Разгляд кадравых пытанняў
- 13
- 17:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Капскага Дзяніса Васільевіча - намеснікам Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Краўчука Вадзіма Васільевіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;
Кузьміча Андрэя Мікалаевіча - старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама;
Жука Рамана Барысавіча - старшынёй Маларыцкага райвыканкама;
Мятліцкага Вячаслава Валер'евіча - старшынёй Бярозаўскага райвыканкама;
Прывалава Уладзіміра Аляксандравіча - старшынёй Гомельскага гарвыканкама, членам Гомельскага аблвыканкама;
Алейнікава Дзмітрыя Вадзімавіча - намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;
Шабетніка Дзмітрыя Анатольевіча - старшынёй Светлагорскага райвыканкама;
Савіцкага Сяргея Канстанцінавіча - першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама;
Корзуна Алега Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;
Батвінніка Аляксандра Міраслававіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод";
Балашэнкі Аляксандра Анатольевіча - намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва;
Касцюкевіча Дзмітрыя Алегавіча - намеснікам Міністра юстыцыі;
Маргуновай Алены Міхайлаўны - першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;
Казловай Ірыны Леанідаўны - намеснікам начальніка Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;
Труса Сяргея Мікалаевіча - начальнікам Дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;
Санько Дзмітрыя Яўгенавіча - намеснікам начальніка арганізацыйна-аналітычнага дэпартамента Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Аляксандра Батвінніка, кандыдатура якога ўзгоднена на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод". Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе першага намесніка генеральнага дырэктара БЕЛАЗа, дзе курыраваў сферу стратэгічнага развіцця, інавацыйнай дзейнасці і інфармацыйных тэхналогій.
"Існуе меркаванне, што IT-парк адыграў станоўчую ролю ў развіцці інфармацыйных тэхналогій у краіне. Але сёння любое прадпрыемства, Акадэмія навук, установы адукацыі маюць дастатковыя кампетэнцыі ў інфармацыйных тэхналогіях. І калі не дай бог нешта здарыцца з IT-паркам, то наш рэальны сектар, сацыяльная сфера абыдуцца без яго, развіваючы ўласныя інфармацыйныя тэхналогіі. Як ставіцеся да такога пункту гледжання і наколькі інфармацыйныя тэхналогіі развіты сёння, дапусцім, у прамысловасці?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Батвіннік на прыкладзе работы БЕЛАЗа далажыў, што ўсё праграмнае забеспячэнне і софт з'яўляюцца ўласнымі распрацоўкамі. "Мы не прыцягвалі ніякіх спецыялістаў, кампаній для распрацоўкі гэтага праграмнага забеспячэння, захаваўшы тым самым сваю інфармацыйную бяспеку. Таксама Беларускі аўтамабільны завод разглядае пытанне стварэння ў 2023-2024 гадах уласнай кампаніі - рэзідэнта ПВТ для атрымання адпаведных падатковых ільгот. Але ў выпадку, калі Парк высокіх тэхналогій не будзе існаваць, то ўсе неабходныя распрацоўкі мы можам выконваць уласнымі сіламі", - сказаў ён.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў разгледзець пытанне, каб неабходныя льготы і ўмовы працы прадастаўляліся ІТ-сектарам прадпрыемстваў без уваходжання ў ПВТ. "Наша задача, Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), перадайце Ураду, не трэба іх цягнуць у Парк высокіх тэхналогій. Дзеля толькі льгот? Дык мы ім можам прадаставіць адпаведныя льготы, якія можам сёння і якія існуюць у ПВТ. Навошта вам там рэгістравацца, цягнуць туды сваіх спецыялістаў або проста зарэгістравацца, а існаваць на плошчах БЕЛАЗа... Няма такой неабходнасці. Гэта нікому не патрэбная практыка. Няхай яны там - у гэтым катле белазаўскім, напрыклад, ці мазаўскім, ці МТЗ варацца. А мы ім па IT-распрацоўках прадаставім адпаведныя льготы", - сказаў беларускі лідар.
"Варыянт магчымы?" - удакладніў ён у Аляксандра Батвінніка.
"Так", - адказаў той.
