Разгляд кадравых пытанняў

  • 10
  • 8:20

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.

Сяргея Шлычкова - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;

Аляксея Багданава - Міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю;

Івана Крупко - старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта;

Станіслава Наркевіча - Намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Перад новым кіраўніком Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павысіць аддачу ў рабоце ведамства і гэтага напрамку ў цэлым.

"Вы, напэўна, ведаеце асноўныя недахопы ДКНТ. Быццам бы, і праграмы ёсць, і грошы выдзяляюцца. Можа, нешта мы і ствараем. Але асаблівага выніку я не бачу. Таму гэта Ваша галоўная зямная задача: трэба дастаць і пакласці, як я кажу, на стол, каб відаць было, што грошы патрачаны і вынік ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Сяргей Шлычкоў добра знаёмы з галіной, якой будзе цяпер кіраваць і ствараць там пэўную сістэму. "Для дзяржавы важна, каб Вы дакладна вызначылі разам са сваімі калегамі, каго Вы падбераце ў сваю каманду, напрамак дзеянняў - тыя дзяржаўныя праграмы, якія трэба падтрымліваць. Прафінансуем іх. А за Вамі вельмі строгі кантроль", - адзначыў Прэзідэнт.

Назначаючы Аляксея Багданава новым кіраўніком МАРГ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Антыманапольнае рэгуляванне - тут у нас шмат праблем, як і ў постсавецкіх рэспубліках. Трэба выкарыстоўваць антыманапольныя рычагі для таго, каб і неяк падвешваць цэны, трымаць іх у прымальным дыяпазоне. Разумеючы, што ў нас людзі не зусім багатыя, каб вось так вось: адпусціў цэны, і ўсе будуць добра жыць, яны (цэны. - Заўвага) самі па сабе ўпадуць... Нешта нідзе не падаюць. Вось колькі я назіраю, нідзе не падаюць, асабліва ў постсавецкіх рэспубліках. І так ці інакш, я назіраю за Расіяй, яны навучыліся рэгуляваць цэны".

"Праз рэнтабельнасць Вы пойдзеце, прыбытковасць гандлёвых прадпрыемстваў або яшчэ неяк, - гэта Ваша справа. Хацелася б, каб Вы ўнеслі і на мой узровень такія прапановы, - сказаў Прэзідэнт. - Увогуле, я на Вас вельмі разлічваю. Гэта не прахадная пасада. Трэба стварыць сістэму - вось і ўсё. Яе пакуль няма".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што міністэрства і ў цэлым сфера гандлю дастаткова складаныя. "Пры любых даследаваннях нашага грамадства людзі называюць праблемы, якія ляжаць у плоскасці Вашага міністэрства. Таму арганізацыя гандлю і эканоміка - гэта сферы вельмі цікавыя і даволі складаныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў савецкі час было крыху прасцей, і цэнаўтварэнне было стабільнае. "Цяпер мы кінуліся ў рынак. Людзі скардзяцца часта, што ў нас рост цэн, высокая інфляцыя. Гэта сапраўды так. Рыначныя адносіны, так сказаць. Сёння мы зразумелі, што ніякіх рыначных адносін няма, нам падкінулі гэту ідэю з-за акіяна - тыя, у каго мора грошай. А калі не хапае, Вы ведаеце, - кнопку націснуў, уключыў станок, надрукаваў. Ім лёгка быць рыначнікамі, - заявіў беларускі лідар. - Таму нам яны не арыенціры. Хоць мы не можам (дазволіць. - Заўвага) вытворчасць задушыць стабільнасцю цэн: цэны назначылі, вытворчасць у гэтыя цэны не ўкладваецца, і яна лягла. Тут вельмі тонкая настройка і ўсім гэтым давядзецца займацца".

Кіраўнік дзяржавы таксама даў Аляксею Багданаву некалькі парад па фарміраванні і падборы каманды: "У гандлі вельмі шмат талковых людзей. У дзяржаўным гандлі. Вы там знойдзеце добрых спецыялістаў. Вы самі малады чалавек, і не трэба баяцца падцягваць да сябе такіх жа маладых людзей, каб яны маглі быць Вашай апорай".

Прэзідэнт упэўнены, што спраўляцца з задачамі на новай адказнай пасадзе новаму Міністру дапаможа і яго спартыўная падрыхтоўка. "Гэта і характар спецыфічны. Я сам як спартсмен разумею: калі за нешта ўзяўся, трэба давесці да канца. Думаю, спартыўная падрыхтоўка Вам дапаможа ў гэтым плане. Гэта вельмі важна", - сказаў ён.

