Разгляд кадравых пытанняў

  • 10
  • 10:41

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Зайца Леаніда Канстанцінавіча - Намеснікам Прэм'ер-міністра;

Бараноўскага Валерыя Валер'евіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нікарагуа па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Быкава Аляксандра Пятровіча - старшынёй Чашніцкага райвыканкама;

Скрагі Аляксея Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Беларуская калійная кампанія";

Філатава Віктара Генадзьевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш";

Жука Ігара Георгіевіча - рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта;

Абраменка Алесі Мікалаеўны - Намеснікам Міністра эканомікі;

Варанкова Руслана Мікалаевіча - Генеральным консулам Беларусі ў Хашыміне (В'етнам);

Харлап Таццяны Віктараўны - Генеральным консулам Беларусі ў Ганконгу (Кітай);

Гурыновіча Міхаіла Аляксандравіча - начальнікам Сакратарыята Савета Рэспублікі.

Назначаючы Леаніда Зайца на пасаду віцэ-прэм'ера, Прэзідэнт абазначыў ключавую задачу для яго на новай пасадзе.

"Шчыра кажучы, практычна ўсе назначэнні, з майго пункту гледжання, зыходзячы з майго стылю работы з кадрамі, нестандартныя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку кадравага дня.

"У Вас адна задача - экспарт. Вы гэта добра ведаеце, - звярнуўся Прэзідэнт да новага Намесніка Прэм'ер-міністра. - Магчымасці вялікія адкрываюцца на нашых асноўных рынках, як у Расіі, так і ў Кітаі, ды і ў іншых краінах. Думаю, што з гэтым Вы справіцеся".

"Другая Ваша задача, я гэта адкрыта кажу, Вы гэта ведаеце, - падрыхтаваць сабе надзейную замену, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Разам з Кіраўніком Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага) прапанаваць кандыдатуру і на працягу таго часу, які Вы палічыце патрэбным, працаваць на пасадзе віцэ-прэм'ера".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы не называў дакладных тэрмінаў для Леаніда Зайца: "Я не супраць, каб Вы працавалі вельмі доўга, колькі дазволіць Гасподзь. Але Вы разумееце, што мы не вечныя, і сілы нашы не вечныя, таму трэба мець замену. Калі Прэзідэнта вызначае народ, то віцэ-прэм'ера назначае Прэзідэнт. Я хацеў бы, каб Вы такога чалавека падрыхтавалі сабе на змену".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Леаніду Зайцу за згоду заняць адказную пасаду віцэ-прэм'ера, дзе работа будзе напружанай: "Вось такое нестандартнае рашэнне. Яшчэ раз дзякую Вам, што згадзіліся дапамагчы ў гэты няпросты час і час вялікіх магчымасцей, перш за ўсё ў тым сектары эканомікі, які Вы будзеце ўзначальваць".

Новаму кіраўніку Беларускай калійнай кампаніі Аляксею Скрагу Кіраўнік дзяржавы паабяцаў безумоўную дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі задач па экспарце айчыннай прадукцыі.