"Гэта значыць, Парк высокіх тэхналогій усё ж такі нейкі штуршок даў развіццю гэтага напрамку ў Беларусі, асабліва ў падрыхтоўцы кадраў і гэтак далей. Але абысціся (без яго. - Заўвага) мы можам", - сказаў Прэзідэнт. Ён спытаў у Аляксандра Батвінніка, які, на яго думку, асноўны недахоп ПВТ, які трэба выправіць у першачарговым парадку. "Стварэнне прадуктовых лінеек, - адказаў спецыяліст. - Мы доўга вывучалі пытанне ўзаемадзеяння з ПВТ, неаднаразова з імі сустракаліся, але, на жаль, рэзідэнты ў асноўным былі нацэлены не на стварэнне прадуктаў у Рэспубліцы Беларусь". Між тым менавіта стварэнне паўнацэннага гатовага прадукту, які ў далейшым будзе запатрабаваны як унутры краіны, так і мець дастаткова высокі экспартны патэнцыял, дае вялікую маржынальнасць, перакананы Аляксандр Батвіннік.
Іншымі словамі, рэзідэнты парка займаліся стварэннем праграмнага забеспячэння для нейкай умоўнай замежнай "матаролы", пагарджаючы аналагічнымі праектамі на ўнутраным рынку. "Ён (ПВТ, а дакладней, яго кампаніі-рэзідэнты. - Заўвага) быў падраднай арганізацыяй, якая ўдзельнічала ў стварэнні. Гэта значыць, у яго не было выніковага тэхнічнага задання і ён не з'яўляўся ўладальнікам выніковага праграмнага прадукту", - удакладніў спецыяліст.
На прыкладзе БЕЛАЗа ён растлумачыў, што сучасны кар'ерны самазвал - складаны праграмна-апаратны комплекс. Рухавік, сістэма кіравання і вялікая колькасць датчыкаў, электронных кампанентаў кіруюцца праграмным забеспячэннем, устаноўленым на борце машыны.
"Калі мы цяпер перад тымі рэзідэнтамі ПВТ, якія існуюць і якія прыйдуць, на перспектыву паставім жорсткую задачу: не толькі вы там на падрадзе і не столькі на падрадзе, але гатовы прадукт стварыце, тады мы з вамі і будзем размаўляць. Гэта значыць, паставіць ім дэталёвую задачу - зрабіць прадуктовым, скажам так, Парк высокіх тэхналогій. Гэта правільная будзе перад імі задача ці яны не будуць вырашаць гэта, гэта ім не цікава?" - задаў пытанне спецыялісту Аляксандр Лукашэнка.
"Яны будуць здольныя гэта зрабіць", - адказаў Аляксандр Батвіннік. Ён лічыць, што кампаніі ПВТ могуць ствараць прадукт як для ўнутранага спажывання, так і на экспарт.
Прэзідэнт асобна пацікавіўся кадравым патэнцыялам БЕЛАЗа ў галіне IT. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што цяпер на прадпрыемстве працуюць амаль 120-130 чалавек, уключаючы канструктараў, якія ўдзельнічаюць у распрацоўках. Як адзначыў Аляксандр Батвіннік, у далейшым БЕЛАЗ мае намер ствараць новыя інавацыйныя напрамкі ў частцы вытворчасці электрапрывода і іншых электронных кампанентаў. За кошт іх прадпрыемства зможа павялічыць маржынальнасць. "Гэта значыць, валодаючы гэтым, мы зможам больш правільна кіраваць сабекоштам кар'ернага самазвала і тым самым уплываць на сэрца работы кар'ернага самазвала - сістэмы кіравання", - сказаў спецыяліст.
У ходзе разгляду кадравых пытанняў Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, што рабіць з пакінутымі іншаземцамі прадпрыемствамі. Размова на гэту тэму зайшла пры ўзгадненні кандыдатуры Дзмітрыя Шабетніка на пасаду старшыні Светлагорскага райвыканкама. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, наколькі той ведае горад і раён, пытаўся пра работу асноўных прадпрыемстваў. Дзмітрый Шабетнік згадаў пра завод зварачных электродаў, які пакуль прыпыніў работу з-за таго, што прадстаўнікі ўкраінскага бізнесу сышлі. Цяпер завод гатовы да работы, але вырашаецца пытанне змены ўласніка. "Думаю, што ў наступным годзе ён пачне працаваць, калі планы па змене ўласніка рэалізуюцца", - сказаў чыноўнік.
"Мы ж дамаўляліся. Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія або фінскія гаспадары - людзі застаюцца, тэхналогіі застаюцца, вытворчасць існуе. Электроды патрэбны, - заўважыў беларускі лідар. - Ігар Пятровіч, гэта прыклад Вашай з Галоўчанкам (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага) жорсткай нястрымнай цяганіны і бюракратызму. Якую змену ўласніка? Я Вам даў указанне: сышлі гаспадары - да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не хочаце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва Урадзе па паўгода, год?!"
