Разгляд кадравых пытанняў
- 20
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне:
Петражыцкага Дзмітрыя Яўгенавіча - першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама,
Лазарэвіч Надзеі Анатольеўны - першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама,
Чэрнікава Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама,
Лабадзінскага Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Брэсцкага гарвыканкама,
Горбача Аляксандра Анатольевіча - старшынёй Добрушскага райвыканкама,
Завацкага Анатоля Мікалаевіча - старшынёй Вілейскага райвыканкама,
Коласа Дзмітрыя Анатольевіча - старшынёй Уздзенскага райвыканкама,
Ермаліцкага Сяргея Уладзіміравіча - старшынёй Круглянскага райвыканкама,
Мелканяна Геварга Гарнікавіча - старшынёй Хоцімскага райвыканкама,
Акуліча Дзмітрыя Міхайлавіча - старшынёй Чавускага райвыканкама,
Марозава Віталя Міхайлавіча - кіраўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля,
Сысоя Ігара Анатольевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне",
Кавалёва Аляксандра Валянцінавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Белшына",
Саглаева Сяргея Мікалаевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Даламіт",
Дземідзенкі Ігара Міхайлавіча - генеральным дырэктарам вытворча-гандлёвага РУП "Белмедтэхніка",
Горбіча Юрыя Леанідавіча - намеснікам Міністра аховы здароўя,
Картуна Андрэя Міхайлавіча - намеснікам Міністра эканомікі,
Васілеўскай Наталлі Валяр'янаўны - намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю,
Голуба Ігара Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый,
Уласіка Дзмітрыя Леанідавіча - кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама,
Козела Дзмітрыя Іванавіча - старшынёй Гомельскага райвыканкама,
Кірычэнкі Пятра Аляксеевіча - членам Гомельскага аблвыканкама,
Ліпоўскай Юліі Віктараўны - членам Гомельскага аблвыканкама,
Саксонава Аляксандра Аляксандравіча - членам Магілёўскага аблвыканкама,
Краўцова Сяргея Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам РУП "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве",
Токуна Алега Валер'евіча - намеснікам начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Даючы згоду на назначэнні ў кіраўніцтве шэрага абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Задачы, мужыкі, усе ведаеце. Я не раз аб гэтым гаварыў. Год асаблівы. Усім трэба падрыхтавацца да палітычных кампаній".
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць на пытанні, якія ставіць насельніцтва. Разам з тым гэта не здымае з людзей абавязкаў самастойна вырашаць асноўныя жыццёвыя пытанні і не чакаць дапамогі ўлад у дробных бытавых справах, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Глядзіце за цэнаўтварэннем. Глядзіце за праблемамі ЖКГ, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Пытанне сельскай гаспадаркі - гэта дакладна ваша кампетэнцыя. Адзін інвестыцыйны праект - адзін раён - гэта ваша задача. Мы гэтага не забудзем і перш за ўсё я. Гэта маё асабістае даручэнне кожнаму старшыні райвыканкамаў. Трэба бегаць хутка па краіне, шукаць інвестараў. У гэтым годзе вы павінны далажыць аб рэалізацыі гэтага праекта". Пры гэтым маштабы праекта павінны залежаць ад рэзерву свабоднай рабочай сілы ў рэгіёне.
У полі зроку мясцовай улады заўсёды павінны знаходзіцца і пытанні развіцця вытворчай базы, перакананы Кіраўнік дзяржавы. "Рынкі адкрыты, асабліва велізарны расійскі рынак. Усім трэба варушыцца, не толькі абласной уладзе, але і старшыням гар- і райвыканкамаў, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Райвыканкамы ў нас не задзейнічаны на ўсю моц, яны недагружаны ў гэтым плане. Патрабавальнасць у гэтым ключы будзе толькі ўзрастаць".
Звяртаючыся да Сяргея Лабадзінскага, які ўзначаліць Брэсцкі гарвыканкам, а да гэтага працаваў кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама, Прэзідэнт спытаў: "Я так разумею, Сяргей Мікалаевіч, Вы чалавек перспектыўны, ведаеце ўсе вузкія месцы, недахопы. І ў Брэсце гэта будзе выпраўлена?"
"Так, Аляксандр Рыгоравіч", - сцвярджальна адказаў новы мэр горада.
Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу папярэдзіў, што летам або восенню бягучага года мае намер наведаць Брэст і праверыць, як там наладжана работа ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. "Пакуль да Брэсцкай вобласці прэтэнзій увогуле вялікіх няма. Вы, магчыма, нават не горш працуеце, чым іншыя вобласці. Але тым не менш..." - заўважыў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся матывацыяй Сяргея Ермаліцкага, які вырашыў змяніць працу старшынёй Гомельскага райвыканкама на пасаду кіраўніка Круглянскага райвыканкама.