"Што датычыцца Беларускай калійнай кампаніі, я вельмі доўга вагаўся з назначэннямі тут. І з Вашай кандыдатурай. Таму што з Вамі я вельмі блізка не працаваў. Усё ж такі пасада вельмі адказная. Асабліва ў гэты перыяд часу. Але і Прэм'ер-міністр, і многія іншыя хадайнічалі за тое, каб Вы працавалі на гэтай пасадзе. Я доўга правяраў. Не бачу ніякіх перашкод практычна. Выцягнеце - пашана і павага. Вы можаце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Аляксей Скрага ведае сферу знешняга гандлю. "Вы ведаеце эканоміку, Вы з гэтым сутыкаліся. Не мае значэння, які тавар прадаваць - калій, тэхніку, узбраенне... (раней Аляксей Скрага ўзначальваў прадпрыемства "Белспецзнештэхніка". - Заўвага). Хоць я Вам скажу, што цяпер работа на калійным рынку ў Вас будзе накшталт гандлю зброяй і іншай спецыяльнай тэхнікай. Усё павінна быць ціха, спакойна", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што напрамкаў, па якіх можна рухацца, шмат. "Адзінае патрабаванне да Вас - гэта сумленна працаваць. Вы будзеце пастаянна ў полі зроку. Я Вас адразу папярэджваю. І не толькі з майго боку. Тут, ведаеце, хціўцаў у гэтай галіне вельмі шмат. Разумееце, аб чым ідзе размова", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"Не так страшны чорт, як яго малююць. Дапамогу Вы заўсёды атрымаеце і падтрымку без усякіх пытанняў. Званіце непасрэдна, гаварыце, калі патрэбна вырашаць нейкія пытанні", - запэўніў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што новаму кіраўніку БКК трэба перадаць усе кантакты з людзьмі, якія гатовы ў Беларусі купляць угнаенні. "Гандляваць трэба ўсюды, у тым ліку ў Еўрапейскім саюзе. Ужо гвалтам крычаць: "Не хапае ўгнаенняў!" Калі ласка, бярыце. Побач. Трэба знаходзіць шляхі і працаваць. Бізнес ёсць бізнес. Ён часам мала залежыць ад палітыкаў. Асабліва ў тых краінах, якія нас акружаюць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Узгадняючы назначэнне Віктара Філатава на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш", Аляксандр Лукашэнка даў шэраг наказаў новаму кіраўніку.

"Адзінае пажаданне - якасць. Вы, як тэхнар, лепш за мяне ведаеце, што ў нас яшчэ ёсць над чым працаваць. Крыху трэба падцягнуць якасць, і ў плане "цана - якасць" мы атрымаем добры вынік. Пры гэтым трэба разумець, што сабекошт у вас, зыходзячы з шаленства на рынку энергарэсурсаў, металаў і іншага, не ўзрасце. Таму што ўсё ж такі мы купляем танней энергарэсурсы, вуглевадароды і гэтак далей, чым нашы канкурэнты, на Захадзе асабліва. Ды ўсюды ўсё даражэй, чым будзе ў вас. І ў гэтым годзе, і ў наступным", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што першапачаткова вагаўся, ці пераводзіць папярэдняга кіраўніка кампаніі на іншую працу. Як вядома, Надзея Лазарэвіч, якая нядаўна ўзначальвала "Бабруйскаграмаш", перайшла на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама. "Усё ж такі вы малайцы, кампанія ваша нядрэнна, паводле маёй інфармацыі, працавала. І я, вядома, баяўся разбурыць гэту работу. Але, зноў жа, час вялікіх магчымасцей. Таму што з асноўных нашых рынкаў імпартныя "акцыянеры" сышлі - немцы, амерыканцы, французы і іншыя. У нас адкрываецца ніша дадатковая. Хоць вы і так нядрэнна працавалі", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што новы кіраўнік кампаніі, калі будзе ў гэтым неабходнасць, заўсёды можа разлічваць на дапамогу і парады ад Надзеі Лазарэвіч: "Запрашайце туды адразу. Канкрэтная задача. Няхай працуюць. Таму што гэта была мая ўмова. Мы пераводзім, але на працягу года, колькі трэба. Каб яна не адыходзіла адразу ад спраў. Трэба, каб падтрымлівала і дапамагала. Калі Вам гэта трэба. Вам вырашаць".

Пры ўзгадненні назначэння Аляксандра Быкава на пасаду старшыні Чашніцкага райвыканкама Прэзідэнт звярнуў увагу: "Вы ў тэме, Вы ведаеце, што будзе няпроста і вялікая нагрузка ляжа на плечы старшыні райвыканкама".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што адзін час разглядаў магчымасць змянення паўнамоцтваў кіраўнікоў райвыканкамаў, параўноўваючы іх загружанасць і адказнасць з тым, якімі яны былі ў савецкі перыяд. "Трэба шчыра сказаць, што яны ў нас на поўную моц, калі можна так выказацца, не былі задзейнічаны, - лічыць Прэзідэнт. - Параўноўваю той перыяд работы старшынь райвыканкамаў і цяпер - вялікая розніца. Тады ўсё ж такі старшыні былі актыўныя. Хоць трэба прызнаць, што нагрузка на вас двайная. Цяпер няма райкамаў партыі, усё сканцэнтравана ў вас".

