаюць спецыялісты, рэчыва ў такім выпадку мае энергетыку большую, чым пры выкарыстанні традыцыйнай баваўнянай сыравіны.
Прэзідэнт растлумачыў, што меў на ўвазе, гаворачы пра порах. Размова ў цэлым аб тым, каб пашыраць лінейку прадукцыі на аснове льняной сыравіны. "Я намякаю на тое, што трэба пашыраць гэту лінейку. Не проста традыцыйна гэтыя вяроўкі, мяшкі і тканіны (вырабляць. - Заўвага). Трэба паглядзець і шырэй - тое, што на рынку сёння запатрабавана", - сказаў ён.
Новы кіраўнік ведае сітуацыю на прадпрыемстве і гатовы працаваць. Прэзідэнт нагадаў яму і пра асаблівае стаўленне да Аршанскага льнокамбіната, на якім у свой час працавала маці Аляксандра Лукашэнкі: "Глядзіце, я там часта бываю. Гэта роднае маё прадпрыемства. Там маці ў мяне працавала. Але справа не ў тым, што гэта асабістае. Хоць усё роўна нейкая настальгія ёсць - школьнікам я там часта бываў, па гэтым ільнокамбінаце хадзіў. Вы ж ведаеце, што гэта палітычнае прадпрыемства. Мы на гербе маем лён. Таму вельмі хацелася б, каб вы там актыўна працавалі. Калі бачыце, чым можна выправіць сітуацыю ў сыравіннай базе, буду вам удзячны. Калі па экспарце, ну гэта ўжо вашы праблемы".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба прадаўжаць працаваць з тымі ж еўрапейцамі, нягледзячы на бягучую сітуацыю. "Не трэба там думаць, што вось санкцыі і нікому не патрэбны нашы тканіны. Лён патрэбны ўсюды. Пачынаючы ад Расіі, якая вырошчвае лён, і заканчваючы (краінамі. - Заўвага) на поўдзень ад нас - там лён не вырабляюць. А тканіны добрыя. Таму трэба проста заняцца арганізацыяй справы. З вамі мы там ужо сустрэнемся праз некаторы час. Можа, у наступным годзе. Вы раскажаце аб тых напрамках, якія павінны быць забяспечаны на гэтым заводзе", - сказаў Прэзідэнт.
Пры ўзгадненні кандыдатуры Юрыя Аляксея на пасаду гендырэктара кінастудыі "Беларусьфільм" Кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым кіраўніком шэраг ключавых задач.
"Што датычыцца нашай кінавытворчасці, гэта бяда, - абазначыў праблему Прэзідэнт. - Запатрабаванне, адразу вам гавару, будзе вельмі сур'ёзнае. Чаму? Таму што колькі можна мяняць кіраўнікоў, а выніку няма! А база нядрэнная, не горшая, чым у іншых рэспубліках, у тым ліку і ў Расіі. Відаць, дзесьці мы недапрацоўвалі і ў кіраўніцтве. Магчыма, увагі менш надавалі".
Гаворачы пра ролю кінамастацтва, Аляксандр Лукашэнка нагадаў выказванне Уладзіміра Леніна: "З усіх мастацтваў важнейшым для нас з'яўляецца кіно". "Вялікі Ленін аб гэтым гаварыў, вы гэта таксама добра ведаеце. І гэта сапраўды так", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў ідэалагічным, выхаваўчым плане кіно не мае роўных па ступені ўздзеяння. Прычым цяпер кінафільмы глядзяць не толькі па тэлевізары, але і праз інтэрнэт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі разлічвае на актыўную работу Юрыя Аляксея на новай пасадзе, але яшчэ раз папярэдзіў, што запатрабаванне будзе жорсткае. "Трэба выдаць на-гара пэўную колькасць фільмаў - розных, для розных катэгорый, - сказаў Прэзідэнт. - Можа, пайсці па расійскім шляху. Вядома, менш бы гэтай крыві, бандытызму, забойстваў, пісталетаў, аўтаматаў, разборак і гэтак далей. Хоць і ў нас ёсць часы, якія мы павінны людзям паказаць, - што было на самай справе. Але галоўнае - актуальныя тэмы (іх таксама хапае), на базе якіх мы павінны здымаць фільмы і паказваць людзям, выхоўваючы іх".
Адзін з перспектыўных напрамкаў, які абазначыў Аляксандр Лукашэнка, - супрацоўніцтва кінастудыі "Беларусьфільм" з нацыянальнымі тэлевізійнымі каналамі, Белтэлерадыёкампаніяй. Тым больш што яны цяпер абнаўляюць матэрыяльна-тэхнічную базу, арганізуюць новыя студыі, развіваюць новыя напрамкі дзейнасці. "Таму трэба ўключацца і разам працаваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба аб'ядноўвацца і дзейнічаць".