"Магілёўскі рэгіён для мяне - гэта малая радзіма. Хацелася б папрацаваць на Магілёўшчыне", - растлумачыў Сяргей Ермаліцкі. Менавіта ў гэтым рэгіёне ён правёў асноўныя гады сваёй працоўнай дзейнасці, ведае яго спецыфіку і ўпэўнены, што, выкарыстоўваючы раней набыты вопыт, здолее прынесці карысць раёну і садзейнічаць яго прагрэсу.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў асобным аспектам развіцця Гомельскай вобласці. Пасля нарады ў лістападзе 2022 года, дзе дэталёва абмяркоўваўся стан спраў у рэгіёне і асабліва ў АПК, былі дадзены канкрэтныя даручэнні, каб пераламаць негатыўныя тэндэнцыі і выйсці на стабільную работу.
"Праблемы ведаеш. Адыходзіць няма куды. Гэты год паказальны. Тое, што ты становішся побач з губернатарамі і будзеш несці адказнасць, - гэта добра. Але ты ж разумееш адказнасць? - звярнуўся Прэзідэнт да Дзмітрыя Петражыцкага, які ўзгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. - Далей ужо няма куды. Таму настройвайся адразу разам з Іванам Іванавічам Крупко (губернатарам Гомельскай вобласці. - Заўвага) на ваенны лад і пачынайце разгортвацца як трэба".
Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ходам пасяўной кампаніі ў Гомельскай вобласці, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці захавання тэхналогій і якаснай падрыхтоўкі глебы для пасеваў. "Калі своечасова цяпер падкорміце, па-сапраўднаму, - будзеце мець ураджай. Не падкорміце - ураджаю не будзе. У гэтым асаблівасць і ўсёй Беларусі: своечасова падкарміць азімыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я за некаторымі палямі назіраю. Дзе падкармілі дні 4-5 таму, у гэтыя цёплыя дні, - зялёныя ўсе палі стаяць. І рапс патроху ўжо зелянее. Я яшчэ раз настойваю на тым, каб было ваеннае становішча ў гэтым плане. Дзень і ноч трэба працаваць, але своечасова падкарміць". Каб гэтага дабіцца, безумоўна, патрэбны рабочыя рукі, таму мэтазгодна матываваць людзей, у тым ліку і матэрыяльна, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Падагульніўшы ўсё сказанае, Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу: "Усё сканцэнтравана ў вашых руках. Бярыце і дзейнічайце. Ківаць няма на каго. Час будзе няпросты. Таму я пераканаўча прашу: не расслабляйцеся".
Узгадняючы Аляксандра Кавалёва на назначэнне генеральным дырэктарам ААТ "Белшына", Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер складваецца сітуацыя на гэтым прадпрыемстве.
"Шыны прадаюцца. Ёсць у нас прырост у астатках гатовай прадукцыі. Але гэта праблема сезоннага попыту і праблема па звышбуйнагабарытным сегменце. Вы ведаеце папярэднюю праблему. Цяпер мы спрабуем яе вырашыць шляхам стварэння новай тавараправоднай сеткі ў гэтым сегменце. З гэтай мэтай спецыялісты прадпрыемства ужо знаходзяцца ў месцах сканцэнтравання расійскіх горназдабыўных кампаній на Кузбасе. Гэта значыць плануецца наведванне прадпрыемстваў. Восем сустрэч запланавана на гэтым тыдні. Спрабуем перакантрактавацца менавіта па гэтым прадукце. Таму што большасць спажыўцоў была закантрактавана праз расійскага дылера", - далажыў Аляксандр Кавалёў.
На прадпрыемстве Аляксандр Кавалёў працаваў намеснікам галоўнага інжынера па тэхнічным развіцці.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў яшчэ двух прадпрыемстваў: Ігара Сысоя - генеральным дырэктарам ААТ "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне", Сяргея Саглаева - гендырэктарам ААТ "Даламіт".
Юрый Горбіч, які займаў пасаду загадчыка кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, узгоднены на назначэнне намеснікам Міністра аховы здароўя.
Генеральным дырэктарам вытворча-гандлёвага РУП "Белмедтэхніка" Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Ігара Дземідзенкі, які ў перыяд з 2016 па 2022 гады працаваў Першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Ігар Дземідзенка запэўніў, што ведае праблемныя пытанні прадпрыемства, бачыць шляхі вырашэння, што менавіта трэба рабіць.
"Ваенны чалавек ёсць ваенны. У нас сітуацыя такая, што парадак трэба наводзіць усюды, у тым ліку і ў гэтай сферы. Я вельмі буду зацікаўлены, каб тут атрымалася", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.