"Я каля 10 гадоў таму прапанаваў, што, калі вельмі цяжка, давайце нейкія структуры адродзім у райвыканкамах і абласных камітэтах, якія будуць займацца функцыямі, якімі займаліся райкамы партыі: кадры, ідэалогія і гэтак далей. Здымем з вас нагрузку, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Амаль усе ў адзін голас: не трэба, мы самі справімся. Вы правільна разумелі, што, вядома, і кантроль павялічыцца, ды і націск".

Паводле слоў Прэзідэнта, ён адмовіўся ад такой ідэі і на гэты момант яна не разглядаецца: "У мяне яе на сённяшні дзень няма". Практыка паказала, што старшыні райвыканкамаў спраўляюцца са сваімі абавязкамі, у тым ліку яны іх рэалізавалі і ў перыяд правядзення выбарчых кампаній. "Апошнія кампаніі - і цяжкая прэзідэнцкая, і не самая лёгкая па рэферэндуме - яны прайшлі дастойна, прыгожа, як я заўсёды гавару. Сістэма працуе, таму няма неабходнасці яе ламаць або ўводзіць нейкія дадатковыя напрамкі дзейнасці і пад гэта нейкія структуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, як прымалася рашэнне аб кандыдатуры новага рэктара Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і што ён быў спачатку супраць узгаднення на гэту пасаду Ігара Жука.

"Што датычыцца ўніверсітэта. Першы момант - я быў катэгарычна супраць. Кажу: ну куды чалавека зрываць з працы?! Тым больш добра атрымліваецца. Па рэферэндуме бачу. Дзякуй, падключыліся вельмі актыўна. Кажу: не трэба чапаць чалавека", - адзначыў беларускі лідар.

Аднак потым, калі былі разгледжаны іншыя кандыдатуры, усё ж такі прыярытэтнай стала менавіта кандыдатура Ігара Жука. "Чалавека, які ўжо ў дзяржаве засвяціўся і паказаў сваю работу на розных пасадах. Таму я вымушаны быў згадзіцца. І ўлічваючы галоўны фактар, што згуляў на Вашу карысць, - да Вас з вялікай павагай ставяцца ў гэтым універсітэце. Тым больш вопыту ў Вас і ведаў дабавілася. Дай бог кожнаму рэктару той шлях прайсці, як Вы. Я падумаў, што цалкам нармальна", - расказаў Прэзідэнт.

"Ну а трэба будзе зноў жа папрацаваць у савеце, які Вы ўзначальваеце (Ігар Жук з'яўляецца старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. - Заўвага), дык Вы ж побач. Я і Караніка (губернатар Гродзенскай вобласці. - Заўвага), і памочніка свайго папярэдзіў. Ды і Кіраўнік Адміністрацыі аб гэтым ведае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым Прэзідэнт падзякаваў назначаным упраўленцам за тое, што яны ў няпросты час ідуць на дзяржаўную службу.

"Я вам вельмі ўдзячны, што вы ў няпросты час ідзяце на дзяржаўную службу, становіцеся дзяржаўнымі служачымі. Хоць нібыта і работа ў вас цяпер, да назначэння, была добрай, спакойнай, патрэбнай народу і дзяржаве. Але тут вельмі горача цяпер. Таму ўдзячны вам за тое, што вы рызыкнулі ў гэты час стаць дзяржаўнымі служачымі. А дзяржаўнымі людзьмі вы і так былі да назначэння", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Чытайце таксама

Усе падзеі