"Прадпрыемствы, якія былі заснаваны замежным інвестарам або прыватызаваны і замежны інвестар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёння (гэта ў асноўным з недружалюбных краін і іншых) сышлі, - памахайце ім рукой, перахрысціцеся, што яны пакінулі вам уласнасць. Усё ж ёсць. Ігар Пятровіч, я ж Вам на прыкладзе "Макдоналдса" гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта наша ўжо прадпрыемства, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не захацелі працаваць - ну, як хочаце.. Нашы людзі таксама могуць, як я гаварыў, гэту булачку разрэзаць і пакласці туды лісце салаты або кавалак каўбасы. Гэтак жа і тут. Усё ж засталося. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, то я паздымаў бы галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не павінны гэтага дапусціць".
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Дзмітрыя Шабетніка з дакладным даручэннем: "Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша. І калі прыедзеце, неадкладна рэалізуйце гэта ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва Урад. Яны вам адказ дадуць. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да новага года памяняюць уласніка".
Аналагічная сітуацыя і па прадпрыемстве "ІКЕА". "Ах, "ІКЕА"!.. Да пабачэння! Мы гэтыя табурэткі, крэслы і іншае зробім. Або дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Сышоў гаспадар - ну і ідзі. На рынку попыт добры, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Хтосьці там прыйшоў-сышоў… Добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж "ІКЕА" ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвесціравалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі "Сыходзьце" - яны сышлі. Да пабачэння. А вось вернем мы іх назад ці не - пытанне", - заявіў беларускі лідар.
Пры разглядзе кадравых пытанняў Прэзідэнт расказаў аб тым, што Беларусь і Расія нацэлены на развіццё ўласных кампетэнцый і справяцца на фоне адыходу ад супрацоўніцтва шэрага замежных кампаній.
"Мы з Прэзідэнтам Пуціным цвёрда дамовіліся. Сышлі - ідзіце. Мы будзем развіваць свае кампетэнцыі, сваю вытворчасць самі. І мы справімся. Ужо ў Расіі запусцілі вытворчасць нам знаёмых "Масквічоў", "Жыгулёў" (цяпер Lada). ГАЗ будзе вырабляць "Волгі". Вы памятаеце, гэта брэнд наогул быў у Савецкім Саюзе. Яны будуць на больш высокім узроўні. Мы "Джылі" вырабляем. Я гавару пра аўтамабілі, якія насельніцтву патрэбны. Не начальнікам. Начальнікам вунь "Аўрус" яны зрабілі. Вось чыноўнікі і начальнікі будуць ездзіць. Хутка давядуць гэту машыну. Будзе не горшая за "Мерседэс", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца грузавога аўтатранспарту, то ў Беларусі і Расіі выпускаюць такія брэнды, як МАЗ і КАМАЗ. Таксама ў наяўнасці вытворчасці трактароў, машын і механізмаў для патрэб сельскай гаспадаркі.
"Таму калі нехта сыходзіць, няхай сыходзіць. Нікога не трымайце. Але адразу ж бярыце ў рукі гэта прадпрыемства. Не чакайце, што тут вам Галоўчанка з Сергяенкам нейкія ўказанні дадуць і памяняюць форму ўласнасці. З гэтага моманту гэта ваша ўласнасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пры ўзгадненні назначэння Сяргея Савіцкага на пасаду першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Прэзідэнт даў чыноўніку асаблівы наказ, папярэдзіўшы аб важнасці і складанасці работы ў той сферы, за якую ён будзе адказваць.
"Вы якімі пытаннямі будзеце займацца ў аблвыканкаме?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"Першы намеснік - у асноўным гэта сельская гаспадарка", - адказаў Сяргей Савіцкі, які да гэтага часу працаваў на пасадзе старшыні Уздзенскага райвыканкама.
"На гарачую патэльню сядаеце. Вы гэта цудоўна ведаеце. Магілёўская вобласць валодае каласальнымі магчымасцямі. Там якраз пояс сельскагаспадарчых зямель, адкуль мы павінны атрымаць добрыя ўраджаі. Вы, напэўна, іх ведаеце: ад Мсціслаўля - праз Шклоўскі раён, Горацкі раён, Бялыніцкі - да Мінскай вобласці. Мы павінны там атрымаць добры ўраджай. Там не хапае дысцыпліны. Ігар Пятровіч там са старшынёй аблвыканкама ніяк не могуць (ён адказны) навесці парадак. Усё ляжа на Вашы плечы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Прэзідэнт арыентаваў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады на ўважлівае стаўленне да людзей і запатрабаваў удзяліць прыярытэтную ўвагу пытанням эканамічнага развіцця.