Прымаючы кадравыя рашэнні, Кіраўнік дзяржавы абазначыў кола задач і для губернатара Гомельскай вобласці, якога плануе прадставіць 22 снежня актыву гэтага рэгіёна. "Пра Вас, Іван Іванавіч, заўтра мы будзем гаварыць вельмі многа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што Іван Крупко мае ўсе неабходныя асабістыя і прафесійныя якасці для вырашэння пастаўленых перад ім на новай пасадзе задач. "Усё ў цябе ёсць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Залішняй мяккасці няма. Узяўся, давёў, прымусіў".

"Там давядзецца вельмі жорстка падыходзіць да кадраў, сфарміраваць кадравы патэнцыял. Мы не аднойчы на гэту тэму размаўлялі, Вы самі адзначалі, што там трэба фарміраваць наверсе, у губернатара, кадравы склад кіраўніцтва. Тут ніхто Вас абмяжоўваць не будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Іван Крупко, працуючы на пасадзе Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, добра ведае сферу АПК, у тым ліку і Гомельскай вобласці. "Праблемы сельскай гаспадаркі Вы ведаеце не горш за цяперашняга губернатара. Трэба - падкажа. Ён нікуды не дзенецца, будзе працаваць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

А што датычыцца сферы прамысловасці, якая займае значнае месца ў рэгіёне, то тут новаму губернатару павінен падставіць плячо Намеснік Прэм'ер-міністра Юрый Назараў, які з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта Беларусі ў Гомельскай вобласці. "Мяне што падкупляе: Вы ідзяце туды фактычна ўдвух, разам з Юрыем Віктаравічам Назаравым. Ён мне Вас рэкамендаваў (не толькі ён, многія, але яго было апошняе слова). Мяне падкупіла тое, што ён кажа: "Аляксандр Рыгоравіч, я пагавару з ім (Іванам Крупко. - Заўвага), падстаўлю яму плячо ў прамысловасці", - сказаў Прэзідэнт.

"Падбірайце людзей, а Назараў падставіць сваё плячо, прытым істотна. Ён зямны чалавек, зорак з неба ніколі не спрабаваў схапіць. Ён браўся за любыя пытанні і вырашаў іх. Думаю, гэта будзе для Вас добрая падтрымка, асабліва ў плане прамысловасці", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Усё ж такі мазырскі завод і Жлобін (Мазырскі НПЗ і БМЗ. - Заўвага) - тысячныя калектывы. Ды вазьміце Гомель - там жа завод на заводзе. "Гомсельмаш". На поўначы - Рэчыца. На поўдні - мы дамовіліся з Ляхавым (кіраўнік "Беларуснафты" Аляксандр Ляхаў. - Заўвага) - вельмі давядзецца Вам з ім шмат працаваць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ён старыя свідравіны пачынае рэанімаваць. Я нават не ведаў. Яны затампанаваны, закрыты. Ён мне паказваў: ён адкрывае іх і пры цяперашніх тэхналогіях нафту атрымлівае".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё, што робіцца ў Гомельскай вобласці на рэспубліканскім узроўні, у тым ліку садзейнічае і развіццю самога рэгіёна. "Вы трыма пальцамі і для вобласці адшчыпніце, як у народзе гавораць. Я буду толькі гэта падтрымліваць", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Гомельскай вобласці трэба "нарэшце талкова выбудаваць севазвароты". І не рабіць упор толькі на адной кукурузе, хоць гэта культура і важна для рэгіёна. "Спрабаваць трэба нешта там вырошчваць, пачынаючы ад садавіны, садоў, агародніны і заканчваючы гэтай кукурузай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён запэўніў, што са свайго боку цэнтральныя органы ўлады будуць старацца дапамагчы рэгіёну, у тым ліку ў стварэнні агракомплексаў. А задача мясцовых улад - дакладна вызначыцца, дзе і як іх ствараць, арганізаваць і падабраць людзей, кадры, асабліва ў раёне аграгарадкоў.

Важная задача ў гэтым плане - забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю, выключыць правапарушэнні. "Трэба накарміць жывёлу, з падзяжом разабрацца, з крадзяжамі, што там ёсць. Гэта я заўтра пры Вас там скажу актыву. Мы падключым і праваахоўныя органы", - заявіў Прэзідэнт.

"Трэба навесці парадак у вобласці, вызначыцца з севазваротамі, падключыць прамысловасць, гарады да ўздыму сельскай гаспадаркі. Гэта будзе Ваша задача. І калі прынялі ўжо рашэнне, то да трох не трэба размаўляць. Цяпер час такі - ваенны. Каб мы менш нейкай валакітай, бюракратызмам займаліся", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Чытайце таксама

Усе падзеі