"Што датычыцца людзей, мы перажылі 2020 год. Я часта да гэтай праблемы звяртаюся. Гэта быў для нас добры ўрок. Вы ўсе былі на розных пасадах. Цяпер вы кіраўнікі сваіх раёнаў і абласцей. Не забудзьце гэтыя ўрокі. Не думайце, што усё ўціхамірылася. Дай бог прайсці нам вось гэты перыяд у нашым жыцці ціха і спакойна. У гэтым наша задача. Пройдзем, калі будзе працаваць эканоміка", - сказаў беларускі лідар.
"Як я часта гавару, вы, калі ласка, дайце мне эканоміку, каб людзі былі забяспечаны настолькі, наколькі трэба. Каб прадпрыемствы працавалі, рабочыя месцы былі. Усё астатняе за мной. Гэта ваша задача. Ну і вельмі ўважліва стаўцеся да людзей" , - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама закрануў пытанне зарплат работнікаў выканкамаў на месцах: "Што датычыцца заработнай платы, я думаю, вы добра ведаеце мае ўстаноўкі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней ужо быў выпрацаваны падыход, пры якім магчыма павышэнне зарплат пры скарачэнні кіраўніцкага апарату. Дапусцім, калі скараціць колькасць работнікаў райвыканкама з 70 да 40 чалавек, то зарплатны фонд, які вызваліўся, усё роўна застанецца ў распараджэнні кіраўніка раёна. "А нам можна ў цяперашняй сітуацыі, павысіўшы дысцыпліну выканальніцкую і тэхналагічную, палову мець у райвыканкаме. Я справіўся б з 45-ю. А ўвесь астатні фонд падзяліце так, як вы лічыце патрэбным, сярод астатніх. І нешта потым - будзе эканоміка развівацца - з бюджэту дабавім", - сказаў Прэзідэнт.
"Не толькі чыноўнікам. Вы ведаеце, нядаўна прынята рашэнне па ўсіх бюджэтніках. І настаўнікі, і ўрачы, і ваенныя, і гэтак далей", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў паглядзець, колькі рэальна патрэбна чалавек у тым ці іншым райвыканкаме або гарвыканкаме. "Не трымайце залішнюю колькасць. Фонд зарплаты ў вас як быў на той час, калі я прымаў рашэнне, ён так і застанецца, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Ніхто гэтыя грошы не забярэ і не ўкрадзе. Гэта я вам гарантую. Таму рэалізуйце вось гэтыя рэчы. На два чалавекі скароціцеся - пакідайце фонд зарплаты ў сябе".
Кадры, якія вызваляцца, Прэзідэнт прапанаваў накіроўваць на іншыя адказныя ўчасткі работы, напрыклад, у сельскую гаспадарку. "Слухайце, у мае часы пайсці з райкама партыі і з райвыканкама дырэктарам саўгаса або старшынёй калгаса неймаверны быў гонар. У чарзе стаялі, - сказаў ён. - Ну калі яны надзейныя, моцныя ў вас (кадры. - Заўвага) у райвыканкаме, ну, ідзіце папрацуйце".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за апошнія гады за кошт узбуйнення і аптымізацыі скарацілася і колькасць гаспадарак. Гэты працэс будзе прадаўжацца. "Таму што на буйнатаварных гаспадарках нармальна працуюць. Таму аптымізацыя будзе ісці. Не трэба штучна гэта рабіць. Дзе саспелі, там і рухаемся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ні ў якім разе не забывайце ўрокі мінулых гадоў. Усё залежыць ад вас. Вы непасрэдна з людзьмі сутыкаецеся. І выключыце з сістэмы, стылю сваёй работы валакіту і бюракратызм. Каб не было так, як нядаўна я глядзеў: журналісты зрабілі сюжэт па Сокале (мікрараён Мінска за межамі МКАД, дзе толькі пасля ўмяшання Прэзідэнта былі вырашаны праблемы з жыллём для шматдзетных сем'яў. - Заўвага). Пакуль не секане Прэзідэнт сякерай камусьці па галаве або галаву не зніме, вырашэння пытання няма", - адзначыў беларускі лідар.
"Калі вы прынялі рашэнне, пракантралюйце, каб гэта было выканана. І патрабуйце за выкананне. Указанні кіраўніка павінны няўхільна выконвацца. Дысцыпліна - гэта той рэзерв, які мы павінны рэалізаваць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.